Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— Будзьман! — прапанаваў ён, і мы чокнуліся.
— Будзьма, — выдыхнуў я, пракаўтнуўшы палову налітага. — Трэба сказаць, ваш мядок зрабіўся лепшым з таго разу, як я каштаваў яго.
— Прагрэс не стаіць на месцы, — усміхнуўся Цугундар, — эксперыментую з чорным перцам і мятай. Гэта, канечне, істотна ўздаражыла сумесь, прыходзіцца браць па паўтары цынкі за два кубкі. Але для вас — бясплатна, — зноўку паўтарыў ён.
Гэты чалавек нават душу д’яблу будзе тройчы прадаваць!
Мядок дасягнуў страўніка і выбухнуў там смарагдавым салютам. Я ледзьве стрымаў ваніты. Герда жаласліва падвіскнула—яна дык адразу адчувае, калі я брашу дзеля ветлівасці, а калі кажу праўду. Праз некалькі секунд я адчуў, што ў маёй галаве з’явілася плынь, якая пачала адносіць маю свядомасць некуды ўбок. Думкі і ўвага як быццам забіраліся інерцыяй чужога настойлівага руху і гарнулі ў месца, дзе для кожнай дрэннай рэчы маецца добрае тлумачэнне. Я паглядзеў на Цугундара. Ягоная пыса ўжо не выклікала агіды, і тая самая ўнутраная інерцыя нашаптала, што мядок робіць чалавеку настолькі дрэнна ўнутры, што на тле гэтай дрэні любая сусветная праблема сама сябе вытлумачвае як неістотную.
— Я вось асабіста бачыў караваншчыка, якога пакусаў неўр, — працягнуў Корчын, — ён мне нават шрам паказваў.
— Можа, гэта воўк быў. Ці сабака.
— Сабак усіх даўно паелі, пані Кнігар, — весела ўсміхнуўся гандляр. I падміргнуў Гердзе: — Без абід!
— I ўсё ж, — я вырашыў не высмоктваць рэшту з кубка: пакуль што досыць. — Мы жылі на Зямлі столькі тысячагоддзяў. Чаму мы не сустракаліся з андрафагамі?
— Вы нават не прадстаўляеце, как часта я чулю такія маналогі, — уздыхнуў Цугундар. — Я толькі яшчэ раз паўтару. Пасматрыце на неба.
— Паслухайце, а ці можаце вы яшчэ раз растлумачыць, як працуе іх сістэма здабыцця міжнародных навін? — папрасіў я, адставіўшы недапіты кубак.
Цугундар спрытненька ўліў недапіткі назад у бітон.
— Нічога страшнага! Яшчэ пабродзіць, толькі наварысцей стане! — растлумачыў ён свой жэст, а пасля вярнуўся да майго пытання: — Карэспандэнт сядзіць на самай высокай кропцы муніцыпаліі: на даху хмарачоса каля лютэранскіх могілак. Адтуль ён ловіць светлавыя сігналы, што ідуць з самай узнесенай кропкі ў наваколлі — былой тэлевізійнай вежы ў каралеўстве “Цэнтр”. Абшчэніе вядзецца праз светлавую азбуку, даўгія і кароткія засветы. Згодна з дамовай з міжнароднай сеткай светлавых навін “рэпарцёры без граніц”, ён адразу ж перадае атрыманы дайджэст па ланцужку далей, на тыя вышкі, якія могуць яго пабачыць. Робіцца ўсё не скажу каб вельмі моцнымі ліхтарамі, нечым кшталту гэтага, — ён кіўнуў сабе пад ногі, дзе млеў стандартны святлодыёдны панарамнік з дынама-падпампоўкай акумулятара. Я заўважыў што пасля выпіўкі ягоная беларуская зрабілася спрытнейшай. Ён дапіў сваю вадкасць, хекнуў, зняў з галавы моцна зашморганую бабрыную шапку і занюхнуў ёй. Пасля працягнуў:
— У абсалютнай цемры такія пробліскі могуць быць заўважныя на адлегласці да ста кіламетраў, але прымачы гарадоў-дзяржаў стаяць шчыльней.
— А адкуль бяруць навіны тыя, хто сядзяць на вежы ў Цэнтры? — запытаў я.
— Яны ловяць сігналы гадзіннікавага завода. Тыя — з Нацыянальнай бібліятэкі. Вы што, рашылі сваю службу навін адкрыць? — рагатнуў ён.
— Але ж павінна быць першакрыніца. Цэнтр нейкі.
— Цэнтр ёсць, — сказаў Цугундар і нацадзіў сабе яшчэ палову кубку з бітона. — Неяк не ўвераны ў
смаку. У следуюшчы раз паспрабую кропу замест мяты сыпануць, — гэтак разважліва пракаментаваў. Вочы ў яго пачырванелі, рухі зрабіліся няпэўнымі. — Дык пра цэнтр вы пыталі. Ён недзе на поўдні. Далёка-далёка. Там велізарная вежа стаіць. Шмат кіламетраў уверх. Такая, што ажно тросамі падтрымліваецца. Каб не ўпала. — Ён паказаў рукамі, наколькі тая вежа высокая, атрымалася прыкладна пяцьдзесят сантыметраў I тады ён развёў рукамі яшчэ шырэй, як рыбак-брахун. — На вежы сядзіць Аракул. I вось ён, Аракул, — асноўны. Усе астатнія тут, у акрузе, спасылаюцца на яго.
— А адкуль Аракул усё ведае? — не адставаў я.
— Як адкуль? — Цугундар разгублена паправіў бабра на галаве. — Ён жа Аракул!!! Яму паложана!
Я падзякаваў за пачастунак і навіны ды сказаў, што трэба ісці. Ён рэзка ўхапіў мяне рукой пад локаць. Жэстура атрымалася, скажам так, дужа прафесійная, і п’янаваты суразмоўца, мабыць, сам напалоханы няяснымі ценямі свайго мінулага, хутка прыбраў руку.
— Мінутачку! Што яшчо хацеў сказаць. Тут сёння Немец прахадзіў. Ваш друг. Каторы Фізік. Ён таксама чытаў газету і таксама расстроіўся, прачытаўшы. Сказаў вам перадаць, што зойдзе на пабаляк.
Я падзякаваў і не надта роўнай хадой высунуўся па снезе. Герда спачувальна лыпала побач. Мне падавалася, яна спрабуе падперці мяне сваім чорным бачком, каб я не ляснуўся ў снег. Маўляў, даў жа лёс гаспадара, і той — алканаўт, нажэрся ў самы адказны момант, перад набыццём харчу для сабулі! А зараз яшчэ і бошкер разаб’е, давядзецца самой усё купляць і потым голаў яму рамантаваць, каб бляшанку з кормам адкрыў. Вось напраўду — лепш кот, чым такі гаспадар! Гаспадынька ў мяне была добрая, але і яе ён не збярог, пакрыўдзіў і дзе яна зараз? “Нічога Герда, знойдзем
мы тваю гаспадыньку”, — прамовіў я ўголас. Што я там казаў пра самоту? Самота — гэта калі табе падаецца, што твая псюля размаўляе з табой. Але нехта штосьці сапраўды крычаў ззаду. Я павярнуўся.
— Беражыце похвы! — Цугундар махаў рукамі мне ўслед.
— Бывайце апрычоны! — крыкнуў я ў адказ.
Раздзел другі
~Г ГЬ алі б “Паляўнічым на снезе” Брэйгеля нехта выключыў святло, а сажалку ўнізе пагорка JL V шчыльна атачыў палаткамі гандляроў з зорачкамі свечак, дык атрымалася б панарама “Пан Кніжнік і пані Герда выходзяць да рынка”. Пан кніжнік — кожны з маркотных сялянаў, што спускаюцца да возера. Пані Герда — любы з чорных сабачын, якія суправаджаюць няўдалых паляўнічых.
Тое, што Брэйгель дакладна пасуе да гэтага горада, я зразумеў яшчэ шчаслівай парой світанкаў і змярканняў. У Мінска заўсёды быў брэйгелевы снег, брэйгелевы мінакі і брэйгелевы дрэвы.
Над прастакутным возерам навісае велічная “Званарная вежа” — высокая труба спарахнелага і даўно разрабаванага завода. Менавіта адсюль Гацак штораз абвяшчае надыход раніцы і вечара. Адразу за заводам пачынаецца памежная сценка, што аддзяляе нашыя землі ад Кальварыі. Сам рынак — цэнтр грамадскага, палітычнага і забаўляльнага жыцця Грушаўкі. Але забаваў тут мала: кропкі з рознымі гатункамі брагі, газета “Газета” і коўзанка, зладжаная на прастакутным стаўку.
Два шэрагі гандлёвых палатак проста ля спуску з пагорка прапануюць вопратку. Чым цяплейшая, тым даражэй будзе. Я праціскаюся праз вывешаныя дублёнкі, футры, шэрагі шапак, заставы ваўняных шкарпэтак ды палігоны з ботамі й берцамі.
Дзякуючы працаздольнай кацельні Грушаўка лічыцца самым заможным полісам у наваколлі, таму атрымаць дазвол гандляваць на яе рынкавай плошчы тут вельмі складана, а імкнуцца на гэты кірмаш усе, хто мае чым гандляваць. Карагод незнаёмых твараў, і кожны суне нешта пад нос, і кожны нахвальвае сваю “амаль сабаліную шубу”, свой аўчыны кажух “толькі за дваццаць цынкаў”. Ёсць і тыя, што адразу бачаць: чалавек апрануты ладна, прадаць яму нічога няможна, то спрабуюць зайсці з іншага боку: “Начальнік, па чым заяц? Начальнік, за два цынкі бяру зайца! Купіш сабе бабра!” He дурныя, бачаць сабаку побач ды імгненна робяць высновы пра магчымасці “кліента”. Герда прыціснулася да мяне, мы абодва на рынку крыху нервуем, каб яе не скраў хто.
За футранымі шэрагамі пачынаюцца зусім не людныя шэрагі з сукенкамі, кашулямі, пінжакамі і саколкамі: у змроку гандлёвага шапіка сям-там можна разглядзець падсветлены ліхтаром ці свечкай вылет раскошнай тканіны з казачным у сваёй прывабнасці арнаментам. Адзенне феяў і казачных прынцаў, напамін пра элегантную эпоху, сілуэт з Laterna Magica.
Калісьці адна такая ядвабная блуза каштавала даражэй за ўсе кажухі з аўчыны — цяпер жа прыгажосць не прадасі. Гандляркі тут усе як на падбор — пекныя маладыя дзяўчаты, якія сваёй красой спрабуюць нагадаць, што калісьці вопратка мусіла не толькі захоўваць цеплыню, але і ўпрыгожваць. Але цемра і холад адабралі ўсё. I які б прывабны гальштук ты не набыў, ацаніць элегантнасць выбару змогуць хіба прадавачкі і тое — у момант, пакуль ты таргуешся. Бо калі апранеш, запахнеш на сабе паліто, заматаешся покрыўкай і, згорбіўшыся, пойдзеш прэч, усім будзе ўсё адно, што за цуд упрыгожвае табе грудзіну.
Я памятаю момант, калі на нашым рынку, на латках з металічным ламаччам, перасталі выстаўляць вугаль-
ныя прасы: рэч здавалася б і карысная, прынамсі, не менш карысная за падрапаны змеснік ці душавую галоўку. Але хто будзе прасаваць спадніцу, якая ўсё роўна ўвесь час — і на вуліцы, і ў памяшканні — схаваная пад важкім верхнім адзеннем? Тое самае, што на цёмных акулярах спрабаваць разбагацець!
Прадуктовыя шэрагі пачынаюцца з розных гатункаў рыбы: в’етнамцы гандлююць свежым пангасіусам: ён вырашчаны ў адной з сажалак суседніх гарадоў-дзяржаваў. Тлусты, велічэзны, бязвокі. Рыбка канца свету. Далей — замарожаныя насмерць ласось, фарэль, хек, крэветкі, усе пад адным цэннікам, сто грамаў — роўныя кошту года жыцця ў нашым вольным горадзе. Далей — жывыя галубы, якія, нібы пацукі, неяк знаходзяць сабе і цяпло, і ежу і вымудраюцца выжываць і пладзіцца. За птушкамі — змерзлыя акрываўленыя косткі буйной жывёлы, відовішча якіх каго заўгодна зробяць вегетарыянцам. Пасля — пацукі і мышы-палёўкі (апошнія — даражэйшыя, бо не маюць смярдзючага прысмаку і іх можна ўжываць разам з костачкамі, калі добра прапячы).
Нарэшце, мая любімая ежа, аптымальная па суадносінах цаны, сытнасці і паходжання складнікаў“піханая пальцам каўбаса”. Адзін цынк за кіло. Таннютка!
У часы, калі лісце яшчэ трапятала пад ранішнім святлом, “піханая каўбаса” гэтаксама была ў нашым краі нацыянальнай ежай. У адрозненне ад бліноў, якія раднілі беларускую кухню з рускай, дранікаў са шкваркамі, якія стаяць побач з цэпелінамі і картаплянай бабкай у шэрагу літоўскіх страў, “піханая пальцам каўбаса” заўсёды была беларускай адметнасцю. Тады яе яшчэ гатавалі з сумесі не самых лепшых частак свініны, ялавічыны, сала і перцу. Але, заўважым, ужо тады! — яе называлі не паводле складнікаў (напрыклад, каўбаса з субпрадуктаў), але паводле метаду напіхвання.