• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Калі Пабла перагарадзіў з усіх бакоў пляц і паставіў людзей у дзве шарэнгі, мне гэтая задума спадабалася, хоць яна і падалася мне спачатку крыху незвычайнай, і яшчэ я тады падумала, што ўсё, што трэба зрабіць, мы павінны зрабіць прыстойна: каб нікому не было брыдка. Калі ўжо сам народ вырашыў гірыкончыць фашыстаў, дык няхай усе ўдзельнічаюць у гэтым, і я хацела таксама ўзяць на сябе часцінку агульнай адказнасці, калі ўжо збіралася скарыстаць нешта з тых выгод, якія мы здабудзем, калі горад будзе нашым. Але пасля дона Гільерма мяне ахапілі сорам і агіда. Калі п’янюгі і ўсялякія прайдзісветы сталі на месцы тых, хто абурыўся і выйшаў з шарэнгаў пасля дона Гільерма, я гэтаксама вырашыла адтуль выйсці,— пайшла на другі канец пляца і села там на лаве ў засені вялікага дрэва.
    Да лавы, размаўляючы, наблізіліся двое сялян, а адзін з іх запытаў у мяне:
    — Што з табою, Пілар?
    — Нічога,— адказала я яму.
    — Няпраўду кажаш,— сказаў ён.— Ну, дык што гэта з табою?
    — Нешта ўсё гэта мне абрыдзела,— адказала я яму.
    — Гэтаксама як і нам,— сказаў ён, і абодва селі побач са мной на лаве. У аднаго з іх быў бурдзюк з віном, і ён працягнуў яго мне.
    — Прапалашчы горла,— сказаў ён, а другі працягваў размову:
    — Найгоршае тое, што гэта накліча на нас ліха. Хай мне ніхто нават і не кажа, што такія рэчы, як расправа з донам Гільерма, не наклічуць ліха.
    Тады першы сказаў:
    — Калі ўжо трэба было забіваць іх усіх, хоць я яшчэ не ўпэўнены ў гэтым, дык забівалі б проста, без здзекаў.
    — Хай бы ўжо здзекаваліся з дона Фаўсціна — гэта я магу зразумець,— сказаў другі.— Ён заўсёды быў блазнам, яго ніколі ніхто не прымаў насур’ёз. Але здзекавацца з такога чалавека, як дон Гільерма,— гэта ўжо брыдка.
    — Мне гэта ўсё абрыдзела,— сказала я яму, і гэта была чыстая праўда, бо мяне ўнутры так выварочвала, што
    я ўся была мокрая ад поту, і мне было так моташна, быццам я атруцілася гнілой рыбай.
    — Годзе ўжо з нас,— сказаў адзін з сялян.— Болей мы ў гэтай справе не ўдзельнічаем. А цікава ведаць, што робіцца ў іншых гарадах?
    — Тэлефонныя лініі яшчэ не адрамантавалі,— сказала я.— I гэта вельмі кепска, іх трэба адрамантаваць неадкладна.
    — Гэта праўда,— сказаў ён.— Хто ведае, можа, нам лепей было б рыхтавацца да абароны горада, а не забіваць людзей, ды яшчэ так жорстка і пакутліва.
    — Пайду пагавару з Пабла,— сказала я яму, паднялася з лавы і пайшла да аркады, што вяла да дзвярэй Ayuntamiento, адкуль праз увесь пляц цягнуліся шарэнгі.
    Цяпер яны ўжо не стаялі роўна, і парадку ў іх не было, і шмат хто з іх ужо добра нажлукціўся. Двое п’янюг упалі на зямлю пасярод пляца і, лежачы дагары, па чарзе прыкладваліся да пляшкі, перадаючы яе адзін аднаму. Адзін з іх пасля кожнага глытка гарланіў, як вар’ят: «Viva la Anarquia!» 1 На шыі ў яго была чырвона-чорная хустка. Другі крычаў: «Viva la Libertad!» 2 і дрыгаў нагамі ў паветры, а потым зноў гарланіў: «Viva la Libertad!» У яго таксама была чырвона-чорная хустка, і ён махаў гэтай хусткай і пляшкай, якую трымаў у другой руцэ.
    Адзін селянін, што выйшаў з шарэнгі і цяпер стаяў у цяні аркады, паглядзеў на яго гідліва і сказаў:
    — Ім лепей было б крычаць: «Няхай жыве п’янства!» Бо болей яны ні ў што не вераць.
    — Яны і ў гэта не вераць,— сказаў другі селянін.— Такія нічога не разумеюць і ні ў што не вераць.
    Тут адзін з п’янюг падняўся, узняў над галавой абедзве рукі са сціснутымі кулакамі і закрычаў: «Няхай жыве Анархія і Воля, так і ператак вашу Рэспубліку!»
    Другі п’янюга, што ляжаў дагары, схапіў гарладзёра за нагу і пацягнуў так, што той зваліўся на яго, абодва перакаціліся адзін цераз аднаго, а потым селі, і той, які зваліў свайго сябрука, абняў яго за шыю, падаў яму пляшку, пацалаваў яго чырвона-чорную хустку, і яны зноў пачалі піць.
    У тую самую хвіліну ў шарэнгах закрычалі, і я паглядзела туды, але не ўбачыла, хто выходзіць, бо нічога не было відаць праз натоўп, які сабраўся каля дзвярэй Ayun-
    1 Няхай жыве Анархія! (ісп.)
    2 Няхай жыве Воля! (ісп.)
    tamiento. Я ўбачыла толькі, што Пабла і Cuatro Dedos выпіхваюць некага сваімі драбавікамі, але не магла разгледзець каго, таму падышла бліжэй да натоўпу, што скупіўся каля дзвярэй.
    Людзі там штурхаліся, столікі і крэслы фашысцкага кафэ былі перакуленыя, акрамя аднаго століка, дзе ляжаў нейкі п’янюга, звесіўшы задраную ўгору галаву і разявіўшы рот. Я падняла адно крэсла, прыставіла яго да калоны аркады і ўзлезла на яго, каб лепей было відаць цераз галовы натоўпу.
    Той, каго выпіхвалі Пабла і Cuatro Dedos, быў дон Анастасіо Рывес — заўзяты фашыст і самы тоўсты чалавек у нашым горадзе. Ён займаўся скупкай збожжа і быў агентам некалькіх страхавых кампаній, а таксама пазычаў людзям грошы за вялікія працэнты. Стоячы на крэсле, я ўбачыла, як ён сышоў па прыступках і наблізіўся да шарэнгаў — яго тлустая шыя выпірала ззаду з-пад каўняра кашулі, а лысіна блішчала на сонцы. Аднак праз строй ён так і не прайшоў, бо ўвесь натоўп зароў разам — людзі крычалі не паасобку, а ўсе адначасова. Узняўся страшэнны крык, і пад гэты шматгалосы рык людзі ўсе разам накінуліся на дона Анастасіо, і я пабачыла, як ён упаў на зямлю, абараняючы галаву рукамі, а потым ужо нічога не было відаць, бо ўсе кучай наваліліся на яго. А калі людзі разышліся, дон Анастасіо быў ужо мёртвы, бо яго білі галавой аб каменныя пліты, і ніякіх шарэнгаў ужо не было, а была дзікая арда.
    — Пойдзем туды!— пачуліся крыкі.— Пойдзем да іх самі!
    — Ён надта цяжкі — не дацягнеш,— сказаў нейкі чалавек і штурхнуў нагой цела дона Анастасіо, якое ляжала на зямлі ніцма.
    — Навошта нам цягнуць гэтую кучу трыбухоў да абрыву? Хай тут і застаецца.
    — Пойдзем туды, прыкончым іх усіх разам,— закрычаў нехта.— Пойдзем!
    — Навошта нам тут пячыся на сонцы ўвесь дзень!— падхапіў яшчэ адзін.— Пойдзем. Хутчэй!
    Натоўп паваліў пад аркады. Усе штурхаліся і гарлапанілі, раўлі, як звяры, і ўсе крычалі: «Адчыняй! Адчыняй! Адчыняй!», бо, калі шарэнгі разваліліся, Пабла загадаў вартавым зачыніць дзверы Ayuntamiento на ключ.
    3 майго крэсла мне было відаць скрозь аконныя краты, што адбываецца ў^зале Ayuntamiento. Там усё было па-ранейшаму, як і першы раз, калі я туды зазірнула: тыя, хто
    яшчэ не выйшаў, стаялі паўколам перад свяшчэннікам на каленях і маліліся. Пабла, з драбавіком за спіной, сядзеў на вялікім стале перад крэслам мэра, паклаўшы ногі на стол, і курыў. Ногі ў яго віселі, не дастаючы да падлогі. Усе вартавыя парассядаліся на крэслах членаў муніцыпалітэта з ружжамі ў руках. Ключ ад дзвярэй ляжаў на стале каля Пабла.
    Натоўп крычаў: «Адчыніце! Адчыніце! Адчыніце!»— хорам, быццам прыпеў нейкай песні, а Пабла сядзеў на сваім месцы і рабіў выгляд, нібыта нічога не чуе. Ён нешта сказаў свяшчэнніку, але навокал стаяў такі гвалт, што я не ўчула, што ён сказаў.
    Свяшчэннік, як і раней, не адказаў яму і працягваў маліцца. Мяне штурхалі з усіх бакоў, і я падсунула сваё крэсла ажно да самай сцяны. Узлезла зноў на крэсла і прыпала тварам да аконных крат, учапіўшыся за іх рукамі. Нейкі чалавек таксама ўзлез на маё крэсла і стаў ззаду ў мяне, ухапіўшыся рукамі за крайнія пруткі кратаў.
    — Крэсла не вытрымае,— сказала яму я.
    — Нічога з ім не зробіцца,— адказаў ён.— Глядзі. Глядзі, як яны моляцца.
    Ён дыхаў мне ў патыліцу, і ад яго тхнула вінным перагарам і смуродам натоўпу,— кіслым, як ваніты на бруку, а потым ён выцягнуў шыю праз маё плячо, прасунуў твар паміж кратамі і загарланіў: «Адчыніце! Адчыніце!», і мне здалося, нібыта ўвесь натоўп сеў на мяне вярхом, як часам у сне д’ябал узлазіць табе на карак.
    Цяпер увесь натоўп збіўся ў кучу і напіраў на дзверы так, што тых, хто стаяў наперадзе, ледзь не задушылі тыя, што налягалі ззаду, а нейкі здаравенны п’янюга ў чорнай блузе з чырвона-чорнай хусткай на шыі разагнаўся ажно з сярэдзіны пляца і наляцеў з усяго маху на тых, хто стаяў ззаду, і ўпаў, а потым усхапіўся на ногі, адышоў назад, і зноў разагнаўся, і зноў наляцеў на тых, хто быў ззаду, і загарланіў: «Хай буду я і хай жыве анархія!»
    Потым гэты самы п’янюга выйшаў з натоўпу, сеў пасярод пляца і пачаў жлукціць з пляшкі, і тут ён убачыў дона Анастасіо, што ўсё яшчэ ляжаў ніцма на каменных плітах — мноства ног прайшло ўжо па яго целе. П’янюга падняўся і падышоў да дона Анастасіо, нахіліўся і пачаў паліваць з пляшкі таму на галаву і вопратку, а потым выцягнуў з кішэні запалкі і пачаў чыркаць адну за адной, намагаючыся падпаліць дона Анастасіо. Але моцны вецер тушыў запалкі, і праз хвіліну-другую п’янюга кінуў гэтыя марныя намаганні і, хістаючы галавой, уладкаваўся побач
    з донам Анастасіо — і то прыкладваўся да пляшкі, то нахіляўся і ляскаў па плячы мёртвага дона Анастасіо.
    Тым часам натоўп усё гарланіў і дамагаўся, каб адчынілі дзверы, і чалавек, што стаяў каля мяне на крэсле, з усяе сілы тузаў за краты і гарланіў у мяне над вухам, аглушаючы мяне сваім ровам і абдаючы смярдзючым дыханнем, і я перастала назіраць за п’янюгам, што намагаўся падпаліць дона Анастасіо, і зноў зазірнула ў залу Ayuntamiento, а там усё было па-ранейшаму, без ніякіх змен. Яны ўсё яшчэ маліліся, стоячы на каленях, у расхрыстаных на грудзях кашулях: хто, схіліўшы галаву долу, хто — узняўшы яе ўверх і гледзячы на крыж у руках у свяшчэнніка, а той хутка і выразна шаптаў словы малітвы, пазіраючы некуды паверх іх галоў, а ззаду на стале сядзеў Пабла з запаленай цыгарэтай у зубах, з драбавіком за спіной — матляў нагамі і забаўляўся ключом ад дзвярэй, які ён узяў са стала.
    Я пабачыла, як Пабла зноў нахіліўся і нешта сказаў свяшчэнніку, але што ён сказаў — разабраць было немагчыма, бо наўкол стаяў суцэльны крык і гвалт. Свяшчэннік нічога яму не адказаў і працягваў маліцца далей. Раптам з паўкола тых, што маліліся, падняўся чалавек, і я зразумела, што ён хоча выйсці. Гэта быў дон Хасэ Кастра, якога ўсе называлі донам Пепе, гандляр і перакупшчык коней і заўзяты фашыст. Цяпер ён стаяў пасярод залы — нізенькі, акуратны, хоць і няголены, у піжамнай куртцы, увабранай у шэрыя паласатыя штаны. Ён пацалаваў крыж, і свяшчэннік блаславіў яго, потым дон Пепе азірнуўся на Пабла і кіўнуў галавой на дзверы.
    Пабла адмоўна пакруціў галавой і працягваў курыць. Я заўважыла, што дон Пепе нешта гаворыць Пабла, але не чула, пра што той кажа. Пабла нічога не адказаў, толькі зноў адмоўна пакруціў галавой і паказаў на дзверы.