• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    ходзіла пра родны горад,— і адказваеш на гэта заўсёды аднолькава: «Вось жа звяры!»
    Ты чуеш толькі сухі пералік страт. Ты не бачыў на свае вочы, як упаў забіты бацька, перад табой не паўстае карціна яго смерці, як паўстала карціна смерці фашыстаў, калі Пілар расказвала каля ручая. Ты ведаеш: бацьку расстралялі дзесьці надвячоркам пры святле фар грузавіка, ці на двары, ці ў полі, ці пад мурам, ці ў садку. Табе даводзілася бачыць зверху, з гор, сполахі стрэлаў і чуць посвіст куль, а потым ты спускаўся на дарогу і знаходзіў трупы. Але ты не бачыў на свае вочы, як забівалі маці, ці сястру, ці брата. Ты толькі чуў пра гэта, і ты чуў стрэлы і бачыў трупы.
    Пілар жа сваім расказам прымусіла яго ўбачыць увачавідкі, што адбылося ў тым гарадку.
    Калі б жа гэтая жанчына ўмела пісаць! Ён паспрабуе занатаваць усё так, як яна расказвала, калі толькі яму пашчасціць усё ўспомніць як след. Божухна, як яна расказвае! Лепей за Кеведа, падумаў ён. Кеведа ніколі не здолеў бы апісаць смерць нейкага там Фаўсціна так, як апісала яна. Вось каб у мяне хапіла таленту напісаць такое апавяданне, падумаў ён. Пра тое, што мы рабілі, а не пра тое, што яны рабілі з намі. Пра апошняе ён ужо ведаў досыць. Безліч разоў ён чуў пра гэта ў варожым тыле. Але трэба ведаць гэтых людзей. Трэба ведаць, што гэта былі за людзі, як яны жылі раней, у сваіх родных мясцінах.
    Таму што нам ніколі не даводзілася затрымлівацца і самім расказваць — таму мы па сутнасці не ведаем, чым на самой справе канчаюцца нашы аперацыі, думаў ён. Прыходзіш да селяніна ў хату. Прыходзіш надвячоркам, вячэраеш з ім і яго сям’ёй і кладзешся спаць. Удзень цябе хаваюць ад ворага, а наступнай ноччу ты ідзеш далей. Ты зрабіў сваю справу і пайшоў. Калі табе патрапіць завітаць у тую самую вёску, ты даведваешся, што тваіх гаспадароў расстралялі. Вось і ўсё.
    Але ты ніколі не бачыў на свае вочы, як гэта робіцца. Партызаны знішчалі тое, што ім было загадана, і ішлі далей. Сяляне заставаліся і расплачваліся за ўсё. Я і раней ведаў пра тое, пра што расказала Пілар, падумаў ён. Пра тое, што мы рабілі з імі напачатку. Я заўсёды ведаў гэта, і мне было агідна, і я чуў, як пра гэта гаварылі іншыя — саромеючыся ці без сораму, як тым хваліліся, апраўдваліся, тлумачылі ці пярэчылі. Але ж гэтая праклятая баба прымусіла мяне пабачыць усё так, нібыта ўсё гэта паскудства адбывалася перад маімі вачыма.
    Ну, што ж, падумаў ён, гэта таксама неабходна для тваёй адукацыі. А адукацыю ты тут атрымаеш добрую, калі толькі табе пашчасціць яе закончыць. У гэтай вайне можна шмат чаму навучыцца, калі ўмееш слухаць. Так, шмат чаму. Добра, што апошнія дзесяць гадоў перад вайной ты амаль штогод наведваў Іспанію. Заслужыць давер тут можна, перш за ўсё калі добра ведаеш мову. Ты заслужыў яго, дзякуючы таму, што цудоўна разумееш іспанскую мову, можаш свабодна на ёй гаварыць, як сапраўдны іспанец, і да таго ж пабываў у шмат якіх мясцінах у гэтай краіне. Іспанцы, зрэшты, адданы толькі сваёй вёсцы. Гэта значыць — перш за ўсё Іспаніі, потым сваёй вёсцы, сваёй сям’і, нарэшце, свайму рамяству. Калі ты ведаеш іспанскую мову — адразу ты выклікаеш прыхільнасць да сябе, калі ты ведаеш правінцыю іспанца — прыхільнасць узмацняецца, але калі ты ведаеш яго вёску і яго рамяство — то ўзнімаешся ў яго вачах на такую вышыню, якая толькі магчымая наогул для чужынца.
    Сам ён ніколі не пачуваў сябе ў Іспаніі чужынцам, і людзі ніколі не ставіліся да яго, як да чужынца — хіба толькі тады, калі чамусьці паўставалі супраць яго.
    Здаралася, што яны паўставалі супраць цябе. Такое часта бывала — гэта праўда, але яны гатовыя паўстаць супраць кожнага. Нават супраць саміх сябе.
    Кепска так думаць, але хто кантралюе яго думкі? Ніхто, апроч яго самога. Ён не баяўся, што такія думкі прывядуць яго ўрэшце да паражэнства. Найгалоўнейшае — гэта перамагчы ў вайне. Калі мы не пераможам у вайне — усё прапала. Але ён адзначаў сабе ўсё, і да ўсяго прыслухоўваўся, і ўсё запамінаў. Ён браў удзел у гэтай вайне і, пакуль яна ішла, аддаваў ёй усяго сябе цалкам, захоўваючы непахісную вернасць свайму абавязку. Але розуму свайго і сваёй здольнасці ўсё бачыць і чуць — ён не аддаваў нікому, што да высноў з усяго пачутага і пабачанага ім, дык гэтым ён займаецца ў свой час, пазней. Матэрыялу ён назапасіў многа. Яго ўжо і цяпер хапае. Часам здаецца, што нават яго замнога.
    Паглядзі толькі на гэтую жанчыну, на Пілар, падумаў ён. Як бы там далей усё ні складвалася, трэба абавязкова знайсці час і ўпрасіць Пілар, каб яна да канца расказала ўсю тую гісторыю. Паглядзі толькі, як яна ідзе наперадзе, побач з гэтымі двума маладымі людзьмі. Цяжка нават уявіць сабе трох болей прыгожых прадстаўнікоў іспанскай нацыі, чым яны: Пілар падобная на гару, а юнак і дзяўчына — на два маладых дрэўцы. Старыя дрэвы цяпер ужо ўсе
    пасечаныя, а маладыя буяюць прыгожа. Нягледзячы на ўсё, што выпала на іх долю, яны выглядаюць такімі свежымі, і чыстымі, і здаровымі, і некранутымі, быццам ніколі не зазналі ніякага ліха. А Пілар жа казала, што Марыя толькі што ачуняла. Яна, пэўна, была ў жахлівым стане.
    Ён згадаў маладога бельгійца з Адзінаццатай брыгады, які прыбыў з шасцю добраахвотнікамі,— усе яны былі з адной вёскі. Гэта была зусім невялічкая вёсачка, дзе жыло душ дзвесце, не болей, і гэты хлапец ніколі не выязджаў за межы сваёй вёскі. Калі Роберт Джордан упершыню напаткаў яго ў штабе брыгады Ганса, усе пяцёра яго аднавяскоўцаў ужо загінулі, ён адзін ацалеў,— ён быў нібыта не ў сабе, і яго ўзялі ў штаб ардынарцам, прыслужваць за сталом. У яго былі светлыя валасы, шырокі румяны фламандскі твар і агромістыя, нехлямяжыя рукі селяніна, і з падносам у руках ён выглядаў нязграбнай няўклюдай, як біцюг. Ад пачатку і да канца вячэры ці абеду ён увесь час плакаў бязгучна, але нястрымна.
    Калі на яго ні глянеш, ён плача. Папросіш наліць віна — плача, пасунеш талерку па мяса — плача, толькі твар адварочвае. Потым раптам перастае плакаць, але толькі глянеш на яго, і слёзы адразу ж набягаюць яму на вочы. Ён плакаў і на кухні, чакаючы чарговай стравы. Усе былі вельмі з ім ласкавыя, але нічога не дапамагала. Трэба будзе даведацца, што з ім сталася, ці прайшло гэта ў яго і ці змог ён зноў вярнуцца на фронт.
    А Марыя цяпер ужо цалкам ачуняла. Так, прынамсі, здаецца. Праўда, з яго кепскі псіхіятр. Пілар — вось хто сапраўдны псіхіятр. Напэўна, для іх абаіх гэта добра, што яны правялі разам мінулую ноч. Так, калі толькі на гэтым усё не скончыцца. Для яго гэта вельмі добра. У яго сёння лёгка на душы, спакойна і радасна, і ніякай трывогі. Заданне ўзарваць мост, якое яму трэба выканаць,— аказалася досыць рызыкоўным, аднак пакуль што яму шанцавала. Ён ужо не раз браў удзел у аперацыях, якія абяцалі быць рызыкоўнымі. «Абяцалі быць»,— гэта ўжо ён думае па-іспанску. Марыя — цудоўная дзяўчына.
    Паглядзі на яе, сказаў ён сабе. Паглядзі на яе.
    Ён глядзеў, як яна весела ідзе ў сонечных промнях у расшпіленай на шыі шэрай сарочцы. У яе хада, як у маладога жарабяці, падумаў ён. He кожны дзень сустрэнеш такую. Такое не часта выпадае. А можа, гэтага зусім не было. Можа, пабачыў ты гэта ўсё ў сне ці ты гэта ўсё выдумаў, а на самой справе гэтага зусім і не было. Можа, гэта ты ўсё бачыў у сне, як часам здараецца, калі жанчына,
    якую ты бачыў на экране, прыходзіць да цябе ўначы, такая пяшчотная і цудоўная? Ён усіх іх абдымаў у сне. Грэту Гарба ён дагэтуль памятае і Гарлаў. Так. Гарлаў наведвала яго шмат разоў па начах. Можа, і гэта быў такі самы сон?
    А можа, і не сон, сказаў ён сабе, Можа, вось выцягну зараз руку і дакрануся да гэтай самай Марыі. А хіба ты не баішся, запытаў ён у сябе. А што, калі раптам выявіцца, што нічога не было, што ўсё гэта — няпраўда і ты ўсё гэта прыдумаў, як у тых снах пра кінаактрыс або як тады, калі твае колішнія каханкі прыходзілі да цябе ўначы і спалі з табой у гэтым самым спальным мяшку на голых падлогах, на сене ў стадолах, на зямлі, ва ўсіх стайнях, пунях, у corrales і cortijos, у грузавіках, у гаражах, у лясах і ва ўсіх горных цяснінах Іспаніі. Усе яны прыходзілі да яго па начах, калі ён спаў у гэтым мяшку, і ўсе яны былі з ім больш пяшчотныя, чым у жыцці. Можа, і на гэты раз было тое самае. Можа, ты баішся дакрануцца да яе, каб пераканацца, што ўсё гэта праўда. Можа, дакранешся, і раптам высветліцца, што ўсё гэта ты выдумаў або пабачыў у сне.
    Ён падышоў да дзяўчыны і паклаў руку на яе плячо. Скрозь паношаную тканіну яго пальцы адчулі пяшчоту яе скуры. Дзяўчына азірнулася і ўсміхнулася яму.
    — Ноіа, Марыя,— сказаў ён.
    — Hola, Ingles,— адказала яна, і ён убачыў яе залаціста-смуглявы твар, і жоўта-шэрыя вочы, і поўныя вусны, што раскрыліся ва ўсмешцы, і кароткія, выгаралыя на сонцы валасы, і яна пазірала яму ў вочы і ўсміхалася. Гэта ўсё-такі была праўда.
    Яны ўжо бачылі лагер Эль Сорда праз апошнія сосны, там, дзе на схіле гары, у канцы цясніны, паказалася акруглая выемка, падобная да перакуленай міскі. Тут навокал у вапняку, напэўна, безліч пячор, падумаў ён. Вунь дзве проста наперадзе. Іх амаль не відаць за дробным хвойнікам, што разросся па схіле. Неблагое месца пад лагер, не горшае, чым у Пабла, а можа, нават і лепшае.
    — Раскажы, як забілі тваіх сваякоў,— папрасіла Пілар хлопца.
    — Няма чаго расказваць, жанчына,— сказаў Хаакін.— Усе яны былі левыя, як і шмат хто ў Вальядалідзе. Калі фашысты ачышчалі горад, яны спярша расстралялі майго бацьку. Бо ён галасаваў за сацыялістаў. Пасля расстралялі маці. Яна таксама галасавала за сацыялістаў. Гэта ж яна ўпершыню ў жыцці галасавала. Потым расстралялі мужа адной маёй сястры. Ён быў членам прафсаюза трамвайных
    вадзіцеляў. А калі б ён не ўступіў у прафсаюз, ён не змог бы працаваць вадзіцелем трамвая. Але ён не займаўся палітыкай. Я добра яго ведаў. Гэта быў чалавек, праўду кажучы, даволі нахабны. Мне здаецца, што і таварыш быў з яго не вельмі добры. Потым муж другой сястры, таксама трамвайшчык, уцёк у горы, як і я. Фашысты лічылі, што сястра ведае, дзе ён хаваецца. Але яна не ведала. Тады яны застрэлілі яе за тое, што яна не сказала ім, дзе ён.
    — Вось звяры,— сказала Пілар.— Але дзе ж гэты Эль Сорда? Нешта я яго нідзе не бачу.
    — Ён тут. Напэўна, у пячоры,— сказаў Хаакін, потым спыніўся, паставіў прыклад карабіна на зямлю і сказаў:— Паслухай, Пілар. I ты, Марыя. Выбачайце, калі я ўчыніў вам боль, расказаўшы пра смерць сваякоў. Я ведаю, у кожнага сваё гора, і лепей не гаварыць пра сваё.