Олівер Твіст  Чарльз Дыкенс

Олівер Твіст

Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
105.69 МБ
было прывідным на золку, то якім яно стала цяпер, пры такім яркім святле!
Ён не рухаўся; ён баяўся рухацца. Пачуўся стогн, торгнулася рука, і, ахоплены жахам і нянавісцю, ён стукнуў, стукнуў яшчэ раз. Ен накінуў на яе посцілку, але ўяўляць яе вочы, скіраваныя да яго, было горш, чым бачыць, што яны глядзяць уверх, быццам углядваючыся ў адлюстраванне лужыны крыві, якое мільгацела і скакала ў святле сонца на столі. Ён зноў садраў посцілку. Тут было цела — адно плоць і кроў, не болей, але затое якая гэта была плоць, і колькі тут было крыві!
Ён чыркнуў запалкай, распаліў у каміне, сунуў туды дубінку. На яе канцы прыліплі валасы; цяпер яны разам згарэлі, ператварыліся ў лёгкі попел і, падхопленыя цягай, кружляючы, паляцелі ў дымнік. Нават гэта напалохала яго, хоць ён быў смелым, але ён трымаў прыладу забойства, пакуль тая не прагарэла і не зламалася, а потым кінуў яе на вуголле, каб яна зусім згарэла і ператварылася ў попел. Ён памыўся, пачысціў сваю вопратку. Былі сляды, якія не паддаваліся выдаленню, і ён выразаў іх ды кінуў на агонь. Колькі гэтых плям было ў пакоі! Нават сабачыя сляды былі крывавымі.
Увесь гэты час ён ні разу не павярнуўся спінай да трупа — так, ні разу. Закончыўшы падрыхтоўку, ён спінай рушыў да дзвярэй, цягнучы за сабой сабаку, каб той зноў не запэцкаў лапы і не вынес на вуліцу новых доказаў злачынства. Ён асцярожна зачыніў дзверы, замкнуў іх, узяў ключ і пайшоў з дому.
Ён перайшоў дарогу, падняў галаву і паглядзеў на акно, каб упэўніцца, што звонку нічога не бачна. Фіранка, якую яна хацела адсунуць, каб упусціць святло, якога так і не ўбачыла, была захінутая. Яна ляжала дзесьці пад ёй. Ён ведаў гэта. Божа, як свяціла сонца якраз на гэтае месца!
Пагляд быў мімалётны. Якая палёгка, што ён выбраўся з гэтага пакоя! Ён свіснуў сабаку і падаўся прэч.
Ён прайшоў праз Айлінгтон, потым падняўся на пагорак ля Хайгэйт, на якім стаіць камень у гонар Уітынгтона, павярнуў на Хайгэйт-Хіл, бязмэтна, без веды, куды ідзе, зноў павярнуў направа адразу пасля таго, як пачаў спускацца з пагорка,
падаўся палямі па сцежцы, абагнуў Сайн-Вуд і выйшаў такім чынам на Хэмстэд-Хіт. Ен перасёк лагчыну ля Даліны Здароўя, ускараскаўся па крутым адхоне і, перасекшы дарогу, якая злучае вёскі Хэмпстэд і Хайгэйт, прайшоў рэшту шляху да палёў ля Норс-Энд, дзе залёг пад агароджу з кустоў і заснуў.
Хутка ён прачнуўся і зноў пайшоў — не ад Лондана, а гасцінцам назад у горад, потым зноў назад, потым перасёк тую самую пустку, якую ўжо праходзіў, потым хадзіў узад-уперад па палёх, клаўся на закрайках канаў адпачываць, ускокваў, пераходзіў на новае месца, зноў рабіў тое самае і зноў блукаў, зноў ішоў абыкуды.
Куды паблізу можна пайсці, дзе не занадта людна, каб атрымаць што-небудзь паесці і папіць? У Хэндан. Гэта было добрае месца, не занадта далёка і па-за люднымі шляхамі. Туды ён і накіраваўся — дзе подбегам, а дзе дзіўным чынам рухаючыся з хуткасцю слімака, а іншым разам і наогул спыняючыся ды ад няма чаго рабіць збіваючы кіем галіны з кустоў. Але калі ён прыйшоў туды, то яму пачало здавацца, што ўсе, хто яму сустракаўся — нават дзеці ля дзвярэй, — глядзяць на яго з падазрэннем. Ен зноў павярнуўся назад, не насмеліўшыся купіць чаго-небудзь на зуб, хоць і не меў нічога ў роце ўжо шмат гадзін. I вось ён зноў пасунуўся верасковай пусткай, не ведаючы, куды кіравацца далей.
Ён праходзіў мілю за міляй, пакуль не вяртаўся зноў на старое месца. Прайшлі ранак і полудзень, дзень быў на сыходзе, a ён усё яшчэ таптаўся на адным месцы, ішоў то на пагорак, то з пагорка, зноў вяртаўся назад і не адыходзіўся далёка ад аднаго і таго ж месца. Нарэшце ён пайшоў убок і накіраваўся на Хэтфілд.
Было дзевяць вечара, калі ён, канчаткова выбіўшыся з сіл, a з ім і сабака, які кульгаў ад нязвыклай нагрузкі, спусціліся з пагорка ля царквы ў ціхай вёсцы, праслізнулі па малой вулачцы і зацягнулі свае косці ў невялікі шынок, цьмяны агеньчык якога прывабіў іх. У пакоі гарэў камін, каля яго сядзелі сяляне і выпівалі. Яны далі месца незнаёмцу, але ён сеў у самым дальнім кутку і еў ды піў адзін, калі не лічыць сабакі, якому ён час ад часу кідаў кавалак.
Размова людзей, якія сабраліся тут, круцілася вакол суседніх палёў, фермераў, а калі гэтыя тэмы вычарпаліся, то пачалі гаварыць пра ўзрост нейкага старога, якога пахавалі мінулай нядзеляй: маладыя сцвярджалі, што ён быў вельмі стары, а людзі больш сталага веку заяўлялі, што той быў яшчэ даволі малады — адзін сівавалосы дзед казаў, што не старэйшы за яго, і каб глядзеў за сабой, то пажыў бы яшчэ гадоў дзесяцьпятнаццаць, — але каб глядзеў за сабой.
У гэтай размове не было нічога такога, што магло б прыцягнуць увагу або выклікаць непакой. Забойца заплаціў па рахунку і непрыкметна, моўчкі сядзеў у сваім кутку. Ён ледзь не заснуў, як раптам у шынку з’явіўся нейкі новы чалавек.
Гэта быў карабейнік, вастраслоў і махляр, які вандраваў па вёсках, гандлюючы брускамі, рамянямі для праўкі лёзаў, брытвамі, круглым мылам, маззю для вупражы, лекамі для сабак і коней, таннай парфумай, касметыкай ды іншымі падобнымі таварамі, якія ён насіўу скрынцы за спінай. Яго прыход быў для вяскоўцаў сігналам да рознага кшталту жартачкаў, якія не змаўкалі, пакуль ён не павячэраў і не раскрыў сваёй скрынкі са скарбамі, даўшы волю языку і паяднаўшы карыснае з прыемным.
. —А гэта што за тавар? Як ён на смак, Гары? — спытаў, ухмыляючыся, адзін з вяскоўцаў і паказаў на нейкія пліткі ў кутку скрынкі.
— Гэта, — адказваў хлапчына, выцягваючы адну з плітак, — гэта найлепшы, незамяняльны сродак для выдалення ўсялякіх плям, іржы, бруду, пырскавых плям з ядвабу, атласу, ільнянога палатна, сукна, крэпу, шэрсці, дываноў, мерыносавай шэрсці, мусліну, бамбазіну і любой іншай шарсцяной тканіны. Плямы ад віна, садавіны, ягад, ліманаду, фарбы і дзёгцю — усе выводзяцца, калі адно пацерці гэтым незаменным саставам. Калі якая-небудзь лэдзі запляміць свой гонар, то ёй дастаткова будзе праглынуць адну толькі плітку — і адразу ўсё будзе як трэба, бо гэта атрута. Калі які-небудзь джэнтльмен захоча праверыць сябе — няхай прыме адну толькі маленькую плітку — і не будзе пытанняў, бо дзейнічае ён што тая куля і на смак шмат агіднейшы, так што
гонар яму і слава, калі ён прыняў гэты сродак. Пені за штуку! Пры ўсіх вартасцях усяго пені за штуку!
Адразу знайшліся два пакупнікі; шмат хто са слухачоў вагаўся. Прадавец заўважыў гэта і пачаў нахвальваць свой тавар яшчэ больш.
—Усё купленае яшчэ ў мануфактуры, з-пад рук рабочых! — працягваў ён. — Чатырнаццаць вадзяных млыноў, шэсць паравых машын і адзін акумулятар працуюць без перапынку, але не паспяваюць вырабіць даволі, хоць людзі працуюць не пакладаючы рук, людзі паміраюць, працуючы, і ўдовам адразу даюць пенсію, дваццаць фунтаў у год на дзіця, а на блізнятаў — пяцьдзясят. Усяго пені за плітку! Можна і два паўпенсы, чатыры фартынгі таксама бяру з радасцю! Адзін пені за плітку! Плямы ад віна, садавіны, ліманаду, фарбы, бруду, крыві! Вось на капелюшы гэтага джэнтльмена з вашай кампаніі — я выведу яе, не паспее ён замовіць мне пінту элю...
—Ану! — сказаў, падскочыўшы з перапуду, Сайкс. — Аддай.
—Я выведу гэтую пляму, сэр, — запярэчыў хлапец, падміргваючы кампаніі, — перш чым вы перасечаце пакой, каб забраць яго. Джэнтльмены, усе звярнулі ўвагу на цёмную пляму на капелюшы гэтага джэнтльмена, не болыпую за шылінг, але таўшчынёй з паўкроны! Няхай сабе гэта будзе пляма ад віна, садавіны, ягадаў, ліманаду, фарбы, дзёгцю, бруду або нават крыві...
Карабейнік не закончыў фразу, бо Сайкс з вычварным праклёнам перакінуў стол, вырваў у яго з рукі капялюш і выбег з шынка.
Кіруемы той самай невытлумачальнай сваволяй, якая валодала ім цэлы дзень, забойца, упэўніўшыся, што яго не пераследуюць, што яго, мабыць, палічылі проста п’яным панурым хлопцам, павярнуў у горад і хацеў быў абысці святло ад ліхтароў карэты, якая стаялаля невялікай паштовай станцыі, але потым пазнаў паштовую карэту на Лондан. Ён амаль ведаў наперад, што будзе далей, аднак перайшоў вуліцу і пачаў прыслухоўвацца.
Ля дзвярэй стаяў экспедытар у чаканні меха з пісьмамі. У гэты момант падышоў чалавек у форме ляснічага, і той уручыў яму кошык, які стаяў напагатове на тратуары.
—Гэта для вашай сям’і, — сказаў экспедытар. — Ну, варушыцеся там крыху. Каб гэты мех чэрці насілі, і ўчора ён не гатовы быў. Гэта нікуды не варта, вы ж ведаеце!
—Нічога новага ў горадзе, Бэн? — спытаў ляснічы, адступаючы бліжэй да аканіцаў, каб было больш зручна любавацца коньмі.
—He, нічога новага не чутна было, — адказаў той, нацягваючы пальчаткі. — Цэны на хлеб крыху пайшлі ўверх. Чуў пра нейкае забойства на Спітэл-Філдз, але нешта не верыцца.
—О, гэта чыстая праўда, — азваўся нейкі джэнтльмен з карэты, выглянуўшы ў акно. — Жахлівае забойства.
— Сапраўды, сэр? — спытаў экспедытар і дакрануўся да капелюша. — Каго забілі, мужчыну або жанчыну?
—Жанчыну, — адказаў джэнтльмен. — Мяркуюць...
— Ну, Бэн! — усклікнуў нецярпліва кучар.
—Каб яго трасца, гэты мех! — усклікнуў экспедытар. — Вы там што, заснулі, ці што?
— Іду! — гукнуў, вылятаючы з памяшкання, загадчык станцыі.
— Іду..., — прабурчэў экспедытар. — Ідзе, як тая маладая ды багатая, якая мае закахацца ў мяне, ды вось не ведаю калі. Ну, давай! Па-е-ха-лі!
Ражок узяў некалькі вясёлых нот, і карэта памчалася.
Сайкс застаўся на вуліцы; яго, здавалася, не кранула тое, што ён пачуў, але далягала яму яшчэ адна найвялікшая турбота: ён не ведаў, куды падзецца. Нарэшце ён зноў павярнуў назад і падаўся дарогай, якая вяла з Хэтфілда ў Сэнт-Альбанс.
Ён упарта крочыў наперад, але калі выйшаў з мястэчка і апынуўся на бязлюднай, цёмнай дарозе, то адчуў, як да яго падкрадваюцца няпэўнасць і жах, як яны пранізваюць яго да мозгу касцей. Усё перад ім — рэальныя прадметы або цені, нерухомыя або ў руху — ператваралася ў пачварныя выявы, але жахі гэтыя былі нічым у параўнанні з пачуццём, якое не пакідала яго, — быццам за ім па пятах ідзе прывідная фігура, якая яму прымроілася сёння ранкам. Ён мог прасачыць яе цень у цемры, дакладна аднавіць абрысы і бачыць, як проста і ўрачыста гэты цень ступае. Ён мог чуць шолах прывідавай адзежы ў лістоце, і кожны ўздых ветру прыносіў той апошні ціхі стогн. Калі ён