Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Олівер паслухаўся і пайшоў услед за гаспадаром, які выправіўся выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Нейкі час яны ішлі праз самыя людныя і густанаселеныя кварталы горада, потым, павярнуўшы ў вулку яшчэ болып гразкую і ўбогую за ўсе, якімі ішлі раней, яны спыніліся, каб зарыентавацца ў пошуках патрэбнага дома. Дамы па іхнім баку вулкі былі высокія, вялікія, але вельмі старыя. Заселены яны былі людзьмі найбяднейшага стану. Пра гэта дастаткова выразна сведчылі брудныя фасады дамоў, наўрад ці гэтая выснова патрабавала пацвярджэння ў выглядзе нешматлікіх пацёртых жыццём мужчын і жанчын, якія час ад часу, нібы хаваючыся, сунуліся па вуліцы, сагнуўшыся амаль удвая і прыціснуўшы да жывата скрыжаваныя рукі. Шмат у якіх дамах на першым паверсе былі крамы, але яны былі амаль усе зачыненыя і разбураліся. Населеныя былі толькі верхнія паверхі. Некаторыя дамы ад часу і недагледжанасці былі ў аварыйным стане; ад абсоўвання на вуліцу іх засцерагалі тоўстыя бэлькі, упёртыя адным канцом у сцяну, а другім — проста ў дарогу. Але нават гэтыя руіны служылі начным прытулкам для бяздомных беднякоў, бо шмат дзе тоўстыя аполкі, якімі забівалі дзверы і вокны, былі напалову адарваныя, так што адкрывалася лёха, дастаткова шырокая, каб туды пралезла чалавечае цела. Вада ў сцёкавых канавах была стаячая і смярдзела. Нават здохлыя шчуры, якія ляжалі сям-там у гэтай гнілі, былі на дзіва худыя.
На адчыненых дзвярах, ля якіх спыніліся Олівер і яго гаспадар, не было ні малатка, ні званка. Асцярожна, навобмацак прабіраючыся па цёмным праходзе і наказваючы Оліверу не адставаць і не баяцца, трунар падняўся на верх першага лесвічнага пралёта. Наткнуўшыся на дзверы, якія выходзілі на лесвічную пляцоўку, ён сагнутымі пальцамі пагрукаўся ў дзверы.
Іх адчыніла дзяўчынка гадоў трынаццаці або чатырнаццаці. Толькі зазірнуўшы ў пакой, трунар зразумеў, што гэта якраз тое месца, куды яго паслалі. Ен увайшоў у пакой; следам за ім увайшоў Олівер.
Камін у пакоі не гарэў, але нейкі чалавек, згорбіўшыся, звыкла сядзеў ля халоднага агменя. Побач з ім, падсунуушы
табурэтку да пагаслага агню, сядзела старая. У другім кутку пад нейкаю дзяругай варушыліся дзеці, а ў малой пройме насупраць дзвярэй на падлозе ляжала нешта, накрытае старой коўдрай. Зірнуўшы на гэтае месца, Олівер затросся і міжволі падсунуўся да свайго гаспадара, бо хоць гэтае нешта і было накрытае, хлопчык здагадваўся, што гэта цела нябожчыцы.
Твар мужчыны быў выпетралы і вельмі бледны, яго валасы і барада былі сівыя, а вочы — налітыя крывёй. У старой быў маршчакаваты твар; два апошнія зубы тырчэлі над ніжняй губой, а вочы былі вострыя і бліскучыя. Олівер баяўся зірнуць на мужчыну ці на старую. Яны надта выдавалі на шчуроў, якіх ён бачыў на вуліцы.
—Ніхто не падыдзе да яе! — усклікнуў мужчына, запальчыва ўсхапіўшыся, калі трунар пайшоўда проймы. — Адыдзі! Адыдзі, кажу, калі хочаш жыць!
—Лухта, добры чалавек, — адказаў трунар, які даўно ўжо прывык да гора ва ўсіх яго праявах. — Лухта!
— Кажу табе! — сказаў мужчына, сціснуўшы кулакі і шалёна тупаючы нагамі па падлозе. — Кажу табе, я не дам закапаць яе ў зямлю! Яна там не спачне; чарвякі ёй будуць замінаць — есці яе яны не здолеюць — так яна высахла.
Трунар ніяк не адказаў на гэты прыступ шаленства, а выцягнуў з кішэні мерную стужку і на момант прысеў збоку каля цела.
—Ах! — заплакаў мужчына, укленчыўшы ў нагах мёртвай жонкі. — Укленчыце, укленчыце, усе ўкленчыце перад ёй і запомніце мае словы! Я кажу: яе замарылі голадам. У мяне і ў галаве не было, як ёй кепска, пакуль не пачалася гарачка і не праступілі потым косці праз скуру. He было ні агню ў каміне, ні свечкі. Яна памірала ў цемры — у цемры. Яна нават не магла бачыць твары дзяцей, хоць мы чулі, як яна хрыпела іх імёны. Я жабраваў дзеля яе на вуліцах, а яны засадзілі мяне ў турму. Калі я вярнуўся, яна памірала. Уся кроў у маім сэрцы высахла, бо яны замарылі яе галоднай смерцю. Клянуся Богам, які гэта бачыў: яе замарылі голадам!
Ён убіў рукі ў валасы і з гучным лямантам стаў качацца па падлозе; яго вочы глядзелі толькі ў адну кропку, а на вуснах выступіла пена.
Спалоханыя дзеці ўголас заплакалі, але старая, якая захоўвала такі выгляд, быццам усё, што адбывалася, яе не датычыць, прымусіла іх замаўчаць. Паслабіўшы гальштук мужчыну, які ўсё яшчэ ляжаў на падлозе, яна няроўнаю хадой наблізілася да трунара.
—Гэта мая дачка, — сказала старая, кіўнуўшы галавой у бок цела. Пры гэтым яна некалькі разоў падміргнула з выглядам вар’яткі, што ў гэтых абставінах рабіла яшчэ больш цяжкае ўражанне, чым прысутнасць смерці.
— Божа, Божа! Дапраўды гэта дзіўна, што я, якая нарадзіла яе, калі была маладой, цяпер здаровая і вясёлая, а яна ляжыць тут вось такая халодная і нерухомая! Божа мой, Божа, толькі падумаць... Гэта тэатр, ну чыста тэатр!
Пакуль старэчая істота шамкала і хіхікала ў прыпадку страшэнна агіднай весялосці, трунар памкнуўся ісці.
— Стойце, стойце! — гучна прашаптала старая. — Яе пахаваюць заўтра, або пазаўтра, або сёння ўвечары? Я прыбрала яе да хаўтураў, і я мушу ісці за труной, вы ведаеце. Прышліце мне шырокі чорны плашч, цёплы плашч, бо страх які холад. Перад тым, як ісці на могілкі, нам таксама трэба выпіць віна і з’есці пірага. Зрэшты, няхай хоць хлеба — прышліце бохан хлеба і кубак вады. Даражэнькі, ці будзе нам крыху хлеба? — прамаўляла яна паспешліва, ухапіўшыся за трунарова паліто, калі той быў рушыў да дзвярэй.
—Добра, добра, — азваўся трунар, — зразумела, што будзе. Усё, што захочаце.
Ён вызваліўся ад рук старой жанчыны і паспяшаўся прэч, цягнучы за сабой Олівера.
Назаўтра (тым часам сям’і была аказана дапамога ў выглядзе двух фунтаў хлеба і кавалка сыру, якія прынёс сам містэр Бамбл) Олівер са сваім гаспадаром вярнуўся ва ўбогі прытулак, куды ўжо прыбыў містэр Бамбл з чатырма мужчынамі з працоўні, якія павінны былі несці дамавіну. На рыззё мужчыны і старой былі накінутыя старыя чорныя плашчы. Калі прыкруцілі шрубамі века нічым не абабітае труны, насільшчыкі паставілі яе на плечы і вынеслі на вуліцу.
—А цяпер паддайце хуткасці, старая лэдзі! — прашаптаў містэр Саўэрберы старой у вуха. — Мы познімся. Нельга прымушаць святара чакаць. Ну, наперад, хлопцы — рушым як найхутчэй!
Атрымаўшы такое ўказанне, насільшчыкі прыпусціліся хуткімі крокамі са сваёй лёгкай ношай; два плакальшчыкі з усяе сілы намагаліся не адстаць. Містэр Бамбл і містэр Саўэрберы шпарка крочылі наперадзе; Олівер, чые ногі былі не такія доўгія, як у гаспадара, подбегам шыбаваў збоку.
Насуперак меркаванню містэра Саўэрберы, спяшацца пільнай неабходнасці не было, бо калі яны дабраліся да занядбанага, зарослага крапівой кутка могілак, дзе хавалі прыходскіх, святара яшчэ не было, а клерк, які ў рызніцы сядзеў ля каміна, лічыў зусім верагодным, што той будзе недзе праз гадзіну. Таму труну паставілі на край магілы, і двое сваякоў цярпліва чакалі пад халоднай імжой у гразі, а хлопцы ў лахманах, якіх відовішча прывабіла на клады, тым часам сталі шумна гуляць у хованкі паміж помнікаў; потым, каб памяняць забаву, яны сталі пераскокваць цераз труну. Містэр Саўэрберы і містэр Бамбл, як асабістыя сябры клерка, сядзелі з ім ля каміна і чыталі газету.
Нарэшце, пасля крыху болып чым гадзіннага чакання, усе ўбачылі, што містэры Бамбл і Саўэрберы з клеркам бягуць да магілы. Адразу ж за імі паказаўся святар, які на хаду апранаў строй, каб чытаць службу. Потым містэр Бамбл для прыліку адлупцаваў аднаго ці двух хлопцаў, а правялебны айцец, прачытаўшы з пахавальнага абраду столькі, колькі можна было ўціснуць у чатыры хвіліны, аддаў строй клерку і сышоў.
— Біл, давай! — сказаў Саўэрберы далакопу. — Давай, засыпай.
Гэтая задача была не надта цяжкая, бо верхняя труна была ўсяго за некалькі футаў ад паверхні зямлі. Далакоп закідаў зямлю, злёгку затрамбаваў яе нагамі, ускінуў на плечы рыдлёўку і пайшоў. Яго праводзіла хеўра хлапцоў, якія гучна скардзіліся на тое, што іх забава была такой кароткай.
—Хадзем, добры чалавеча! — сказаў містэр Бамбл, паляпаўшы мужчыну па спіне. — Зараз зачыняць браму.
Мужчына, які не рухаўся з таго часу, як стаў збоку магілы, падняў галаву, паглядзеў на таго, хто да яго звяртаўся, зрабіў не-
калькі крокаў наперад і ўпаў самлелы. Звар’яцелая старая была занадта занятая аплакваннем плапіча (трунар забраў яго), каб звярнуць на самлелага ўвагу, так што на таго вылілі кубак халоднай вады, і калі ён ачуняў, вывелі з могілак, замкнулі браму і пайшлі кожны сваёй дарогай.
— Ну як, Олівер, — спытаўся Саўэрберы па дарозе дахаты, — як табе гэта спадабалася?
—Так сабе, дзякуй, сэр, — адказаў Олівер даволі няпэўна. — He надта.
— Нічога, з цягам часу прывыкнеш, — сказаў Саўэрберы. — Калі прывыкнеш, то ўсё будзе нармальна, мой хлопчык.
Олівер падумаў, ці доўга трэба было прывыкаць містэру Саўэрберы. Але ён вырашыў, што лепш пра гэта не пытацца, і пайшоў назад у краму, разважаючы пра ўсё, што бачыў і чуў.
РАЗДЗЕА VI
Олгвер, якога вывелі з сябе кпіны Ноэ, пачынае праяўляць актыўнасць, чым вельмі яго здзіўляе
Прайшоў месяц, выпрабавальны тэрмін скончыўся. Олівер фактычна быў прыняты ў вучні. Акурат у гэты час быў неблагі паморак. Кажучы камерцыйнай мовай, на труны быў попыт, і на працягу некалькіх тыдняў Олівер набыў багаты досвед.
Поспех неардынарнай задумкі містэра Саўэрберы перавысіў нават самыя аптымістычныя спадзяванні. Самыя старыя жыхары не маглі згадаць іншага часу, калі б адзёр так лютаваў і так касіў дзяцей, і шмат было жалобных працэсій на чале з маленькім Оліверам, у капялюшыку, са стужкай аж да каленяў, што выклікала неапісальнае захапленне і замілаванне ўсіх мацярок горада. Олівер суправаджаў свайго гаспадара ў большасці яго выездаў на пахаванні дарослых, каб набыць навык спакойных
паводзін ды валодання нервамі, што вельмі істотна для сфармаванага трунара. Таму ён шмат разоў меў магчымасць назіраць выдатную пакору і цвёрдасць, з якімі некаторыя моцныя духам людзі пераносяць выпрабаванні і страты.
Напрыклад, калі Саўэрберы меў замову на пахаванне якойнебудзь старой лэдзі ці старога джэнтльмена з мноствам пляменнікаў ды пляменніц, якія выглядалі зусім несуцешнымі ў часе папярэдняй хваробы і чыя жалоба была такой глыбокай на людзях, — сярод сваіх былі надта шчаслівымі, бесклапотнымі і нязмушанымі, размаўлялі адно з адным так вольна ды весела, як быццам не здарылася нічога, што магло б іх патурбаваць. Гэтаксама і мужы падпарадкоўваліся лёсу сваіх жанок з надзвычайным спакоем. Дый жонкі апраналі чорнае па сваіх мужах, нібыта зусім і не гаравалі ў гэтым жалобным строі, а дапільноўвалі, каб ён быў ім як мага болып да твару. Таксама можна было назіраць, што лэдзі і джэнтльмены, якія падчас цырымоніі пахавання цярпелі лютыя пакуты, вярталіся да нармальнага стану амаль адразу пасля прыходу дахаты, і ўжо перад канцом піцця гарбаты паводзілі сябе, быццам нічога не здарылася. Бачыць усё гэта было вельмі спрыяльна і павучальна, і Олівер назіраў за ўсім з вялікім захапленнем.