Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
— Каб цябе чорт пабраў! — усклікнуў джэнтльмен у белай камізэльцы, адразу спыніўшыся. — Я гэта ведаў наперад! 3 сама-
га пачатку ў мяне было дзіўнае прадчуванне, што гэты нахабны малады дзікун прыйдзе да шыбеніцы!
— Падобна на тое, што ён спрабаваў таксама забіць служанку, сэр, — сказаў містэр Бамбл. Яго твар зрабіўся шэрым, як попел.
—I сваю гаспадыню, — уставіў містэр Клэйпал.
— I гаспадара таксама. Так, здаецца, казаў ты, Ноэ? — дадаў містэр Бамбл.
— He, яго не было дома, а то б ён і яго забіў, — адказаў Ноэ. — Ён сказаў, што заб’е.
—Так-так, кажаш, абяцаў забіць? — дапытваўся джэнтльмен у белай камізэльцы.
—Так, сэр, — адказаў Ноэ. — I калі ласка, сэр, гаспадыня прасіла, ці не знойдзе містэр Бамбл часу, каб схадзіць цяпер вось туды і адлупцаваць яго, бо гаспадара няма дома.
—Зразумела, мой хлопчык, зразумела, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы, задаволена ўсміхаючыся і гладзячы Ноэ па галаве, якая была цалі на тры вышэйшая за яго ўласную. — Ты добры хлопчык, ты вельмі добры хлопчык. Вось табе пені... Бамбл, надзеньце трохкутку і схадзіце да Саўэрберы. Паглядзіце там на месцы, што можна зрабіць да лепшага. He шкадуйце яго, Бамбл.
— He буду, сэр, — паабяцаў Бамбл, папраўляючы канец тонкай падзягі, накручанай на ягоны кіёк знізу і прызначанай для прыходскіх лупцовак.
—I перадайце Саўэрберы, каб той яго таксама не шкадаваў. Без сінякоў і драпінаў яны ад яго нічога не даб’юцца, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
—Я пра гэта паклапачуся, сэр, — адказаў кур’ер.
I паколькі трохкутка ды кульба, да вялікага задавальнення іх гаспадара, былі ўжо там, дзе ім належыць, то містэр Бамбл і Ноэ Клэйпал з усёй магчымай хуткасцю рушылі ў трунарову краму.
Тут справы зусім не ішлі да лепшага, бо Саўэрберы яшчэ не вярнуўся, а малы з ранейшай сілай працягваў дубасіць у дзверы каморкі. Яго шаленства было па словах місіс Саўэрберы і Шарлот настолькі вялікае, што містэр Бамбл палічыў за патрэбнае весці перамовы спачатку праз зачыненыя дзверы. 3 гэтым наме-
рам ён у якасці прэлюдыі нанёс удар па дзвярах звонку, а потым, прыклаўшыся ротам да замочнай адтуліны, нізкім пераканаўчым голасам прамовіў:
— Олівер!
— Выпусціце мяне! — адгукнуўся Олівер знутры.
—Ты пазнаў мой голас, Олівер? — спытаў містэр Бамбл.
—Пазнаў, — сказаў Олівер.
— I ты не баішся, калі я гавару? He трымціш? — запытаўся містэр Бамбл.
—He, — цвёрда адказаў Олівер.
Адказ, вельмі не падобны да таго, які містэр Бамбл чакаў атрымаць, агаломшыў яго. Ён адышоўся ад замочнай адтуліны, выпрастаўся і ў нямым здзіўленні паглядзеў па чарзе на кожнага з прысутных.
—Ай-яй-яй! Вы ведаеце, містэр Бамбл, напэўна, ён звар’яцеў, — сказала місіс Саўэрберы. — Ніводзін хлопчык, будзь ён хоць напалову ў сваім розуме, не наважыўся б так гаварыць з вамі.
— Гэта не вар’яцтва, мэм, — адказаў містэр Бамбл пасля колькіхвіліннага засяроджанага роздуму, — гэта мяса.
—Што?! — усклікнула місіс Саўэрберы.
—Мяса, мэм, мяса, — сувора і выразна зазначыў містэр Бамбл. — Вы перакармілі яго, мэм. Вы абудзілі ў ім натуру і дух, мэм, якія не ўласцівыя асобе ў ягоным стане. Тое самае скажуць вам, місіс Саўэрберы, і сябры рады, а яны — філосафы-практыкі. Навошта беднякам душа, дух? Досыць ім таго, што мы падтрымліваем іх фізічнае існаванне. Каб вы, мэм, трымалі яго на кашы, то гэтага ніколі не здарылася б.
-Святы Божа! — усклікнула місіс Саўэрберы, набожна падымаючы вочы да столі. — Вось што значыць быць памяркоўнай!
Памяркоўнасць місіс Саўэрберы да Олівера выяўлялася ў тым, што яна, не шкадуючы, давала яму са стала тое, чаго ніхто болей не еў або не хацеў есці. I таму ў яе згодзе з уласнай волі ўзяць на сябе цяжкія абвінавачанні, высунутыя містэрам Бамблам, было шмат пакоры і самаадрачэння, хоць трэба сказаць шчыра, што ў памяркоўнасці яна не завінавацілася ні словам, ні справай.
—Ax, — сказаў містэр Бамбл, калі людзі зноў апусцілі вочы на падлогу, — цяпер адзіна правільным будзе пакінуць яго ў каморы на дзень ці два, пакуль ён не выгаладаецца, а потым забраць яго адтуль і трымаць на кашы, пакуль не скончыцца яго вучнёўства. Ен з кепскай сям’і. Спадчынная запальчывасць, місіс Саўэрберы! I нянька, і доктар казалі, што.яго маці прыцягнулася сюды, нягледзячы на перашкоды і пакуты, якія жанчын добрага нораву давялі б да смерці на некалькі тыдняў раней.
У гэтым месцы разваг містэра Бамбла Олівер, які чуўдаволі, каб улавіць, што далей згадваецца яго маці, зноў пачаў грукаць у дзверы з такім шаленствам, што заглушаў усе гукі.
У гэты крытычны момант вярнуўся Саўэрберы. Калі яму расказалі пра напад Олівера, і гэта з перабольшаннямі, якія, паводле разліку абедзвюх лэдзі, мусілі б распаліць ягоны гнеў, ён вокамгненна адамкнуў дзверы каморы і за шкірку вывалак свайго бунтоўнага вучня.
Падчас бойкі Оліверу парвалі адзенне. Яго твар быў у сіняках і драпінах, а валасы збіліся ў каўтун і падалі на лоб. Твар паранейшаму заставаўся чырвоны ад шаленства, і калі хлопчыка выцягнулі з ягонай вязніцы, то ён кінуў ваяўнічы позірк на Ноэ і зусім не выглядаў на спалоханага.
— Вось ты які файны хлопец, га? — сказаў Саўэрберы, патрос Олівера і даў яму поўху.
—Ён абзываў маю маці, — адказаў Олівер.
— Ну і што з таго, няўдзячны ты малы нягоднік? — сказала місіс Саўэрберы. — Яна заслужыла яшчэ горшага.
— He заслужыла, — адказваў Олівер.
— Заслужыла, — паўтарыла місіс Саўэрберы.
— Гэта хлусня! — закрычаў Олівер.
Місіс Саўэрберы залілася слязьмі.
Гэтая плынь слёзаў не пакінула містэру Саўэрберы выбару. Калі б ён хоць на момант прамарудзіў з суворым пакараннем, то, як гэта ўжо зразумела кожнаму дасведчанаму чытачу, ён быў бы, згодна з усімі прэцэдэнтамі шлюбных сварак, названы быдлам, пачварай, не мужам, а чорт ведае чым, агіднай пародыяй на мужчыну і яшчэ шмат якімі мянушкамі, пералічэнне якіх ма-
гло б нашмат павялічыць памеры гэтага раздзела. Трэба аддаць містэру Саўэрберы належнае: наколькі распаўсюджвалася ягоная ўлада — а яна распаўсюджвалася на малы прасцяг — ён добра ставіўся да хлопчыка. Можа быць, гэта было ў яго інтарэсах, a можа гэта было так таму, што таго недалюблівала ягоная жонка. Аднак слёзны патоп не пакінуў яму выйсця, і ён адмяцеліў Олівера так, што задаволіў нават місіс Саўэрберы, аўжыванне містэрам Бамблам яго прыходскай палкі, па сутнасці, стала непатрэбным. Рэшту дня Олівер правёў у каморцы за кухняй пад замком у кампаніі з помпай ды лустай хлеба, а перад сном місіс Саўэрберы, зрабіўшы пад дзвярыма колькі зусім не суцяшальных для памяці яго маці заўваг, зазірнула на кухню і пад насмешкі ды кпіны Ноэ і Шарлот загадала хлопчыку ісці наверх у свой убогі ложак.
Застаўшыся адзін пасярод непрыветнай цііпы і спакою ў цёмнай краме трунара, Олівер даў волю пачуццям; можна сабе ўявіць, якія пачуцці абудзіліся ў зусім яшчэ дзіцячай душы Олівера. 3 пагардай выслухоўваў ён крыўдныя рэплікі, без адзінай слязінкі выносіў лупцоўку, таму што адчуваў, што яго сэрца поўніцца гонарам, які даў бы яму сілы маўчаць да апошняга, нават калі б яго пачалі смажыць жыўцом. Але цяпер, калі яго ніхто не чуў і не бачыў, ён упаў на калені і, хаваючы твар у руках, заплакаў так, як мала хто ў такім узросце меў падставу плакаць; такія слёзы пасылае Бог дзеля выкуплення грахоў нашых.
У такой паставе Олівер заставаўся доўгі час. Калі ён узбіўся на ногі, свечка ў падсвечніку ўжо дагарала. 3 перасцярогай аглядаючыся і ўважліва ўслухоўваючыся, ён паціху адамкнуў дзверы і выглянуў на вуліцу.
Была халодная, цёмная ноч. Хлопчыку здалося, што зоры сёння далей ад зямлі, чым калі-небудзь раней; ветру не было, і змрочныя цені, адбіткі дрэваў на зямлі, выглядалі прывіднымі і мёртвымі — настолькі нерухомымі яны былі. Олівер ціха зачыніў дзверы; у слабым святле свечкі ён завязаў у насоўку тое-сёе са свайго адзення, сеў на ўслончык і стаў чакаць ранку.
Як толькі праз аканіцы прабіўся першы прамень святла, Олівер устаў і зноў адамкнуў дзверы. Нясмелы позірк навокал, —
нейкі момант вагання, — і вось ён зачыніў за сабой дзверы і выйшаў на вуліцу.
Няпэўны, куды яму уцякаць, ён паглядзеў направа, потым налева. Ён успомніў, іпто вазы, калі выязджалі з горада, узнімаліся на пагорак. Тым самым гасцінцам пайшоў і ён; дасягнуўшы сцежкі цераз поле, якая, як ён ведаў, неўзабаве зноў выходзіла на гасцінец, ён павярнуў на сцежку і шпарка пакрочыў наперад. Олівер добра памятаў, што па гэтай самай сцежцы ён подбегам спяшаўся ўслед за містэрам Бамблам, калі той першы раз забіраў яго з працоўні на «ферму». Яго шлях ляжаў якраз паўз катэдж. Калі ён падумаў пра гэта, яго сэрца моцна забілася, і ён ледзь не павярнуў назад. Але ж ён прайшоў вялікі шлях і страціў бы зашмат часу, каб вярнуцца назад. Да таго ж, было рана, і не варта было асцерагацца, што яго хто-небудзь заўважыць, так што ён пайшоў далей.
Ен дайшоў да дома. Здавалася, што ў такі ранні час усе яго насельнікі спалі. Олівер спыніўся і зазірнуў цераз плот у сад. Нейкі хлопчык вырываў з градкі пустазелле; калі Олівер спыніўся, той падняў свой бледны тварык ад зямлі, і Олівер пазнаў аднаго са сваіх былых таварышаў. Олівер узрадаваўся, што пабачыў яго, перш чым пайсці адсюль: хоць той быў маладзейшы за яго, але яны сябравалі і бавіліся разам. Супольна іх абодвух шмат разоў і білі, і марылі голадам, і трымалі пад замком.
— Ціха, Дзік! — сказаў Олівер, калі хлопчык падбег да брамы і працягнуў у шчыліну руку, каб павітацца. — Хто-небудзь яшчэ не спіць?
— Ніхто, акрамя мяне, — адказаў хлопчык.
— He кажы нікому, што бачыў мяне, Дзік, — сказаў Олівер. — Я ўцёк. Яны кепска абыходзяцца са мной, б’юць, і я вырашыў пашукаць шчасця дзе-небудзь далёка адсюль. He ведаю, дзе. Які ты бледны!
—Я чуў, як доктар сказаў ім, што я паміраю, — адказала дзіця са слабай усмешкай. — Я вельмі рады, што пабачыў цябе, сябра, але ідзі, ідзі!
—Так, так, іду, але давай развітаемся як належыць, — адказаў Олівер. — Я яшчэ знайду цябе, Дзік, я ведаю, што знайду. У цябе будзе ўсё ў парадку!
—Спадзяюся, — адказаў хлопчык, — пасля смерці, а не да яе. Я думаю, Олівер, што доктар сказаў праўду, таму што мне часта сняцца нябёсы, і анёлы, і добрыя, мілыя абліччы, якіх я ніколі не бачу, калі прачынаюся. Пацалуй мяне, — сказала дзіця, прыступіўшы на нізкія весніцы і абвіўшы Олівера рукамі за шыю. — Бывай, сябра! Блаславі цябе Бог!