Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Марыя!— гукнула Паблава жонка і, калі дзяўчына ўвайшла ў пячору, сказала:— Дай вады гэтаму таварышу.
Роберт Джордан намацаў у кішэні пляшку і, вымаючы яе, адшпіліў кабуру і перасунуў пісталет на сцягно. Ён наліў абсенту ў пустую конаўку, узяў другую конаўку з вадой, якую прынесла дзяўчына, і пачаў патроху даліваць ваду ў абсент. Дзяўчына стаяла побач і сачыла за ім.
— Выйдзі,— загадала ёй жанчына, паказваючы апалонікам на дзверы.
— Знадворку сцюдзёна,— пажалілася дзяўчына і, нізка схіліўшыся да Роберта Джордана, шчака да шчакі, зазірнула ў конаўку, дзе абсент скаламуціўся ад вады.
— Магчыма,— сказала Паблава жонка.— Затое тут надта горача!— Потым дадала лагодней:— Гэта ненадоўга.
Дзяўчына кіўнула галавой і выйшла.
Наўрад ці надоўга хопіць у яго вытрымкі, падумаў Роберт Джордан. У адной руцэ ён трымаў конаўку, а другая — цяпер ужо адкрыта — ляжала на пісталеце. Ён
1 Народ, людзі (ісп.).
спусціў засцерагальнік і адчуваў пад далоняю супакойліва гладкую, амаль сцёртую ад часу насечку на ручцы пісталета і па-сяброўску халаднаватую акруглую дужку спуску. Пабла цяпер глядзеў ужо не на яго, а толькі на жанчыну.
— Слухай мяне, п’янтос. Ты зразумеў, хто тут камандзір?
— Я камандзір.
— He. Ты паслухай мяне. Прачысці свае валасатыя вушы і слухай уважліва. Камандую тут я.
Пабла глядзеў на яе, і па выразе яго твару нельга было здагадацца, пра што ён думаў. Ён глядзеў на яе зусім спакойна, а потым перавёў погляд цераз стол на Роберта Джордана. Ён доўга і задуменна не зводзіў з яго вачэй, потым зноў перавёў погляд на жанчыну.
— Добра. Камандуй ты,— сказаў ён.— Хай нават камандуе ён, калі табе так хочацца. I гарыце вы ўсе гарам!— Ён глядзеў жанчыне проста ў твар, і ў яго поглядзе не было ні пакорлівасці, ні страху.— Можа, сапраўды я зрабіўся лайдаком і зашмат выпіваю. Лічы мяне, калі хочаш, баязліўцам, хоць у гэтым ты памыляешся. Але я не дурань.— Ён памаўчаў.— Камандуй, калі табе гэта прыемна. Аднак калі ты не толькі камандзір, але і жанчына, дык дай нам што-небудзь пад’есці.
— Марыя!— гукнула Паблава жонка.
Дзяўчына высунула галаву з-за гунькі, што закрывала ўваход у пячору.
— Цяпер заходзь і падай нам вячэру.
Дзяўчына ўвайшла ў пячору і накіравалася да нізенькага століка каля вогнішча, узяла эмаліраваныя міскі і паставіла іх на стол.
— Віна хопіць на ўсіх,— сказала Роберту Джордану Паблава жонка.— He слухай гэтага п’янтоса. А калі не хопіць — яшчэ здабудзем. Дапівай сваё дзівацкае пітво і налі сабе ў конаўку віна.
Роберт Джордан дапіў абсент адным глытком і, адчуваючы, як пітво сагравае яго пяшчотным, вільготным, духмяным хімічным цяплом, пасунуў конаўку па стале. Дзяўчына напоўніла яе віном і ўсміхнулася яму.
— Ну, ты пабачыў свой мост?— запытаўся цыган.
Астатнія — яны яшчэ не вымавілі ніводнага слова пасля таго, як адракліся ад Пабла,— нахіліліся над сталом і падрыхтаваліся слухаць.
— Так,— сказаў Роберт Джордан.— Узарваць яго будзе не дужа цяжка. Паказаць як?
— Абавязкова пакажы. Нам вельмі цікава.
Роберт Джордан выцягнуў з нагруднай кішэні блакнот і паказаў ім свае накіды.
— Глядзі, як намалявана,— сказаў мужчына з пляскатым тварам.— Сапраўды, той самы мост.
Водзячы па паперы кончыкам алоўка, Роберт Джордан растлумачыў, як трэба ўзарваць мост і дзе будуць закладзены зарады.
— Як проста!— сказаў адзін з братоў, са шнарам, яго звалі Андрэс.— А як іх узрываюць?
Роберт Джордан растлумачыў і гэта. Калі ён пачаў паказваць, ён адчуў, што дзяўчына, зазіраючы ў яго блакнот, паклала руку яму на плячо. Паблава жонка таксама сачыла за яго тлумачэннем. Толькі Пабла не праяўляў ніякай цікаўнасці, ён сядзеў са сваёй конаўкай і раз-пораз чэрпаў віно з вялікай міскі, якую Марыя напоўніла з бурдзюка, што вісеў на сцяне злева ад увахода ў пячору.
— Табе часта даводзілася рабіць гэта?— ціха спытала дзяўчына ў Роберта Джордана.
— Часта.
— А мы пабачым, як гэта будзе?
— А чаму ж не.
— Яшчэ як убачыш,— сказаў Пабла з свайго месца каля стала.— Абавязкова ўбачыш.
— Змоўкні,— сказала яму жанчына і, прыгадаўшы раптоўна тое, што яна прачытала на руцэ ў Роберта Джордана, ускіпела дзікім нястрымным гневам.— Сціхні ты ўжо, баязлівец! Хопіць табе ўжо каркаць, як крумкачу. Замоўкні, забойца!
— Добра,— сказаў Пабла.— Я замоўкну. Тут камандуеш ты. Ну і забаўляйся гэтымі малюнкамі. Але памятай, што я не дурань.
Паблава жонка адчула, што яе гнеў саступае месца смутку, смутку і прадчуванню пагібелі ўсіх яе надзей і спадзяванняў. Гэтае пачуццё было знаёма ёй яшчэ з маленства, і яна добра ўсведамляла, чаму яно суправаджае яе ўсё жыццё. Зараз яно прыйшло неспадзеўкі, і, намагаючыся пазбавіцца ад яго, намагаючыся зрабіць так, каб яно не закранула ні яе, ні Рэспубліку, яна сказала:
— Ну, мабыць, давайце павячэраем. Марыя, накладай мяса ў міскі.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Роберт Джордан адхіліў гуньку, што закрывала ўваход у пячору, і, апынуўшыся звонку, глыбока ўдыхнуў сцюдзёнае начное паветра. Туман ужо разышоўся, і на небе загарэліся зоркі. Ветру не было, і пасля спёртага, задушлівага паветра пячоры, у якім перамяшаліся тытунёвы дым і дым вогнішча, пахі смажанага мяса і рысу, шафрану, перцу, аліўкавага алею, вінна-смалісты водар вялікага бурдзюка, падвешанага каля ўвахода за шыю, так што ўсе чатыры нагі тырчалі ў розныя бакі, а з той нагі, куды была ўстаўлена затычка і адкуль цадзілі віно, кроплі яго падалі на зямлю, прыбіваючы пыл; пасля ўсялякіх пахаў нейкіх невядомых яму засушаных зёлак, якія звісалі са столі пучкамі ўперамешку з гірляндамі часнаку, пасля смуроду таннага чырвонага віна і часнаку, конскага і чалавечага поту, якім прапахла вопратка людзей, што сабраліся за сталом,— вострая кісліна чалавечага поту з прымессю моташліва-салодкага паху засохлай пены з конскіх бакоў — пасля ўсяго гэтага прыемна было ўдыхнуць на поўныя грудзі чыстага начнога горнага паветра, якое пахла хвояй і роснай травой берагавога лужка ўздоўж ручая. Вецер сціх, і ўпала шчодрая раса. Па ўсім відаць, падумаў Роберт Джордан, раніцай возьмецца на мароз.
Ён стаяў перад уваходам у пячору, глыбока дыхаючы і прыслухоўваючыся да начных гукаў; спярша ён пачуў далёкую страляніну, потым крык савы ў логавым лесе, адтуль, дзе быў конскі загон. Потым з пячоры загучаў спеў цыгана пад ледзь чутныя пераборы гітары.
У спадчыну бацька пакінуў мне,— зацягнуў сіплы і наўмысна гартанны голас, трошкі затрымаўшыся на высокай ноце, ён выводзіў далей:
Месяц і сонца над галавой. I хоць я доўга па свеце блукаў, Усё багацце заўсёды са мной.
Гітара адгукнулася хуткімі акордамі, нібыта заахвочваючы спевака.
— Добра спяваеш,— пачуў Роберт Джордан чыйсьці голас.— А зараз, цыган, давай песню пра каталонца.
— Нешта не хочацца.
— Давай, давай пра каталонца.
— Ну, добра,— сказаў цыган і жаласна заспяваў:
Hoc мой кірпаты I цёмны твар, А ўсё-такі я чалавек.
— Ole!1 — нехта крыкнуў.— Давай, давай, цыган!
Голас спевака загучаў маркотна і кпліва:
Дзякуй богу, што я — негр, А не каталонец!
— Узнялі ўжо гвалт,— азваўся голас Пабла.— Ану, заткні сваю пашчу, цыган!
— Так,— падхапіў жаночы голас.— Пашча ў цябе сапраўды здаровая. Такім голасам ты збярэш guardia civil з усяго наваколля. Ды і слухаць цябе ўсё адно агідна.
— А ёсць яшчэ і такая песня,— сказаў цыган і сыграў на гітары ўступныя акорды.
— Абыдземся без яе,— спыніла яго жанчына.
Гітара замоўкла.
— Усё адно сёння я безгалосы. Страта, выходзіць, невялікая,— сказаў цыган і, адхіліўшы гуньку, выйшаў у цемрадзь.
Роберт Джордан бачыў, як цыган пастаяў каля дрэва, а потым накіраваўся да яго.
— Раберта,— ціха сказаў цыган.
— Так, Рафаэль,— азваўся Роберт Джордан. Пачуўшы голас цыгана, ён адразу зразумеў, што віно ўдарыла Рафаэлю ў галаву. Сам ён таксама няблага выпіў — дзве конаўкі абсенту ды яшчэ віна, але галава яго заставалася халодная і ясная, бо ўся гэтая гісторыя з Пабла трымала яго ўвесь час у напружанні.
— Чаму ты не забіў Пабла?— спытаўся цыган зусім ціха.
— А навошта яго забіваць?
— Рана ці позна, аднак усё адно давядзецца. Чаму ж ты не выкарыстаў такога зручнага моманту?
— Ты гэта сур’ёзна?
— А хіба ты сам не здагадаўся, чаго мы ўсе тады чакалі? Як ты лічыш, чаму Пілар загадала дзяўчыне выйсці? Па-твойму, пасля такіх размоў усё можа заставацца, як і было?
— А чаму вы самі не забілі яго?
1 Брава! (ісп.)
— Que va — сказаў цыган спакойна.— Гэта твая справа. Тры ці чатыры разы мы былі ўжо ўпэўненыя, што ты яго заб’еш. У Пабла няма сяброў.
— У мяне была такая думка,— сказаў Роберт Джордан.— Але я адмовіўся ад яе.
— Хіба ж мы не бачылі? Кожны з нас заўважаў усе твае захады. Што цябе спыніла?
— Я баяўся, што гэта будзе непрыемна вам або жанчыне.
— Que va. Жанчына сама чакала гэтага, як шлюха чакае багатага любоўніка. Ты маладзейшы, чым здаешся на першы погляд.
— Магчыма.
— Забі яго зараз,— настойваў цыган.
— Гэта было б вераломнае забойства.
— Тым лепей,— вельмі ціха сказаў цыган.— Меней рызыкі. Ну, чаго ты! Забі яго.
— Я так не магу. Мне нават прыкра слухаць гэта, да таго ж так рабіць нельга тым, хто змагаецца за нашу агульную справу.
— Ну, дык усчыні з ім сварку,— сказаў цыган.— Усё адно ты мусіш некалі забіць яго. Іншага выйсця няма.
Калі яны размаўлялі, паміж дрэў, не парушаючы цішыні, лётала сава. Яна палявала — спярша нырнула ўніз, потым зноў узляцела ўверх, махаючы крыламі хутка, але бязгучна.
— Бачыў саву?— спытаў цыган у цемры.— He пашкодзіла б і людзям павучыцца ў яе.
— А ўдзень яна сядзіць на дрэве, нічога не бачыць і цярпліва чакае, пакуль груганы яе не задзяўбуць. Гэтаму вучыцца?— запытаўся ў яго Роберт Джордан.
— Такое з ёй здараецца рэдка,— сказаў цыган.— Хіба выпадкам. Забі яго,— і дадаў:— Глядзі, потым будзе позна.
— Усё адно я ўжо ўпусціў момант.
— Тады ўсчыні з ім сварку,— сказаў цыган.— Ці забі яго цішком.
Гунька, якая закрывала ўваход у пячору, трохі адхінулася, прапускаючы святло,— нехта выйшаў з пячоры і накіраваўся да іх.
— Цудоўная ноч,— сказаў мужчына нізкім, глухім голасам.— Заўтра будзе добрае надвор’е.
Гэта быў Пабла.
Вось яшчэ! А як жа! (ісп.)
Ён курыў рускую папяросу, і калі зацягваўся, агеньчык, успыхваючы, асвятляў яго круглы твар. У святле зорак можна было разгледзець яго мажную постаць і доўгія рукі.