Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Марыя ішла па сцежцы назад і пачула апошнія словы Пілар, якія тая крыкнула ў запале Роберту Джордану.
1 Як гэта было? (ісп.)
Марыя энергічна заматала галавой Роберту Джордану і засцярожліва пагразіла пальцам. Пілар заўважыла, што Роберт Джордан глядзіць на дзяўчыну і ўсміхаецца, абярнулася да Марыі і сказала:
— Так. Я сказала — сцерва, і сказала тое, што думаю. I каціцеся сабе ўдваіх да Рэспублікі, а мы будзем сядзець у Грэдасе і есці казінае дзярмо.
— Хай я буду сцерва, калі ты так хочаш, Пілар,— сказала Марыя.— I пэўна ж, я сапраўды сцерва, калі ты так кажаш. Толькі не хвалюйся так. Што з табой?
— Нічога,— адказала Пілар і села на калоду. Голас у яе ўжо палагоднеў, і ў ім ужо не звінела металам лютасць.— Я зусім не лічу цябе сцервай. Але мне так хочацца пайсці туды, дзе Рэспубліка.
— Вось і пойдзем туды, усе разам,— сказала яму Марыя.
— Сапраўды,— сказаў Роберт Джордан.— Калі ўжо Грэдас так табе не даспадобы.
Эль Сорда ўсміхнуўся.
— Добра, пабачым,— сказала Пілар, цяпер ужо зусім заспакоіўшыся.— Дайце мне шклянку таго дзіўнага пітва. У мяне ў горле перасохла ад лютасці. Пабачым. Пабачым, як усё яшчэ пойдзе далей.
— Разумееш, таварыш,— растлумачыў Эль Сорда.— Самае цяжкае тое, што гэта давядзецца рабіць раніцай.— Ён болей не гаварыў куртатымі фразамі і глядзеў у вочы Роберту Джордану спакойна і пераканаўча, а не дапытліва і падазрона і без той абыякавай паблажлівасці старога ваякі, што раней праглядвала ў яго поглядзе.— Я разумею твой план і ведаю, што спачатку трэба знішчыць пасты і потым прыкрываць мост, пакуль ты будзеш рабіць сваю справу. Усё гэта я добра разумею. Але ўсё гэта лягчэй было б зрабіць на досвітку ці ўвечары.
— Так,— сказаў Роберт Джордан.— Ідзі пагуляй яшчэ крыху, добра?— сказаў ён Марыі, не гледзячы на яе.
Дзяўчына адышла на такую адлегласць, што іх галасоў ужо не было чутно, і села, абхапіўшы калені рукамі.
— Дык вось,— сказаў Эль Сорда.— Зрабіць усё гэта — няцяжка. Але потым, сярод белага дня, адысці адтуль і дабрацца да другога моста нам будзе куды складаней.
— Слушна,— сказаў Роберт Джордан.— Я пра гэта ўсё думаў. Але ж і мне давядзецца адыходзіць пры дзённым святле.
— Ты адзін,— сказаў Эль Сорда.— А нас многа.
— А што, калі пасля выбуху мы вернемся да сваіх лагераў і дачакаемся там цемры, а пасля ўжо рушым далей?— сказала Пілар, каўтнуўшы з шклянкі і зноў паставіўшы яе.
— I гэта дужа небяспечна,— запярэчыў Эль Сорда.— Можа, нават яшчэ небяспечней.
— Mary ўявіць сабе, што з гэтага атрымалася б.
— Узарваць гэты мост уначы было б лёгка,— сказаў Эль Сорда.— Але калі ты гаворыш, што гэта трэба зрабіць удзень,— усё ўскладняецца.
— Я ведаю.
— А што, калі ты знішчыш мост уначы?
— Мяне расстраляюць.
— Калі ты зробіш гэта ўдзень, цябе таксама заб’юць, а разам з табой і ўсіх нас.
— Асабіста для мяне гэта ўжо не мае аніякага значэння, бо мост будзе знішчаны,— сказаў Роберт Джордан.— Але я разумею, што вас непакоіць. Удзень вы не зможаце арганізаваць адыход.
— Ат, трэба будзе, дык зможам,— сказаў Эль Сорда.— Але я хачу, каб ты зразумеў, што трывожыць людзей і чаму яны злуюць. Ты гаворыш пра пераход да Грэдаса як пра звычайны вайсковы манеўр. Але толькі цудам мы зможам трапіць у Грэдас.
Роберт Джордан маўчаў..
— Паслухай мяне,— сказаў Эль Сорда.— Я сёння многа гавару. Гэта для таго, каб мы зразумелі адзін аднаго. Мы тут наогул трымаемся цудам. Стварылі гэты цуд лянота і дурасць фашыстаў, але калі-небудзь яны схамянуцца. Праўда, мы тут вельмі асцярожныя і сядзім ціха, нікога і нічога не чапаем.
— Я ведаю.
— Але пасля ўзрыву моста нам давядзецца пайсці адгэтуль. I мы мусім добра абмазгаваць, як гэта найлепей зрабіць.
— Зразумела.
— Вось так,— сказаў Эль Сорда.— А зараз трэба пад’есці. Даўно ўжо я не быў такім балбатуном.
— Яшчэ ніколі мне не даводзілася чуць, каб ты так многа балбатаў,— сказала Пілар.— Можа, праз гэтае?— Яна паднесла шклянку.
— He,— пакруціў галавой Эль Сорда.— Гэта не ад віскі. А з-за таго, што ў мяне ніколі яшчэ не было патрэбы так многа сказаць.
— Я шаную тваю дапамогу і тваю адданасць Рэспубліцы,— сказаў Роберт Джордан.— Я разумею ўсе цяжкасці, якія звязаны з нязручным часам, на які прызначаны ўзрыў моста.
— Хопіць ужо гаварыць пра гэта,— сказаў Эль Сорда.— Мы тут для таго, каб зрабіць усё, што ад нас залежыць. Але гэта нялёгкая задача.
— А на паперы ўсё дужа проста выглядае,— усміхнуўся Роберт Джордан.— На паперы знішчэнне моста прызначана на самы пачатак наступу, каб перарэзаць шашу. Усё вельмі проста.
— Хай бы яны хоць раз далі нам зрабіць што-небудзь на паперы,— сказаў Глухі.— Каб мы прыдумалі і здзейснілі ўсё на паперы!
— Папера ўсё стрывае,— нагадаў Роберт Джордан прыслоўе.
— I багата на што яна прыдатная,— сказала Пілар.— Es muy util Хацела б я скарыстаць твой загад для адпаведнай патрэбы.
— Я і сам хацеў бы таго самага,— сказаў Роберт Джордан. — Але так ніколі не здабудзеш перамогі.
— Так,— сказала жанчына.— Твая праўда. А ведаеш, чаго б я хацела?
— Пайсці туды, дзе Рэспубліка,— сказаў Эль Сорда. Ен нахіліўся да яе бліжэй, прыслухоўваючыся здаровым вухам да яе слоў.— Ya iras, mujer . Вось выйграем вайну, і тады паўсюль будзе Рэспубліка.
— Ну, добра,— сказала Пілар.— А зараз з богам, давайце паямо.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Падсілкаваўшыся, яны выйшлі з лагера Эль Сорда і рушылі той самаю сцежкаю ўніз. Эль Сорда правёў іх да апошняга паста.
— Salud,— сказаў ён.— Увечары пабачымся.
— Salud, Camarada,— адказаў яму Роберт Джордан, і яны ўтраіх пайшлі сцежкаю далей, а Глухі застаўся стаяць, гледзячы ім услед. Марыя азірнулася і памахала яму рукой, і Эль Сорда адказаў ёй тым нядбалым, характэрным
1 Вельмі карысная (ісп.).
2 Ты пойдзеш, жанчына (ісп.).
для іспанцаў, грубавата рэзкім рухам рукі ўгору,— нібыта адкідваючы штосьці прэч ад сябе,— маўляў, навошта тут усялякае развітанне — яно зусім не да месца. За сталом ён сядзеў у тым самым аўчынным кажушку, нават не расшпіліўшы яго, і падчас абеду паводзіў сябе падкрэслена гасцінна, старанна паварочваў галаву, каб лепей чуць субяседніка, і зноў перайшоў на куртатую іспанскую мову, калі распытваў Роберта Джордана пра становішча ў Рэспубліцы. Але было відаць, што ён хоча як найхутчэй пазбавіцца ад іх.
Калі яны ўжо збіраліся пайсці, Пілар спыталася ў яго: — Ну, дык як, Сант’яга?
— Ніяк, жанчына,— адказаў Глухі.— Усё добра.
Я яшчэ падумаю.
— Я таксама,— сказала Пілар і ўвесь час, пакуль яны спускаліся крутой сцежкаю між сосен — спускацца было лёгка і прыемна, не тое што ісці ўгору,— не вымавіла ніводнага слова. Роберт Джордан і Марыя таксама ішлі моўчкі, і ўсе трое хутка дасягнулі таго месца, дзе пачынаўся апошні стромкі пад’ём і сцяжынка знікала ў лясным гушчары, адкуль нарэшце яна выбягала на горны луг.
Гарачае паўдзённае майскае сонца добра прыпякала, і калі яны адолелі палову апошняга стромкага схілу, жанчына раптам спынілася. Роберт Джордан азірнуўся і ўбачыў, што ў яе на лбе выступілі кроплі поту. Яму здалося, што яе смуглявы твар нібыта спалатнеў, а скура зрабілася жаўтаватай і пад вачыма залеглі густыя цені.
— Адпачнём крыху,— прапанаваў ён.— Мы ідзём надта хутка.
— He,— адмовілася яна.— Пойдзем далей.
— Адпачні, Пілар,— сказала Марыя.— Ты блага выглядаеш.
— Змоўкні,— адказала жанчына.— У цябе ніхто не пытаецца.
Жанчына рушыла далей па сцежцы ўгору, але, калі дайшлі да перавалу, яна дыхала цяжка, твар у яе быў увесь змакрэлы ад поту, і бледнасць яго ўжо кідалася ў вочы.
— Пасядзі, Пілар,— сказала Марыя.— Прашу цябе, калі ласка, адпачні.
— Добра,— згадзілася Пілар, і яны ўтраіх уладкаваліся пад сасною, адкуль было відаць горны луг, а далей, на гарызонце паміж цёмных горных кражаў асобныя скалістыя вяршыні нібыта імкнуліся ў неба, а ў промнях паўдзённага сонца на іх ярка блішчаў снег.
— Такая брыдота гэты снег, а на выгляд — такі прыгожы,— сказала Пілар.— Адзіны падман — гэты снег.— Яна павярнулася да Марыі.— He крыўдуй, што я цябе вылаяла. Сама не ведаю, што гэта сёння са мной. Настрой кепскі.
— Я не зважаю на тое, што ты кажаш, калі сярдуеш,— адказала Марыя.— А сярдуеш ты часта.
— He, я не сярдую, гэта нешта горшае,— сказала Пілар, пазіраючы на агорнутыя снегам вяршыні.
— Ты занядужала,— сказала Марыя.
— Справа не ў гэтым,— сказала жанчына.— Хадзі сюды, guapa, пакладзі галаву мне на калені.
Марыя прысунулася да яе бліжэй, выпрастала рукі і склала іх так, як складаюць, калі збіраюцца спаць без падушкі, і паклала на іх галаву. Яна павярнулася тварам да Пілар і ўсміхнулася ёй, але жанчына ўсё глядзела на горы, потым пагладзіла дзяўчыну па галаве і правяла тоўстым кароткім пальцам па лбе дзяўчыны, вакол вуха і далей, уздоўж лініі валасоў на шыі.
— Зараз я аддам яе табе, Ingles,— сказала яна.
Роберт Джордан сядзеў за спіной у яе.
— He кажы так,— сказала Марыя.
— Так, хай ён бярэ цябе,— сказала Пілар і кінула позірк некуды ўбок.— Ты мне зусім не патрэбная. Але я ўсё адно раўную.
— He кажы так, Пілар,— сказала Марыя.
— Ат, хай ужо бярэ цябе,— сказала Пілар і абвяла пальцам наўкол мочкі яе вуха.— Але я дужа цябе раўную.
— Але ж, Пілар,— сказала Марыя.— Ты ж сама мне казала, што паміж намі няма нічога такога.
— Нешта такое заўсёды ёсць,— сказала жанчына.— Заўсёды ёсць такое, чаго не павінна быць. Але ў мяне такога няма. Гэта праўда, што няма. Я табе зычу шчасця і нічога болей.
Марыя маўчала, намагаючыся ляжаць так, каб Пілар было не цяжка трымаць яе галаву.
— Паслухай, guapa,— сказала Пілар і абвяла пальцам авал твару дзяўчыны.— Паслухай, guapa, я люблю цябе, але не маю нічога супраць, каб ён цябе забраў, бо я не tortillera1, а жанчына, створаная для мужчыны. Гэта праўда. Але мне прыемна вось так, сярод белага дня, казаць, што я цябе люблю.
— I я цябе люблю.
1 Лесбіянка (ісп.).
— Que va. He вярзі лухту. Ты нават не разумееш, пра што я кажу.
— Я разумею.
— Que va, што ты разумееш? Ты створана для гэтага Ingles. Гэта адразу відаць, дык хай яно так і будзе. I на гэта ёсць мая згода. На штосьці іншае я ніколі не пагадзілася б. Навошта крывіць душой. I я кажу табе толькі праўду. Няшмат знойдзецца такіх людзей, што кажуць праўду, асабліва сярод жанчын. Я раўную цябе, так і кажу, бо гэта праўда.