• Газеты, часопісы і г.д.
  • Олівер Твіст  Чарльз Дыкенс

    Олівер Твіст

    Чарльз Дыкенс

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 456с.
    Мінск 2010
    105.69 МБ
    Наступіла каротая паўза, пасля якой містэр Браўнлоў працягнуў свой аповед.
    — Прайшло шмат гадоў, — сказаў ён, — і маці гэтага чалавека, Эдуарда Ліфорда, прыйшла да мяне. Ён пакінуў яе, калі
    яму было толькі васямнаццаць гадоў, украўшы ў яе дыяменты і грошы, гуляўу карты, раскідваўся грашыма, махляваў, потым збег у Лондан, дзе два гады меў справу з самымі агіднымі адкідамі грамадства. Між тым яна захварэла на цяжкую, невылечную хваробу і захацела адшукаць яго перад смерцю. Пачалі расшукваць, дзе ён, паспрабавалі выйсці на яго наўпрост. Доўга пошукі не давалі выніку, але памалу тое-сёе пачало праяўляцца, пакуль яго нарэшце не знайшлі, і ён разам з маці вярнуўся ў Францыю.
    —Там яна памерла пасля доўгай хваробы, — працягваў Манкс, — на сваім смяротным ложы завяшчала мне гэтыя таямніцы. А таксама неспатольную, смяротную нянавісць да ўсіх, хто таго быў варты, хоць ёй і не было патрэбы рабіць гэта, бо нянавісць я атрымаў у спадчыну шмат раней. Яна не верыла, што дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, забіўшы і дзіця, — наадварот, яна мела трывалае падазрэнне, што дзіця належыць да мужчынскага полу і што яно жывое і здаровае. Я пакляўся ёй, калі толькі ён з’явіцца на маім жыццёвым шляху, звесці яго са свету, не даючы ні хвіліны спачыну, пераследаваць яго з неўтаймоўнай варожасцю, выліць на яго ўсю нянавісць, якую я меў, і прыцягнуць яго, калі атрымаецца, да самага падножжа шыбеніцы, пасмяяўшыся тым самым з абразлівага тастамента ягонага бацькі. Выйшла яе праўда. Ен усплыў-такі на маім шляху. Я пачаў добра, і каб не гэтыя балбатлівыя лахудры, то скончыў бы таксама, як і пачаў!
    Калі зладзей сплёў цесна рукі на грудзях і пачаў у непрытомнай злосці мармытаць праклёны, містэр Браўнлоў павярнуўся да ўражаных слухачоў і растлумачыў, што габрэй, які быў ягоным старым супольнікам і даверанай асобай, атрымаў вялікае ўзнагароджанне за тое, што ўтрымліваў Олівера ў сваіх сецях; частку гэтага ўзнагароджання ён мусіў бы вярнуць, калі б таму ўдалося выратавацца; спрэчка наконт гэтага паслужыла прычынай візіту да загараднага дома з мэтай апазнаць яго.
    — Медальён і пярсцёнак, — сказаў містэр Браўнлоў, паварочваючыся да Манкса.
    —Я купіў іх у мужчыны і жанчыны, пра якіх я вам гаварыў; яны скралі іх у старой нянькі, а тая зняла іх з трупа, — адказваў Манкс, не падымаючы вачэй. — Вы ведаеце самі, што з імі здарылася.
    Містэр Браўнлоў толькі кіўнуў містэру Грымуігу, і той імгненна знік з пакоя, а неўзабаве вярнуўся, падпіхваючы перад сабой місіс Бамбл і цягнучы за сабой яе неахвотнага сужэнца.
    — Ці не падманваюць мяне вочы? — усклікнуў містэр Бабмл з падробным энтузіязмам. — Хіба гэта не маленькі Олівер? О Олівер, каб ты ведаў, як мы па табе бедавалі!
    —Закрый рот, ідыёт, — прамармытала місіс Бамбл.
    — Гэта гаворыць прырода, місіс Бамбл! — запярэчыў наглядчык працоўні. — Няўжо я не магу даць волю пачуццям — я, хто выхаваў яго па-прыходску, — калі бачу, што ён сядзіць тут сярод лэдзі і джэнтльменаў з самай прыемнай знешнасцю! Я заўсёды любіў гэтага хлопчыка так, як быццам ён мой уласны... мой уласны... дзядуля, — спатыкнуўся містэр Бамбл, шукаючы прыдатнае параўнанне. — Мастэр Олівер, мой мілы, ці помніш ты блаславёнага джэнтльмена ў белай камізэльцы? Ах, Олівер, на тым тыдні ён адышоў на нябёсы ў дубовай труне з ручкамі з накладнога срэбра!
    — Даволі, сэр! — сувора прамовіў містэр Грымуіг. — Стрымлівайце сябе.
    — Пастараюся, сэр, як хопіць маіх сілаў, — адказаў містэр Бамбл. — Як вы маецеся, сэр? Спадзяюся, у вас усё ў парадку.
    Гэтае прывітанне было адрасавана містэру Браўнлоў, які падышоў блізка да шаноўнай пары. Той запытаўся, паказваючы на Манкса:
    — Вы ведаеце гэтага чалавека?
    —He, — рашуча адказала місіс Бамбл.
    — А можа, і вы не ведаеце? — спытаў містэр Браўнлоў, звяртаючыся да яе сужэнца.
    —Упершыню яго бачу, — сказаў містэр Бамбл.
    — I пэўна ж, нічога яму не перадавалі?
    — He, — адказаў містэр Бамбл.
    — Відаць, у вас ніколі не было залатога медальёна і пярсцёнка? — спытаў містэр Браўнлоў.
    — Безумоўна, не, — адказвала наглядчыца. — Навошта нас прывялі сюды — каб адказваць на гэтыя дурацкія пытанні, ці што?
    Містэр Браўнлоў яшчэ раз кіўнуў містэру Грымуігу; той зноў выбег з надзвычайнай хуткасцю, але вярнуўся не з тоўстым мужчынам і жанчынай, а гэтым разам з дзвюма разбітымі паралюшам жанчынамі, якія ішлі трасучыся і спатыкаючыся.
    — Вы зачынілі дзверы ноччу, калі памірала старая Сэлі, — сказала, падымаючы сваю выпетралую руку, тая, якая ішла паперадзе, — але вы не маглі закрыць дарогу гукам, не маглі закрыць шчыліны.
    —He, не, — сказала другая, аглядваючыся і рухаючы бяззубымі сківіцамі. — He змагла.
    — Мы чулі, як Сэлі спрабавала расказаць вам, што яна зрабіла, і бачылі, як вы ўзялі ў яе з рук паперу, а на наступны дзень бачылі, як вы ішлі ў ламбард.
    — Так, — дадала другая, — і там былі медальён і залаты пярсцёнак. Мы гэта разведалі, і мы бачылі, як іх вам аддалі. Мы былі пры гэтым. О! Мы былі пры гэтым.
    —I мы ведаем яшчэ больш, — працягвала першая. — Шмат гадоў таму Салі часта распавядала нам пра маладую маці, быццам тая казала ёй, што, захварэўшы і адчуваючы, што не выжыве, тая ішла да магілы бацькі ейнага дзіцяці, каб там памерці.
    —А можа, вы хочаце пабачыць і ўладальніка ламбарда? — запытаўся містэр Грымуіг і зрабіў выгляд, што хоча рушыць да дзвярэй.
    — He, — адказала жанчына, — калі ён, — тут яна паказала на Манкса, — быў настолькі баязлівым, што прызнаўся, — а я бачу, што ён гэта зрабіў, — і калі вы распыталі ўсіх гэтых вядзьмарак і знайшлі патрэбных, то мне няма чаго болып сказаць. Я сапраўды прадала іх, і яны цяпер там, дзе вы іх ніколі не знойдзеце. Што далей?
    — Нічога, — адказаў містэр Браўнлоў. — Адно толькі: засталося паклапаціцца, каб вы абое не займалі болып пасадаў, якія патрабуюць даверу. Ідзіце!
    — Спадзяюся, — сказаў містэр Бамбл, азіраючыся з вялікай скрухай, пасля таго як містэр Грымуіг вывеў абедзвюх старых, — спадзяюся, што гэты нешчаслівы дробны інцыдэнт не пазбавіць мяне маёй прыходскай пасады?
    — Пазбавіць, — адказаў містэр Браўнлоў. — Можаце прыняць гэта як належнае, і яшчэ майце на ўвазе, што вам усё лёгка сышло.
    — Гэта ўсё місіс Бамбл. Яна дабівалася гэтага, — сказаў ён, упэўніўіпыся, што тая ўжо выйшла з пакоя.
    — Гэта не апраўданне, — запярэчыў містэр Браўнлоў. — Калі гэтыя рэчы знішчалі, вы былі пры гэтым, а згодна з законам вы, калі разглядаць вас абоіх, вінаватыя ў большай меры: закон мае на ўвазе, што жонка дзейнічае паводле ўказання мужа.
    — Калі закон мае гэта наўвазе, — сказаў містэр Бамбл, узрушана ціскаючы ў руках капялюш, — то значыць, закон гэты асёл... ідыёт. Калі закон трактуе гэта так, то закон — халасцяк, і найгоршае, што я магу пажадаць — гэта каб ён навучыўся з уласнага досведу... з уласнага досведу.
    Выразна падкрэсліўшы апошнія словы шляхам іх паўтарэння, містэр Бамбл глыбака насадзіў капялюш на галаву, засунуў рукі ў кішэні і пайшоў следам за сваёй палавінай уніз па лесвіцы.
    — Маладая лэдзі, — звярнуўся да Роз містэр Браўнлоў, — дайце мне вашу руку. He дрыжыце. Можаце, не баючыся, выслухаць тыя апошнія некалькі слоў, якія засталося сказаць.
    — Калі яны... я не ведаю, як гэта магчыма, але калі яны... маюць нейкія адносіны да мяне, — сказала Роз, — о, малю вас, хай яны прагучаць калі-небудзь іншым разам. Сёння ў мяне няма сіл іх пачуць.
    — He, — сказаў стары джэнтльмен і ўзяў яе пад руку, — я пэўна ведаю, што ў вас хопіць сілы духу. Манкс, ці ведаеце вы гэтую маладую лэдзі?
    —Так, — адказаў Манкс.
    — Ніколі не бачыла яго раней, — ледзь чутна сказала Роз.
    —А я вас часта бачыў, — азваўся Манкс.
    —У бацькі няшчаснай Агнэс было дзве дачкі, — сказаў містэр Браўнлоў. — Як склаўся лёс другой... другога дзіцяці?
    —Калі памёр бацька, — адказаў Манкс, — памёр у чужым месцы, пад чужым іменем, дзіця, не маючы ані пісьма, ані якога-небудзь пасведчання, ані цыдулкі, якая была б ключом, які дазволіў бы выйсці на сяброў або родзічаў, — дзіця было ўзятае ў сям’ю беднякамі-сялянамі. Яе выхавалі, як родную дачку.
    — Працягвайце! — сказаў містэр Браўнлоў; ён даў знак місіс Мэйлі падысці бліжэй. — Працягвайце!
    — Вы не змаглі б знайсці месца, куды з’ехалі гэтыя людзі, — сказаў Манкс, — але дзе бяссільныя сяброўскія повязі, там часта можа прабіць сабе дарогу нянавісць. Пасля года адмысловых пошукаў мая маці выйшла на яе — яна знайшла дзяўчынку.
    —Яна забрала яе сабе?
    — He. Людзі, якія яе прынялі, былі бедныя. I ім нарэшце пачало надакучваць — прынамсі, мужу — іхняе неабгрунтаванае чалавекалюбства, так што мая маці пакінула яе ў іх, даўшы ім невялікую суму грошай, якой на доўга ім, пэўна ж, не хапіла, і паабяцала даць потым яшчэ; праўда, гэтага рабіць яна зусім не збіралася. Яна не зусім спадзявалася на тое, што незадаволенасць і беднасць зробяць дзяўчынку нешчаслівай. У дадатак яна распавяла пра няслаўе сястры дзяўчынкі, прычым з тымі зменамі, якія найбольш адпавядалі яе інтарэсам. Яна прасіла пільнаваць дзяўчынку, таму што ў яе кепская спадчыннасць, расказала, што яна пазашлюбная і рана ці позна пойдзе крывымі сцежкамі. Усё гэта пацвярджалася вядомымі ўжо абставінамі, так што тыя людзі паверылі. Дзяўчынка нейкі час існавала ў такой мізэрнасці, што гэта задаволіла нават нас, пакуль адна лэдзі, удава, якая жыла на той час у Чэстэры, не ўбачыла яе выпадкова і, пашкадаваўшы яе, не ўзяла да сябе. Мне здаецца, што супраць нас дзейнічалі нейкія чары, таму што нягледзячы на ўсе нашыя высілкі, яна заставалася там і была шчаслівай. Два ці тры гады таму я страціў яе з поля зроку і не бачыў больш, пакуль не сустрэў некалькі месяцаўтаму назад.
    — Вы бачыце яе цяпер?
    —Так. Яна абапіраецца на вашу руку.
    —Але яна па-ранейшаму мая пляменніца, — усклікнула місіс Мэйлі, абдымаючы дзяўчыну, якая, відавочна, губляла сілы, — яна па-ранейшаму маё мілае дзіця! Я цяпер не пайшла б на тое, каб страціць яе, нават дзеля ўсіх багаццяў свету. Мая мілая, родная душа. Харошая мая дзяўчынка!
    —Адзіны мой сябра, — усклікнула Роз, прыціскаючыся да яе. — Найлепшы, самы добры мой сябра! Маё сэрца зараз не вытрымае. Я... я не магу... больш трываць...
    — Ты вытрывала шмат і, нягледзячы на ўсё, заставалася заўсёды самай мілай, самай спагаднай дзяўчынай, якая прыносіла шчасце тым, хто быў побач, — прамовіла місіс Мэйлі, ласкава абдымаючы яе. —Даволі, даволі, мая дарагая! Успомні, хто чакае цябе, каб раскрыць табе свае пяшчотныя абдымкі! Паглядзі сюды. Паглядзі, мілая мая!