Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— У сваім родным горадзе.
— У Авіле?
— Que va, у Авіле.
— Пабла казаў, што і ён з Авілы.
— Брэша. Хоча, каб думалі, што ён з вялікага горада. He. Мы былі вось дзе,— і яна назвала невялічкі гарадок.
— I што там у вас было?
— Шмат чаго было,— адказала жанчына.— Шмат чаго. I ўсё жахлівае. Нават тое, чым мы можам ганарыцца.
— Раскажы,— папрасіў Роберт Джордан.
— Гэта ўсё вельмі жорсткія рэчы,— сказала жанчына.— Мне не хацелася б гаварыць пра гэта пры дзяўчыне.
— Раскажы,— паўтарыў Роберт Джордан.— А калі ёй нельга слухаць — хай не слухае.
— Я ўсё магу выслухаць,— сказала Марыя. Яна паклала далонь на руку Роберта Джордана.— Няма нічога такога на свеце, чаго мне нельга слухаць.
— Справа не ў тым — можна ці нельга,— сказала Пілар,— а ў тым — ці варта расказваць пра гэта пры табе, каб табе потым благія сны сніліся.
— Ад расказаў мне нічога благога не прысніцца,— адказала ёй Марыя.— Няўжо ты думаеш, што пасля ўсяго таго, што са мною было, мне можа прысніцца нешта благое пасля якогась расказу.
— А можа, табе, Ingles, будуць сніцца благія сны?
— Там паглядзім.
— He, Ingles, я не жартую. Ці даводзілася табе калі бачыць, як усё гэтае пачыналася ў маленькіх гарадках?
— He,— адказаў Роберт Джордан.
— Ну, тады ты нічога не бачыў. Ты ведаеш цяперашняга Пабла, але ты паглядзеў бы, які ён быў тады!
— Раскажы!
— He. He хачу.
— Раскажы.
— Ну, добра, раскажу. Раскажу ўсю праўду, усё, як было. А ты, guapa, калі табе будзе надта ўжо цяжка слухаць, спыні мяне.
— Калі мне будзе цяжка слухаць, я перастану слухаць,— сказала Марыя.— Гэта ўсё не можа быць горш за тое, што я сама ведаю.
— А я думаю, што можа,— сказала жанчына.— Дай мне яшчэ адну цыгарэту, Ingles, і пачнём.
Дзяўчына прыхілілася плячыма да парослага верасам берага, а Роберт Джордан лёг побач дагары, уладкаваўшы галаву на верасовай купіне. Ён адшукаў руку Марыі і, трымаючы яе ў сваёй, пачаў лёганька церці ёю аб верас, і нарэшце Марыя раскрыла далонь і паклала яе яму на руку, і так яны ляжалі і слухалі.
— На світанку civiles якія былі ў казармах, спынілі супраціўленне і здаліся ў палон.
— А вы напалі на казармы?— спытаў Роберт Джордан.
— Пабла загадаў акружыць іх зацемна, перарэзаў тэлефонныя правады, падклаў дынаміт пад адну сцяну і крыкнуў civiles, каб здаваліся. Яны адмовіліся. I на світанку ён узарваў гэтую сцяну. Пачаўся бой. Двух civiles забілі. Чатырох паранілі, а яшчэ чацвёра здаліся ў палон.
Ужо развіднела, а мы ўсё ляжалі — хто на даху, хто на зямлі, хто за каменнымі мурамі ці будынкамі, і хмара дыму і пылу пасля выбуху яшчэ не рассеялася, бо не было ветру. Мы ляжалі і стралялі ў той пралом у сцяне казармы, зараджалі вінтоўкі і стралялі проста ў дым, а там, усярэдзіне, у дыме, таксама ўспыхвалі агеньчыкі стрэлаў, а потым адтуль закрычалі, каб мы спынілі страляць, і чацвёра выйшлі адтуль з узнятымі ўгору рукамі. Вялікі кавалак даху абваліўся разам з сцяной,— вось яны і выйшлі здавацца. «Яшчэ хто застаўся там?»— крыкнуў ім Пабла. «Толькі параненыя».—«Пільнуйце гэтых»,— сказаў Пабла чацвярым нашым, якія выбеглі з засады. «Станавіся сюды. Да сцяны»,— загадаў ён civiles. Чацвёра civiles сталі каля сцяны, брудныя, закурэлыя, і чацвёра нашых, якія іх пільнавалі, наставілі на іх вінтоўкі, а Пабла з іншымі пайшоў дабіваць параненых.
1 Жандары (ісп.).
Калі з імі было пакончана і з казармаў ужо не даносілася ні стогну, ні крыку, ні стрэлу, Пабла выйшаў з драбавіком за спіной, а ў руках у яго быў маўзер. «Глядзі, Пілар,— сказаў ён.— Гэты рэвальвер быў у руцэ афіцэра, які застрэліўся. Мне яшчэ ніколі не даводзілася страляць з рэвальвера. Эй, ты,— гукнуў ён аднаго з civiles,— пакажы, як з яго страляюць. He. Паказваць не трэба. Лепей растлумач на словах».
Пакуль у казармах ішла страляніна, чацвёра civiles стаялі каля сцяны, мокрыя ад поту, і маўчалі, а іхнія твары, як і ва ўсіх guardias civiles, былі падобныя на мой, толькі зарослыя кароткай шчэццю, бо ў той апошні іх ранак яны не паспелі пагаліцца, і так яны стаялі каля сцяны і маўчалі.
— Эй, ты,— гукнуў Пабла таму, які стаяў бліжэй за ўсіх,— растлумач, як з яго страляюць.
— Націсні вунь той рычажок уніз,— сказаў той ціхім сіпатым голасам,— адцягні кажух назад і адпусці — ён сам стане на месца.
— Які кажух?— спытаў Пабла і паглядзеў на civiles.— Дзе той кажух?
— Вунь тая каробка, што зверху.
Пабла адцягнуў яе назад, але нешта там заела.
— Ну?— сказаў ён.— He ідзе. Ты мне, відаць, збрахаў.
— Адцягні назад яшчэ болей і адпусці, яна сама стане на месца,— сказаў той civil, і я зроду не чула такога голасу. Ён быў шэры — шарэйшы, чым світанак без сонца.
Пабла адцягнуў кажух назад і адпусціў, як той яго навучыў, і кажух стаў на месца, і курок быў цяпер узведзены. Гэты маўзер выглядаў пачварна — рукаятка маленькая і круглая, а ствол вялікі і быццам сплясканы, і трымаць яго было дужа нязручна. Civiles увесь час не зводзілі з Пабла вачэй і маўчалі.
Потым адзін спытаў:
— Што ты з намі зробіш?
— Расстраляю,— сказаў Пабла.
— Калі? — спытаў той усё такім жа сіпатым і ціхім голасам.
— Зараз,— сказаў Пабла.
— Дзе?— спытаў той.
— Тут,— адказаў Пабла.— Зараз. Вось тут і зараз. Можа, хочаш сказаць што-небудзь перад смерцю?
— Nada,— адказаў civil.— Нічога. Але гэта паскудства.
— Сам ты паскуда,— сказаў Пабла.— Колькі сялян ты забіў! Ты б і сваю маці не пашкадаваў бы!
— Я нікога і ніколі не забіваў,— сказаў civil.— А маёй маці не чапай.
— Пакажы нам, як трэба паміраць. Ты дагэтуль толькі забіваў іншых, а цяпер пакажы, як трэба паміраць.
— Абражаць нас не трэба,— сказаў другі civil.— A памерці мы зможам як след.
— Станавіцеся на калені, тварам да сцяны,— загадаў Пабла. Civiles паглядзелі адзін на аднаго.
— Кажу — на калені!— крыкнуў Пабла.— Хутка — на калені!
— Што рабіць, Пака?— спытаў адзін civil у другога, таго, што тлумачыў Пабла, як страляць з рэвальвера. У яго на рукавах былі капральскія нашыўкі, і ён увесь узмакрэў ад поту, хоць было яшчэ зусім рана і не дужа горача.
— На калені — дык на калені,— сказаў ён.— Хіба не ўсё адно?
— Бліжэй да зямлі будзе,— паспрабаваў пажартаваць першы. Усім ім, аднак, было не да жартаў, і ніхто нават не ўсміхнуўся.
— Што ж, станем на калені,— сказаў першы civil, і ўсе чацвёра нязграбна апусціліся на калені — рукі вісяць, тварам да сцяны,— і Пабла падышоў ззаду і кожнаму па чарзе стрэліў у патыліцу з рэвальвера ва ўпор, і яны адзін за адным павольна спаўзлі долу. Я нібыта зараз чую тыя стрэлы, рэзкія і, разам з тым, бы прыглушаныя, і бачу, як дула рэвальвера ўздрыгвае, і чалавек павольна спаўзае долу, і галава падае на грудзі. Першы нават не варухнуўся, калі да яго патыліцы дакранаўся рэвальвер. Другі нахіліў галаву і прыціснуўся лбом да сцяны. Трэці скалануўся ўсім целам, і галава яго затрэслася. I толькі адзін з іх — апошні — закрыў вочы рукамі. I калі пад сцяною засталіся чатыры нязграбна скурчаныя трупы, Пабла адвярнуўся ад іх і падышоў да нас з рэвальверам у руцэ.
— Патрымай, Пілар,— сказаў ён.— Я не ведаю, як спусціць курок.
Ён аддаў мне рэвальвер і паглядзеў на чатырох civiles, што ляжалі пад сцяной казармы. I ўсе, што былі з намі, гэтаксама стаялі і глядзелі на іх, і ніхто нічога не гаварыў.
Так мы захапілі горад, і ўсё яшчэ быў світанак, і час быў усё яшчэ ранні, і ніхто яшчэ не паспеў паснедаць ці нават папіць кавы, і мы паглядзелі адно на аднаго, і ўбачылі, што ўсе мы з галавы да пят зацярушаны пылам, які ўзняўся пасля выбуху ў казарме,— стаім усе, шэрыя ад пылу, быццам на малацьбе, і ўсё яшчэ я трымаю ў руцэ рэвальвер, адчуваючы яго вагу, і калі я глянула на мёртвых
civiles, што ляжалі пад сцяною, мне зрабілася моташна: яны гэтаксама былі шэрыя ад пылу і закурэлыя, як мы, але сухая зямля пад імі пачала ўжо рабіцца вільготнай ад крыві. I пакуль мы стаялі там, узышло сонца з-за далёкіх пагоркаў і асвятліла вуліцу і белую сцяну казармы, і пыл у паветры ў промнях сонца зрабіўся залаты, і селянін, які стаяў побач са мной, паглядзеў на сцяну казармы і на тое, што было пад ёй, а потым глянуў на ўсіх нас, потым на сонца і сказаў: «Vaya вось і дзень пачынаецца!»—«А зараз пойдзем піць каву»,— сказала я. «Добра, Пілар, добра»,— сказаў той селянін. I мы пайшлі на гарадскі пляц, і пасля гэтых чатырох у нас у горадзе нікога болей не расстрэльвалі.
— А што зрабілі з астатнімі?— запытаў Роберт Джордан.— Хіба ў вас не было болей фашыстаў?
— Que va,— не было фашыстаў! Іх было болей за дваццаць чалавек. Але нікога з іх не расстралялі.
— А што з імі зрабілі?
— Пабла загадаў забіць іх насмерць цапамі і скінуць з абрыву ў раку.
— Усіх? Дваццаць чалавек?
— Зараз раскажу. Пачакай. Гэта ўсё не так проста. I няхай мне болей ніколі ў жыцці не давядзецца бачыць, як людзей забіваюць насмерць цапамі на пляцы, ускрай абрыву над ракой.
Наш гарадок месціцца на высокім беразе, а над самай ракой у нас пляц з фантанам, а вакол пляца растуць вялікія старыя цяністыя дрэвы, і пад імі лавы. Балконы ўсіх будынкаў выходзяць на пляц. I на гэтым пляцы сыходзяцца шэсць вуліц, і ўвесь пляц наўкол апярэзаны аркадамі, так што, калі сонца дужа прыпякае,— можна схавацца ў цяні пад імі. 3 трох бакоў пляца — тыя аркады, а з чацвёртага, па-над абрывам — алея, а пад ёй, унізе, цячэ рака. Круча высокая — трыста футаў.
Як і захоп казармаў, арганізаваў усё гэта Пабла. Спачатку ён загадаў загарадзіць усе вуліцы, што выходзілі на пляц, вазамі, нібыта рыхтуючы пляц да сареа — аматарскага бою быкоў. Усіх фашыстаў зачынілі ў Ayuntamiento — гарадской ратушы,— самым вялікім будынку на пляцы. На сцяне ратушы быў гадзіннік, і тут жа пад аркадай быў фашысцкі клуб. А на тратуары перад клубам стаялі столікі і крэслы. Столікі і крэслы былі плеценыя. Раней, да гэтай вайны, яны звычайна збіраліся там і пілі свае аперы-
тывы. Гэта месца было падобнае на кафэ, толькі выглядала куды лепш і шыкоўней.
— Няўжо яны здаліся без бою?
— Пабла загадаў узяць іх ноччу, перад тым як мы напалі на казармы. Але на той час казармы былі ўжо акружаны. Усіх фашыстаў пазабіралі проста з іх дамоў, акурат а той самай гадзіне, калі пачаўся штурм казармаў. Усё было вельмі разумна зроблена,— Пабла праявіў сябе тут неблагім арганізатарам. Інакш, падчас нападу на казармы guardia civil, яму давялося б адбіваць атакі з абодвух флангаў і з тылу.