• Часопісы
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — He зважай на Пілар,— сказаў ён Роберту Джордану. Папяроса ў цемры ўспыхнула ярчэй, высвеціўшы яго руку, якая потым адразу апусцілася ўніз.— 3 ёй часам бывае цяжка, але наогул яна неблагая жанчына, цалкам адданная Рэспубліцы.— Цяпер агеньчык папяросы трымцеў у паветры пры кожным яго слове. Гаворыць з папяросай у роце, зазначыў сабе Роберт Джордан.— Нам з табой не трэба сварыцца. Мы павінны жыць у згодзе. Мне прыемна, што ты да нас прыйшоў.— Папяроса зноў ярка ўспыхнула.— А на спрэчкі гэтыя не звяртай увагі,— сказаў ён.— Мы ўсе табе радыя. А зараз прабач. Я пайду гляну, як там коні, ці добра яны прывязаны.
    Ён знік паміж дрэў у напрамку паляны, дзе пасвіліся коні, і неўзабаве адтуль пачулася іхняе ржанне.
    — Разумееш?— сказаў цыган.— Цяпер ты разумееш? Зручны момант сапраўды ўжо ўпушчаны.
    Роберт Джордан не сказаў нічога.
    — Пайду за ім,— сярдзіта сказаў цыган.
    — Навошта?
    — Que va, навошта. Прасачу хоць бы, каб ён не ўцёк.
    — А хіба ён можа ўцячы на кані нізам?
    — He.
    — Тады ідзі туды, дзе яго можна перахапіць.
    — Там ужо Агусцін.
    — Ну, дык ідзі і папярэдзь Агусціна. Раскажы яму, што тут у нас здарылася.
    — Агусцін заб’е яго з радасцю.
    — Тым лепей,— сказаў Роберт Джордан.— Падыміся да яго і раскажы ўсё, як было.
    — А ты?
    — Я пайду ўніз, на паляну, гляну, што ён там робіць.
    — Няблага. Проста выдатна.— У цемрадзі Роберт Джордан не бачыў Рафаэля, але адчуваў, што той усміхаецца.— Вось цяпер я перакананы, што ты нарэшце пачаў дзейнічаць як належыць!— задаволена сказаў цыган.
    — Ідзі да Агусціна,— сказаў яму Роберт Джордан.
    — Іду, Раберта, іду,— сказаў цыган.
    Роберт Джордан рушыў паміж соснамі да паляны, прабіраючыся навобмацак ад дрэва да дрэва. Там, на адкрытым месцы, цемра была не такая густая, і, дасягнуўшы ўзлесся, ён пры святле зорак убачыў цёмныя абрысы прывязаных коней. Яны пасвіліся паміж ім і ручаём, і Роберт
    Джордан пералічыў коней. Іх было пяць. Роберт Джордан сеў пад сасну, тварам да ручая, і пачаў назіраць за палянай.
    Я стаміўся, думаў ён, і, магчыма, разважаю няправільна. Але мая асноўная задача — знішчыць мост, і пакуль я яе не выканаю, я не маю права дарэмна рызыкаваць сабой. Вядома, часам здараецца так, што не пайсці на рызыку, калі вымагаюць абставіны,— яшчэ горш, але дагэтуль я намагаўся, каб падзеі развіваліся самі па сабе. Калі праўда тое, што сказаў цыган, і ўсе яны чакалі, што я заб’ю Пабла, тады я павінен быў яго забіць. Але я не быў перакананы, што менавіта гэтага яны чакаюць ад мяне. Чужынец не павінен забіваць там, дзе ён мусіць потым працаваць з людзьмі. Можна забіць у баі, можна забіць, калі ведаеш, што ў атрадзе пануе дысцыпліна, але на гэты раз усё выйшла б вельмі кепска, хоць у мяне і была вялікая спакуса і мне здавалася, што гэта самае простае і самае лёгкае выйсце. Але ў гэтай краіне няма нічога простага і лёгкага, і хоць Паблавай жонцы я цалкам давяраю, усё-такі цяжка сказаць наперад, як бы яна паставілася да такога незвычайнага ўчынку. Смерць у такім месцы можа выглядаць надта брыдкай, пачварнай і агіднай. Я не ведаю, як бы яна паставілася. Без гэтай жанчыны тут не было б ні дысцыпліны, ні арганізаванасці, ні парадку, а з ёй усё можа быць вельмі добра. Лепей было б, каб яна сама забіла яго, ці цыган (але ён не здатны на гэта), ці вартавы Агусцін. Ансельма, вядома, заб’е, калі я папрашу яго, хоць ён і кажа, што супраць забойства людзей. Мне здаецца, што ён ненавідзіць Пабла, а мне ён давярае і верыць у мяне як у прадстаўніка ўсяго таго, у што ён наогул верыць. Тут толькі ён ды гэтая жанчына па-сапраўднаму вераць у Рэспубліку, але, бадай, сцвярджаць гэта яшчэ рана.
    Калі яго вочы прызвычаіліся да святла зорак, ён убачыў, што каля аднаго каня стаіць Пабла. Конь раптам узняў пысу, нецярпліва матнуў ёю, потым зноў пачаў скубці траву. Пабла стаяў, паклаўшы руку на спіну каня, прыхінуўшыся да яго бока, пераступаючы разам з ім, калі той нацягваў вяроўку, і адыходзіў на ўсю яе даўжыню, і паляпваў каня па шыі. Гэтыя пяшчоты раздражнялі жывёлу, перашкаджаючы ёй спакойна пасвіцца. Роберт Джордан не бачыў, што робіць Пабла, і не чуў, што той кажа каню, але бачыў, што каня той не адвязвае і не сядлае. Ён сядзеў і сачыў за Пабла, намагаючыся прыняць якое-небудзь пэўнае рашэнне.
    — Ты мой вялікі прыгожы конік,— гаварыў Пабла ў цемрадзі, звяртаючыся да гнядога жарабца з белай плямай.— Ты мой белалобы прыгажун. Шыя ў цябе выгнутая, як віядук у маім горадзе,— ён зрабіў паўзу.— Толькі яшчэ больш крутая і прыгажэйшая.— Конь скуб траву, зрэдку шморгаючы пысай, бо чалавек сваёй балбатнёй раздражняў яго.— Ты не жонка і не той дурань,— сказаў Пабла гнядому жарабцу.— Ах ты, мой вялікі конік. Ты не жанчына, падобная на вялізную гарачую камлыгу з каменя. I не дзяўчынка са стрыжанай галавой, нязграбная, быццам толькі што народжанае жарабя. Ты не абразіш, і не схлусіш, ты ўсё разумееш. Ах ты, мой конік, каняка ты мой!
    Роберту Джордану было б дужа цікава пачуць, пра што размаўляў Пабла з гнядым жарабцом, але пачуць гэта яму не давялося, бо, пераканаўшыся, што Пабла прыйшоў сюды толькі даглядаць коней, вырашыў, што забіваць цяпер яго было б няправільна і неразумна, а таму падняўся з зямлі і накіраваўся назад да пячоры. Пабла яшчэ доўга заставаўся на паляне, размаўляючы з канём. Жарабец нічога не разумеў і толькі па інтанацыі чалавечага голасу здагадваўся, што гэта пяшчотныя словы, але ён цэлы дзень прастаяў у загоне, быў галодны, яму хутчэй хацелася абскубці ўсю траву наўкол, а чалавек яго злаваў. Нарэшце Пабла перанёс калок на іншае месца і зноў стаў каля каня, але цяпер ужо моўчкі. Конь пасвіўся далей, задаволены тым, што чалавек болей не назаляе яму.
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    У пячоры Роберт Джордан прысеў каля вогнішча на табурэце, абабітым сырамятнай скурай, і прыслухаўся да таго, што гаворыць жанчына. Яна мыла посуд, а дзяўчына, Марыя, выцірала яго і, апусціўшыся на кукішкі, складвала ў выдзеўбаную ў сцяне нішу, якая замяняла паліцу.
    — Дзіўна,— сказала жанчына.— Чаму Эль Сорда не прыйшоў? Ён павінен быць тут яшчэ гадзіну таму.
    — Ты пасылала па яго?
    — He. Ён сам прыходзіць штовечар.
    — Можа, ён заняты? Якая-небудзь пільная справа?
    — Магчыма, і так,— адказала жанчына.— Калі не прыйдзе, трэба будзе заўтра пайсці да яго.
    — Так. А гэта далёка?
    — He. Прыемны шпацыр. Мне карысна будзе прагуляцца, бо надта ўжо я заседзелася тут.
    — Можна, і я пайду з вамі?— спытала Марыя.— Можна, Пілар?
    — Вядома, можна, мая ты красачка,— сказала жанчына, потым павярнула свой шырокі твар да Роберта Джордана.— Як яна на твой густ? Трошкі худзенькая?
    — Па мне дык яна проста прыгажуня,— адказаў Роберт Джордан.
    Марыя наліла яму ў конаўку віна.
    — Выпі,— сказала яна.— Пасля гэтага я здамся табе яшчэ прыгажэйшай. Трэба багата выпіць віна, каб мне здацца прыгожай.
    — У такім разе я піць болей не буду,— сказаў Роберт Джордан.— Бо ты для мяне і так ужо прыгожая, і не толькі прыгожая.
    — Хораша сказаў,— зазначыла жанчына.— Ты гаворыш як сапраўдны мужчына. А якая яна яшчэ?
    — Разумная,— няпэўна мовіў Роберт Джордан.
    Марыя засмяялася, а жанчына сумна пахітала галавой.
    — Як ты хораша пачаў, дон Раберта, і чым жа ты скончыў.
    — He называй мяне донам.
    — Гэта я так, жартам. Мы і Пабла называем жартоўна донам, а Марыю — сіньёрытай, таксама жартам.
    — Мне такія жарты не падабаюцца,— сказаў Роберт Джордан.— Па-мойму, падчас гэтай вайны мы павінны звяртацца адзін да аднаго сур’ёзна — Camarada. 3 такіх жартаў пачынаецца разбэшчванне.
    — Для цябе палітыка накшталт бога,— пакпіла з яго жанчына.— Хіба ты ніколі не жартуеш?
    — He, чаму не. Мне вельмі падабаюцца жарты, але не тады, калі звяртаешся да чалавека. Для мяне гэта як сцяг.
    — А я і са сцяга магу пажартаваць. Чый бы ён ні быў,— засмяялася жанчына.— Па мне дык з усяго можна жартаваць! Стары сцяг, жоўты з чырвоным, мы называлі кроў з гноем. А рэспубліканскі сцяг, да якога дадалі фіялетавы колер, мы называем кроў, гной і марганцоўка. Такія ўжо ў нас жарты.
    — Ён камуніст,— сказала Марыя.— А яны ўсе дужа сур’ёзныя людзі.
    — Ты камуніст?
    — He, я проста антыфашыст.
    — 3 якога часу?
    — А з таго самага, як зразумеў, што такое фашызм.
    — А даўно ты гэта зразумеў?
    — Ужо гадоў дзесяць таму.
    — He так ужо і даўно,— сказала жанчына.— Я ўжо дваццаць год як рэспубліканка.
    — Мой бацька быў рэспубліканцам усё сваё жыццё,— сказала Марыя.— За гэта яго і расстралялі.
    — I мой бацька быў рэспубліканцам усё сваё жыццё. I дзед быў рэспубліканцам,— сказаў Роберт Джордан.
    — У якой краіне?
    — У Злучаных Штатах.
    — Іх расстралялі?— спытала жанчына.
    — Que va,— сказала Марыя.— Злучаныя Штаты — рэспубліканская краіна. Там за гэта не расстрэльваюць.
    — Усё адно, няблага мець дзеда-рэспубліканца,— сказала жанчына.— Гэта сведчыць, што парода добрая.
    — Мой дзед быў членам Нацыянальнага камітэта рэспубліканскай партыі,— сказаў Роберт Джордан. Гэта зрабіла ўражанне нават на Марыю.
    — А твой бацька і дагэтуль служыць Рэспубліцы?— спытала Пілар.
    — He. Яго ўжо няма на свеце.
    — А можна спытацца, як ён памёр?
    — Ён застрэліўся.
    — Каб яго не катавалі?
    — Так,— пацвердзіў Роберт Джордан.— Каб яго не катавалі.
    Марыя глядзела на яго вачыма, поўнымі слёз.
    — А ў майго бацькі,— сказала яна,— не было зброі. Мне вельмі прыемна, што твайму бацьку пашчасціла здабыць зброю.
    — Так. Яму пашчасціла,— пагадзіўся Роберт Джордан.— Але, можа, пагаворым пра што іншае.
    — Выходзіць, у нас з табой аднолькавая доля,— сказала Марыя. Яна паклала далонь на яго руку і зазірнула ў твар. I ён глядзеў на яе смуглявы твар і ў вочы; калі ўпершыню ён убачыў іх, гэтыя вочы не здаваліся тады такімі юнымі, як выглядаў яе твар, а цяпер раптам зрабіліся і галоднымі, і юнымі, і прагнымі.
    — Вы нібыта брат з сястрой,— сказала жанчына.— Але, пэўна, ваша шчасце, што вы не блізкія сваякі.
    — Цяпер я ведаю, што са мной здарылася,— сказала Марыя.— Цяпер я ўсё зразумела.
    — Que va,— сказаў Роберт Джордан і, выцягнуўшы руку, пагладзіў яе па галаве. Ён цэлы дзень прагнуў зрабіць гэта і цяпер, зрабіўшы гэта, адчуў, як нешта падступі-
    ла да яго горла. Яна паварушыла галавой пад яго далонню і ўсміхнулася яму, пазіраючы знізу ўверх, а ён адчуў пад пальцамі густую і шаўкавістую шчацінку яе стрыжаных валасоў Потым пальцы саслізнулі з патыліцы на шыю, і ён прыняў руку.