Олівер Твіст  Чарльз Дыкенс

Олівер Твіст

Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
105.69 МБ
— Добра! Ты прыйшоў сюды, каб атрымаць адукацыю і навучыцца нейкай карыснай працы, — сказаў чырванатвары джэнтльмен, што сядзеў у высокім фатэлі.
—Такім чынам, заўтра з шасці гадзін раніцы ты пачнеш трапаць пяньку, — дадаў зласлівы джэнтльмен у белай камізэльцы.
На знак падзякі за такую вось камбінацыю абодвух блаславенняў у адным простым працэсе трапання пянькі Олівер, з ініцыятывы кур’ера, пакланіўся і быў прыспешаны з пакоя ў вялікае памяшканне, дзе на грубым цвёрдым ложку ён плакаў, аж пакуль не заснуў. Што за годнае пацверджанне мяккасці ангельскіх законаў! Яны даюць беднякам магчымасць пайсці спаць!
Бедны Олівер! Ен спаўу шчаслівай недасведчанасці пра навакольнае і мала думаў пра тое, што рада гэтым самым днём прыняла рашэнне, якое зробіць самы вялікі матэрыяльны ўплыў на ўсю яго будучыню. Тым не менш рашэнне было прынятае, і яно было такое.
Чальцы гэтай рады былі людзі з надта праніклівым розумам, разважлівыя мудрацы, і калі ім собіла звярнуць увагу на працоўню, дык яны адразу заўважылі тое, чаго просты народ ніколі б не прыкмеціў: беднякі любілі працоўню! Гэтае месца было для іх звыклай установай, а яшчэ і карчмой, дзе не трэба было раскашэльвацца. Рай з цэглы і тынку, дзе ўсё было гульнёй, а праца была нічым. «Вось жа, — з глыбакадумным выглядам прамовіла рада, — мы якраз і ёсць тыя дабрадзеі, што навядуць тут парадак. Мы неадкладна спынім гэта». I вось яны прынялі правіла, згодна з якім усе бедныя людзі атрымалі магчымасць абіраць — хто-хто, а яны нікога не прымушалі — або павольная смерць ад голаду ў працоўні, або хуткая — за яе мурамі. А таму яны заключылі дамову з вадаправоднай кампаніяй на неабмежаваную падачу вады і з агентам гандлю збожжам — аб эпізадычных пастаўках аўсянай мукі. Яны загадалі даваць аўсянку тры разы на дзень, двойчы на тыдзень выдаваць кожнаму цыбуліну, а ў нядзелю — нават палову булкі. Яны зрабілі яшчэ шмат мудрых і гуманных распараджэнняў, якія датычылі жанчын, але не будзем іх пераказваць без патрэбы. Яны ласкава пагадзіліся даваць развод жанатым беднякам, бо скасоўваць шлюб у Калегіі па грамадзянскіх справах было задорага, і замест таго, каб прымусіць чалавека забяспечваць сваю сям’ю, як яны рабілі гэта раней, яны забралі ў яго сям’ю, а самога яго ператварылі ў кавалера! He трэба і казаць, як шмат людзей з усіх станаў грамадства звярнулася б да іх па матэрыяльную дапамогу, калі б гэта не было звязана з працоўняй; аднак рада складалася з людзей галавастых, і яны падстрахаваліся ад такой небяспекі. Матэрыяльная дапамога была непарыўна звязаная з працоўняй і аўсянай размазнёю, і гэта адпалохвала.
Першыя паўгады пасля пераводу Олівера Твіста сістэма працавала на поўную сілу. Спачатку яна запатрабавала значных выдаткаў, каб аплаціць рахункі ад трунара, якія ўсё раслі, і каб ушываць безупынна адзежу беднякоў, якая, нібы той мех, пачынала звісаць з іх кашчавых целаў праз тыдзень ці два на аўсянцы. Але колькасць беднякоў стала мізэрнай, як і яны самі, і рада была ў захапленні.
Хлопчыкаў кармілі ў вялікай зале з тоўстымі мурамі, у канцы якой стаяў кацёл, з якога ў прызначаны для прыняцця ежы час наглядчык у фартуху з дапамогай дзвюх жанчын раздаваў кашу. Кожны хлопчык атрымліваў адну місачку гэтага адметнага месіва, і не больш — за выняткам вялікіх святаў, калі давалі звыш Ta­ro яшчэ дзве з паловай унцыі хлеба. Місачкі ніколі не трэба было мыць. Хлопчыкі выскрэбвалі іх сваімі лыжкамі, аж пакуль яны зноў не пачыналі блішчаць. Калі дзеці заканчвалі гэтую аперацыю (а яна ніколі не цягнулася надта доўга, бо іхнія лыжкі былі амаль такія ж вялікія, як і місачкі), яны сядзелі, утаропіўшыся ў кацёл такімі прагнымі вачыма, як быццам хацелі зжэрці цагліны, якімі ён быў абкладзены. Пры гэтым хлопчыкі прагна абсмоктвалі свае пальцы ў спадзяванні натрапіць хоць на які мізэрны след ад кашы, якая магла выпадкова прыліпнуць да іх. У хлопчыкаў наогул бывае выдатны апетыт. Олівер Твіст і яго сябры ўжо тры месяцы цярпелі пакуты памірання ад голаду; нарэшце яны сталі такімі прагнымі і так здзічэлі ад голаду, што адзін з іх (яго бацька некалі меў маленькую карчму) змрочна намякнуў сваім таварышам, што ён баіцца, каб выпадкам не з’есці ўначы кволага хлопчыка, які спіць побач з ім, — калі яму не пачнуць даваць яшчэ адну міску кашы. Вочы ў яго былі дзікія, галодныя, і дзеці інтуітыўна паверылі яму. Сабраліся на абмеркаванне; вырашылі цягнуць жэрабя, каму ісці тым самым вечарам пасля вячэры да наглядчыка, каб папрасіць дабаўкі. Ісці выпала Оліверу.
Надышоў вечар. Хлопчыкі занялі свае месцы. Наглядчык у кухарскай робе стаў ля катла, яго памочніцы-жабрачкі чарадою сталі за яго спінай. Кашу расклалі па місках, і перад беднай ядой была прамоўленая доўгая малітва. Аўсянка знікла. Хлопчыкі пачалі перашэптвацца і падаваць знакі Оліверу, а яго бліжэйшыя суседзі выпіхвалі яго. Ён быў зусім яшчэ дзіцём, голад давёў яго да адчаю, а нястачы пазбавілі страху. Ен падняўся з-за стала і, набліжаючыся да наглядчыка з місачкай і лыжкай у руках, крыху напалоханы сваёй дзёрзкасцю, прамовіў:
— Калі ласка, сэр, я хачу яшчэ трохі.
Наглядчык быў тоўсты, здаравенны мужчына, але ён спалатнеў. У тупым сподзіве ён некалькі хвілін глядзеў на ма-
ленькага бунтара, а потым, у пошуках падтрымкі, абапёрся на кацёл. Памочніцы былі спаралізаваныя ад здзіўлення, хлопчыкі — ад страху.
— Што? — вывеў нарэшце наглядчык слабым голасам.
—Калі ласка, сэр, — адказаў Олівер, — я хачу яшчэ трохі.
Наглядчык выцяў Олівера чарпаком па галаве, моцна схапіў за рукі і гучна паклікаў кур’ера.
Рада засядала, нібы той рымскі канклаў, калі містэр Бамбл у вялікім узрушэнні ўварваўся ў пакой і, звяртаючыся да джэнтльмена ў высокім фатэлі, сказаў:
— Містэр Лімкінз, прашу прабачыць, сэр! Олівер Твіст папрасіў дабаўкі!
Усе былі збянтэжаныя. На кожным абліччы быў напісаны жах.
—Дабаўкі? — перапытаў містэр Лімкінз. — Вазьміце сябе ў рукі, кур’ер, і адказвайце дакладна. Я зразумеў так, што ён запытаў пра дабаўку, з’еўшы прызначаную яму вячэру?
—Менавіта, сэр, — адказаў Бамбл.
—Гэты хлопец скончыць жыццё на шыбеніцы, — прамовіў джэнтльмен у белай камізэльцы. — Я ведаю, ён прыйдзе да шыбеніцы!
Ніхто не аспрэчыў прароцтва джэнтльмена. Адбылася ажыўленая дыскусія. Быў выдадзены загад накіраваць Олівера ў турму для дзяцей, а назаўтра ўранні на браме звонку быў прыклеены загад, у якім таму, хто згодзіцца пазбавіць прыход ад Олівера Твіста, абяцалася дзякло ў пяць фунтаў стэрлінгаў. Іншымі словамі, пяць фунтаў — і Олівер Твіст прапаноўваўся кожнаму мужчыну ці жанчыне, хто, маючы заняткам рамяство, гандаль ці нешта іншае, меў патрэбу ў вучню.
—Я ніколі ні ў чым іншым у сваім жыцці не быў упэўнены больш, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы, стукаючы наступным ранкам па браме ды чытаючы загад, — я ніколі ні ў чым іншым у сваім жыцці не быў упэўнены болып, чым цяпер у тым, што гэты хлопчык скончыць на шыбеніцы.
Маючы намер паказаць далей, меў ці не меў рацыю джэнтльмен у белай камізэльцы, я, мабыць, магу пашкодзіць займальнасці апавядання (калі дапусціць, што яна ёсць). Гэта
здарылася б, калі б я насмеліўся акурат цяпер намякнуць, ці мае жыццё Олівера Твіста гэтую гвалтоўную зададзенасць, або яе няма.
РАЗДЗЕЛ III
апавядае, як Олівер Твіст ледзьве не атрымаў месца, якое зусім не было б сінекурай
Тыдзень пасля таго, як Олівер учыніў блюзнерскае і ганебнае злачынства — папрасіў дабаўкі, — ён сядзеў пад замком у цёмным пустым памяшканні, дзе яго зачынілі згодна з мудрым і міласэрным рашэннем рады. На першы погляд падаецца разумным, што калі б ён з належнай пашанай паставіўся да прароцтва джэнтльмена ў белай камізэльцы, то мог бы раз і назаўсёды пацвердзіць прадказальныя здольнасці гэтага індывіда, прывязаўшы адзін канец насоўкі да крука ў сцяне і павесіўшыся на другім. Аднак існавала адна перашкода для здзяйснення гэтага подзвігу: насоўкі, якія былі залічаныя да прадметаў раскошы, на ўсе будучыя гады і вякі былі забраныя ад насоў беднякоў адмысловым загадам рады ў поўным яе складзе, і загад гэты быў уласнаручна ўсімі падпісаны і завераны пячаткамі. Яшчэ болыпай перашкодай быў дзіцячы ўзрост Олівера і адпаведныя яго схільнасці. Ён цэлымі днямі адно толькі плакаў, а калі надыходзіла доўгая, маркотная ноч, затульваў рукавом вочы, каб схавацца ад цемры, зашываўся ў куток і спрабаваў заснуць, час ад часу ўздрыгваючы і прачынаючыся і яшчэ шчыльней прыціскаючыся да муру, як быццам хацеў упэўніцца, што халодная цвёрдая паверхня сцяны абараняе яго ад навакольнай цемры і адзіноты.
Няхай ворагі «сістэмы» не падумаюць, што падчас сядзення ў адзіночцы Олівер быў пазбаўлены карысных практыкаванняў, магчымасці стасункаў або рэлігійнай падтрымкі. Што да
практыкаванняў, дык было выдатнае халоднае надвор’е, і Оліверу было дазволена штораніцы аблівацца ў каменным двары вадой з помпы ў прысутнасці містэра Бамбла, які глядзеў, каб Олівер не прастудзіўся, і кульбай дамагаўся, каб яму было цёпла па ўсім целе. Што да стасункаў, яго праз дзень вадзілі ў залу, дзе абедалі хлопчыкі, і лупцавалі там пры ўсіх, каб іншым не хацелася. А каб не пазбавіць духоўнай падтрымкі, яго кожны вечар кухталямі выганялі на малітву ў адзін і той самы пакой і дазвалялі там суцяшаць свой дух, слухаючы малітву хлопчыкаў з адмысловым дадаткам, зацверджаным радай. У гэтым дадатку хлопчыкі прасілі, каб іх зрабілі добрымі, годнымі, паслухмянымі і каб пазбавілі ад грахоў, якімі абцяжараны Олівер Твіст. Пра яго ў малітве дакладна гаварылася, што ён знаходзіцца пад асаблівай апекай і абаронай сілаў ліха і з’яўляецца нядаўнім вырабам самога д’ябла.
Аднаго ранку, калі Олівер знаходзіўся ў ранейшым прыемным і камфортным стане, па Хай-стрыт ішоў містэр Гэмфілд, камінар. Ён быў вельмі заглыблены ў абдумванне шляхоў і сродкаў выплаты нядоімкі, якую ягоны арэндадаўца ад яго даволі настойліва патрабаваў. Самыя аптымістычныя разлікі не дазвалялі містэру Гэмфілду збіць запатрабаваную суму, зрабіўшы яе меншай за пяць фунтаў; ён прыйшоў у стан нейкай арыфметычнай прастрацыі і ламаў галаву то сабе, то свайму аслу, пакуль, мінаючы працоўню, яго вочы не натрапілі на абвестку на браме.
—Тпру! — сказаў містэр Гэмфілд свайму аслу.