Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Шахцёр. Герда дык нават напружылася адразу, як толькі ён увайшоў: узняла галаву і пачала сачыць за ягонымі рухамі. Шахцёр прастрэліў мой пакой прафесійным позіркам чалавека, чый прыбытак і жыццё залежаць ад узважвання пагроз ды хуткай ацэнкі даступных воку каштоўнасцяў у прыцемненых стылых памяшканнях. Пакруціўшы галавой па сценах, ён сеў на гасцявы зэдлік так, каб адначасова кантраляваць і вокны, і Герду, і ўваходныя дзверы. I толькі пасля гэтага паставіў свой М-16: прыклад на падлогу, руля да сцяны.
Я не ведаю, чаго іх празвалі шахцёрамі — тых, хто рыскае за межамі гарадоў у пошуках рэчаў і рэчываў, якія болей не вырабляюцца чалавецтвам, але ў якіх чалавецтва дагэтуль мае сталую патрэбу. Ёсць шахцёры, якія вышукваюць артэфакты на замову, ёсць тыя, што проста бадзяюцца па пустэчах, збіраючы тое, што забыта, закінута і не было здабыта рабаўнікамі. Што іх адрознівае ад апошніх? Тое, што яны ніколі не нападаюць на жывых. Наваколле ўспрымаецца шахцёрамі як некранутыя зямныя нетры, з якіх трэба выкалупаць умоўную руду.
— Здароўкі, Кніжнік. Мне патрэбна кніжка на пачытаць, — сказаў візіцёр. — Такая, каб, значыць, не моцна мозг грузіла. I, каб пра ноч было. I пра небяспеку. Каб нехта праз ноч ішоў. I кругом — варожы свет. Хачу падвучыцца. Папярэдняя мне спадабалася, — ён вярнуў мне “На Заходнім фронце без перамен”. — Смешная. Але зараз хачу без ржакаў. Каб пра жыццё. Вось табе за ператрымку. Быў на місіі, у полі. He здолеў вярнуць раней, — ён дастаў з кішэні камізэлькі злепленыя скотчам, нібы патроны, дзесяць батарэек ААА.
Я не доўга выбіраў, што б яму параіць. Поўзаць па бібліятэцы, калі ў суседнім памяшканні з Гердай сядзіць такі ўзварак, неяк не хацелася. Вярнуўся і ўручыў “Сотнікава”.
— Вось. Гэта пра жыццё. Пра ноч там таксама ёсць.
— Дзякуй, Кніжнік. Аддам, як вярнуся, — ён падхапіў вінтоўку і ўстаў.
— Слухайце, я хацеў у вас запытацца. Вы толькі прабачце, што гэта будзе як быццам бы крышачку пра вашую працу. — Я зрабіў выбачальную паўзу, бо шахцёры сапраўды не любяць казаць пра тое, што бачаць за агароджай. — Але ці бачылі вы калі-небудзь неўра?
Ён схаваў Быкава, выпрастаўся. Задумаўся, вочы зрабіліся страшнаватыя. Потым усміхнуўся — і гэта была не надта прыемная ўсмешка.
— Неўра жывога не бачыў. Але таго, хто бачыў — бачыў, — жылка пад ягоным вокам уздрыгнула. — Раздзертая разгрузка — выедзенае ўсё разам з косткамі. Hi галавы, ні хрыбта. I берцы стаяць. Зашнураваныя. А ў берцах — ногі. He кранутыя. Вось так выглядае той, хто бачыў неўра. Воўк такога не зрабіў бы.
Я падумаў, што забіць чалавека мог іншы чалавек. A абгрызці парэшткі — сабака. Мабыць, маё ваганне адлюстравалася на твары. Таму што ён працягнуў:
— Нежывых у кватэрах шмат. За сценкай. У халодных дзяржавах. У пустках. Людзі засынаюць і не прачынаюцца. Ад холаду. Ці праз хваробы. Але звяры такіх не чапаюць. Цела на марозе не ўгрызці. Але самае страшнае — не неўры. А казлакапытыя. Я іх таксама не бачыў. Але бачыў тых, хто бачыў. На поўдні ёсць дзяцюк з мянушкай Двуххвосты Барсук. Ён адзіны, хто аднойчы казлакапытага забіў. А так — кожны другі разварочаны караван — казліныя сляды навокал. Хто збег ці выжыў — кажа пра рохканне. Некаторыя дадаюць пра свіныя лычы. Свіныя. Вось такі Заходні фронт, Кніжнік.
Ён закінуў вінтоўку за спіну і збіраўся ўжо выходзіць.
— Слухайце, я хацеў яшчэ адно пытанне задаць. Вось калі б я раптам сабраўся пайсці на Поўдзень. Бо маю патрэбу... Што б вы параілі? Так, збольшага?
— Параіў бы гэтага не рабіць, — ён цяжкім позіркам прасканаваў маю фігуру. —Але калі патрэба пільная — апрануцца цёпла. Узяць цынку. Узяць зброю. Ежу і пітво можна не браць. За сценкай гэтага болей, чым тут. Зайсці да Апальшчыка ў Кацельню. У яго ёсць вялікая карта. 3 тых яшчэ часоў. Ён таксама хацеў некуды падацца. Замовіў мне. Я цягаўся з ёй, наносіў што бачу. Там і Горад Святла пазначаны, і чыгунка, і ўсё. Атрымаў расплаціўся. Шмат каштавала яму. 50 цынкачоў. Але потым нешта ў яго з каленам здарылася. He пайшоў. Карта ў яго.
Ён кіўнуў на развітанне. Закрываючы дзверы, павярнуўся да мяне:
— I кнігі гораду перадай, калі пойдзеш. He хачу тваю кватэру цішком шмараваць, калі ты знікнеш.
Пасля шахцёра зайшла Гандлярка з рынку, таксама сталая кліентка. Той выпадак, калі цынку шмат, але чагосьці не хапае. Добрыя вочы, разумны твар. Дзеткі і муж засталіся ў Крыме, калі сонца не ўзышло. Спачатку прасіла сентыментальную літаратуру, потым зрабілася іранічнай і пачала паглыбляцца ў філасофію. Пачынала з Платона і праз франкфурцкую школу дайшла да постструктуралізму. Імкнулася далей, але “далей” скончылася. Я бачыў, як, прадаючы мачоны часнок, яна спрытна заганяла пакупніку пра ўяўнае ў Лакана. Здаецца, гэта апошняе прымяненне філасофіі ў нашым свеце, дзе нават папяровым грашам людзі верыць перасталі. Зараз яна вярнула “Ляльку і карліка” Жыжэка. Вярнула са стрыманым выразам на твары. Папрасіла што-небудзь “разумнае”, але каб было “пра чалавека і яго жыццё”. Я, падумаўшы, выдаў ёй “Лісты да Луцылія” Сенекі са словамі “вы вывучыце
некаторыя выразы з гэтай кнігі на памяць”. А потым прабачыўся за Жыжэка і вярнуў цынк, заплачаны за яго. У будучыні трэба будзе прытрымлівацца антычнасці: усё сказанае там трывае і пасля таго, як згаслі кінаэкраны.
— Зараз на праспекце Свабоды пачынаецца парад. Я акурат па супадзенні кіруюся туды. He хочаце наведаць разам? — запыталася яна будзённа, як інтэлектуал у інтэлектуала.
— Я не люблю вялікія групы людзей. Я не люблю зброю. Тым болын не люблю вялікія групы людзей, якія прыйшлі павытарашчвацца на зброю. To прабачце!
Яна, здаецца, не пакрыўдзілася: калі чалавек столькі чытае, ён губляе здольнасць крыўдаваць:
— Вайсковы парад — гэта не пра зброю, а пра радасць. Людзі збіраюцца, бо хочуць разам паглядзець на праход трыкстэраў. Замест узброеных вайскоўцаў там могуць ісці прыбраныя ў квяцістыя строі фігуры Бурмістра і Гацака, неўраў і Цемры. Сэнс ад гэтага не зменіцца. Мы глядзім, і ў нашай адасобленасці, у гэтай бяспецы вызначаных роляў — крыніца карнавальнага шчасця.
— Так, так, але ж я вельмі заняты, — падняў рукі я. — Проста сёння ну ніяк.
Цікава, што разумныя жанчыны, калі ім адмаўляеш, выглядаюць куды болей бездапаможна, чым прыгожыя дурніцы.
— Ну то добра, — было бачна, што болей спрабаваць яна не будзе. — Пайду на парад з гэтым вашым Сенекам. Яна ляснула дзвярыма крыху болып гучна, чым гэта было б ветліва. Я ж сеў за стол, узяў агрызак алоўка і накрэмзаў на паперцы:
1) цёплая вопратка
2) шмат цынку
3) зброя
4) мапа
Потым насупраць зброі паставіў пытальнік: я не жартаваў, калі казаў Гандлярцы, што не пераношу стрэльбы і аўтаматы. Калі браць з сабой у паход ружжо, з яго, як вучыў Чэхаў, абавязкова давядзецца па кімсьці стрэліць. А страляць па жывых істотах мне не падабаецца.
Неўзабаве здалёк данеслася буханне барабанаў: там пачаўся парад.
Пасля шостай рэйкі зайшоў Немец.
— Добрай ночы, — ціха сказаў ён і назваў мае імя. Апошні чалавек, які выкарыстоўвае імёны ў гэтым горадзе.
— Добрай ночы, пан Рэйтан, — сказаў я і запрасіў яго на кухню. Герда падсела пад ягоную руку, і Немец пачаў чухаць ёй за вухам. Герда любіць Немца. Можа гадзінамі сядзець вось так, загіпнатызаваная яго далікатнымі дотыкамі.
Немец выглядаў стомленым і састарэлым. Мы нейкі час не бачыліся, а раней праседжвалі ў мяне за спрэчкамі ад вечаровага звону да ранішняга гацакоўскага дзінькання. Потым ён як быццам знік некуды — я не заходзіў да яго, не хацеў турбаваць. Рэйтан быў самотнік, дзяцей у яго не завялося. Падкрэсліваў, што “з тых самых Рэйтанаў” і што на ім “Рэйтаны скончацца”. Добрыя манеры не дазвалялі мне запытацца, што гэта за “Рэйтаны” і што такога “тыя Рэйтаны” адметнага зрабілі. Неяк ён зазначыў, што ягоны далёкі продак спрабаваў не даць раздзерці Беларусь на кавалкі. Але прайграў “балбатунам”. I пра Грушаўку ў ягонай гісторыі таксама нешта было. Без Google дэталяў ужо не высветліць, але з яго блытанай прамовы я зразумеў, гэты продак ляжыць як быццам проста тут, на лютэранах. Бо немец жа. Дзе яшчэ ў Грушаўцы могуць немцаў хаваць?
Некалі Рэйтан працаваў гейм-дызайнерам. Ён быў, як тады казалі, “айцішнікам”. Айці — прэфектура на японскай выспе Хансю, дзе ў сямнаццатым стагоддзі было прадугледжана смяротнае пакаранне для хрысціян, якія спрабавалі авалодаць японскай мовай. Айцішнікі таксама карысталіся ўласнай мовай, мовай праграмавання, якая прыносіла ім дабрабыт. Ад падабенства стаўлення японцаўХансю сямнаццатага стагоддзя і насельнікаў сіліконавых далін да мовы, апошніх і назвалі айцішнікамі.
Рэйтан ствараў лічбавы свет. Адукацыя — фізмат, таму адказваў не за дызайнерскую, а за лічбавую частку. Быў паважаным і заможным. Задаваў законы, паводле якіх жылі мільёны геймераў, ствараў для іх “ландшафты” і “ўзроўні”. Увесь час сумуе па велізарным доме, які пабудаваў у Ратамцы, як і належыць Богу — стваральніку электрычных сусветаў. Але потым нехта болып магутны выцягнуў шнур з разеткі.
I засталася толькі цемра і аднапакаёўка ля праспекта Свабоды. Каб дайсці да Ратамкі зараз трэба перасячы межы шасці гарадоў-дзяржаваў, прычым гэтая рызыка не будзе мець аніякага сэнсу: дом ацяпляўся газавым катлом, каміна ці печкі ў ім паводле колішняй экалагічнай моды не прадугледжвалася. To зараз пражыць у ім немагчыма.
Працы ў Немца пасля Зацямнення не было. Ён жыў на капітал, што паспеў намяняць, калі зразумеў, што трэба імкліва здаваць даляры (ён як матэматык зразумеў гэта адным з першых). Геній рацыянальнасці, ён да апошняга спрабаваў растлумачыць усё, што адбывалася вакол, нейкай навукай. Пра гэта мы, уласна, і спрачаліся з умоўнай ночы да ўмоўнага ж рання. Але, паўтаруся, апошнім часам ён неяк скуксіўся, вочы згаслі.
Рэйтан дастаў з кішэні герметычную бляшанку з-пад гуталіну, урачыста скруціў з яе вечка. Унутры быў невялічкі цэлафанавы скрутак.
— Вось, зберагаў на чорны дзень. Кіпяці ваду. Зараз будзем ласавацца.
— Што гэта? Ды няўжо? — ускрыкнуў я, не паверыўшы. Бо пах пайшоўужо нават праз цэлафан.
— Так, гэта апошнія запасы. Можа, нават апошнія на Зямлі. Сапраўдная. He жалудовая. He цыкорыевая. Я некалі асабіста з Явы прывёз. Чорная. Сярэднесмажаная. Свежазмолатая. Кава! Хацеў раздзяліць з сябрам. Бо радасць, спажытая на самоце, не сапраўдная. He застаецца ўспамінаў!