Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
He гаворачы больш ні слова, ён выскачыў з пакоя, пабег уніз па лесвіцы, падняўся па прыступках кэба і праз якое імгненне быў ужо ў карэце.
Калі дзверы пакоя зачыніліся, містэр Грымуіг падняў галаву і, ператварыўшы адну з задніх ножак крэсла ў вось вярчэння, апісаў тройчы круг, дапамагаючы сабе палкай і абапіраючыся на стол. Зрабіўшы гэтае практыкаванне, ён падняўся і прайшоўся па пакоі разоў з дванаццаць так хутка, як толькі мог, потым нечакана спыніўся перад Роз і без слоў пацалаваў яе.
— Ціха! — сказаў ён, калі маладая лэдзі ўстала з крэсла, крыху напалоханая яго незвычайнымі паводзінамі. — He бойцеся. Я ў дзяды вам падыходжу. А вы слаўная. Вы мне падабаецеся. А вось і яны!
Насамрэч, не паспеў ён апусціцца на сваё ранейшае месца, як вярнуўся містэр Браўнлоў у суправаджэнні Олівера, якога містэр Грымуіг сустрэў вельмі прыхільна, і калі б гэтая шчаслівая хвіля была адзінай узнагародай за ўсе страхі і турботы дзеля Олівера, то такой узнагароды для Роз Мэйлі было б даволі.
—А між тым тут яшчэ ёсць асоба, пра якую нельга забываць, — сказаў містэр Браўнлоў, звонячы ў званочак. — Калі ласка, скажыце, хай сюды прыйдзе місіс Бэдвін.
Старая эканомка не прамарудзіла з’явіцца, зрабіла ля дзвярэй рэверанс і чакала загаду.
—Але ж вы слепнеце з кожным днём, Бэдвін, — сказаў містэр Браўнлоў крыху раздражнёна.
— Насамрэч, сэр, — адказала старая лэдзі. — У маім узросце вочы ў людзей не паляпшаюцца з гадамі, сэр.
—Я мог бы і сам сказаць вам, — працягваў містэр Браўнлоў, — але начапіце лепш свае акуляры, і вы ўбачыце тое, што так хацелі ўбачыць.
Старая лэдзі пачала намацваць у кішэні акуляры. Але цярпенне Олівера не магло вынесці такога выпрабавання, і ён, падхоплены парывам душы, кінуўся ў яе абдымкі.
—Літасцівы Божа! — усклікнула старая лэдзі, абдымаючы яго. — Гэта ж дзіцятка маё нявіннае!
—Добрая мая старая няня! — усклікнуў Олівер.
— Ен вярнуўся! Я ведала, што ён вернецца! — сказала старая лэдзі, трымаючы яго ў абдымках. — Як добра ён выглядае і як ён зноў добра адзеты, як сын джэнтльмена! Дзе ж ты быў так доўгенька, так доўга? Ну-ну, той самы прыгожанькі тварык, але не бледны больш, тыя самыя добрыя вочкі, але не такія маркотныя. Ніколі не забывалася на іх, на ягоную ціхмяную ўсмешку, помніла іх кожны дзень нароўні з вачыма маіх любых дзетак, якія памерлі яшчэ тады, калі я была вясёлай і маладой.
Гаворачы так без перапынку і то адхіляючы Олівера ад сябе, каб праверыць, наколысі ён вырас, то зноў прытуляючы і з любасцю гладзячы яго па галаве, добрая душа то смяялася, то плакала, абняўшы яго.
Містэр Браўнлоў пакінуў ёй ды Оліверу час абмяняцца ўражаннямі. Ён пайшоў у іншы пакой і там пачуў ад Роз падрабязны аповед пра яе размову з Нэнсі, які здзівіў і ўразіў яго нямала. Роз растлумачыла таксама, чаму яна не даверылася найперш свайму сябру, містэру Лосбэрну; стары джэнтльмен выказаў меркаванне, што яна зрабіла ўсё правільна, і ахвотна пагадзіўся сам правесці ўрачыстую нараду з шаноўным доктарам. Каб забяспечыць як Mara болып хуткае выкананне гэтай задумы, было вырашана, што ён прыбудзе ў гатэль а восьмай гадзіне ўвечары, а місіс Мэйлі да таго часу асцярожна праінфармуюць пра ўсё, што здарылася. Калі гэтыя меры былі грунтоўна абмеркаваныя, Роз і Олівер вярнуліся дадому.
Роз аніяк не пераацаніла выбуховы тэмперамент добрага доктара. Пачуўшы пераказ гісторыі Нэнсі, ён адразу пачаў сыпаць праклёнамі і пагрозамі, абяцаў зрабіць яе першай ахвярай дасціпнасці і камбінатарскіх здольнасцяў містэраў Блатэрса і Дафа і нават напяліў капялюш, каб пайсці і заручыцца падтрымкай гэтых джэнтльменаў. I ён у сваім парыве без сумнення выканаў бы гэты намер, ні на хвілю не задумваючыся пра наступствы, калі б яго не стрымала раздражненне містэра Браўнлоў, які і сам меў даволі гарачы тэмперамент, а таксама высновы і пярэчанні, якія здаваліся найболып прыдатнымі, каб утрымаць яго ад такога няўзважанага кроку.
—Што тады рабіць, чорт вазьмі! — усклікнуў нецярпліва лекар, калі яны вярнуліся да абедзвюх лэдзі. — Мы што, павінны падзякаваць усім гэтым бадзягам мужчынскага і жаночага полу і папрасіць іх прыняць па сто фунтаў на кожнага як сціплы знак нашай павагі за іхняе добрае стаўленне да Олівера?
— He зусім так, — смеючыся, адказаў містэр Браўнлоў, — але нам трэба дзейнічаць без паспешлівасці і вельмі асцярожна.
—Без паспешлівасці і асцярожна! — усклікнуўлекар. — Я паслаў бы іх усіх разам і кожнага паасобку да...
— He важна куды, — перапыніў яго містэр Браўнлоў, — але падумайце, ці дасягнем мы нашай мэты, калі пашлем іх куды б там ні было?
—Якой мэты? — запытаўся доктар.
—Даведацца пра паходжанне Олівера і вярнуць яму спадчыну якую, калі верыць гэтай версіі, у яго па-махлярску забралі.
—Так-так, — сказаў доктар і абмахнуўся насоўкай. — Пра гэта я ледзь не забыўся.
—Бачыце, што атрымліваецца, — працягваў містэр Браўнлоў, — калі мы паспрабуем нават вывесці з гульні гэтую бедную дзяўчыну і калі нам, можа быць, выпадзе аддаць гэтых нягоднікаў пад суд, не кампраметуючы яе, то што мы будзем мець?
—Падвядзём пад шыбеніцу пару-тройку гадаў, няйначай, і пасадзім рэшту, — быў адказ лекара.
— Выдатна! — усміхнуўся містэр Браўнлоў. — Але, без сумнення, яны самі рана ці позна туды трапяць, а калі мы ўмяшаемся і
насцярожым іх, то мы, здаецца мне, зробім донкіхоцкі ўчынак, які яўна супярэчыць нашым інтарэсам або інтарэсам Олівера, што тое самае.
—Якім чынам? — запытаўся лекар.
—А вось якім. Абсалютна зразумела, што мы будзем мець цяжкасці, дакопваючыся да ісціны, пакуль не паставім на калені гэтага чалавека, Манкса. Гэтага можна дасягнуць толькі хітрасцю, заспеўшы яго ў той момант, калі навокал не будзе ягоных супольнікаў. Калі, дапусцім, яго арыштуюць — у нас няма супраць яго ніякіх улік. Ен ніколі не браў удзел (наколькі мы ведаем, або як выглядаюць факты) ні ў адным злачынстве шайкі. Нават калі яго не апраўдаюць, то самае вялікае пакаранне, якое ён атрымае, будзе прысуд за махлярства і валацужніцтва, і ўжо, напэўна, нават пасля гэтага яго рот будзе закрыты так надзейна, што для нас ад яго будзе роўна столькі карысці, каб калі ён быў глухі, нямы, сляпы і дэбільны.
—Тады я пытаю вас яшчэ раз, — з імпэтам запярэчыў лекар, — ці мяркуеце вы, што мы павязаныя абяцаннем, якое было дадзена дзяўчыне, дадзена з добрымі, найлепшымі намерамі, але...
— He бойцеся, мілая маладая лэдзі, прашу вас, — папярэдзіў містэр Браўнлоў Роз, якая хацела была запярэчыць доктару. — Абяцанне не будзе парушана. He думаю, каб яно нам хоць крышку замінала ў нашых намерах. Але перш чым мы абяром нейкі пэўны план дзеянняў, неабходна будзе сустрэцца з дзяўчынай і даведацца ад яе, ці пакажа яна нам на гэтага Манкса, калі ён захоча мець справу з намі, а не з правасуддзем. Калі ж яна не захоча або не зможа гэтага зрабіць, то трэба дабіцца ад яе, якія прытоны ён наведвае, як выглядае, — карацей, выведаць усё, што можа дапамагчы апазнаць яго. 3 ёю нельга сустрэцца да наступнага нядзельнага вечара. Сёння аўторак. Я параіў бы супакоіцца і захоўваць гэтую справу ў таямніцы, не расказваць пра яе нават Оліверу.
Хоць містэр Лосбэрн, пачуўпіы гэтую прапанову, скорчыў нямала незадаволеных грымасаў — азначала ж гэта перанос справы дзён на пяць, — ён мусіў прызнаць, што на дадзены момант лепшага плана ў яго няма, а паколькі Роз і місіс Мэйлі моцна
падтрымлівалі містэра Браўнлоў, прапанова гэтага джэнтльмена была прынятая адзінагалосна.
— Мне б хацелася, — сказаў ён, — звярнуцца па дапамогу да майго сябра Грымуіга. Ён дзівак, але ён чалавек праніклівага розуму і можа аказаць нам істотную дапамогу; мушу сказаць, што ён атрымаў юрыдычную адукацыю, але з агідай адмовіўся ад прафесіі адваката, бо за дваццаць гадоў яму прапанавалі толькі адну невялікую справу; добра гэта ці блага — мяркуйце самі.
—Я не пярэчу супраць таго, што вы паклічаце на дапамогу свайго сябра, калі толькі і мне можна будзе паклікаць майго, — сказаў лекар.
— Мы павінны вырашыць гэта большасцю галасоў, — адказаў містэр Браўнлоў. — Хто ён?
—Гэта сын лэдзі, — сказаў лекар, паказваючы на місіс Мэйлі, — а гэтай маладой лэдзі — вельмі стары сябра, — дадаў ён, выразна паглядзеўшы на яе пляменніцу,
Роз густа пачырванела, але не зрабіла спробы запярэчыць (магчыма, яна разумела, што застанецца ў безнадзейнай меншасці), так што Гары Мэйлі і містэр Грымуіг увайпілі ў камітэт.
— Зразумела, — сказала місіс Мэйлі, — пакуль ёсць хоць маленькая надзея на поспех гэтага расследаваня, мы застанемся ў горадзе. Дзеля той высакароднай мэты я не пашкадую ні часу, ні грошай, і я гатовая жыць тут нават дванаццаць месяцаў, калі вы ўпэўніце мяне, што ёсць хоць малая надзея.
—Добра! — падтрымаў яе містэр Браўнлоў. — А паколькі на тварах вакол мяне я чытаю пытанне, як гэта так здарылася, што мяне не было на месцы, каб пацвердзіць расказ Олівера, што я так нечакана пакінуў Англію, то дазвольце паставіць умову: мне не будуць задаваць ніякіх пытанняў, пакуль я не палічу мэтазгодным папярэдзіць іх і распавесці сваю ўласную гісторыю. Верце: я маю досыць важкія прычыны для такой просьбы. У адваротным выпадку я магу толькі спарадзіць надзеі, якія ніколі не спраўдзяцца, і адно памножыць цяжкасці і расчараванні, якіх і без гэтага хапае. Хадземце! Ужо клікалі на вячэру, і малады Олівер, які зусім адзін сядзіць у суседнім пакоі, можа, ужо пачаў думаць, што нам апрыкрала яго-
ная кампанія і што мы ўступілі ў нейкую чорную змову, каб пазбавіцца ад яго.
3 гэтымі словамі стары джэнтльмен падаў руку місіс Мэйлі і павёў яе ў сталовую. Містэр Лосбэрн узяў пад руку Роз і пайшоў следам, і нарада закрылася.
РАЗДЗЕА XLII
Стары знаёмы Олівера выяўляе яўныя прыкметы геніяльнасці і робіцца ў сталіцы выбітным грамадскім дзеячам
Тым самым вечарам, калі Нэнсі пагрузіла ў сон містэра Сайкса і спяшалася да Роз Мэйлі, каб выканаць місію, якую яна сама на сябе ўсклала, да Лондана Вялікім Паўночным гасцінцам набліжаліся дзве асобы, якім у нашым аповедзе павінна быць нададзеная пэўная ўвага.
Гэта былі мужчына і жанчына. Больш правільна было б назваць іх асобамі мужчынскага і жаночага полу, бо першы быў адным з тых цыбатых, кашчавых, крываногіх, занядбаных людзей, узрост якіх цяжка вызначыць: хлопчыкамі яны выглядаюць на недаросткаў, a ў сталым веку на перарослых падлеткаў. Жанчына была маладая, але моцнага целаскладу, вынослівая, што ёй якраз і было патрэбна, каб вынесці цяжар вялікага клунка, прымацаванага на спіне. Яе спадарожнік, відаць, не быў абцяжараны багажом, — на кійку, які ён нёс на плячы, боўтаўся невялікі клунак — нешта, загорнутае ў звычайную насоўку і, відавочна, лёгкае. Гэтая акалічнасць, а таксама надзвычайна доўгія ногі дазвалялі яму трымацца на некалькі крокаў паперадзе сваёй спадарожніцы, да якой ён раз-пораз з нецярпеннем паварочваў галаву, быццам бы дакараючы яе за марудлівасць і панукаючы прыспешыць хаду.