Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
He прайшло і дзвюх хвілін з таго часу, як званы адбілі дванаццаць, і вось непадалёку ад моста з кэба выйшлі маладая лэдзі і сівавалосы джэнтльмен. Яны адпусцілі карэту і пакрочылі прама на мост. He паспелі яны ступіць на тратуар моста, як дзяўчына заўважыла іх і пайшла насустрач.
Яны ішлі ўперад, азіраючыся па баках, быццам чакалі нечага такога, што наўрад ці магло адбыцца, і тут раптам перад імі з’явілася дзяўчына. Яны спыніліся і ўскрыкнулі ад здзіўлення,
але адразу змоўклі, бо якраз у гэты момант міма іх прайшоў, нават штурхнуў аднаго з іх, нейкі чалавек, адзеты па-вясковаму.
— He тут, — паспешна сказала Нэнсі. — Я баюся гаварыць тут. Адыдзем... далей ад дарогі... можа, вось сюды, уніз па сходах.
Калі яна прамовіла свае словы і паказала рукой, у якім кірунку ім прапаноўвалася ісці, вясковец азірнуўся, груба запытаў, чаго гэта яны загарадзілі ўвесь тратуар, і пайшоў далей.
Сходы, на якія паказала Нэнсі, былі тыя самыя, якія на беразе Сэры, на тым самым баку, дзе і царква Сэнт-Сэйвіёр, утвараюць рачны прычал. Да гэтага месца і памкнуўся чалавек са знешнасцю вяскоўца. Яго не заўважылі. Ён хутка акінуў позіркам гэтае месца і пачаў спускацца.
Сходы гэтыя ёсць часткай моста. Яны маюць тры пралёты. Якраз каля канца другога пралёта, калі ісці ўніз, каменны мур злева заканчваецца пілястрам з арнаментам, звернутым у бок Тэмзы. У гэтым месцы прыступкі, якія ідуць ніжэй, расшыраюцца, так што чалавек, які паверне за мур, ніяк не можа быць заўважаным тымі, каму надарылася быць тут і хто стаіць вышэй за яго хоць на прыступку. Калі вясковец дайшоў да гэтага месца, ён агледзеўся. Паколькі нідзе не было больш схаванага куточка, а з-за адліву месца было дастаткова, ён падаўся ўбок і, прыціснуўшыся спінай да пілястра, чакаў там, упэўнены, што яны не будуць спускацца ніжэй і што нават калі ён не пачуе, пра што яны будуць гаварыць, дык зможа потым напэўна пайсці за імі следам.
Так памалу ішоў час у гэтым куточку і так не цярпелася шпегу выведаць прычыны спаткання, такога адрознага ад таго, якое ён разлічваў падслухаць, што ён некалькі разоў ужо быў падумаў, што справа не выгарэла, і даводзіў сабе, што яны або спыніліся вышэй, або накіраваліся дзеля сваёй таямнічай размовы ў якоенебудзь іншае месца. Ён ужо хацеў быў пакінуць сваё сховішча і падняцца наверх, калі раптам пачуў шоргат крокаў і адразу пасля гэтага галасы ледзь не над самым вухам.
Ён распластаўся, прыціснуўся да сцяны і, стаіўшы дыханне, лавіў кожнае слова.
— Даволі ісці, — сказаў голас, які, відавочна, належаў джэнтльмену. — Я не дапушчу, каб лэдзі рызыкавала ісці далей.
Няшмат хто даверыўся б вам настолькі, каб зайсці з вамі сюды, але ж я гатовы спрыяць вам.
— Спрыяць мне! — пачуўся голас дзяўчыны, якую ён высочваў. — Вы спагадны чалавек, сэр. Вы гатовыя спрыяць мне! Але няхай, не ў гэтым справа.
—Але з якой мэтай, — сказаў джэнтльмен ужо больш лагодна, — з якой мэтай вы прывялі нас у гэтае дзікае месца? Чаму не пагаварыць там, наверсе, дзе ёсць святло, дзе ходзяць людзі, замест таго, каб валачы нас у гэты цёмны, пракляты закутак!
—Я ўжо казала вам, — адказвала Нэнсі, — што я баюся гаварыць з вамі там. He ведаю чаму, — працягвала яна, уздрыгваючы, — але на мяне сёння такі страх найшоў, што я ледзь стаю.
— Страх перад чым? — спытаў джэнтльмен, які, здавалася, шкадаваў яе.
—Я не ведаю, перад чым, — адказала дзяўчына. — А хацелася б ведаць. Цэлы дзень сёння, як насланнё, жахлівыя думкі пра смерць, відзежы нейкіх саванаў у крывавых плямах і такі жах, што я ўся гарэла, бы ў агні. Вечарам я ўзялася чытаць кніжку, каб прабавіць час, і такія самыя здані з’яўляліся між радкоў.
—Уява, — сказаў джэнтльмен, суцяшаючы яе.
—He, не ўява, — азвалася хрыпатым голасам дзяўчына. — Клянуся, я бачыла, што на кожнай старонцы кнігі вялікімі чорнымі літарамі было напісана «труна». Але вось і сёння ўвечары на вуліцы паўз мяне пранеслі труну.
—У гэтым няма нічога незвычайнага, — сказаў джэнтльмен. — Паўз мяне іх часта праносілі.
— Сапраўдныл труны, — запярэчыла дзяўчына. — А гэтая была не такая.
У яе паводзінах было нешта такое незвычайнае, што ў затоенага віжа мурашкі пабеглі па целе, калі ён пачуў, як дзяўчына вымаўляе гэтыя словы, а кроў у яго жылах ажно застыла. Ніколі яшчэ ён не адчуваў большай палёгкі, як тады, калі пачуў мілы голас маладой лэдзі, якая пачала прасіць яе супакоіцца і не дазволіць сабе стаць ахвярай такіх страшных відзежаў.
— Гаварыце з ёй спагадна, — звярнулася маладая лэдзі да свайго кампаньёна. — Бедненькай гэта, відавочна, неабходна.
— Гэтыя фанабэрыстыя дабрадзеі, вашыя знаёмыя, адразу задралі б нос, калі б пабачылі мяне такой, якая я ёсць сёння, і пачалі б абяцаць пекла і парахаванне, — усклікнула дзяўчына. — О дарагая лэдзі, чаму тыя, што лічаць, што яны выконваюць запаветы Божыя, не ставяцца да нас, нікчэмных стварэнняў, з такой самай спагадай і дабрынёй, як вы? Вы ж маладая і прыгожая, вы маеце ўсё, што яны ўжо страцілі, і маглі б ганарыцца, а вы больш сціплая, чым яны.
— О! — сказаў джэнтльмен. — Турак, памыўшы твар, паварочвае яго на Усход і прамаўляе свае малітвы, а гэтыя добрыя людзі, якія ад судакранання са Светам назаўсёды страцілі ўсмешку на твары, з не меншай рэгулярнасцю паварочваюцца да цёмнага боку Нябёсаў. Калі выбіраць паміж мусульманінам і фарысеем, то я выберу першага.
Гэтыя словы, відаць, прызначаліся маладой лэдзі, і магчыма, што яны былі прамоўленыя, каб даць Нэнсі час супакоіцца. Неўзабаве джэнтльмен зноў звярнуўся да Нэнсі.
— Вы не прыйшлі ў мінулую нядзелю, — сказаў ён.
—Я не магла, — адказала Нэнсі. — Мяне ўтрымлівалі сілай.
— Хто?
—Той, пра каго я казала маладой лэдзі мінулым разам.
—Я спадзяюся, што вас не западозрылі ў тым, што вы кантактуеце з кім-небудзь у пытанні, дзеля якога прыйшлі сёння сюды? — спытаў стары джэнтльмен.
— He, — адказала дзяўчына і пакруціла галавой. — Мне няпроста пайсці ад яго, калі ён не ведае, куды я іду; калі я сустракалася з лэдзі, я змагла адлучыцца, толькі даўшы яму морфію.
— Ён прачнуўся да таго, як вы вярнуліся? — пацікавіўся джэнтльмен.
— He, і мяне не падазраюць ні ён, ні хто-небудзь іншы.
—Добра, — адзначыў джэнтльмен. — Ацяпер паслухайце мяне.
—Я гатовая, — сказала дзяўчына, калі ён замаўчаў на момант.
—Гэтая маладая лэдзі паведаміла мне, — пачаў джэнтльмен, — мне і некаторым сябрам, якім можна давяраць, што вы расказалі ёй блізу двух тыдняў таму. Прызнаюся, я спачатку сумняваўся, ці можна вам давяраць цалкам, але цяпер у мяне такіх сумненняў няма.
— I правільна! — горача прамовіла дзяўчына.
— Паўтараю, што я тут пэўны. Каб пацвердзіць вам тое, што я вам схільны давяраць, я без аніякага скажу вам, што мы мяркуем дазнацца пра таямніцу, якая яна ні была б, нагнаўшы страху на гэтага чалавека, на Манкса. Але калі...калі..., — сказаў джэнтльмен, — калі нам не ўдасца затрымаць яго, або ўдасца затрымаць, але не выйдзе прымусіць яго гаварыць, то вы павінны будзеце выдаць габрэя.
— Фэджына! — усклікнула дзяўчына і адхіснулася.
— Вы мусіце выдаць гэтага чалавека, — сказаў джэнтльмен.
—Я не зраблю гэтага! Ніколі! — адпрэчыла дзяўчына. — Гэта д’ябал; для мяне ён быў і ёсць горшым за д’ябла. Ніколі не зраблю гэтага.
— He зробіце? — перапытаў джэнтльмен, які, відаць, быў цалкам гатовы пачуць такі адказ.
— Ніколі! — адказала дзяўчына.
— Скажыце, чаму?
— Па адной прычыне, — цвёрда адказвала дзяўчына, — па адной прычыне, лэдзі ведае, па якой, і падтрымае мяне, я ведаю, падтрымае, бо яна абяцала, але, акрамя таго, яшчэ і з-за таго, што ён жыў дрэнна, але і я жыла гэтым самым жыццём; шмат хто з нас ішоў той самай дарогай, але я не здраджу, не выдам іх; з іх кожны мог бы выдаць мяне, але не выдаў, хоць яны і дрэнныя людзі.
—Тады, — падхапіў джэнтльмен, быццам гэта і была якраз тая мэта, якой ён хацеў дасягнуць, — аддайце ў мае рукі Манкса і пакіньце мне мець справу з ім.
—А што, калі гэта абернецца супраць іншых?
—Я абяцаю вам, што калі прызнанне будзе ў яго здабытае, то справа на гэтым і скончыцца; у маленькай гісторыі Олівера, напэўна, ёсць старонкі, якія даткліва было б аддаваць на агульны разгляд. Так што, калі мы даб’ёмся праўды, то гэтыя людзі не будуць пакараныя.
—А калі не даб’яцеся? — спытала дзяўчына.
—Тады, — працягваў джэнтльмен, — гэтага габрэя не аддадуць у рукі правасуддзя без вашай згоды. У такім выпадку я мог бы назваць аргументы, якія прымусяць вас саступіць.
—Лэдзі таксама абяцае мне гэта? — спытала дзяўчына.
— Так, — азвалася Роз. — Даю вам урачыстае сумленнае абяцанне.
— Манкс ніколі не даведаецца, адкуль вы ведаеце? — спытала дзяўчына пасля кароткага маўчання.
— Ніколі, — адказаў джэнтльмен. — Гэтая інфармацыя будзе пададзеная яму так, што ён ніколі не западозрыць.
—Я заўсёды хлусіла і з дзяцінства расла сярод хлусаў, — сказала дзяўчына пасля яшчэ адной паўзы, — але вам я паверу на слова.
Атрымаўшы ад абоіх запэўніванні, што яна можа спакойна паверыць на слова, дзяўчына ціхім голасам — таму, хто падслухоўваў, бывала нават цяжка ўлавіць сэнс яе слоў, — пачала распавядаць, і пачала з апісання паба, з якога за ёй гэтым вечарам пачалося віжаванне. Калі меркаваць па манеры расповеду, па паўзах, то выглядала на тое, што джэнтльмен хуценька занатоўваў інфармацыю, якую ім паведамлялі. Яна старанна апісала ўсе прыкметы гэтай установы, найлепшую пазіцыю, з якой можна было б за ёю назіраць, не выклікаючы падазрэння, а таксама вечар і час, калі Манкс з найбольшай верагоднасцю мог там з’явіцца. Колькі хвілін Нэнсі маўчала, імкнучыся болып дакладна ўзгадаць яго знешнасць і манеры.
— Ён высокага росту, — працягвала дзяўчына, — ладна складзены, але не тоўсты; калі ідзе, то быццам крадзецца, і пры хадзе ўвесь час азіраецца то цераз адно, то цераз другое плячо. He забудзьцеся пра гэта, бо ў яго вочы так глыбока сядзяць, як ні ў аднаго іншага чалавека, так што адно па гэтым вы яго адразу пазналі б. Твар у яго цёмны, як і валасы ды вочы, і выпетралы, хоць яму не болып, чым дваццаць шэсць — дваццаць восем гадоў. Вусны ў яго бледныя і пакусаныя, бо ў яго надараюцца жахлівыя прыпадкі; іншы раз ён нават да крыві кусае сабе рукі, — чаму вы здрыгануліся? — спытала, нечакана спыніўшыся, дзяўчына.