Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Ух ты!— сказаў ён і выцер губы.— Як агонь.
— Ну, хадзем,— сказаў Роберт Джордан.
Зрабілася ўжо зусім цёмна — наўкол нічога не было відаць, акрамя сняжынак, што шпарка праляталі ў паветры, і нерухомай чарнаты хвой. Фернанда стаяў крыху вышэй на схіле. Ну, чысты індзеец з рэкламы цыгар, падумаў Роберт Джордан. Відаць, яго таксама трэба пачаставаць.
— Гэй, Фернанда,— сказаў ён, наблізіўшыся да яго.— Хочаш глынуць?
— He,— адказаў Фернанда.— Дзякуй.
He, гэта табе дзякуй, падумаў Роберт Джордан. Якое шчасце, што індзейцы з рэкламы цыгар — не п’юць. Бо ў мяне ўжо зусім мала засталося ў гэтай пляшцы. Ох, да чаго ж прыемна бачыць гэтага старога! Ён паглядзеў на Ансельма, ідучы побач з ім угору, і зноў паляпаў яго па плячы.
— Мне прыемна бачыць цябе, viejo,— сказаў ён яму.— Калі мне цяжка на душы, досыць толькі глянуць на цябе, і адразу робіцца весялей. Ну, хадзем, хадзем.
Яны ўздымаліся ўгору скрозь завіруху.
— Вяртанне ў Паблавы палацы,— сказаў Роберт Джордан. Па-іспанску гэта гучала цудоўна.
— El Palacio del Miedo,— сказаў Ансельма.— Палацы страху.
— Палацы страчанай мужнасці,— весела падхапіў Роберт Джордан.
— Якой мужнасці?— спытаў Фернанда.
— Гэта я так,— сказаў Роберт Джордан.— Пажартаваў.
— А чаму страчанай?— спытаў Фернанда.
— Гэтага я не ведаю,— сказаў Роберт Джордан.— Доўга расказваць. Спытайся лепей у Пілар.— Потым абняў Ансельма за плечы, прыціснуў яго да сябе і моцна страсянуў.— Ведаеш што?— сказаў ён.— Мне дужа прыемна цябе бачыць. Ты нават не можаш сабе ўявіць, што гэта значыць — знайсці ў гэтай краіне чалавека на тым самым месцы, дзе яго пакінуў.
Ён адчуваў такі давер і такую блізкасць да яго, што нават рызыкнуў зрабіць закід супраць Іспаніі.
— I мне вельмі прыемна бачыць цябе,— адказаў Ансельма.— Але я ўжо зусім быў сабраўся пайсці адгэтуль.
— Дзе там!— радасна сказаў Роберт Джордан.— Змёрз бы, а не пайшоў.
— Ну як там, наверсе?— спытаў Ансельма.
— Цудоўна,— сказаў Роберт Джордан.— Усё проста цудоўна.
Ён адчуваў тую неспадзяваную радасць, якая так рэдка выпадае на долю чалавека, што камандуе рэвалюцыйнай арміяй,— радасць ад усведамлення таго, што хоць адзін твой фланг трымаецца. Калі б абодва флангі трымаліся моцна, гэта было б ужо надта вялікае шчасце. А калі ўдумацца, на канцы фланга, абы-якога фланга, стаіць, зрэшты, усяго адзін чалавек. Можа, гэта не зусім тое, што яму трэба. Але гэты чалавек надзейны. Адзін надзейны чалавек. I ў заўтрашнім баі ты будзеш маім левым флангам, падумаў ён. Казаць табе пра гэта зараз, можа, не варта. Гэта будзе надта кароткі бой, падумаў ён. Але і славуты бой. Ну, што ж, мне заўсёды хацелася самастойна правесці хоць адзін бой, я заўсёды знаходзіў хібы ў тых баях, якімі кіравалі іншыя, пачынаючы ад бітвы пад Азенкурам і да нашых дзён. Свой бой трэба правесці як след. Кароткі бой, але бездакорны. Калі мне пашчасціць здзейсніць усё, як я запланаваў, то гэта будзе сапраўды бездакорны бой.
— Слухай,— сказаў ён Ансельма,— мне страшэнна прыемна цябе бачыць.
— А мне прыемна бачыць цябе,— адказаў стары.
Калі яны ўпоцемках караскаліся ўгору па схіле, і вецер дзьмуў ім у спіны, і іх засыпала снегам, Ансельма ўжо не адчуваў сябе самотным. Ён не быў самотны ад таго самага імгнення, калі Ingles паляпаў яго па плячах. Ingles быў задаволены, вясёлы, і яны жартавалі адзін з адным.
Ingles сказаў, што ўсё ідзе добра, і цяпер стары болей ужо не трывожыўся. Глыток абсенту сагрэў Ансельма, і ногі ў яго таксама сагрэліся на хаду.
— На дарозе нічога асаблівага,— сказаў ён.
— Добра,— адказаў Ingles.— Пакажаш мне, калі
прыйдзем у лагер.
Ансельма быў шчаслівы і вельмі задаволены, што не пакінуў свайго назіральнага паста.
Нічога страшнага, калі б ён нават вярнуўся ў лагер, думаў Роберт Джордан. Гэта было б цалкам разумна і правільна ў гэтых абставінах. Але ён застаўся, выконваючы загад, думаў Роберт Джордан. Такое здараецца ў Іспаніі надта рэдка. Выстаяць на пасту ў снежную завіруху. Гэта ўжо само па сабе шмат пра што сведчыць. Нездарма немцы «буру» і «атаку» называюць адным словам —«штурм». Мне б, вядома, дужа прыдаліся яшчэ адзін-два такіх, што выстаялі б на пасту. Вельмі прыдаліся б. Цікава, ці заста-
ўся б Фернанда? Лічыш, што ён застаўся б? Гэта было б надта добра! Упартасці ў яго хапіла б. Трэба было б высветліць, што ён за чалавек. Цікава, пра што зараз думае гэты індзеец з рэкламы цыгар.
— Пра што ты зараз думаеш, Фернанда?— спытаў Роберт Джордан.
— А чаму ты пытаешся?
— 3 цікаўнасці,— адказаў Роберт Джордан.— Я вельмі цікаўны чалавек.
— Я думаю пра вячэру,— адказаў Фернанда.
— Любіш паесці?
— Люблю. Вельмі.
— А як Пілар кухарыць, смачна?
— Так сабе,— адказаў Фернанда.
Проста-такі другі Кулідж, падумаў Роберт Джордан. I ўсё-такі мне здаецца, што ён выстаяў бы.
Яны павольна караскаліся ўгору скрозь снежную завіруху.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
— Эль Сорда прыходзіў,— сказала Пілар Роберту Джордану. Яны ўвайшлі з завірухі ў цёплую дымную пячору, і жанчына кіўком галавы паклікала Роберта Джордана да сябе.— Ён пайшоў шукаць коней.
— Добра. А мне ён нічога не прасіў перадаць?
— Толькі тое, што пайшоў па коней.
— А як справы ў нас?
— No se1,— адказала яна.— Палюбуйся ім.
Роберт Джордан убачыў Пабла адразу, як толькі ўвайшоў, і Пабла ўхмыльнуўся яму. Цяпер Роберт Джордан зноў паглядзеў на Пабла. Той, седзячы за сталом, вышчарыўся і памахаў яму рукой.
— Ingles!— гукнуў Пабла.— А снег усё ідзе, Ingles!
Роберт Джордан кіўнуў галавой.
— Скінь свае сандалі, я іх высушу,— сказала Марыя.— Павешу іх вось тут, перад вогнішчам.
— Глядзі — не спалі,— сказаў ёй Роберт Джордан.— Я не хацеў бы хадзіць басанож. Што тут у вас робіцца?— ён звярнуўся да Пілар.— Сход які, ці што? Вы не выставілі вартавых?
1 He ведаю (ісп.).
— У такую мяцеліцу?
За сталом, прыхіліўшыся да сцяны, сядзелі шасцёра. Ансельма і Фернанда ўсё яшчэ страсалі снег з куртак, штаноў і стукалі нагамі аб сцяну каля ўвахода ў пячору.
— Дай мне куртку,— сказала Марыя,— бо снег на ёй растане.
Роберт Джордан скінуў куртку, абцерушыў снег з штаноў і развязаў шнуркі на сандалях.
— Панамочваеш мне тут усё,— сказала Пілар.
— Ты ж мяне сама паклікала.
— Можна ж вярнуцца да ўвахода і там абтрэсці снег.
— Прашу прабачэння,— сказаў Роберт Джордан, стоячы басанож на земляной падлозе.— Пашукай мне шкарпэткі, Марыя.
— Пан і ўладар,— сказала Пілар і сунула ў агонь палена.
— Hay que aprovechar el tiempo,— адказаў ёй Роберт Джордан.— Трэба карыстацца кожнай хвілінай, якую маеш.
— Тут замкнёна,— сказала Марыя.
— Вось ключ.— I ён кінуў яго Марыі.
— Да гэтага замка не падыходзіць.
— He ў гэтай торбе, а ў другой. Яны там зверху.
Дзяўчына выцягнула шкарпэткі, замкнула рукзак і прынесла іх разам з ключом.
— Сядай, нацягні шкарпэткі і добра разатры ногі,— сказала яна.
Роберт Джордан усміхнуўся ёй.
— А ты не магла б выцерці іх сваім валоссем?— запытаў ён наўмысля для Пілар.
— От свіння,— сказала Пілар.— Спачатку выдае сябе за яснавяльможнага пана, а цяпер ужо і за самога колішняга госпада бога! Стукні яго паленам, Марыя.
— He трэба,— сказаў Роберт Джордан.— Я пажартаваў, бо вельмі задаволены.
— Задаволены?
— А хіба не?— сказаў ён.— Па-мойму, усё ідзе цудоўна.
— Раберта,— сказала Марыя.— Сядай сюды, вытры сабе ногі, а я прынясу табе што-небудзь выпіць, каб ты сагрэўся.
— Можна падумаць, што яму ніколі не даводзілася прамачыць ногі,— сказала Пілар.— Што на яго яшчэ ніводная сняжынка з неба не падала.
Марыя прынесла аўчыну і кінула яе на земляную падлогу.
— Вось,— сказала яна.— Пастаў ногі на яе, пакуль сандалі высахнуць.
Аўчына была нядаўна высушаная і нявырабленая, і калі Роберт Джордан стаў на яе, яна захрабусцела, як пергамент.
Вогнішча дыміла, і Пілар крыкнула Марыі:
— Раздзьмухай агонь, гультайка. Тут табе не вяндлярня.
— Сама раздзьмухай,— сказала Марыя.— Я шукаю пляшку, тую, што прынёс Эль Сорда.
— Яна там, за торбай,— сказала Пілар.— Чаго ты з ім цацкаешся, як з дзіцём?
— I зусім не так,— сказала Марыя.— He як з дзіцём, а як з мужчынам, што змерз і прамок. Што вярнуўся дадому. Вось, знайшла.— Яна прынесла пляшку Роберту Джордану.— Гэта тое, што ты піў сёння ўдзень. 3 такой пляшкі можна зрабіць добрую лямпу. Калі ў нас зноў будзе электрычнасць, якая лямпа з яе выйдзе!— Яна з захапленнем паглядзела на фігурную пляшку.— Як ты будзеш піць, Раберта?
— Хіба я не Ingles?— спытаў Роберт Джордан.
— На людзях я называю цябе Раберта,— адказала яна ціха і пачырванела.— Як ты будзеш піць гэта, дон Раберта?
— А мо ты вып’еш крыху?— спытаў Роберт Джордан.
Пабла пахітаў галавой.
— Я п’ю віно,— з годнасцю адказаў ён.
— Ну і ідзі да свайго Бахуса!— сказаў па-іспанску Роберт Джордан.
— А хто ён такі, гэты Бахус?— спытаў Пабла.
— Твой сябра,— сказаў Роберт Джордан.
— Ніколі пра такога не чуў,— пахмурна сказаў Пабла.— Тут у нас у гарах такога не было.
— Налі Ансельма,— сказаў Роберт Джордан Марыі.— Вось хто сапраўды змёрз.
Ён нацягнуў сухія шкарпэткі, адчуваючы ў роце чысты і трошкі пякучы смак віскі з вадой. Але гэта не тое, што абсент, думаў ён, віскі не абвалоквае ўсё ўсярэдзіне. Лепей за абсент няма нічога.
Хто б мог уявіць, што тут знойдзецца віскі, падумаў ён. Хоць калі ўжо пайшло на тое, дык адзінае месца ў Іспаніі, дзе найлягчэй дастаць віскі,— гэта Ла-Гранха. Уявіце сабе: Эль Сорда не толькі раздабыў пляшку віскі госцю-дына-
мітчыку, але і не забыўся захапіць яе з сабой і пакінуць тут! Гэта ў іх не проста ветлівасць. Ветлівасць — гэта паставіць пляшку і цырымонна выпіць яе з госцем. Так зрабіў бы француз, а тое, што засталося, схаваў бы да наступнага выпадку. Але выявіць сапраўдную гасціннасць і не толькі дастаць тое, што можа быць прыемна госцю, але прынесці і пакінуць яму, у той час як самому даводзіцца клапаціцца пра нешта іншае, такое, што цалкам дазваляе яму засяродзіцца толькі на сабе і на сваёй справе,— на гэта здатныя толькі іспанцы. Найлепшыя з іх. Сорда не забыўся ўзяць з сабою віскі — вось адна з тых рыс, за якія ты любіш гэты народ. Толькі не трэба іх рамантызаваць, падумаў ён. Іспанцы бываюць розныя, гэтаксама як і амерыканцы. Але ўсё ж прынесці з сабой віскі — гэта проста цудоўна.