• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Тады дон Пепе паглядзеў на дзверы, і я ўцяміла: да гэтага моманту ён не ведаў, што яны замкнёныя. Пабла паказаў яму ключ, і ён з хвілінку пастаяў, пазіраючы на гэты ключ, а потым павярнуўся, адышоў і зноў стаў на калені. Я ўбачыла, што свяшчэннік кінуў погляд на Пабла, а той вышчарыў зубы і паказаў яму ключ, і свяшчэннік, відаць, толькі тады ўсвядоміў, што дзверы замкнёныя, і мне здалося, быццам ён хацеў кіўнуць галавой, але не — ён толькі нахіліў галаву і зноў пачаў маліцца.
    He ведаю, як яно так здарылася, што яны не ведалі, што дзверы замкнёныя, хіба што былі надта захопленыя сваімі думкамі і малітвамі, Аднак зараз яны ўжо зразумелі
    гэта, як і тое, чаму на пляцы стаіць такі гвалт, і відаць, яны ўцямілі, што там усё змянілася. Але яны працягвалі кленчыць і маліцца.
    Галас цяпер узняўся такі, што нічога нельга было пачуць, і п’янюга, што ўзлез на маё крэсла, затрос аберуч аконныя краты і сіпла закрычаў: «Адчыніце! Адчыніце!»
    Я ўбачыла, як Пабла зноў сказаў нешта свяшчэнніку, але той не звярнуў на гэта ніякай увагі. Тады Пабла зняў з пляча драбавік, нахіліўся і штурхнуў прыкладам свяшчэнніка ў спіну, але свяшчэннік і на гэта ніяк не зрэагаваў, і Пабла пахітаў галавою. Потым ён нешта сказаў праз плячо Cuatro Dedos, а той у сваю чаргу сказаў нешта астатнім вартавым, і яны ўсе падняліся і адышлі ў дальні куток залы.
    Я ўбачыла, як Пабла зноў сказаў нешта Cuatro Dedos, і той ссунуў разам два сталы і ўзгрувасціў на іх некалькі лаў. Атрымалася барыкада, што аддзяліла куток залы, дзе засталіся вартавыя з сваімі ружжамі. Пабла нахіліўся і зноў штурхнуў свяшчэнніка прыкладам у спіну, але свяшчэннік не звярнуў на гэта ніякай увагі, і астатнія, апроч Пепе, таксама не звярталі ўвагі і маліліся далей. Пабла пахітаў галавой, а потым, калі заўважыў, што дон Пепе глядзіць на яго, кіўнуў яму і паказаў ключ, высока падняўшы яго ў руцэ. Дон Пепе зразумеў, нахіліў галаву і пачаў хуценька маліцца.
    Пабла саскочыў на падлогу, абышоў доўгі стол пасяджэнняў і накіраваўся да вялікага крэсла мэра, што стаяла на ўзвышэнні. Ён сеў на гэтае крэсла і пачаў скручваць цыгарэту, не спускаючы вачэй з фашыстаў, якія маліліся разам са свяшчэннікам. 3 выразу яго твару нельга было зразумець, што ён удумаў. Ключ ляжаў перад ім на стале — вялізны жалезны ключ — даўжынёй у фут. Потым Пабла нешта крыкнуў вартавым, а што — я не пачула, і адзін з іх пайшоў да дзвярэй. Усе фашысты, пабачыла я, пачалі маліцца яшчэ больш заўзята. Цяпер ужо яны ўсё зразумелі, здагадалася я.
    Пабла яшчэ раз сказаў нешта свяшчэнніку, але той нічога не адказаў. Тады Пабла нахіліўся над сталом, узяў ключ і кінуў яго вартавому. Той злавіў ключ у паветры, і Пабла зноў задаволена ўсміхнуўся. Вартавы ўставіў ключ у замок, павярнуў яго, адчыніў дзверы і схаваўся за імі ад натоўпу, які адразу ўварваўся ў залу.
    Гэта я паспела ўбачыць, але акурат у тую самую хвіліну п’янюга, што стаяў разам са мной на крэсле, залямантаваў: «Ай-яй-яй!» Ён прасунуў галаву між кратамі і закрыў ад
    мяне ўсё акно і загарланіў: «Бі іх! Лупі! Калі! Бі!»— і абедзвюма рукамі адштурхнуў мяне ўбок, і мне ўжо нічога не было відаць.
    Я пхнула яго локцем у жывот і сказала: «Ты, п’янтос, чыё гзта крэсла? Дай паглядзець!»
    А ён адно калоціць аберуч краты і гарланіць: «Бі іх! Лупі! Рэж! Вось так! Бі! Cabrones! Cabrones! Cabrones!»
    Я штосілы ўдарыла яго локцем і сказала: «Сам ты Cabron! П’янтос! Дай паглядзець!»
    Тады ён абедзвюма рукамі націснуў мне на галаву, намагаючыся с.піхнуць мяне з крэсла, каб яму самому было зручней глядзець, і ўсёй сваёй вагой наваліўся на мяне і загарланіў яшчэ мацней: «Бі іх! Вось так! Добра! Бі!»
    «Каб цябе чэрці пабілі!»— сказала я і штосілы ўдарыла яго ў пахвіну, у самае балючае месца, і яму такі забалела — ён адразу адпусціў маю галаву, ухапіўся за тое месца і сказаў: «No hay derecho, mujer. He маеш права, жанчына». А я тым часам зазірнула ў акно і ўбачыла, што ў зале паўнюсенька набілася людзей, і яны малоцяць фашыстаў цапамі, б’юць дубінкамі, і лупяць, і колюць, і торкаюць абы-куды драўлянымі віламі з абламанымі зубамі, і гэтыя вілоі ўжо не белыя, а чырвоныя, і ўсё там ходырам ходзіць, а Пабла сядзіць у вялікім крэсле і глядзіць, а наўкол усе гарланяць, і калоцяць, і рэжуць, а людзі верашчаць, як коні на пажары. I я ўбачыла, як свяшчэннік, падабраўшы сутану, пералазіць цераз лаву, а ззаду яго рэжуць сярпамі і крывымі нажамі, і нарэшце нехта ўхапіў яго за сутану, і пачуўся пранізлівы крык, потым яшчэ адзін, і я ўбачыла, што двое рэжуць свяшчэнніка сярпамі, а трэці трымае яго. Свяшчэннік выпрастаў рукі і чапляецца за спінку крэсла... Аднак акурат у гэты самы момант маё крэсла, на якім я стаяла, развалілася, і мы з п’янюгам апынуліся на брусчатцы, дзе смярдзела віном і ванітамі, а п’янюга ўсё сварыўся, гразіў мне пальцам і казаў: «No hay derecho mujer, no hay derecho... Ты мяне скалечыць на ўсё жыццё магла»,— а людзі, якія спяшаліся ў залу Ayuntamiento, спатыкаліся і наступалі на нас, і болей я ўжо нічога не бачыла, апроч ног тых людзей, што пераступалі цераз парог, і п’янюгі, які сядзеў насупраць мяне, трымаючыся аберуч за тое месца, куды я яго ўдарыла.
    Так скончылася расправа з фашыстамі ў нашым гарадку, і я радая, што болей нічога не бачыла, бо, калі б не той п’янюга, я б пабачыла ўсё. I дзякуй яму, бо відовішча ў Ayuntamiento было такое, што лепей не бачыць яго наогул.
    Але ж той другі п’янюга, якога я пабачыла раней, быў яшчэ горшы за майго. Калі мы падняліся на ногі пасля таго, як зламалася крэсла, і выбраліся з натоўпу, які яшчэ не разышоўся ад дзвярэй Ayuntamiento, я ўбачыла, што той п’янюга, з чырвона-чорнай хусткай, сядзіць на тым самым месцы і нешта лье на дона Анастасіо. Роўна трымаць галаву ён не мог, і яго ўсё завальвала на адзін бок, але ён настойліва працягваў свой занятак, усё ліў і чыркаў запалкамі, ліў і чыркаў... Урэшце я не вытрымала, падышла да яго і сказала:
    — Што гэта ты робіш: ніякага сораму ў цябе няма.
    — Nada, mujer, nada — адказаў ён.— Адчапіся ад мяне.
    Акурат цяпер — магчыма, таму, што, стаўшы перад ім, я засланіла яго ад ветру,— запалка ўспыхнула, і блакітны агеньчык пабег уздоўж рукава дона Анастасіо ўверх, да яго патыліцы, і п’янюга, задраўшы галаву, загарланіў штосілы: «Мерцвякоў паляць! Мерцвякоў паляць!»
    — Хто?— крыкнуў нехта з натоўпу.
    — Дзе?— азваўся яшчэ адзін.
    — Тут!— надрываўся п’янюга.— Вось тут!
    Тады нехта з размаху агрэў п’янюгу цэпам па галаве, ён упаў дагары і паглядзеў на таго, хто ўдарыў, і адразу заплюшчыў вочы, злажыў накрыж рукі і выпрастаўся на зямлі побач з донам Анастасіо, зрабіўшы выгляд, быццам спіць. Болей яго ніхто не чапаў, і ён ляжаў ціхенька — і так і застаўся ляжаць, калі дона Анастасіо паднялі і ўсклалі на воз да іншых трупаў і павезлі да абрыву, адкуль іх паскідвалі ў рэчку ўвечары, як толькі прыбралі ўсё ў Ayuntamiento. Шкада, што туды гэтаксама не скінулі і два-тры дзесяткі п’янюг, асабліва тых, з чырвона-чорнымі хусткамі, і я думаю, што калі ў нас яшчэ будзе якая рэвалюцыя, дык трэба распачынаць яе з ліквідацыі ўсіх гэтых п’янюг. Але тады мы гэтага яшчэ не разумелі. Неўзабаве, аднак, мы пераканаліся ў гэтым.
    У той вечар мы яшчэ не ведалі, што нас чакае наперадзе. Пасля бойні ў Ayuntamiento болей ужо нікога не забівалі, але мітынгу ў той вечар нам так і не ўдалося склікаць, бо надта многа людзей панапіваліся. Немагчыма было навесці ніякага парадку, і таму мітынг адклалі да наступнага дня.
    У тую ноч я не спала з Пабла. He варта было б, пэўна, расказваць пра ўсё гэта пры табе, guapa, але, з другога бо-
    1 Нічога, жанчына, нічога (ісп.).
    ку, табе карысна даведацца пра ўсё, бо тое, што я расказала,— чыстая праўда. Ты паслухай, Ingles, бо гэта дужа цікава.
    Дык вось, пазней мы пайшлі вячэраць, і ўсё было неяк незвычайна. Быццам пасля буры, ці паводкі, ці бою. Усе стаміліся і амаль не размаўлялі. Мне было дужа моташна на душы, я пакутавала ад сораму і нейкага пачуцця, нібыта мы зрабілі нешта благое,— і яшчэ было прадчуванне, быццам нас чакае нейкае ліха,— вось як сёння, зранку, калі наляцелі тыя самалёты. Так яно і спраўдзілася праз тры дні.
    За вячэраю Пабла быў не дужа гаваркі.
    — Ну як, спадабалася табе, Пілар?— спытаў ён нарэшце, напхаўшы рот смажанінай з маладога казляняці.
    Мы вячэралі ў кафэ каля аўтобуснай станцыі, народу там набілася паўнюсенька, спявалі песні, а афіцыянты насілу праціскваліся да столікаў.
    — He,— адказала я,— не спадабалася, апроч дона Фаўсціна.
    — А мне спадабалася,— сказаў ён.
    — Усё?— спытала я.
    — Усё,— адказаў ён, адрэзаў нажом лусту хлеба і пачаў падбіраць ім поліўку з талеркі.— Усё, апрача свяшчэнніка.
    — Табе не спадабалася тое, што зрабілі з свяшчэннікам?— здзівілася я, бо ведала, што ён ненавідзіць свяшчэннікаў болей, чым фашыстаў.
    — Ён мяне расчараваў,— сумна сказаў Пабла.
    Вакол нас так гучна гарланілі песні, што нам даводзілася амаль крычаць, каб пачуць адно аднаго.
    — Чаму?
    — Ён кепска памёр,— адказаў Пабла.— Мала годнасці.
    — Якой жа ты хацеў ад яго годнасці, калі на яго накінуліся ўсе гуртам?— сказала я.— А да гэтага, па-мойму, ён трымаўся з вялікай годнасцю. Большай годнасці і чакаць не даводзілася.
    — Яно дык так,— сказаў Пабла.— Але ў апошні момант ён спалохаўся.
    — А хто б не спалохаўся?— спытала я.— Хіба ты не бачыў, як яны на яго накінуліся?
    — Чаму ж не бачыў,— адказаў Пабла.— Але ўсё адно, па-мойму, ён памёр пагана.
    — На яго месцы кожны памёр бы пагана,— сказала я.— А што б ты хацеў? Калі хочаш ведаць, усё тое, што адбывалася ў Ayuntamiento, было паскудствам.
    — Так, твая праўда,— пагадзіўся Пабла.— Парадку было мала. Але ж гэта ўсё-такі свяшчэннік! Ён павінен быць узорам.
    — Я думала, што ты ненавідзіш свяшчэннікаў?
    — Гэта праўда,— адказаў Пабла і адрэзаў сабе яшчэ хлеба.— Але ж гэта быў іспанскі свяшчэннік. Іспанскі свяшчэннік павінен паміраць як след — прыгожа і з годнасцю.
    — А па мне дык ён памёр зусім няблага,— сказала я.— Тым болей калі браць пад увагу ўсе абставіны.
    — He,— сказаў Пабла.— Ен мяне зусім расчараваў. Цэлы дзень я чакаў смерці свяшчэнніка. Я вырашыў, што ён апошні пройдзе паўз шарэнгі. Я вельмі чакаў гэтай хвіліны. Спадзяваўся, што гэта будзе цудоўнае відовішча. Бо я яшчэ ніколі не бачыў, як памірае свяшчэннік.