• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    жыць сухотаў, асабліва калі грудзі ў цябе памятыя рагамі быкоў?
    — А хіба я што казаў,— мовіў Прымітыва.— Я адно сказаў, што ён хворы на сухоты.
    — Вядома, ён хварэў на сухоты,— сказала Пілар, сціскаючы ў руцэ вялікі драўляны апалонік.— Ён быў невялікага росту, і меў тонкі голас, і дужа баяўся быкоў. Ніколі ў жыцці я не бачыла чалавека, які так баяўся перад боем і так смела паводзіў сябе на арэне. Ты!— звярнулася яна да Пабла.— Ты вось зараз баішся смерці. Нават думка пра смерць наводзіць на цябе жах. А вось Фініта, пэўна, баяўся яшчэ болей, а на арэне быў храбры, як леў.
    — Ён меў славу вельмі храбрага матадора,— сказаў адзін з братоў.
    — Ніколі не бачыла чалавека, каб так баяўся,— сказала Пілар.— Ён нават не хацеў трымаць у сябе дома ніводнай бычынай галавы. Аднаго разу падчас кірмашу ў Вальядалідзе ён забіў быка Пабла Рамера, і выдатна зрабіў гэта...
    — Я памятаю,— сказаў старэйшы з братоў.— Я таго быка бачыў. Бык быў жоўта-буры, з чубком на лбе і дужа доўгімі рагамі. Ён важыў болей трыццаці arrobas Гэта быў апошні бык, якога Фініта забіў у Вальядалідзе.
    — Праўда,— сказала Пілар.— А ў канцы кірмашу аматары карыды, якія заўсёды збіраліся ў кафэ «Калон» і называлі сябе клубам імя Фініта, наладзілі банкет у яго гонар, і яны зрабілі чучала з галавы таго быка і вырашылі на банкеце ўшанаваць Фініта гэтым падарункам. За вячэрай ужо вісела на сцяне галава, схаваная пад тканінай. Я сядзела там за сталом, акрамя мяне былі і іншыя: Пастора, яшчэ большая пачвара, чым я, і Нінья дэ лос Пейнес, і плойма іншых цыганак і першакласных дзяўчат. Банкет быў хоць і невялікі, але дужа вясёлы, і нават там ледзь не ўсчынілася бойка, бо Пастора і яшчэ адна знакамітая шлюха распачалі спрэчку па пытаннях этыкету. Я ўсім была вельмі задаволеная, аднак, седзячы побач з Фініта, заўважыла, што ён пазбягае глядзець на бычыную галаву, захутаную ў фіялетавую тканіну, як статуі святых у цэрквах падчас тыдня страсцей нашага колішняга госпада бога.
    Фініта еў надта мала, бо на апошняй карыдзе ў Сарагосе бык нанёс яму ўдар рогам наводмаш. Пасля гэтага
    1 Ароба — іспанская мера вагі, якая прыблізна адпавядае 11,5 кг, такім чынам бык важыў звыш 345 кг.
    ўдару ён доўга ляжаў непрытомны — з таго часу яго страўнік не мог утрымліваць ежу,— і за вячэрай ён раз-пораз падносіў насоўку да рота і сплёўваў у яе кроў... Дык пра што ж гэта я вам расказвала?
    — Пра бычыную галаву,— нагадаў Прымітыва.— Пра напханую бычыную галаву.
    — Так,— сказала Пілар.— Так. Але спачатку я павінна расказаць вам некаторыя падрабязнасці, каб вы ўсё ясна сабе ўяўлялі. Фініта, як вядома, ніколі не вызначаўся вясёлым норавам. Ён быў чалавекам вельмі пахмурным, і я не магу прыгадаць выпадку, каб ён усміхнуўся, нават калі мы заставаліся сам-насам. Усё ён успрымаў надзвычай сур’ёзна. Ён быў амаль такі самы сур’ёзны, як Фернанда. Але той банкет наладзілі ў яго гонар aficionados1, якія заснавалі «Клуб Фініта», і таму ён павінен быў паказаць сябе там вясёлым, шчырым і таварыскім чалавекам. За вячэрай ён увесь час усміхаўся і жартаваў, і толькі я адна бачыла, што ён рабіў з сваёй насоўкай. Ён меў пры сабе тры насавыя хустачкі і неўзабаве ўсе тры запэцкаў крывёй, а потым сказаў мне вельмі ціха:
    — Пілар, я болей не вытрымаю. Я мушу пайсці адсюль.
    — Што ж, пойдзем,— сказала я, бо бачыла, што яму зусім блага. На той час усе ўжо разгуляліся, і ўзняўся такі гвалт, што ў вушах звінела.
    — He. Я не маю права пайсці,— сказаў Фініта.— Усётакі гэты клуб носіць маё імя, і з гэтым нельга не лічыцца.
    — Калі ты хворы, давай пойдзем,— сказала я.
    — He,— сказаў ён.— Я застануся. Налі мне келіх мансанільі.
    Я разумела, што яму не трэба было б піць, калі ён не мог нічога з’есці, бо страўнік у яго ў такім стане, аднак, пэўна, ён не мог ужо болей трываць увесь гэты гвалт і весялосць без выпіўкі. I таму ён надта хутка выпіў амаль цэлую бутэльку мансанільі. Насоўкі ў яго скончыліся, і ён ужо абыходзіўся сурвэткай.
    На той час банкет дасягнуў свайго апагею, і некаторыя члены клуба вазілі на плячах вакол стала шлюх, выбіраючы не дужа цяжкіх. Пастору прымусілі выканаць песеньку, а Эль Ніньё Рыкарда іграў на гітары, і надта прыемна было назіраць, як усе весяліліся, хоць і з п’яных вачэй, але ад шчырага сэрца. Ніколі мне яшчэ не даводзілася бываць на банкетах, дзе гулялі б так весела, сапраўды па-цыганску,
    Паклоннікі, балельшчыкі, прыхільнікі (ісп.).
    а справа яшчэ не дайшла да бычынай галавы, дзеля чаго, шчыра кажучы, і наладзілі тую вечарынку.
    Мне самой было дужа весела, і я з усіх сіл пляскала ў далоні, калі іграў Рыкарда, і заахвочвала іншых пляскаць у далоні, калі збіралася спяваць Нінья дэ лос Пейнес, і так захапілася ўсім гэтым, што нават не заўважыла-, як Фініта запэцкаў крывёй сваю сурвэтку і цяпер ужо карыстаўся маёй. Ён усё піў і піў мансанілью, і вочы ў яго блішчалі, і ён кожнаму весела ківаў галавой. Шмат гаварыць ён не мог, бо мусіў бы тады штохвілінна прыкладваць да рота сурвэтку, але ён рабіў выгляд, нібыта дужа задаволены і вясёлы,— а гэтага, зрэшты, ад яго і чакалі.
    Усё ішло добра, пакуль мой сусед, колішні імпрэсарыо Рафаэля эль Гальё, не надумаў расказаць мне гісторыю, якая заканчвалася так: «I тады Рафаэль падыходзіць да мяне і кажа: «Ты мой найлепшы і самы высакародны сябра на свеце. Я люблю цябе, як роднага брата, і хачу зрабіць табе падарунак». I працягвае мне цудоўную брыльянтавую шпільку для гальштука, і цалуе мяне ў абедзве шчакі, і мы з ім страшэнна расчуліліся. А калі Рафаэль эль Гальё, аддаўшы мне брыльянтавую шпільку, выйшаў з кафэ, я сказаў Рэтані, што сядзеў побач са мной: «Гэты подлы цыган толькі што падпісаў кантракт з другімі імпрэсарыо».— «Чаму ты так лічыш?» — пытае Рэтана. «Я з ім працую дзесяць гадоў,— адказваю я,— і ён ніколі не рабіў мне падарункаў»,— так расказваў мне імпрэсарыо эль Гальё. «1 ні пра што іншае гэта не можа сведчыць». Так яно і здарылася — акурат тады эль Гальё і пайшоў ад яго.
    Але тут у размову ўмяшалася Пастора, не столькі каб абараніць добрае імя Рафаэля, бо ніхто не ганіў яго болей, чым яна сама, колькі таму, што імпрэсарыо абразіў усё цыганскае племя, абазваўшы Рафаэля «подлым цыганом». I яна ўмяшалася з такім запалам і з такой брыдкай лаянкай, што імпрэсарыо мусіў быў замоўкнуць. Тады ўжо не вытрымала я, каб суняць Пастору, а яшчэ адна gitana пачала супакойваць мяне, і ўзняўся такі гвалт, што нельга было ўжо нічога разабраць, акрамя слова «шлюха», якое гучала мацней за іншыя, але ўрэшце ўсе супакоіліся, і мы трое, з якіх усё і пачалося, уселіся на свае месцы і ўнурыліся вачыма ў свае келіхі, а потым я глянула на Фініта і ўбачыла, што ён утаропіўся ў бычыную галаву, яшчэ ахутаную фіялетавай тканінай, і ў вачах у яго быў жах.
    Акурат у гэты самы момант прэзідэнт клуба распачаў прамову, пасля якой з бычынай галавы павінны былі зняць пакрывала, і ўвесь час, пакуль ён казаў тую прамову, а на-
    ўкол крычалі «Оіе!» і стукалі па стале кулакамі, я сачыла за Фініта, а той сядзеў, скурчыўшыся ў сваім крэсле, прыклаўшы да рота сваю — не, ужо маю сурвэтку, і, нібыта заварожаны, з жахам глядзеў на захутаную галаву быка, што вісела супраць яго на сцяне.
    Пад канец прамовы Фініта пачаў трэсці галавой, усё глыбей і глыбей забіваючыся ў крэсла.
    — Ты што, малыш?— запыталася я ў яго, але ён мяне не пазнаваў і толькі трос галавой і ўсё казаў: «He. He. Не».
    Тым часам прэзідэнт клуба, закончыўшы прамову пад ухвальныя воклічы ўсіх гасцей, узлез на крэсла, развязаў шнур, што прытрымліваў фіялетавае пакрывала на галаве быка, і пачаў павольна сцягваць пакрывала ўніз. Яно зачапілася за рог, і тады ён шмаргануў, і тканіна саслізнула з вострых адпаліраваных рагоў, і паказалася галава вялізнага жоўтага быка з выгнутымі чорнымі рагамі, белыя кончыкі якіх былі вострыя, як іголкі дзікабраза. Галава быка была зусім як жывая — тая самая грыўка на лбе і ноздры раздзьмутыя, а вочы блішчаць і глядзяць на Фініта.
    Усе закрычалі, запляскалі ў далоні, а Фініта зусім зашыўся ў сваё крэсла, і тут усе разам замоўклі і азірнуліся на яго, а ён усё казаў: «Не. Не»— і намагаўся яшчэ глыбей зашыцца ў крэсла, а потым раптам надта гучна выгукнуў: «Не!», і вялікі сгустак чорнай крыві вылецеў з рота, але ён нават не паднёс сурвэтку, і згустак скаціўся па падбароддзі, а ён усё глядзеў на быка і нарэшце сказаў: «Цэлы сезон, так. Дзеля грошай, так. Дзеля хлеба, так. Але нічога мне ў горла не лезе. Чуеце? У мяне хворы страўнік. А цяпер, калі сезон закончыўся,— не! Не!» Ён абвёў вачыма стол, потым зноў глянуў на быка і яшчэ раз сказаў «не», а потым апусціў галаву на грудзі і прыціснуў сурвэтку да рота і доўга сядзеў так, нічога не кажучы, і банкет, які распачаўся так добра і павінен быў зрабіцца ўзорам весялосці і сяброўскай гутаркі, закончыўся няўдала.
    — I неўзабаве пасля таго ён памёр?— спытаў Прымітыва.
    — У тую самую зіму,— сказала Пілар.— Ён так і не ачуняў пасля таго ўдару рогам у Сарагосе. Такія ўдары горш, чым прамыя — вастрыём рога, бо яны пераварочваюць усё нутро і ачуняць пасля іх ужо немагчыма. А Фініта і пасля таго ўдару атрымліваў такія самыя амаль кожны раз, калі забіваў быка, і цераз тое не меў сапраўднага вялікага поспеху. Яму надта важна было своечасова ўхіліцца
    ад рога, бо ён быў невысокі, і рог амаль заўсёды чапляў яго бокам. Але, зразумела, часцей гэтыя ўдары былі лёгкія.
    — Калі ён быў такога невысокага росту, то не трэба было яму ісці ў матадоры,— сказаў Прымітыва.
    Пілар паглядзела на Роберта Джордана і пахітала галавой. Потым, усё яшчэ хітаючы галавою, схілілася над вялікім чыгунным казанком.
    Што за народ, думала яна. Што за народ гэтыя іспанцы! «Калі ён быў такога невысокага росту, то не трэба было яму ісці ў матадоры». А я слухаю гэта і нічога не кажу. Я нават не злую на гэта, я сваё сказала і цяпер маўчу. Як усё гэта проста для таго, хто нічога не разумее. Que sencillo!1 Першы, нічога не разумеючы, кажа: «Неважнецкі ён быў матадор!» Другі, нічога не разумеючы, кажа: «Ён хварэў на сухоты». А трэці, ужо пасля таго, калі той, хто разумее, растлумачыў яму, гаворыць: «Калі ён быў невысокага росту, то не трэба было яму ісці ў матадоры».
    Схіліўшыся над вогнішчам, яна зноў убачыла распасцёртае на ложку голае смуглявае цела з вузлаватымі шнарамі на абаіх сцёгнах, з глыбокім следам ад рога пад ніжнім рабром і доўгім рубцом на баку, што заходзіў аж пад паху. Яна ўбачыла заплюшчаныя вочы, і суровы смуглявы твар, і чорныя кучары, адкінутыя ад ілба. Яна сядзела no634 з ім на ложку і расцірала яму ногі, масіравала пальцамі лыткі, сціскала іх, размінала, а потым паплясквала злёгку далонямі, каб паслабіць напружанне ў мышцах.