• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Трэба гаварыць,— сказала Пілар.— Навошта ж мы жывём на гэтым свеце, як не для таго, каб дапамагаць адно аднаму? Дый невялікая тая дапамога — слухаць і маўчаць.
    — Але Марыі, мабыць, цяжка слухаць пра гэта. Ёй хапае свайго ліха.
    — Que va,— сказала Марыя.— У мяне гэтага ліха столькі, што тваё гора наўрад ці дадасць штосьці яшчэ. Мне дужа шкада цябе, Хаакін, і я спадзяюся, што з тваёй другой сястрой нічога благога не будзе.
    — Пакуль што яна яшчэ жывая,— сказаў Хаакін.— Яна ў турме. Але яе там, здаецца, не дужа катуюць.
    — А ці ёсць у цябе яшчэ якія сваякі?— спытаў Роберт Джордан.
    — He,— адказаў хлопец.— Болей нікога. Толькі швагер, які пайшоў у горы, але я думаю, што ён загінуў.
    — А можа, ён жывы,— сказала Марыя.— Можа, ён зараз у якім атрадзе дзесьці ў іншым месцы.
    — Пэўна, ён памёр,— сказаў Хаакін.— Ён ніколі не вылучаўся моцным здароўем і працаваў трамвайным кандуктарам, а гэта не найлепшая падрыхтоўка да жыцця ў гарах. Наўрад ці ён здолеў вытрымаць там цэлы год. Сэрца ў яго хворае.
    — А можа, ён усё-такі жывы,— Марыя паклала руку яму на плячо.
    — Хто ведае, усякае можа здарыцца,— адказаў Хаакін.
    Ён стаяў нерухома, і Марыя раптам абняла яго за шыю і пацалавала. Хаакін адвярнуўся, каб схаваць слёзы.
    — Гэта я цябе, як брата,— сказала яму Марыя.— Я цябе цалую, як брата.
    Хлапец кіўнуў галавою і бязгучна заплакаў.
    — Я твая сястра,— сказала Марыя.— I я цябе люблю, і ў цябе зноў ёсць сваякі. Мы ўсе твае сваякі.
    — Разам з Ingles,— прагула Пілар.— Праўда, Ingles?
    — Праўда,— сказаў Роберт Джордан юнаку.— Мы ўсе твае сваякі, Хаакін.
    — Ён твой брат,— сказала Пілар.— Га, Ingles?
    Роберт Джордан паклаў руку Хаакіну на плячо.
    Хлопец кіўнуў галавой.
    — Мне сорамна, што я загаварыў пра тое,— сказаў ён.— Нельга гаварыць пра такія рэчы, бо ад гэтага ўсім робіцца яшчэ цяжэй. Мне сорамна, што я ўчыніў вам боль.
    — Так цябе і ператак з тваім сорамам,— сказала Пілар сваім прыгожым нізкім голасам.— Але калі Марыя зноў цябе пацалуе, дык і я палезу цалавацца. Даўненька ж я не цалавала матадораў, нават такіх няўдаліц, як ты, і я з радасцю пацалую гэтага матадора-няўдаку, што запісаўся ў камуністы. Ану, трымай яго, Ingles, зараз я яго добра цмокну.
    — Deja,— сказаў хлапец і рэзка адвярнуўся.— He чапай мяне! Усё ўжо мінула, і цяпер мне сорамна.
    Ён стаяў перад імі, намагаючыся стрымаць слёзы. Марыя ўклала сваю руку ў руку Роберта Джордана. Пілар узялася за бакі і насмешліва разглядвала юнака.
    — Калі ўжо я цябе пацалую, дык зусім не як сястра,— сказала яна яму.— Ведаем мы добра гэтыя сястрынскія пацалуначкі!
    — He трэба жартаваць,— прамовіў хлапец.— Я ж кажу, што ўсё ўжо мінула, і я шкадую, што загаварыў пра тое.
    — Ну, тады хадзем да старога,— сказала Пілар.— Мне ўжо абрыдла ўсё гэтае сюсюканне.
    Хлапец паглядзеў на яе. 3 выразу яго вачэй было відаць, што ён раптам адчуў вострую крыўду.
    — He тваё сюсюканне, а маё,— растлумачыла яму Пілар.— А ты надта чуллівы для матадора.
    — Матадор з мяне не выйшаў,— сказаў Хаакін.— I навошта мне пра гэта нагадваць кожную хвіліну?
    — Але ж коску ты ўсё-такі носіш?
    — Ну і што з таго? Карыда — дужа карысная справа. Яна шмат каму дае работу, а зараз гэтым зоймецца дзяржава. I, можа, цяпер я перастану ўжо баяцца.
    — Магчыма,— сказала Пілар.— Магчыма.
    — Чаму ты з ім так груба размаўляеш, Пілар?— спытала Марыя.— Я цябе вельмі люблю, але зараз ты паводзіш сябе проста, як звер.
    — Я і ёсць звер,— адказала Пілар.— Слухай, ты ўжо абдумаў тое, што будзеш гаварыць Эль Сорда?
    — Так.
    — Май на ўвазе, ён чалавек негаваркі, не тое што я, ці ты, ці вось гэтыя слязлівыя шчанюкі.
    — Навошта ты кажаш такое?— ужо сярдзіта спытала Марыя.
    — He ведаю,— сказала Пілар і пайшла наперад.— А ты як думаеш — чаму?
    — He ведаю.
    — Ёсць рэчы, якія мяне часам проста выводзяць з сябе,— злосна сказала Пілар.— Разумееш? Вось, напрыклад, тое, што мне ўжо сорак восем гадоў. Чуеш? Сорак восем гадоў і брыдкая морда да таго ж. Або тое, што вось гэты гора-матадор з камуністычным ухілам шарахаецца ад мяне з перапуду, калі я жартам кажу, што пацалую яго.
    — Няпраўду кажаш, Пілар,— сказаў хлапец.— He было такога.
    — Que va, няпраўда. Але мне так і ператак на ўсіх вас. А вунь і ён. Ноіа, Сант’яга! Que tai?
    Чалавек, да якога звярнулася Пілар, быў прысадзісты і дзябёлы, з вельмі смуглявым скуластым тварам, у яго былі сівыя валасы, шырока пастаўленыя жоўта-карыя вочы, тонкі нос кручком, як у індзейца, і вялікі вузкі рот з доўгаю верхняй губою. Ён быў чыста паголены, і да яго крывых ног, здавалася, вельмі пасавалі пастуховыя порткі і боты для верхавой язды. Ён выйшаў з пячоры і, перавальваючыся, накіраваўся да іх. Хоць дзень быў спякотны, ён быў апрануты ў скураную куртку, падбітую авечым футрам і зашпіленую пад самае горла. Ён працягнуў Пілар вялізную загарэлую руку.
    — Ноіа, жанчына,— сказаў ён.— Ноіа,— абярнуўся ён да Роберта Джордана, паціснуў яму руку, кінуўшы на яго хуткі і дапытлівы позірк. Роберт Джордан адзначыў, што вочы ў яго жоўтыя, як у ката, і цьмяныя, як у змяі.
    — A, guapa,— сказаў ён Марыі і пагладзіў яе па плячы.— Пад’елі? — спытаў ён у Пілар. Яна адмоўна пакруціла галавой.
    — Зараз будзем есці,— сказаў ён і паглядзеў на Роберта Джордана.— Вып’еш?— спытаў ён і, сціснуўшы ку-
    лак, адагнуў вялікі палец уніз, паказваючы, быццам штосьці налівае.
    — Дзякуй, не адмоўлюся.
    — Добра,— сказаў Эль Сорда.— Віскі?
    — У цябе ёсць віскі?
    Эль Сорда кіўнуў галавой.
    — Ingles?— спытаў ён.— He Ruso?
    — Americano.
    — Амерыканцаў тут мала,— сказаў ён.
    — Цяпер пабольшала.
    — Тым лепей. 3 Поўначы ці з Поўдня?
    — 3 Поўначы.
    — Усё адно што Ingles. Калі збіраешся ўзрываць мост?
    — Ты ўжо ведаеш пра мост?
    Эль Сорда кіўнуў.
    — Паслязаўтра раніцай.
    — Добра,— сказаў Эль Сорда.— Пабла?— спытаў ён у Пілар.
    Яна пахітала галавой. Эль Сорда ўсміхнуўся.
    — Ідзі,— сказаў ён Марыі і зноў усміхнуўся.— Вернешся,— ён выцягнуў з унутранай кішэні курткі вялікі гадзіннік на раменьчыку,— праз паўгадзіны.
    Жэстам ён запрасіў іх сесці на счасаную калоду, што служыла лавай, потым глянуў на Хаакіна і вялікім пальцам паказаў на сцежку, па якой яны прыйшлі.
    — Я пагуляю з Хаакінам і праз паўгадзіны вярнуся,— сказала Марыя.
    Эль Сорда ўвайшоў у пячору і праз хвіліну з’явіўся з пляшкай шатландскага віскі і трыма шклянкамі. Пляшку ён трымаў пад пахаю, шклянкі нёс у той самай руцэ, прытрымліваючы пальцамі кожную шклянку, а ў другой руцэ сціскаў горла глінянага збана з вадой. Пляшку і шклянкі ён паставіў на калоду, а збан — на зямлю.
    — Лёду няма,— сказаў ён Роберту Джордану і працягнуў яму пляшку.
    — Мне не налівай,— сказала Пілар і накрыла сваю шклянку рукой.
    — Сёння ноччу на зямлі быў лёд,— сказаў Эль Сорда і ўсміхнуўся.— Увесь растаў. Зараз лёд вунь там.— Ён паказаў на снег, што бялеў на голых вяршынях гор.— Надта далёка.
    Роберт Джордан хацеў наліць віскі Эль Сорда, але той заматаў галавой і жэстам паказаў, каб пачынаў з сябе.
    Роберт Джордан наліў сабе амаль з паўшклянкі, і адразу Эль Сорда, які ўважліва сачыў за ім, перадаў яму
    збан з вадой, і Роберт Джордан падставіў шклянку пад халодны цурок, што паліўся з глінянага носіка, як толькі ён нахіліў збан.
    Эль Сорда наліў сабе паўшклянкі віскі і даліў даверху вадой.
    — Віна?— прапанаваў ён Пілар.
    — He. Вады.
    — Бяры,— усміхнуўся ён.— Непрыгожа,— сказаў ён Роберту Джордану і ўсміхнуўся.— Ведаў многа англічан. Заўсёды шмат віскі.
    — Дзе?
    — На ранча,— адказаў Эль Сорда.— Сябры гаспадара.
    — Дзе ты бярэш віскі?
    — Што?— недачуў ён.
    — Трэба крычаць,— сказала Пілар,— У тое вуха, другое.
    Эль Сорда паказаў на сваё здаровае вуха і ўсміхнуўся. — Дзе ты бярэш віскі?— пракрычаў Роберт Джордан. — Сам вырабляю,— сказаў Эль Сорда і ўбачыў, як рука Роберта Джордана, што падносіла шклянку да рота, завісла.
    — He,— сказаў Эль Сорда і паляпаў яго па плячы.— Жартую. 3 Ла-Гранхі. Пачуў учора вечарам — англійскі дынамітчык прыйдзе. Добра. Вельмі прыемна. Дастаў віскі. Для цябе. Ну, як? Падабаецца?
    — Вельмі,— сказаў Роберт Джордан.— Гэта дужа добрае віскі.
    — Прыемна чуць,— усміхнуўся Эль Сорда.— Прынёс сёння разам з навінамі.
    — Якія навіны?
    — Вялікі рух войска.
    — Дзе?
    — Сеговія. Самалёты бачыў?
    — Бачыў.
    — Пагана, га?
    — Пагана. А дзе гэты рух войска?
    — Больш усяго паміж Вільякасцінам і Сеговіяй. Па Вальядалідскай шашы. Вялікі рух паміж Вільякасцінам і Сан-Рафаэлем. Вялікі. Дужа вялікі.
    — Якой жа ты думкі пра гэта?
    — Мы нешта рыхтуем?
    — Магчыма.
    — Яны ведаюць. Таксама рыхтуюцца.
    — Магчыма.
    — Чаму б не ўзарваць мост сёння вечарам?
    — Загад.
    — Чый загад?
    — Генеральнага штаба.
    — Вось яно як?
    — Гэта мае вялікае значэнне — калі ўзарваць мост?— спытала Пілар.
    — Надзвычай вялікае.
    — А калі там ужо войскі?
    — Я пашлю Ансельма з данясеннем пра тое, як рухаюцца і дзе сканцэнтроўваюцца войскі. Ён зараз сочыць за шашой.
    — У цябе нехта на шашы?— спытаў Эль Сорда.
    Роберт Джордан не ведаў, што той чуе, а што — не.
    3 глухімі гэтага ніколі не ведаеш дакладна.
    — Так,— сказаў ён.
    — I ў мяне там ёсць чалавек. Чаму б нам сёння не ўзарваць гэты мост?
    — Я павінен дзейнічаць згодна з загадам.
    — Мне гэта не падабаецца,— сказаў Эль Сорда.— Мне гэта зусім не падабаецца.
    — I мне не падабаецца,— сказаў Роберт Джордан.
    Эль Сорда пахітаў галавой і каўтнуў віскі з шклянкі.
    — Ад мяне — што трэба?
    — Колькі ў цябе людзей?
    — Васьмёра.
    — Трэба перарэзаць тэлефонныя правады, ліквідаваць пасты каля будкі дарожнага майстра і прыбыць да моста.
    — Гэта зрабіць няцяжка.
    — Усё гэта я напішу.
    — He варта. А Пабла?
    — Перарэжа тэлефонную лінію з таго боку, ліквідуе пост каля тартака і прыбудзе да моста.
    — А як будзем адыходзіць?— спытала Пілар.— У нас сямёра мужчын, дзве жанчыны і пяць коней. А ў цябе?— пракрычала яна ў вуха глухому.
    — Восем мужчын і чацвёра коней. Faltan caballos,— сказаў ён.— Мала коней.
    — Семнаццаць чалавек і дзевяць коней,— сказала Пілар.— А яшчэ паклажу трэба везці.
    Эль Сорда прамаўчаў.
    — Ці можна раздабыць дзе яшчэ коней?— спытаў Роберт Джордан, нахіліўшыся да яго здаровага вуха.
    — Год ваюю, маю чатырох,— адказаў глухі, паказваючы чатыры пальцы.— А ты хочаш, каб заўтра было восем.
    — Усё так,— сказаў Роберт Джордан.— Але не забывай, што ты пакідаеш гэтую мясцовасць. Ты ўжо не павінен быць такім асцярожным, як раней. He трэба ўзважваць кожны крок. Няўжо нельга зрабіць вылазку і раздабыць восем коней?