Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Хоць яе ўнутраная барацьба ўсялякі раз заканчвалася гэтым рашэннем, але яна паўтаралася досыць часта і не магла прайсці бясследна. Нэнсі стала бледнай, схуднела літаральна за некалькі дзён. Часам яна не заўважала, што адбываецца наўкол, не брала ўдзелу ў размовах, у той час як раней гарлавала гучней за ўсіх. Іншы раз яна панура смяялася без падставы, або Manna без дай прычыны ўсчаць свару. Іншым разам — нават адразу пасля эксцэсу — яна магла сядзець унурыўшыся, задумаўшыся, абапёршы галаву на рукі, і тыя высілкі, якія яна рабіла, ужо самі па сабе сведчылі, і сведчылі болып яскрава, чым згаданыя прыкметы, пра тое, што з ёй нешта не так і што думкі яе ніяк не стасуюцца з тым, што абмяркоўвалі яе кампаньёны.
Быў нядзельны вечар. Званы на бліжняй царкве пачалі адбіваць час. Сайкс і габрэй былі занятыя размовай, аднак перапыніліся, каб паслухаць, колькі часу. Дзяўчына, якая згорблена сядзела на зэдліку, таксама падняла галаву і прыслухалася. Адзінаццаць гадзін.
—Адна гадзіна да паўночы, — сказаў Сайкс, прыпадымаючы фіранку, каб выглянуць на вуліцу, і зноў сядаючы. — Цёмна, хмарна. Самы час для справы.
—Ах, — уздыхнуў габрэй. — Біл, мой даражэнькі, як шкада, што ў нас ніякой такой справы не прыпасена.
—Ты адразу пацэліў куды трэба, — панура згадзіўся Сайкс. — Шкада, таму што мне, да таго ж, яшчэ было б пад настрой.
Габрэй уздыхнуў і паныла пахітаў галавой.
— Я ведаю толькі, што, калі ў нас заладзіцца, мы нагонім страчаны час, — прамовіў Сайкс.
— Правільна гаворыш, мой даражэнькі, — габрэй нават не наважыўся паляпаць Сайкса па плячы. — Мне прыемна чуць гэта ад цябе.
— Прыемна чуць! — усклікнуў Сайкс. — Ну што ж, хай сабе.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў габрэй, як быццам гэтая саступка прынесла яму палёгку. — Сёння, Біл, ты зусім такі, як раней, адзін да аднаго, як раней.
—А я не пачуваюся як раней, калі ты кладзеш мне на плечы свае ўсохлыя старыя кіпці, так што забяры іх, — сказаў Сайкс і скінуў габрэеву руку.
—Біл, ты нервуешся; што, выдае на тое, быццам цябе схапілі? — сказаў габрэй, вырашыўшы не крыўдзіцца.
— Выдае на тое, што мяне схапіў д’ябал, — адпарыраваў Сайкс. — Яшчэ не было чалавека з такой мордай, як твая. Хіба што бацька твой, і я думаю, што яму цяпер, напэўна, падсмальваюць сіва-рыжую яго бараду. А можа, ты наўпрост паходзіш ад чорта, без аніякага бацькі, — я не здзівіўся б.
Фэджын нічога не адказаў на гэты камплімент, а толькі тузануў Сайкса за рукаў і паказаў пальцам на Нэнсі, якая скарысталася з іхняй размовы, каб апрануцца, і цяпер якраз надзявала на галаву капялюш, каб сысці.
—Гэй! — крыкнуў Сайкс. — Нэнсі, куды гэта, дзеўка, ты ўздумала ісці на ноч гледзячы?
— Недалёка.
—Што гэта за адказ? — запярэчыў Сайкс. — Куды ты выбралася?
— Кажутабе, недалёка.
—А я пытаю куды? — запярэчыў Сайкс. — Чуеш ці не: куды?
— He ведаю куды, — адказала дзяўчына.
— Тады я ведаю, — сказаў Сайкс, не столькі таму, што ў яго былі важкія прычыны не пускаць яе, колькі адно з упартасці. — Нікуды. Сядай.
— Мне блага. Я ж казала табе, — запярэчыла дзяўчына. — Хачу падыхаць свежым паветрам.
—Дык высунь галаву ў акно, — адказваў Сайкс.
— Гэтага мала, — сказала дзяўчына. — Я хачу на вуліцу.
—Тады ты не пойдзеш, — адказаў Сайкс.
Сцвердзіўшы гэта, ён устаў, замкнуў дзверы, вынуў з іх ключ, зняў з Нэнсі капялюш і закінуў яго на старую шафу.
— Вось так, — сказаў рабаўнік. — А цяпер сядзі ціха дзе сядзіш.
— Са мной не пройдзе. Капялюш мяне не затрымае, — сказала дзяўчына, спалатнеўшы. — Біл, ты што? Ты ведаеш, што ты робіш?
— «Ведаеш, што робіш», — во! — усклікнуў Сайкс, паварочваючыся да Фэджына. — У яе з галавой нешта, ты ж бачыш, інакш яна не наважылася б мне такое сказаць.
—Ты вымушаеш мяне зрабіць нешта такое... — прамармытала дзяўчына, прыціскаючы рукі да грудзей, быццам хацела такім чынам стрымаць нейкі магутны выбух. — Пусці мяне, пусці мяне ў гэтую хвілю... у гэтае імгненне...
—He! — сказаў Сайкс.
— Фэджын, скажыце яму, хай ён мяне пусціць. Яму ж будзе лепш. Лепш будзе для яго. Чуеце? — закрычала Нэнсі і тупнула нагой.
— Ці чую я? — паўтарыў Сайкс, павярнуўшыся да яе разам з крэслам. — Ды калі я яшчэ з паўхвілі буду чуць, то сабака так грызяне цябе за гарляк, што адразу выхапіць увесь гэты вісклівы голас. Што на цябе найшло, брыда ты такая, што на цябе найшло?
— Пусці мяне, — сказала дзяўчына вельмі сур’ёзна; яна села ля дзвярэй на падлогу і працягвала: — Біл, пусці мяне, ты не ведаеш, што ты робіш. Ты насамрэч не ведаеш. Толькі на гадзіну — пусці, пусці мяне.
— Каб цябе пярун разбіў! — усклікнуў Сайкс і схапіў яе за руку. — Дзеўка з глузду з’ехала. Уставай!
— He ўстану, пакуль не пусціш, па-куль не пус-ціш... Hi за што, ні за што! — пранізліва закрычала дзяўчына.
Якую хвіліну Сайкс чакаў нагоды, а потым раптам заламаў ёй рукі і пацягнуў у сумежны пакойчык, нягледзячы на супраціўленне. Там ён піхнуў яе на крэсла, а сам сеў побач на зэдлік, не выпускаючы яе з рук. Яна яшчэ нейкі час спрабавала вырвацца, упрошвала, пакуль не прабіла дванаццаць, а потым, стаміўшыся, перастала дабівацца свайго. Сайкс кінуў ёй напаследак папярэджанне, падмацаванае аб’ёмным брыдкаслоўем, каб яна больш не спрабавала сёння выходзіць з дому, пакінуў яе адну і далучыўся да габрэя.
— Вось дык вось! — сказаў хатні злодзей, выціраючы з ілба пот. — Даволі дзіўна паводзіць сябе дзеўка.
— Што ёсць, тое ёсць, Біл, — раздумліва паўтарыў габрэй. — Што ёсць, тое ёсць.
— Што гэта яна ўбіла сабе ў галаву сёння ўвечары, як ты думаеш? — спытаўся Сайкс. — Ну, ты павінен лепш за мяне ведаць. Што ты мяркуеш?
— Упартасць, жаночая ўпартасць — я так мяркую, мой даражэнькі, — адказаў габрэй, паціснуўіпы плячыма.
— Хай сабе ўпартасць, — прабурчаў Сайкс. — Думаў, што ўтаймаваў яе, аднак яна такая ж дрэнь, як і раней.
— Горшая, — заўважыў раздумліва габрэй. — Я не помню, каб раней яна была такая, як сёння, — з-за кожнай дробязі...
—I я — не, — сказаў Сайкс. — Думаю, што тая ліхаманка яшчэ сядзіць у яе крыві.
— Можа быць, — адказаў габрэй.
—Ну дык я ўжо пушчу ёй крыху крыві без дапамогі лекара, калі яна зноў за старое ўзялася, — сказаў Сайкс.
Габрэй ухваліў гэтую ідэю, моцна ківаючы галавой.
— Калі я ляжаў і не мог устаць, яна не адыходзіла ад мяне дзень і ноч, а ты, з тваім ваўчыным чорным сэрцам, і носа не паказваў, — прамовіў Сайкс. — Да таго ж, мы сядзелі без грошай, і я думаю, што гэта так або іначай адбілася на ёй, і вось гэтае сядзенне мусовае праявілася, га?
—Так яно, так, — адказаў габрэй. — Ціха!
Як толькі ён прамовіў гэтыя свае словы, з’явілася сама дзяўчына і села на ранейшае месца. Яе вочы былі прыпухлыя і заплаканыя, яна раскачвалася ўзад-уперад, трэсла галавой, a потым раптам рассмяялася.
— Ну вось, цяпер яна пабегла ў другі бок! — усклікнуў Сайкс і кінуў на свайго кампаньёна позірк, гюўны выразнага здзіўлення.
Фэджын падаў знак, каб ён не звяртаў на яе ўвагі, і праз некалькі хвілін дзяўчына вярнулася да сваіх звычайных паводзінаў. Фэджын прашаптаў Сайксу, што новага прыпадку можна не баяцца, узяў капялюш і пажадаўусім добрай ночы. Ля дзвярэй ён спыніўся і спытаў, ці не пасвеціць яму хто на цёмнай лесвіцы.
—Ідзі, пасвяці яму, — сказаў Сайкс, які ў гэты час набіваў люльку. — Шкада будзе, калі ён сам сабе зломіць карак і расчаруе гледачоў. Пасвяці яму.
Нэнсі са свечкай пайшла за старым. Калі яны дайшлі да пляцоўкі, ён прыклаў палец да вуснаў і, нахіліўшыся да яе, шэптам сказаў:
— Нэнсі, мілая, што здарылася?
— Што вы маеце на ўвазе? — таксама шэптам адказала тая.
— Прычыну ўсяго гэтага, — адказаў Фэджын. — Калі ён, — тут ён паказаў сваім усохлым пальцам наверх, — так кепска з табой абыходзіцца (а ён быдляціна, Нэнсі, рэдкая быдляціна), то чаму ты...
— Ну? — спытала дзяўчына, калі Фэджын замоўк, амаль датыкаючыся вуснамі да яе вуха і не адводзячы ад яе вачэй.
— He будзем цяпер пра гэта, — сказаў габрэй. — Мы яшчэ з табой пагаворым пра гэта. Я сябар табе, Нэнсі, верны сябар. У мяне пад рукой ёсць сродкі, простыя і надзейныя. Калі ты хочаш адпомсціць таму, хто абыходзіцца з табой як з сабакам, — прыходзь да мяне. Кажу табе, прыходзь. Гэты мярзотнік табе — на пару дзён, а мяне ты ведаеш здаўна.
—Я добра вас ведаю, — сказала дзяўчына без аніякіх эмоцый. — Дабранач.
Калі Фэджын хацеў паціснуць ёй руку, яна адхілілася, але цвёрдым голасам яшчэ раз пажадала добрай ночы, адказала
на ягоны развітальны пагляд кіўком разумення і замкнула за ім дзверы.
Заглыблены ў думкі, Фэджын накіраваўся дадому. Спакваля, паступова ў яго нараджалася падазрэнне (пацверджанае не толькі тым, што здарылася сёння, хоць гэта і сведчыла на карысць версіі), што Нэнсі, стомленая ад жорсткасці хатняга злодзея, вырашыла займець новага сябра. Яе новая манера паводзіць сябе, яе частыя адлучкі, пэўная абыякавасць да інтарэсаў банды, якімі яна горача цікавілася раней і, да ўсяго гэтага, яе нястрымнае жаданне пайсці ў той вечар з дому ў пэўны час, — усё гэта падтрымлівала яго здагадку і ператварала яе, прынамсі для яго, амаль ва ўпэўненасць. Аб’ект гэтай новай прыхільнасці быў не з асяродку яго падручных. Разам з Нэнсі ён мог быць каштоўным набыткам, і яго трэба было (так разважаў Фэджын) знайсці не марудзячы.
Нельга было губляць з поля зроку і іншай мэты, болып цёмнай. Сайкс ведаў надта шмат, а яго грубыя здзекі празмерна раздражнялі габрэя, адно што ён стараўся не паказваць гэтага. Дзяўчына мусіла добра разумець, што калі яна яго кіне, то не можа адчуваць сябе ў бяспецы ад ягонае лютасці, і што лютасць гэтая, напэўна, абрынецца на прадмет яе новай прыхільнасці, што можа прывесці да калецтва, а можа быць, нават да смерці. «Варта падгаварыць яе, — разважаў Фэджын, — і цалкам верагодна, што яна дасць згоду атруціць яго! Жанчыны дзеля гэтага рабілі рэчы шмат горшыя. Знікне небяспечны зладзей, чалавек, якога я ненавіджу, ягонае месца зойме другі, а мой уплыў на дзяўчыну, калі яго падмацуе гэтае злачынства, стане неабмежаваным».
Гэтыя развагі прамільгнулі ў галаве Фэджына, калі ён сядзеўу пакоі хатняга злодзея, пакінуты на кароткі час сам-насам з сабой; узяты імі ў палон, ён потым скарыстаў магчымасць праверыць іх дзеянне на дзяўчыне, кінуўшы ёй пры развітанні некалькі туманных намёкаў. Дзяўчына, адназначна, іх зразумела. Пра гэта сведчыў яе позірк, калі яны развітваліся.