Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Зрабі гэтак яшчэ раз,— папрасіла яна.— Мне ўвесь дзень хацелася, каб ты гэта зрабіў.
— Іншым разам,— сказаў Роберт Джордан, і голас яго прагучаў глуха.
— А я што?— грымнула Паблава жонка.— Павінна тут сядзець і любавацца вамі? Што ж я, па-вашаму, каменная, ці што? He, я так не згодная. Хай бы ўжо прыйшоў хоць бы Пабла, калі няма нікога лепшага.
Марыя ўжо забылася і на яе, і на ўсіх астатніх, што пры свечцы гулялі за сталом у карты.
— Хочаш яшчэ віна, Раберта? — спытала яна.
— Хачу,— сказаў ён.— А чаму не?
— Вось і будзе ў цябе такі самы п’янтос, як мой,— сказала Паблава жонка.— I віно ён п’е нейкае дзіўнае. Паслухай, што я табе скажу, Ingles
— He Ingles. Амерыканец.
— Якая розніца. Слухай, амерыканец. Дзе ты будзеш спаць?
— На дварэ. У мяне ёсць спальны мяшок.
— Ну што ж,— сказала яна.— Ноч ясная.
— Так, будзе холадна.
— Значыць, на дварэ,— сказала яна.— Хай будзе так. А твае рэчы хай спяць тут, са мной.
— Добра,— сказаў Роберт Джордан.— Пакінь нас на хвілінку,— сказаў ён дзяўчыне і паклаў ёй руку на плячо.
— Навошта?
— Я хачу пагаварыць з Пілар.
— Мне трэба выйсці?
— Так.
— Ну, што табе?— спытала Паблава жонка, калі дзяўчына наблізілася да выхаду з пячоры і спынілася каля бурдзюка, назіраючы за карцёжнікамі.
— Цыган сказаў, што я павінен быў...— пачаў ён.
— He,— спыніла яго жанчына.— Ён памыляўся.
— Але калі гэта трэба...— спакойна і ўсё адно праз сілу вымавіў Роберт Джордан.
1 Англічанін (ісп.).
— Ты б зрабіў гэта, я ведаю,— сказала жанчына.— He, не трэба. Я сачыла за табой. Ты прыняў правільнае рашэнне.
— Але калі трэба будзе...
— He,— сказала жанчына.— Кажу табе, гэтага рабіць няма ніякай патрэбы. Цыган табе такога нараіць...
— Аднак слабы чалавек — надта небяспечны чалавек.
— He. Ты гэтага не зразумееш. У ім ужо нічога не засталося небяспечнага.
— He разумею.
— Ты яшчэ надта малады,— сказала яна.— Калі-небудзь зразумееш.— Потым да дзяўчыны:— Хадзі сюды, Марыя. Мы ўжо пагаварылі.
Дзяўчына падышла да іх, і Роберт Джордан працягнуў руку і пагладзіў яе па галаве. Яна паварушылася пад яго далоняй, нібы кацяня. Потым яму здалося, што яна восьвось заплача. Але яе вусны зноў сцяліся, і яна глянула на яго, ужо ўсміхаючыся.
— Табе ўжо час класціся спаць,— сказала жанчына Роберту Джордану.— Ты сёння ўжо зашмат нахадзіўся.
— Добра,— сказаў Роберт Джордан.— Пайду па свае рэчы.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Ён ляжаў у спальным мяшку, і яму здалося, што праспаў ужо даволі доўга. Мяшок быў разасланы ў лесе непадалёк ад увахода ў пячору, пад скалой, што бараніла ад ветру. Прачнуўся ён ад таго, што няўдала перавярнуўся ў сне і пад бок яму трапіў пісталет, які ён папярэдне прывязаў шнурком да рукі і паклаў побач з сабой. Калі засынаў, усе мускулы зводзіла ад стомы, ногі балелі, спіну і плечы круціла так, што зямля падалася яму мяккай, і млява-салодка было выпрастацца на ўвесь рост у цёплым, падбітым фланелем мяшку. Калі прачнуўся, то не адразу ўцяміў, дзе ён, потым, прыгадаўшы, выцягнуў пісталет зпад бока, і, каб хутчэй заснуць, уладкаваўся зручней, і абняў рукою самаробную падушку з акуратна складзенай вопраткі, у якую ён старанна загарнуў свае сандалі на вераўчанай падэшве.
Раптам ён адчуў яе далонь на сваім плячы і хутка ўсхапіўся, намацаўшы правай рукою пісталет.
— А, гэта ты,— сказаў ён і, выпусціўшы пісталет, выпрастаў абедзве рукі з мяшка і прыцягнуў яе да сябе. Абдымаючы яе, ён адчуў, як яна трымціць у яго пад рукамі.
— Залазь хутчэй у мяшок,— сказаў ён ціха.— Ты ж там змерзнеш.
— He. He трэба.
— Залазь сюды,— сказаў ён.— Потым пагаворым.
Яна ўся трымцела, і ён адной рукой узяў яе за запясце, а другой зноў лёгка абняў. Яна адкінула ўбок галаву.
— Залазь да мяне, зайчанятка,— сказаў ён і пацалаваў яе ў шыю.
— Я баюся.
— He. He трэба баяцца. Хадзі сюды.
— А як?
— Проста залазь. Месца хопіць. Хочаш, я табе дапамагу?
— He,— сказала яна і імгненна апынулася ў мяшку, і ён моцна прыціснуў яе да сябе і хацеў пацалаваць у вусны, але яна схавала твар у складзеную з вопраткі падушку і толькі моцна абхапіла рукамі яго шыю. Потым ён адчуў, што яе абдымкі раптам аслаблі і яна зноў трымціць пад яго рукамі.
— He,— сказаў ён і засмяяўся.— He пужайся — гэта пісталет.
Ён узяў пісталет і перакінуў сабе за спіну.
— Мне сорамна,— сказала яна, не павярнуўшы галавы.
— He. Няма чаго саромецца. Ну, прашу цябе.
— He. Мне сорамна, і я баюся.
— He трэба, зайчанятка. Прашу цябе.
— Калі толькі ты мяне кахаеш.
— Я цябе кахаю.
— I я цябе кахаю. Ох, як моцна я цябе кахаю. Пакладзі мне руку на галаву,— сказала яна, усё яшчэ хаваючы твар у падушку. Ён паклаў ёй руку на галаву і пагладзіў, і раптам яна падняла галаву з падушкі і шчыльна прыгарнулася да яго, і яе твар апынуўся побач з яго тварам, і ён абняў яе, і яна заплакала.
Ён абдымаў яе моцна і пяшчотна, адчуваючы ўсё яе гнуткае доўгае маладое цела, і гладзіў яе па галаве, і цалаваў салёную вільгаць на яе вачах, і калі яна ўсхліпвала, ён адчуваў, як уздрыгваюць пад сарочкай яе маленькія грудзі.
— Я не ўмею цалавацца,— сказала яна.— He ведаю як.
— А гэта зусім і не трэба.
— He. Я хачу цябе пацалаваць. Я ўсё хачу рабіць.
— Няма ніякай патрэбы ва ўсім. Нам і так добра. Толькі на табе зашмат адзення.
— Дык што ж рабіць?
— Я дапамагу табе.
— Цяпер лепей?
— Так. Значна лепей. А хіба табе не лепей?
— Так. Куды лепей. А мне можна пайсці з табой, як сказала Пілар?
— Так.
— Толькі не ў прытулак. Я хачу быць з табой.
— He, не ў прытулак.
— He. He. He. Толькі з табой, і я буду тваёй жонкай.
Цяпер яны ляжалі, прыгарнуўшыся адно да аднаго, і ўсё, што дагэтуль было схавана, адкрылася. Там, дзе раней адчувалася шорсткасць тканіны, была цяпер адна пяшчота, цудоўная пяшчота, і акруглы тугі прыціск, і доўгая цёплая прахалода, халаднаватая звонку і цёплая ўнутры, усярэдзіне, доўгае і лёгкае, усё яно моцна тулілася, самотнае, знемагала ад болю, і надорвала радасцю, маладое і закаханае, і цяпер ужо цёплае і гладзенькае, і поўнае вострай шчымлівай самотнай тугі, такой бязмежнай, што Роберт Джордан не мог болей вытрываць усяго гэтага і запытаўся:
— Ты ўжо каго-небудзь кахала?
— He. Ніколі.
А потым, неспадзявана, скамянеўшы ў яго абдымках: — Але са мною рабілі нядобрае.
— Хто?
— Шмат хто.
Цяпер яна ляжала нерухома, быццам цела яе зрабілася мёртвым, адвярнуўшы ўбок галаву.
— Цяпер ты не будзеш мяне кахаць.
— Я кахаю цябе,— сказаў ён.
Але нешта з ім адбылося, і яна гэта адчувала.
— He,— сказала яна, і голас яе гучаў глуха і мёртва.— Ты мяне болей кахаць не будзеш. Але, можа, забярэш мяне ў прытулак. I я буду жыць у прытулку, і ніколі ўжо не буду тваёй жонкай, і наогул ужо болей нічога не будзе.
— Я кахаю цябе, Марыя.
— He, няпраўда,— сказала яна. Потым жаласна, нібы чапляючыся за апошнюю надзею:— Але я ніколі не цалавала аніводнага мужчыну.
— Дык пацалуй мяне.
— Я хацела цябе пацалаваць, але я не ўмею. Калі яны рабілі са мной тое, я баранілася да апошняга... пакуль
адзін з іх не сеў мне на галаву... тады я яго ўкусіла... а потым яны заткнулі мне рот і трымалі мне рукі над галавой, а астатнія рабілі са мной тое, нядобрае.
— Я кахаю цябе, Марыя,— сказаў ён.— I ніхто нічога з табой не рабіў. Цябе ніхто крануць не можа. Ніхто і не дакранаўся да цябе, зайчанё.
— Ты ў гэта верыш?
— Я гэта ведаю.
— I ты мяне не разлюбіш?— Яна зноў зрабілася цёплая, шчыльна прыгарнуўшыся да яго.
— Я кахаю цябе яшчэ болей.
— Я пастараюся пацалаваць цябе як мага лепей.
— Пацалуй мяне ледзьве-ледзьве.
— Я не ўмею.
— Ну, тады проста пацалуй!
Яна пацалавала яго ў шчаку.
— He, не так.
— А што рабіць з насамі? Я заўсёды думала пра гэта, што рабіць з насамі?
— Ты павярні галаву вось так,— і іхнія вусны сустрэліся, яна ляжала, прытуліўшыся да яго, і неўзабаве яе вусны раскрыліся, і раптам, моцна абдымаючы яе, ён адчуў, што ніколі яшчэ не быў такі шчаслівы, так лёгка, так пяшчотна, лёгка і моцна шчаслівы, без думак, без стомы, без турбот, поўны велізарнай асалоды, і ён сказаў:
— Маё маленькае зайчанятка. Мая каханая. Мая прыгажуня. Мая радасць.
— Як ты сказаў?— спытала яна, быццам аднекуль здалёк.
— Мая радасць,— паўтарыў ён.
Так яны ляжалі, і ён адчуваў, як яе сэрца б’ецца побач з яго сэрцам, і сваёй ступнёй ён лёгка пагладжваў яе ступню.
— Ты прыйшла басанож,— сказаў ён.
— Так.
— Значыць, ты ведала загадзя, што ляжаш са мной?
— Так.
— I не баялася?
— Баялася. Вельмі. Але яшчэ болей баялася, калі думала, як гэта будзе, калі давядзецца сХідваць сандалі.
— Каторая зараз гадзіна? Io sabes? 1
— He. А хіба ў цябе няма гадзінніка?
— Ёсць. Ён у цябе за спіной.
1 Ты ведаеш? (ісп.)
— Ну, дык прымі яго адтуль.
— He хачу.
— Тады паглядзі цераз маё плячо.
Была першая гадзіна. Лічбы ярка свяціліся ў цемрадзі мяшка.
— Твая барада дужа кусаецца.
— Прабач. У мяне няма чым пагаліцца.
— Мне падабаецца так. У цябе барада русявая?
— Так.
— I яна вырасце доўгая?
— He паспее да моста. Марыя, паслухай. Ты...
— Што я?
— Ты хочаш?
— Так, хачу. Усяго. Прашу цябе. Калі ў нас з табой будзе ўсё, дык тое, благое, што было, знікне, быццам яго наогул і не было.
— Ты гэта сама прыдумала?
— He. Я так думала, але сказала мне пра гэта Пілар.
— Яна вельмі разумная жанчына.
— I яшчэ адно,— дадала ціха Марыя.— Яна прасіла перадаць табе, што я не хворая. Яна разбіраецца ў гэтых рэчах і таму прасіла сказаць табе гэта.
— Яна сама прасіла сказаць гэта мне?’
— Так. Я з ёй размаўляла і прызналася, што кахаю цябе. Я цябе пакахала адразу, як толькі ўбачыла сёння, і заўсёды цябе кахала, толькі ніколі раней не бачыла, і я даверылася Пілар, а яна сказала: як толькі я буду гаварыць з табой пра ўсё тое, што было са мной, я павінна сказаць табе, што я не хворая. А пра ўсё астатняе яна мне даўно ўжо расказала. Адразу пасля цягніка.
— Што яна сказала?
— Яна сказала, што чалавеку нічога нельга зрабіць, пакуль ён сам не пагодзіцца, і што калі я каго пакахаю, дык усё тое, благое, знікне зусім. Разумееш, мне тады хацелася памерці.
— Яна праўду сказала.
— А цяпер я рада, што не памерла. Я такая радая, што не памерла. Ты будзеш мяне кахаць?
— А як жа. Я і цяпер цябе кахаю.
— I я буду тваёй жонкай?