Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Але калі Олівер пад уплывам такіх абставінаў захоўваў маўчанне, пакуль яны ехалі дарогай, якую ён ніколі не бачыў, то якая плынь успамінаў памчала яго ў часы мінулыя, якая хваля пачуццяў усхадзілася ў грудзях пасля таго, як яны павярнулі на знаёмую яму дарогу, якую ён у свой час мераў пешкі, бедны, бяздомны малы валацужнік, што не меў ані сябра, каб той дапамог яму, ані даху, каб было дзе прытуліць галаву.
— Паглядзіце сюды, сюды! — усклікнуў Олівер, усхвалявана схапіўшы Роз за руку і паказваючы на акно. — Вунь той пералаз, дзе я перайшоў на той бок, вунь кусты агароджы, за якія я запоўз і схаваўся, бо баяўся, што мяне дагоняць і прымусяць вярнуцца! А там сцежка цераз палі, якая вядзе да старога дома, дзе я быў малым дзіцём! О Дзік, Дзік, мой дарагі стары сябра, каб толькі я мог цябе бачыць!
—Хутка ты яго пабачыш, — адказала Роз, лагодна сціскаючы яго далоні. — Ты скажаш яму, які ты шчаслівы, якім багатым ты стаў і што пры ўсім тваім шчасці для цябе няма шчасця большага, чым вярнуцца, каб зрабіць шчаслівым і яго.
—Так, так, — сказаў Олівер, — і мы — і мы забяром яго адсюль, адзенем, навучым яго і пашлём у якое-небудзь ціхае месца ў вёсцы, дзе ён зможа стаць моцным і здаровым, ці не так?
Роз кіўнула галавой у знак пацверджання, бо хлопчык так кранальна ўсміхаўся праз слёзы шчасця, што яна не магла гаварыць.
— Вы будзеце ставіцца да яго вельмі добра, як вы ставіцеся да ўсіх, — працягваў Олівер. — Я ведаю, што вы будзеце плакаць, слухаючы ягоны аповед, але нічога, усё пройдзе, і вы зноў пачняце ўсміхацца — я гэта таксама ведаю, — калі пабачыце, як ён зменіцца. Тое ж самае было са мной. Ен сказаў мне, калі я ўцякаў: «Блаславі цябе Бог», — усклікнуў хлопчык з замілаваннем, — так што цяпер я яму скажу: «Блаславі цябе Бог», — і дакажу яму, як я яго люблю.
Калі яны наблізіліся да мястэчка, паехалі нарэшце па ягоных вузкіх вулках, то ўтрымліваць хлопчыка ў межах разважлівых паводзінаў стала цяжка. Тут была кантора Саўэрберы, адзін да аднаго такая самая, як і была раней, толькі не такая вялікая ў параўнанні з тым, што ён запомніў; тут былі ўсе добра вядомыя яму крамы і дамы, ледзь не з кожным з якіх у яго быў звязаны ўспамін пра нейкае здарэнне: тут быў воз Гэмфілда — той самы, што і раней, і стаяў ён ля дзвярэй старога паба; тут была працоўня, змрочная вязніца яго дзяцінства, якая паныла ўзіралася панурымі вокнамі на вуліцу; тут быў той самы кашчавы швейцар, які стаяў ля брамы; Олівер спачатку адхіснуўся, калі ўбачыў яго, а потым сам засмяяўся з уласнай дурноты, потым
заплакаў, потым зноў засмяяўся. У дзвярах і ў вокнах ён бачыў дзясяткі знаёмых яму людзей; амаль усё выглядала так, як быццам ён з’ехаў адсюль толькі ўчора, а жыццё, якое ён вёў апошнім часам, было адно салодкім сном.
Але гэта была чыстая, сапраўдная, радасная рэчаіснасць. Яны пад’ехалі адразу да дзвярэй самага вялікага гатэля (на які Олівер колісь глядзеў з глыбокай пашанай, як на прыўкрасны палац, але гатэль з таго часу крыху страціў у раскошы і памерах). Тут іх ужо чакаў містэр Грымуіг; ён пацалаваў маладую лэдзі, гэтаксама як і старую, калі яны выйшлі з карэты, як быццам ён даводзіўся дзядулем усёй кампаніі — увесь сама добразычлівасць і ветлівасць, гэтым разам без аніякага жадання з’есці ўласную галаву, не, ні разочку, нават тады, калі ўступіў у спрэчку са старым фурманам наконт найкарацейшай дарогі ў Лондан і пачаў сцвярджаць, што ён лепш ведае гэта, хоць ехаў гэтай дарогай толькі раз, ды і тое пры гэтым моцна спаў. Іх чакаў абед, спальні былі падрыхтаваныя, і ўсё ладзілася, бы пад уплывам чараўніцтва.
I ўсё ж, калі мітусня першай паўгадзіны пасля прыезду ўлеглася, зноў вярнулася тая маўчанка і напятасць, якія спадарожнічалі ім у паездцы. He сеў абедаць за агульны стол, застаўся ў сваім пакоі містэр Браўнлоў. Два іншых джэнтльмены то прыходзілі, то паспешліва ішлі кудысьці з узрушанымі тварамі, а ў тыя кароткія прамежкі часу, калі яны прысутнічалі адначасова, гутарылі без сведкаў. Адзін раз паклікалі з дому місіс Мэйлі; пасля блізу гадзіннай адсутнасці яна вярнулася з вачыма, апухлымі ад слёз. Усё гэта спарадзіла ў Роз і Олівера, якія нічога не ведалі пра новыя таямніцы, нервовасць і пачуццё дыскамфорту. Яны не ведалі, што тут думаць, і сядзелі моўчкі або калі і абменьваліся парай слоў, то рабілі гэта шэптам, нібы баючыся пачуць гук уласнага голасу.
Нарэшце, калі гадзіннік адбіў дзявятую гадзіну, і яны ўжо думалі, што сённяшнім вечарам нічога новага не даведаюцца, у пакой увайшлі містэр Лосбэрн і містэр Грымуіг у суправаджэнні містэра Браўнлоў і чалавека, убачыўшы якога, Олівер мала не закрычаў ад здзіўлення: яго папярэдзілі, што прыйдзе ягоны брат, а прыйшоў той самы чалавек, якога ён сустрэў у
кірмашовым мястэчку і якога бачыў з Фэджынам праз акно свайго маленькага пакойчыка. Манкс кінуў на здзіўленага да крайнасці хлопчыка пагляд, поўны нянавісці, якую ён не мог схаваць нават цяпер, і сеў каля дзвярэй. Містэр Браўнлоў, які трымаў у руках нейкія паперы, падышоў да стала, ля якога сядзелі Роз і Олівер.
—Гэта непрыемны абавязак, — сказаў ён, — але заявы, якія былі падпісаныя ў Лондане ў прысутнасці многіх джэнтльменаў, мусяць быць у асноўным паўтораныя тут. Я хацеў бы пазбавіць вас ад прыніжэння, але мы павінны пачуць іх з вашых уласных вуснаў, перш чым мы развітаемся, і вы ведаеце чаму.
— Працягвайце, — сказаў той, да каго ён звяртаўся, і адвярнуўся. — Я думаю, што зрабіў амаль усё, што трэба. He затрымлівайце мяне больш.
—Гэты хлопчык, — сказаў містэр Браўнлоў, прыцягваючы Олівера да сябе і кладучы руку яму на галаву, — напалову ваш брат, пазашлюбнае дзіця вашага бацькі, а майго найлепшага сябра Эдвіна Ліфорда і беднай маладой Агнэс Флэмінг, якая памерла адразу пасля таго, як дала яму жыццё.
—Так, — сказаў Манкс, скоса злосна зіркнуўшы на трымцячага Олівера, у якога сэрца білася так гучна, што той мог гэта пачуць. — Гэта іхны байстручок.
—Тэрмін, які вы ўжываеце, — сувора сказаў містэр Браўнлоў, — ёсць абразай тым, хто даўно ўжо сышоўу іншы свет, дзе ўсялякія нашыя патугі асуджаць адно вартыя жалю. Таму вы сваім жаргонам можаце запэцкаць адно сябе, а не каго-небудзь іншага. Але пакінем. Ён нарадзіўся ў гэтым мястэчку?
— У працоўні гэтага мястэчка, — быў пануры адказ. — Там усё запісана.
Манкс нецярпліва паказаў на паперы.
— Вы павінны паўтарыць яшчэ раз, — сказаў містэр Браўнлоў, паглядзеўшы на слухачоў.
— Ну дык слухайце! — агрызнуўся Манкс. — Ягоны бацька захварэў у Рыме, да яго прыехала жонка, мая маці, з якой ён даўно ўжо не жыў разам; яна выехала з Парыжа і ўзяла з сабой мяне — глядзець за ягонай маёмасцю, ці што — я не ведаю.
Моцнага кахання да яго яна ніяк не мела, як і ён да яе. Нас ён не пазнаў, бо быў непрытомным і ляжаў так ноч і дзень, пакуль назаўтра не памёр. Сярод папер у ягоным стале былі дзве, якія былі датаваныя вечарам, калі яго хвароба праявілася ў першы раз, і адрасаваныя вам, — тут ён павярнуўся да містэра Браўнлоў. — На канверце, у якім ляжалі паперы, была прыпіска з просьбай пераслаць гэты пакет адрасату толькі пасля смерці аўтара. Адна папера прызначалася той дзяўчыне, Агнэс, а другая была тастаментам.
— Што было ў лісце? — спытаў містэр Браўнлоў.
—У лісце? Там шмат было закрэслена; болей там былі нейкія прыніжаныя прызнанні, малітвы да Бога, каб ён ёй дапамог. Ен абдурыў дзяўчыну пры дапамозе нейкай байкі, што быццам бы пажаніцца з ёй яму не давала нейкая загадкавая гісторыя, якая мела раскрыцца неўзабаве, і яна жыла надзеяй на лепшую будучыню, цалкам даверыўшыся яму, пакуль гэты давер не зайшоў занадта далёка і яна не страціла тое, што ніхто ёй вярнуць не мог. На той час ёй заставалася да родаў усяго некалькі месяцаў. Ен пісаў ёй пра тое, што ён планаваў зрабіць, каб схаваць яе ганьбу, калі ён будзе жывы, і заклінаў яе не праклінаць яго, калі ён памрэ, і не думаць пра тое, што наступствы яе граху адаб’юцца на ёй або на іхнім дзіцяці, бо вінаваты толькі ён. Ён нагадваў ёй пра той дзень, калі падараваў ёй маленькі медальён і пярсцёнак з іменем, выгравіраваным на ім, на якое яна была пахрышчаная, а таксама пакінуты прагал для таго імя, якое ён збіраўся ёй даць апасля; ён заклінаў яе берагчы медальён і насіць яго каля сэрца так, як яна рабіла гэта раней, а потым зноў і зноў бязладна паўтараў адныя і тыя самыя словы, быццам у яго розум парушыўся. Я думаю, што так яно і было.
—Тастамент, — сказаў містэр Браўнлоў.
Олівер заліваўся слязьмі.
Манкс маўчаў.
—Тастамент, — пачаў гаварыць містэр Браўнлоў замест яго, — быў вытрыманы ў тым самым духу, што і ліст. Ён пісаў пра нягоды, якія наклікала на яго жонка, пра яе агрэсіўнасць, злосны нораў, распуснасць, пра тое, што ўжо з ранняга ўзосту ў вас, ягонага адзі-
нага сына, праявіліся дрэнныя схільнасці, што вас прывучвалі ненавідзець яго, і пра тое, што ён пакінуў вам і вашай маці па восемсот фунтаў у год кожнаму. Усю сваю маёмасць ён падзяліў на дзве роўныя часткі. Адна прызначалася для Агнэс Флэмінг, а другая для яе дзіцяці, калі яму выпадала нарадзіцца жывым і вырасці. Калі б нарадзілася дзяўчынка, то яна мела б атрымаць спадчыну без ніякіх умоў, але калі гэта быў бы хлопчык, то ён атрымліваў спадчыну толькі пры той умове, што ён да свайго паўналецця не запляміць свайго імені ніякім ганебным, нізкім, подлым або заганным учынкам. Ён тлумачыў, што робіць гэта, каб падкрэсліць свой давер да маці, сваю пэўнасць у тым, што дзіця атрымае ў спадчыну яе ціхамірнае сэрца і высакародную душу. Калі ж яго спадзяванні не спраўдзіліся б, то тады спадчына мусіла б перайсці да вас, бо тады, — і толькі тады, калі абодва сыны былі б роўныя, — згаджаўся ён прызнаць першынства ў праве мець прэтэнзію на ягоныя грошы за вамі, тым, хто не прэтэндаваў на яго сэрца, але адштурхнуў яго яшчэ ў дзіцячым узросце сваёй халоднасцю і злосцю.
— Мая маці, — сказаў Манкс павышаным тонам, — зрабіла тое, што мела зрабіць на яе месцы любая жанчына — яна спаліла тастамент. He дайшоў да месца прызначэння і ліст, але яго, як і іншыя доказы, яна захавала на выпадак, калі хто-небудзь паспрабуе аспрэчыць пляму няслаўя. Бацька дзяўчыны даведаўся ад яе праўду з усімі перабольшаннямі, да якіх яе схіліла — і я люблю яе цяпер за гэта — ейная нянавісць. 3-за сораму і няслаўя ён з усімі дзецьмі ўцёк у самы глухі куток Уэльса, нават памяняў імя, каб сябры не змаглі яго знайсці, і там яго неўзабаве знайшлі ў сваім ложку мёртвым. Дзяўчына сышла з дому за некалькі тыдняў да гэтага; ён шукаў яе, абышоў пешшу ўсе вёскі і мястэчкі па суседству. Той самай ноччу, калі ён вярнуўся дадому, пэўны, што яна наклала на сябе рукі, каб схаваць сваю і ягоную ганьбу, яго старое сэрца разарвалася.