Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
— Чаму не трэба? — паспешліва запытаўся Манкс.
—Таму што вы добра яе ведаеце.
-Я?
—Адмаўляць гэта не мае сэнсу, — зазначыў містэр Браўнлоў. — Я пакажу вам, што я ведаю яшчэ больш.
— Вы... вы ніякіх доказаў на мяне не знойдзеце, — запінаючыся, прамовіў Манкс. — У вас нічога не выйдзе.
— Паглядзім, — адказаў стары джэнтльмен, выпрабавальна зірнуўшы на яго. — Я страціў хлопчыка, і ніякія мае спробы вярнуць яго не мелі поспеху. Я ведаў, іпто пасля смерці вашай маці калі хто і мог раскрыць таямніцу, дык толькі вы адзін. Апошнія чуткі пра вас былі, што вы жывяце ў сваім маёнтку ў Вест-Індыі — куды, як вам добра вядома, вы з’ехалі пасля смерці вашай маці, каб пазбегнуць наступстваў ад вашых пэўных тутэйшых дзеянняў. I я паехаў у Вест-Індыю. Вы пакінулі яе некалькі месяцаў таму, і людзі там казалі, што хутчэй за ўсё вы ў Лондане, але ніхто не мог сказаць, дзе дакладна. Я вярнуўся. Вашыя агенты не ведалі, дзе вы. Яны казалі, што вы прыходзіце і сыходзіце як набяжыць — і, як вы заўсёды гэта рабілі, то цэлымі днямі седзі-
це дома, a то вас няма месяцамі; ну і, мяркуючы па ўсім, вы наведвалі тыя самыя прытоны і хаўрусаваліся з тымі самымі адкідамі, якія былі вашымі таварышамі, калі вы былі запальчывым, некіруемым падлеткам. Я назаляў агентам новымі роспытамі. Я блукаў па вуліцах днём і ноччу, і яшчэ дзве гадзіны таму ўсе мае высілкі былі безвыніковымі, і мне не шанцавала ўбачыць вас і на момант.
— А цяпер вы бачыце мяне, — азваўся Манкс, смела падымаючыся з месца. — Ну і што далей? Махлярства і рабаўніцтва — гучныя словы, якія пацвярджаюцца, паводле вашай версіі, уяўным падабенствам нейкага падшыванца да партрэта, наквэцанага ад няма чаго рабіць нейкім нябожчыкам. Брат! Вы нават не ведаеце, ці нарадзілася ў гэтай сентыментальнай пары дзіця, нават гэтага вы не ведаеце.
—Я не ведаў, — запярэчыў містэр Браўнлоў і таксама падняўся з месца, — але за апошнія два тыдні я пра ўсё даведаўся. У вас ёсць брат, і вы ведаеце гэта, ведаеце і яго. Быў тастамент, які знішчыла ваша маці; перад смерцю яна распавяла вам пра таямніцу. Усё склалася найвыгадней для вас. У тастаменце ж была спасылка на дзіця, якое магло быць плодам гэтай сумнай сувязі. Дзіця нарадзілася, і калі вы яго выпадкова сустрэлі ў першы раз, то ўпершыню вашыя падазрэнні былі разбуджаныя яго падабенствам да бацькі. Вы наведалі месца яго нараджэння. Там захаваліся доказы, якія доўга трымаліся ў таямніцы, — доказы нараджэння і бацькоўства. Тыя доказы былі знішчаныя вамі, а цяпер, калі гаварыць вашымі ж словамі да вашага супольніка Фэджына, «апошнія доказы паходжання хлопчыка ляжаць на дне ракі. а старая вядзьмарка, якая займела іх ад маці, гніе ў сваёй труне». Няварты бацькі сын, баязлівец, хлус, — вы, хто начамі ў цёмных пакоях хаўруснічаў са злодзеямі і забойцамі, вы, чые інтрыгі і змовы каштавалі жыцця той, якая адна вартая мільёна да вас падобных, вы, хто з малых гадоў горыччу ды злосцю атручваў сэрца свайго роднага бацькі, у кім блукалі пажада, распуста, — усе жарсці зла, — пакуль яны не знайшлі выхаду ў агіднай хваробе, якая зрабіла ваш твар адпаведным вашай душы — вы, Эдуард Ліфорд, вы ўсё яшчэ кідаеце мне выклік?
— He, не, не! — азваўся баязлівец, агаломшаны такім спалучэннем абвінавачанняў.
— Мне вядомае кожнае слова! —усклікнуў стары джэнтльмен. — Кожнае слова, якім вы абмяняліся з гэтым мярзотным ліхадзеем! Цені на сцяне падслухалі вашыя шэпты і перадалі іх у мае вушы; адзін толькі выгляд гнанага дзіцяці скіраваў да дабра істоту, якая ўвасабляла распусту, і даў ёй мужнасці, даў ёй ледзь што не атрыбуты дабрачыннасці. Было ўчыненае забойства, да якога вы маеце маральнае, калі не непасрэдна практычнае дачыненне.
— He, не, — уставіў Манкс. — Я — я нічога пра гэта не ведаю. Калі вы мяне перахапілі, я якраз збіраўся праверыць, ці гэтая гісторыя сапраўды здарылася. Я не ведаў прычыны. Я думаў, што гэта была звычайная сварка.
— Прычынай было частковае раскрыццё вашай таямніцы, — адказаў містэр Браўнлоў. — Вы раскажаце ўсё да канца?
—Так, раскажу.
— Падпішаце пераказ праўды і фактаў і паўторыце гэта пры сведках?
—Абяцаю зрабіць і гэта.
— Застаняцеся тут, пакуль такі дакумент не будзе складзены, і потым пойдзеце са мной туды, куды я палічу найбольш прыдатным, каб заверыць яго?
— Калі вы настойваеце на гэтым, то я зраблю так, — адказаў Манкс.
— Вы мусіце зрабіць больш, чым гэта, — працягваў містэр Браўнлоў. — Вярнуць спадчыну невінаватаму і бяскрыўднаму дзіцяці, бо яно такое, хоць і ёсць плодам злачыннага, найнешчаслівейшага кахання. Вы не забыліся, як было запісана ў тастаменце. Выканайце волю бацькі адносна вашага брата, тады вы можаце ісці куды заўгодна. На гэтым свеце вам з ім няма патрэбы сустракацца.
У той час як Манкс хадзіў узад і ўперад, са злосным і змрочным выглядам абдумваючы гэтую прапанову і магчымасці адкруціцца ад яе выканання, і боязь турзала яго ў адзін бок, а нянавісць у другі, дзверы раптам расчыніліся, і ў пакой увайшоў джэнтльмен (містэр Лосбэрн), у найвялікшай меры ўсхваляваны.
—Злачынцу схопяць, — выкрыкнуў ён. — Яго схопяць сёння ўвечары!
— Забойцу? — спытаў містэр Браўнлоў.
—Так, так, — адазаў доктар. — Бачылі, як ягоны сабака бадзяўся вакол аднаго прытона, і мала сумневу, што яго гаспадар або ўжо там, або будзе там пад покрывам цемры. Віжы разышліся ваўсіх кірунках. Я гаварыў з людзьмі, якія маюць даручэнне злавіць яго, і яны сказалі, што ён не можаўцячы. Сёння ўвечары ад імя ўрада аб’яўлена аб узнагародзе ў сто фунтаў таму, хто яго зловіць.
—Я дам яшчэ пяцьдзесят фунтаў, — азваўся містэр Браўнлоў, — і аб’яўлю гэта сам на месцы, як толькі траплю туды. Дзе містэр Мэйлі?
— Гары? Як толькі ён убачыў гэтага вашага сябра, цэлага і здаровага ў карэце з вамі, ён паспяшаўся туды, дзе пачуў гэтую навіну. Потым паскакаў верхам кудысьці на ўскраіну горада ў абумоўленае месца, каб там далучыцца да групы захопу.
— Габрэй, — сказаў містэр Браўнлоў, — што пра яго чуваць?
—Апошняе, што я чуў, дык тое, што яго яшчэ не схапілі, але неўзабаве схопяць, а магчыма, ужо і схапілі. Наконт яго ў іх сумневу няма.
— Вы ўжо вырашылі? — ціхім голасам запытаўся містэр Браўнлоў у Манкса.
—Так, — адказаў той. — Вы — вы не выдадзіце мяне?
—He. Заставайцеся тут, пакуль я не вярнуся. Гэта адзіная Barna гарантыя бяспекі.
Яны выйшлі з пакоя, і дзверы зноў былі замкнутыя.
— Чаго вы дабіліся? — спытаў шэптам доктар.
—Усяго, чаго я спадзяваўся дабіцца, і нават больш. Паяднаўшы інфармацыю беднай дзяўчыны з маімі папярэднімі звесткамі і з вынікамі расследаванняў нашага добрага сябра на месцы, я не пакінуў яму ні найменшага пралазу і раскрыў як мае быць усё яго ліхадзейства, якое ў гэтым святле стала відавочным. Напішыце і прызначце сустрэчу на паслязаўтра, а сёмай гадзіне вечара. Мы прыедзем туды на некалькі гадзін раней і будзем мець патрэбу ў адпачынку, у асаблівасці маладая лэдзі, якой, можа быць, спатрэбіцца большая прысутнасць духу, чым вы ці я
можам цяпер прадбачыць. Але мая кроў кіпіць ад жадання адпомсціць за гэтае беднае замардаванае стварэнне. Якой дарогай яны паехалі?
— Кіруйце наўпрост у паліцэйскі офіс, і прыедзеце якраз учас, — адгукнуўся містэр Лосбэрн. — Я застануся тут.
Джэнтльмены паспешліва разышліся, абодва не ў стане кантраляваць сваё ўзрушэнне.
РАЗДЗЕЛ L
Пераследаванне і ўцёкі
Непадалёку ад той часткі Тэмзы, на якой месціцца царква ў Ротэрхіт, дзе будынкі на берагах найбольш брудныя і караблі на рацэ найбольш чорныя ад пылу з вугальных баржаў і дыму з цесна пастаўленых дамоў з нізкімі дахамі, знаходзіцца найбольш брудны, дзіўны і своеасаблівы з усіх раёнаў Лондана, нават назва якога невядомая вялікай колькасці жыхароў сталіцы.
Каб апынуцца ў гэтым месцы, наведвальнік мусіць прабрацца скрозь блытаніну вузкіх, гразкіх вуліц, на якіх жывуць самыя грубыя і самыя бедныя з жыхароў берагавой лініі і гандлююць таварамі, на якія тут можа быць попыт. У крамах кучамі наваленыя самыя танныя і нізкаякасныя прадукты харчавання, на дзвярах крам, на парэнчах, ля вокнаў вісіць самае грубае і няўклюднае адзенне. Натыкаючыся на беспрацоўных рабочых самай нізкай кваліфікацыі, грузчыкаў, вугальшчыкаў, распусных жанчын, дзяцей у рыззі і ўсялякі зброд з прыстані, наведвальнік з цяжкасцю пракладвае сабе дарогу пад уражаннем самых непрыемных краявідаў і пахаўз вузкіх завулкаў, якія адгаліноўваюцца налева і направа, і аглушаемы грукатам цяжкіх павозак, якія развозяць горы тавараў са складоў, што месцяцца на кожным рагу. Дасягнуўшы, нарэшце, вуліц больш аддаленых, якія месцяцца менш кучна, чым тыя, па якіх ён ішоў, ён пройдзе
міма хісткіх франтонаў, што навісаюць над тратуарам, слабых сценаў, якія, здаецца, хістаюцца, калі праходзіш паўз іх, міма напаўразбураных комінаў, балансуючых паміж стаяннем і падзеннем, міма вокнаў, закратаваных іржавымі жалезнымі прэнтамі, якія час і бруд амаль што з’елі, — міма ўсіх магчымых сведчанняў жабрацтва і разбурэння.
У такім вось суседстве, за Докхэдам у Саўтуорку, месціцца выспа Джэкаба, акружаная глейкім ровам глыбінёй у шэсць ці восем футаў і шырынёй футаў у пятнаццаць ці дваццаць падчас прыліву; роў гэты называўся раней Міл Паўнд, а цяпер вядомы як Фолі Дыч. Гэтая перасохлая старыца, або адгалінаванне Тэмзы, у час прыліву заўсёды можа напаўняцца вадой, калі адкрыць шлюзы ля Лід Мілз, ад якой яна і запазычыла сваё старое найменне. У такі час чужы чалавек, гледзячы з аднаго з драўляных масткоў, перакінутых цераз роў ля МілЛэйн, убачыць па абодва бакі насельнікаў дамоў, якія апускаюць з задніх дзвярэй і вокнаў цэбры, вёдры, усемагчымы дамашні посуд і падымаюць наверх ваду, а калі яго вока адхіліцца ад гэтай дзеі на ўласна дамы, то той краявід выкліча ў яго найвялікшае здзіўленне. Хісткія драўляныя галерэі, агульныя для пяці-шасці дамоў, з дзіркамі ў насціле, праз якія бачны глей, вокны, разбітыя і заклееныя, з жэрдкамі, што тырчаць адтуль і на якіх сушаць бялізну, якой ніколі няма; пакоі, такія маленькія, такія брудныя, такія цесныя, што паветра падаецца празмерна заражаным нават для таго бруду і гідоты, якія тут затаіліся; драўляныя веранды, якія наважыліся высунуцца над глейкім дном і пагражаюць абрынуцца ў гразь, — з некаторымі гэта ўжо здарылася; замазаныя брудам муры і напаўразбураныя фундаменты; усе агідныя прыкметы жабрацтва, усялякі бруд, гніллё, гніючыя адкіды — усё гэта ўпрыгожвае берагі Фолі Дыч.