Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Так яны сунуліся па пакрытай пылам дарозе, зважаючы на прадметы навокал толькі тады, калі ім трэба было адступаць
убок, каб прапускаць паштовыя карэты, якія імчаліся з горада; калі ж яны прайшлі пад Хайгейцкай брамай, мужчына, які ішоў паперадзе, спыніўся і нецярпліва аклікнуў сваю спадарожніцу:
—Хутчэй давай! He можаш, ці што? Ну і лайдачка ты, Шарлот.
— Ноша цяжкая, вось што я скажу, — пачала апраўдвацца жанчына, якая ўжо ледзьве дыхала ад стомы.
— Цяжкая! Што ты вярзеш? А ты навошта тады? — запярэчыў мужчына, перакладваючы свой кіёк на другое плячо. — Ну вось, зноў прывал! He ведаю, хто, акром цябе, можа так выводзіць з цярпення.
—Яшчэ далёка? — спытала жанчына, прыхінуўшыся да адхону; пот кроплямі сцякаў па яе твары.
—Далёка! Мы, лічы, прыйшліўжо, — сказаў цыбаты і тыцнуў пальцам перад сабой. — Вунь! Гэта агні Лондана.
—Датуль япічэ мілі са дзве, не менш, — без энтузіязму сказала жанчына.
—Якая розніца — дзве мілі ці дваццаць, — сказаў Ноэ Клэйпал, бо гэта быў ён, — уставай і клыгай, a то як дам зараз выспятка, кажу табе наперад.
Паколькі чырвоны нос Ноэ яшчэ больш пачырванеў ад гневу, і ён нават памкнуўся ў бок Шарлот, перасёк дарогу, быццам збіраўся выканаць сваю пагрозу, жанчына без далейшых слоў паднялася і паплялася побач з ім.
— Ноэ, дзе ты збіраешся спыніцца на ноч? — спытала яна пасля таго, як яны прайшлі некалькі сот ярдаў.
—Адкуль я ведаю? — адказаў Ноэ, чый настрой ад хады сапсаваўся канчаткова.
— Каб дзе бліжай, — сказала Шарлот.
— Бліжай не будзе, — даў адказ містэр Клэйпал. — He бліжай, а таму няма чаго пра гэта думаць.
— Чаму не?
— Калі я табе кажу, што не збіраюся нешта рабіць, то вось і казка ўся, — зазначыў містэр Клэйпал.
— Навошта так злавацца? — азвалася яго спадарожніца.
— Вось была б вясёлая рэч — пайсці і спыніцца ў першай, якая трапіць, карчме, каб Саўэрберы, калі ён прыпусціўся за намі ў
пагоню, усунуў туды свой стары нос, павязаў нас і завёз на возе назад, — кпліва сказаў містэр Клэйпал. — He! Я знікну, згублюся ў самых вузкіх вулачках, якія толькі можна знайсці, і не спынюся, пакуль не знайду самую ўбогую карчму з усіх, якія трапяць нам на шляху. Можаш падзякаваць сваёй шчаслівай зорцы, што ў мяне ёсць галава на плячах: калі б я не схітраваў і не пайшоў наўмысна не той дарогай, і калі б мы не вярнуліся палямі — сядзела б ты, мілая мая, пад добрым замком ужо тыдзень. I гэта было б для цябе тое, што трэба, бо ты дурніца!
—Я ведаю, што я не такая хітрая, як ты, — адказвала Шарлот, — але не перакладвай усю віну на мяне і не кажы, што адно мяне пасадзілі б пад замок. Села б я — сеў бы і ты.
—Ты ўзяла грошы з касы, сама не ведаеш хіба, — сказаў містэр Клэйпал.
—Я ўзяла іх для цябе, Ноэ, дарагі мой, — запярэчыла Шарлот.
—А я што, пакінуў іх сабе? — спытаў містэр Клэйпал.
— He, ты даверыў іх мне і дазволіў несці, таму што ты добры, — сказала лэдзі, паляпала яго па барадзе і ўзяла пад руку.
Гэта насамрэч было так, але з той прычыны, што містэр Клэйпал не меў звычкі слепа і тупа адорваць сваім даверам абыкаго, варта заўважыць, што ён даверыўся Шарлот толькі на той выпадак, калі іх зловяць, — тады грошы будуць знойдзены ў яе; гэта дало б яму магчымасць адпрэчыць свой удзел у крадзяжы і павялічыць свае шанцы выкруціцца. Зразумела, цяпер ён не стаў тлумачыць сваіх матываў, і яны мірна пайшлі далей.
Згодна са сваім асцярожным планам, містэр Клэйпал ішоў, не спыняючыся, аж пакуль не дайшоў да «Анёла» ў Арлінгтоне, дзе пры выглядзе натоўпу мінакоў і вялікай колькасці экіпажаў, ён прыйшоў да высновы, што тут насамрэч пачаўся Лондан. Ен затрымаўся толькі для таго, каб упэўніцца, якія вуліцы самыя людныя, якіх, адпаведна, трэба пазбягаць, потым павярнуў на Сэнт-Джонз-роўд і неўзабаве заглыбіўся ў морак заблытаных, брудных завулкаў, якія месціліся паміж Грэйз-ін і Смітфілдам і дзякуючы якім гэтая частка горада выглядае адной з самых брудных і агідных, хоць месціцца ў цэнтры Лондана і была ў свой час грунтоўна перабудаваная.
Па гэтых вуліцах ішоў цяпер Ноэ Клэйпал, цягнучы за сабой Шарлот; час ад часу ён саступаў на брук, каб прыцаніцца да якой-небудзь карчмы, потым ішоў далей, калі знешні выгляд установы сведчыў, што тут будзе занадта людна. Нарэшце ён спыніўся перад адным заезным дваром, найбольш убогім і брудным з усіх, якія ён пабачыў, перасёк вуліцу, разгледзеў яго з процілеглага боку і міласціва аб’явіў аб сваім намеры спыніцца тут на ноч.
—Так што давай сюды клунак, — сказаў Ноэ, адвязваючы рамяні, якімі той бьгў прывязаны да яе плячэй, і перавешваючы яго на свае плечы, — і ні слова, пакуль з табой не загавораць. Як называецца гэты дом? Тры... чаго?
— Калекі, — падказала Шарлот.
— «Тры Калекі», — паўтарыў Ноэ, — і шыльда — што трэба. Ну, хадзем! He адставай!
Пасля гэткіх указанняў ён піхнуў плячом рыпучыя дзверы і ў суправаджэнні сваёй спадарожніцы ўвайшоў унутр.
У карчме нікога не было, апроч маладога габрэя за стойкай, які стаяў, абапёршыся локцямі аб прылавак, і чытаў зашмальцаваную газету. Ён вельмі пільна паглядзеў на Ноэ; Ноэ не менш пільна паглядзеў на яго.
— Гэта «Тры Калекі»? — спытаў Ноэ.
—Дак дадываецца гэды доб, — адказаў габрэй.
—Адзін джэнтльмен, які ішоў з вёскі і якога мы сустрэлі, параіў зайсці сюды, — сказаў Ноэ, штурхаючы локцем Шарлот, магчыма, каб звярнуць яе ўвагу на такі рафінаваны спосаб выклікаць павагу. А можа быць, і каб засцерагчы яе ад неабдуманых крокаў. — Мы хацелі б у вас заночыць.
—Дакодт гэдага де ведаю, — адказаў Барні, які быў памочнікам карчмара, — байду бабыдаюся.
—Завядзіце нас у іншы пакой і дайце нам халоднай ялавічыны і кроплю піва, перш чым пойдзеце пытацца, га? — сказаў Ноэ.
Барні паслухаўся і павёў іх у маленькі задні пакойчык, паставіў на стол замоўленую яду; праз нейкі час ён паведаміў вандроўнікам, што яны могуць размясціцца тут на ноч, і сышоў, пакінуўшы прыязную парачку бавіць час за ядой.
Гэты задні пакойчык знаходзіўся непасрэдна за барам, на некалькі прыступак ніжэй, так што ўсякі, хто быў тут сваім, адшмаргнуўшы фіранку, якая хавала маленькае акенца ў сцяне згаданага памяшкання, футаў за пяць ад падлогі, мог не толькі без рызыкі быць заўважаным бачыць гасцей у заднім пакойчыку (акенца было ў цёмным кутку, і назіральнік мог схавацца паміж сцяной і слупом, які тут падпіраў столь), але і мог, прыклаўшы вуха да перагародкі, даволі дакладна вызначыць прадмет размовы. Гаспадар установы ўжо хвілін з пяць назіраў парачку праз патайное акно, а Барні, перадаўшы згаданы дазвол, толькі што вярнуўся, як у бар заглянуў Фэджын — даведацца пра сваіх навучэнцаў.
—Дзіха! — сказаў Барні. — у дасдупдыб бакоі чужыя.
— Чужыя! — паўтарыў шэптам стары.
— Але. I дзіўдая пара, бушу сказаць, — дадаў Барні. — з брабінцыі, але дешта на ваш гусд, калі я де бабыляюся.
Здавалася, што Фэджын зацікавіўся. Ен ускараскаўся на крэсла, асцярожна прыклаўся вокам да акенца і з гэтага прыхаванага паста змог убачыць, як містэр Клэйпал бярэ з талеркі халодную ялавічыну, налівае з гляка портэр, выдзяляючы гомеапатычныя дозы таго і другога Шарлот, якая цярпліва сядзіць побач і корміцца з яго ласкі.
—Ага! — прашаптаў габрэй, аглядваючыся на Барні. — Мне падабаецца гэты хлапчына. Ён можа быць для нас карысным — ён ужо ведае, як вучыць дзяўчыну. Будзь ціхі, як мыш, даражэнысі мой: хачу паслухаць... што яны там... гавораць.
Габрэй яшчэ раз прыклаўся вокам да шыбкі, а вухам прынік да перагародкі і пачаў услухоўвацца з такой хітрай грымасай на твары, што стаў падобным на старога зламыснага чорта.
—Дык вось: я хачу быць джэнтльменам, — сказаў містэр Клэйпал, выцягваючы ногі і развіваючы тэму, пачатку якой габрэй не чуў. — Даволі праклятых старых трун, Шарлот, а падай мне сюды джэнтльменскае жыццё, і калі хочаш, то ты будзеш маёй лэдзі.
—Я вельмі хацела б гэтага, мой дарагі, — азвалася Шарлот, — але не кожны дзень можна чысціць касы, а потым браць ногі ў рукі і даваць драпака.
—Ану іх, касы! — сказаў містэр Клэйпал. — Ёсць рэчы і акрамя касаў, якія можна чысціць.
— Што ты маеш на ўвазе? — спытала ягоная супольніца.
—Кішэні, дамскія сумачкі, дамы, паштовыя карэты, банкі! — прамовіў містэр Клэйпал, устаючы з портэрам у руцэ.
—Але ж, дарагі, ты не ўмееш рабіць усяго гэтага, — сказала Шарлот.
—Пашукаю кампанію, якая ўмее, — адказаў Ноэ. — Яны нам і дапамогуць. Ды і ты сама вартая пяцідзесяці жанчын: яшчэ ніколі я не бачыў такога хітрага і падступнага стварэння, як ты, калі я табе дазваляю.
—Божачка, як прыемна чуць ад цябе гэта, — усклікнула Шарлот і заляпіла пацалунак на страшны твар Ноэ.
—Ну, досыць, не трэба гэтых цялячых эмоцый, а то я зараз раззлуюся, — набычыўшыся, сказаў Ноэ і адсунуўся ад яе. — Я хацеў бы быць верхаводам якой-небудзь шайкі, трымаць людзей у руках, віжаваць за імі так, каб яны самі гэтага не заўважалі. Гэта задаволіла б мяне, калі б барыш быў што трэба. I калі б толькі ўдалося перасекчыся з джэнтльменамі гэтага гатунку, то я б сказаў, што банкнота на дваццаць пяць фунтаў, якая схаваная на табе, была б невялікай платай за гэта — пагатоў што мы і самі толкам не ведаем, як ад яе пазбавіцца.
Выказаўшы гэтае меркаванне, містэр Клэйпал з выразам глыбокай мудрасці на твары заглянуў у гляк з портэрам, як след пабоўтаў яго, кіўнуў Шарлот і як мае быць прыклаўся да гляка. Піва яго, відавочна, добра падсілкавала. Ён паглыбіўся быўу медытацыю, але тут раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў незнаёмец.
Гэта быў містэр Фэджын, які ўсёй сваёй істотай вылучаў прыязнасць. Ён адмераў нізкі паклон, падышоўшы да парачкі; сеў за столік побач і загадаў Барні, які на ўвесь рот усміхаўся, каб той прынёс чаго-небудзь выпіць.
—Добры вечарок, сэр, адно што крыху захалодны для гэтай пары года, — сказаў Фэджын, паціраючы рукі. — Я бачу, вы з вёскі, сэр?
—Як гэта вы адразу ўбачылі? — спытаў Ноэ Клэйпал.
—У нас тут у Лондане няма такога пылу, — растлумачыў габрэй, паказваючы на чаравікі Ноэ і ягонай спадарожніцы, а таксама на абодва клункі.
—А вы рэзкі фацэт, — сказаў Ноэ Клэйпал. — Шарлот, ты толькі паслухай, ха-ха-ха!
—А як жа, у гэтым горадзе даводзіцца быць рэзкім, — адказаў габрэй, панізіўшы свой голас да давяральнага шэпту, — ужо няйначай.