Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Усё можна,— адказаў Эль Сорда.— Можна — ніводнага, а можна — і болей.
— У вас ёсць ручны кулямёт?— спытаў Роберт Джордан.
Эль Сорда кіўнуў.
— Дзе?
— Наверсе.
— Якой сістэмы?
— He ведаю назвы. 3 дыскамі.
— А колькі дыскаў?
— Пяць.
— Хто-небудзь з вас можа страляць з яго?
— Я. Крыху. Многа не стралялі. He хочам уздымаць тут гвалту. He хочам дарэмна траціць патроны.
— Я потым гляну на яго,— сказаў Роберт Джордан.— А ручныя гранаты ў вас ёсць?
— Многа.
— А патронаў колькі на вінтоўку?
— Многа.
— Колькі?
— Сто пяцьдзесят. Можа, і болей.
— А людзей можна яшчэ расстарацца?
— Навошта?
— Каб захапіць і знішчыць пасты і абараняць мост, пакуль я падрыхтую выбух. А для гэтага нам патрэбна ўдвая болей людзей, чым мы маем зараз.
— Наконт пастоў не турбуйся. Час?
— На світанку.
— He турбуйся.
— Мне б яшчэ чалавек дваццаць — для пэўнасці,— сказаў Роберт Джордан.
— Надзейных няма. Ненадзейных — трэба?
— He. А колькі ёсць надзейных?
— Можа, чацвёра.
— Чаму так мала?
— Астатнім няма веры.
— Нават для таго, каб даглядаць коней?
— Каб даглядаць коней — трэба вельмі давяраць.
— Можа, хоць дзесяцёра набярэцца надзейных?
— Чацвёра.
— Ансельма казаў мне, что тут, у гэтых гарах, болей за сотню.
— Ненадзейных.
— Ты казала — трыццаць,— звярнуўся Роберт Джордан да Пілар.— Трыццаць, каму можна больш-менш давяраць.
— А як наконт людзей Эліяса?— крыкнула Пілар у вуха Эль Сорда.
Той адмоўна пакруціў галавой.
— Ненадзейныя.
— Значыць, нават і дзесятка нельга набраць?— спытаў Роберт Джордан.
Глухі паглядзеў на яго сваімі цьмянымі жоўтымі вачыма і пакруціў галавой.
— Чацвёра,— паўтарыў ён і паказаў чатыры пальцы.
— А твае надзейныя?— запытаўся Роберт Джордан і адразу ж пашкадаваў, што задаў гэтае пытанне.
Эль Сорда кіўнуў.
— Dentro de la gravedad,— сказаў ён па-іспанску.— У меру небяспекі.— Ён усміхнуўся.— Што, цяжка будзе, га?
— Магчыма.
— Мне ўсё адно,— сказаў Эль Сорда проста, без ніякага самахвальства.— Лепей чацвёра добрых, чым многа благіх. На гэтай вайне замнога благіх, мала добрых. I штодня, дык усё меншае добрых. А Пабла?— Ён паглядзеў на Пілар.
— Ты сам ведаеш,— адказала Пілар.— Штодня ўсё горш.
Эль Сорда паціснуў плячыма.
— Пі,— сказаў ён Роберту Джордану.— Дам табе яшчэ чатырох сваіх. Разам дванаццаць. Увечары ўсё абмяркуем. Маю дынаміт — шэсцьдзесят брускоў. Трэба?
— Якога гатунку?
— He ведаю. Звычайны дынаміт. Прынясу.
— Ім узарвём маленькі мост — верхні,— сказаў Роберт Джордан.— Гэта цудоўна. Ты прыйдзеш сёння вечарам? Дык захапі з сабой той дынаміт, добра? У загадзе пра той маленькі мост нічога не гаворыцца, але і яго трэба падарваць.
— Увечары прыйду. Потым трэба знайсці коней.
— Думаеш, нам пашчасціць дастаць коней?
— Магчыма. А зараз пойдзем есці.
Цікава, ці ён з усімі так размаўляе, падумаў Роберт Джордан, ці, можа, на яго думку, так чужынцу яго зразумець лягчэй?
— А куды мы пойдзем потым, калі ўправімся з мостам?— пракрычала Пілар у вуха Эль Сорда.
Ён паціснуў плячыма.
— Усё гэта нам трэба абмеркаваць загадзя,— сказала жанчына.
— Трэба,— сказаў Эль Сорда.— Абавязкова трэба.
— Гэта справа няпростая,— сказала Пілар.— Трэба ўсё абмеркаваць як след.
— Так, жанчына,— сказаў Эль Сорда.— Што цябе непакоіць?
— Усё,— пракрычала Пілар.
Эль Сорда ўсміхнуўся.
— Гэтаму ты ў Пабла навучылася,— сказаў ён.
Дык вось, значыць, ён такой куртатаю мовай размаўляе толькі з чужынцамі, падумаў Роберт Джордан. Добра. Прыемна пачуць нарэшце ад яго нармальную чалавечую гаворку.
— Куды ж, па-твойму, нам трэба пайсці?— спытала Пілар.
— Куды?
— Так, куды?
— Багата ёсць розных месцаў,— сказаў Эль Сорда.— Дужа багата. Ты ведаеш Грэдас?
— Там занадта многа народу. Вось пабачыш, хутка за ўсе тыя месцы возьмуцца, як толькі ў іх з’явіцца на гэта час.
— Яно так. Але гэта надта вялікі і дужа дзікі край.
— Нялёгка будзе туды дабрацца,— сказала Пілар.
— Усё цяжка,— адказаў Эль Сорда.— Аднолькава дабірацца, што да Грэдаса, што да якога яшчэ месца. Трэба ісці начамі. Тут цяпер вельмі небяспечна. Дзіва яшчэ, як мы тут досыць доўга трымаемся. У Грэдасе спакайней.
— Ведаеш, куды б я хацела?— спытала яго Пілар.
— Куды? Да Парамеры? Нават і не спадзявайся.
— He,— сказала Пілар.— He да Сьеры Парамеры. Я хачу туды, дзе Рэспубліка.
— Неблагая думка.
— А твае людзі туды пойдуць?
— Чаму не, калі я ім загадаю.
— А наконт нашых — не ўпэўнена,— сказала Пілар.— Пабла не захоча, хоць там бы ён адчуваў сябе спакойна. У армію яго не забяруць — не таго ўжо ён веку, хіба што
мабілізуюць з запасу. Цыган нізавошта не пойдзе. А наконт астатніх — не ўпэўнена.
— Тут ужо доўга пануе зацішша, таму яны і забыліся на небяспеку,— сказаў Эль Сорда.
— Сённяшнія самалёты ім нагадалі,— сказаў Роберт Джордан.— Але, на мой погляд, вам нават зручней было б дзейнічаць з Грэдаса.
— Што?— спытаў Эль Сорда і паглядзеў на яго вачыма, якія зрабіліся зусім цьмянымі. Пытанне прагучала не дужа зычліва.
— Адтуль вам зручней было б рабіць вылазкі,— сказаў Роберт Джордан.
— Цікава,— сказаў Эль Сорда.— Ты ведаеш Грэдас?
— Ведаю. Адтуль вам зручней было б нападаць на чыгуначную магістраль. Вы маглі б руйнаваць яе, як мы гэта робім на поўдні, у Эстрамадуры. Гэта лепей, чым вяртацца на тэрыторыю Рэспублікі,— сказаў Роберт Джордан.— Тут ад вас больш карысці.
Пакуль ён гаварыў усё гэта, твары Глухога і жанчыны ўсё болей хмурнелі. Калі ён скончыў, яны пераглянуліся.
— Дык ты ведаеш Грэдас?— спытаў Эль Сорда.— Праўда?
— Няўжо ж не,— сказаў Роберт Джордан.
— А ты б куды пайшоў?
— Вышэй Барка-дэ-Авілы. Там лепей, чым тут. Можна нападаць на шашу і на чыгунку паміж Бехарам і Пласенсіяй.
— Даволі цяжка,— сказаў Эль Сорда.
— Мы дзейнічалі на гэтай самай чыгунцы ў Эстрамадуры, а там куды больш небяспечна,— сказаў Роберт Джордан.
— Хто гэта мы?
— Атрад partizans 1 з Эстрамадуры.
— Вялікі?
— Чалавек сорак.
— А той, з слабымі нервамі і дзіўным прозвішчам,— таксама быў адтуль?— спытала Пілар.
— Так.
— Дзе ён цяпер?
— Загінуў, я ж казаў табе.
— I ты адтуль?
— Так.
1 Партызаны (ісп.).
— Хіба ты не разумееш, што я маю на ўвазе?— спытала ў яго Пілар.
Відаць, я зрабіў-такі памылку, падумаў Роберт Джордан. Я сказаў іспанцам, што мы робім штосьці лепей за іх, а тут не след гаварыць пра свае заслугі і подзвігі. Замест таго каб пахваліць іх, я пачаў даваць ім указанні, што ім належыць рабіць,— вось яны і раззлаваліся. Ну што ж, або яны перакіпяць, або не. Аднак, пэўна ж, карысці з іх было б куды болей у Грэдасе, чым тут. Гэта відаць хоць бы з таго, што яны тут больш нічога не зрабілі пасля ўзрыву таго цягніка, арганізаванага Кашкіным. Ды і тая аперацыя была не бог ведае што. Фашысты страцілі адзін паравоз і некалькі салдат, а тут выхваляюцца гэтым подзвігам, нібыта гэта кульмінацыйны пункт вайны. Можа, зрэшты, нахабства з майго боку прымушаць іх пайсці ў Грэдас. А можа, яны мяне зараз выкінуць адгэтуль. Ва ўсякім разе, перспектывы зусім не бліскучыя.
— Слухай, Ingles,— сказала Пілар.— А як у цябе нервы?
— Няблага,— сказаў Роберт Джордан,— о’кей.
— Бо ў таго дынамітчыка, якога сюды прыслалі,— хоць ён і ведаў сваю справу,— але нервы ў яго былі нікуды не вартыя.
— Трапляюць і сярод нас слабанервныя людзі,— сказаў Роберт Джордан.
— Я не кажу, што ён быў баязліўцам,— ён паводзіў сябе малайцом,— працягвала далей Пілар.— Але ж занадта ўжо многа малоў языком і ўсё балакаў неяк па-дзівацку.— Яна павысіла голас.— Праўда, Сант’яга, апошні дынамітчык, той, што пусціў цягнік пад адхон, быў крыху дзівакаваты?
— Algo raro,— кіўнуў Глухі, і яго вочы, быццам круглая адтуліна на канцы трубкі пыласоса, абмацалі ўсё аблічча Роберта Джордана.— Si, algo raro, pero bueno
— Murio,— крыкнуў Роберт Джордан y самае вуха Глухому.— Ён загінуў.
— Як гэта здарылася?— спытаў Эль Сорда, перавёўшы погляд з вачэй Роберта Джордана на яго губы.
— Я яго застрэліў,— сказаў Роберт Джордан.— Ён быў цяжка паранены і не мог ісці самастойна, і я яго застрэліў.
— Ён заўсёды казаў, каб з ім так зрабілі,— сказала Пілар.— Ён на гэтым з’ехаў з глузду.
1 Так, даволі дзівакаваты, але добры (ісп.).
— Так,— сказаў Роберт Джордан.— Ён заўсёды казаў, каб з ім так зрабілі, і сапраўды з’ехаў з глузду на гэтым.
— Como fue?1 — спытаў Глухі,— Узрывалі цягнік?
— Мы вярталіся пасля ўзрыву цягніка,— сказаў Роберт Джордан.— Аперацыя закончылася ўдала, але, вяртаючыся ў цемрадзі, мы натрапілі на фашысцкі патруль, і, калі мы пабеглі, куля пацэліла яму ў спіну, але ніводнай косці не зачапіла і засела пад лапаткай. Паранены, ён яшчэ доўга ішоў з намі, потым зусім знясілеў і не змог далей ісці. Ён не хацеў, каб мы яго кінулі, і я яго застрэліў.
— Menos mal,— сказаў Эль Сорда.— Усё ж лепей...
— А ты ўпэўнены, што ў цябе моцныя нервы?— спытала Пілар у Роберта Джордана.
— Упэўнены,— адказаў ён.— Я ўпэўнены, што ў мяне нервы моцныя, і я лічу, што, калі мы скончым гэтую справу з мостам, вам лепей было б пайсці ў Грэдас.
Ледзь ён вымавіў гэта, жанчыну нібыта прарвала: з яе вуснаў хлынуў, паліўся паток непрыстойнай лаянкі, які завіраваў наўкол яго, быццам гарачая пена, што разлятаецца ва ўсе бакі пры раптоўным вывяржэнні гейзера.
Глухі захітаў галавой і весела ўсміхнуўся, а Пілар не спыняла сваю лаянку, і Роберт Джордан зразумеў, што на гэты раз усё абышлося. Нарэшце яна змоўкла, узяла збан з вадой, напілася з яго нагбом і сказала, нібыта нічога і не было:
— Ты ўжо сядзі ціхенька і не вучы нас, што нам рабіць далей, добра, Ingles? Вяртайся да Рэспублікі, бяры з сабой дзяўчыну, а мы тут самі вырашым, дзе нам лепей загінуць.
— Дзе нам лепей жыць,— сказаў Эль Сорда.— Вазьмі сябе ў рукі, Пілар.
— I жыць, і паміраць,— сказала Пілар.— Хто-хто, a я ведаю, чым усё гэта скончыцца. Ты неблагі хлапец, Ingles, але ж усё-такі дарэма ты надумаў вучыць нас, што нам рабіць потым, калі ты выканаеш сваё заданне.
— Гэта твая справа,— сказаў Роберт Джордан,— яна мяне не датычыць.
— Але ж ты ў яе ўблытаўся,— сказала Пілар.— Бяры сваю стрыжаную сцерву і вяртайся ў Рэспубліку, але не бразгай дзвярыма перад носам у тых, хто нарадзіўся ў гэтай краіне і быў адданы Рэспубліцы яшчэ тады, калі ў цябе на губах малако не абсохла.