Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Ну, як?— пытала яна.— Як ногі, малыш?
— Добра, Пілар,— адказваў ён, не расплюшчваючы вачэй.
— Можа, расцерці табе грудзі?
— He, Пілар, грудзі не чапай.
— А сцёгны?
— He, там дужа балюча.
— А як я іх разатру і змажу маззю, яны разагрэюцца і перастануць балець.
— He, Пілар. Дзякуй табе. Мне лепей так, калі іх не чапаюць.
— Я абатру цябе спіртам.
— Добра. Толькі вельмі асцярожна.
— Таго апошняга быка ты забіў проста цудоўна,— сказала я, а ён адказаў:
— Так. Я забіў яго няблага.
1 Як проста! (ісп.)
Потым, абцёршы яго спіртам і загарнуўшы ў прасціну, яна клалася побач з ім у ложку, і ён выцягваў смуглявую руку, кранаў яе і казаў: «Ты не жанчына, а нейкі цуд». I ў яго вуснах гэта гучала як жарт, бо жартаваць па-сапраўднаму ён не ўмеў. Потым ён засынаў, як заўсёды пасля бою, а яна ляжала побач з ім, трымаючы яго руку ў абедзвюх далонях, і прыслухоўвалася да яго дыхання.
Яму часта сніліся благія сны, і яна адчувала, як яго пальцы шчыльней сціскаюць яе руку, і бачыла кроплі поту, што выступаюць на лбе, а калі ён прачынаўся, яна казала: «Спі, спі»,— і ён зноў засынаў. Пяць год яна пражыла з ім і ні разу яму не здрадзіла,— амаль што ні разу, а калі яго пахавалі, яна сышлася з Пабла, які выводзіў на арэну коней для пікадораў і сам быў падобны на тых быкоў, якіх усё жыццё забіваў Фініта. Цяпер, аднак, яна ведала, што ні бычыная сіла, ні бычыная храбрасць недаўгавечныя, бо, зрэшты, што наогул даўгавечнае на гэтым свеце? Я даўгавечная, падумала яна. Так, я даўгавечная. Але каму гэта трэба?
— Марыя,— сказала яна,— трэба ж глядзець, што ты робіш. Нам гэтае вогнішча патрэбна для таго, каб згатаваць вячэру, а не спаліць цэлы горад.
I тут каля ўвахода ў пячору паказаўся цыган. Ён увесь быў засыпаны снегам і, спыніўшыся каля ўвахода з карабінам у руцэ, пачаў тупаць ботамі, сцярушваючы снег.
Роберт Джордан падняўся і пайшоў яму насустрач. — Ну, што?— спытаў ён у цыгана.
— На вялікім мосце два вартавыя, змена варты праз шэсць гадзін,— сказаў цыган.— У будцы дарожнага майстра восем салдат і капрал. Вось табе твой хранометр.
— А на тартаку?
— Гэта табе скажа стары. Ён сочыць і за аўтастрадай і за тартаком.
— А што на дарозе?— спытаў Роберт Джордан.
— Рух такі самы, як заўсёды,— адказаў цыган.— Нічога надзвычайнага няма. Прайшло некалькі машын, вось і ўсё.
Было відаць, што цыган змерз, яго смуглявы твар скрывіўся ад холаду, рукі пачырванелі. He заходзячы ў пячору, ён скінуў куртку і страсянуў яе.
— Я сядзеў там, пакуль не змянілі варту,— сказаў ён.— Змена была апоўдні, а потым а шостай гадзіне. Доўга ўсё-такі. He хацеў бы я служыць у іхняй арміі.
— Трэба пайсці па старога,— сказаў Роберт Джордан, нацягваючы сваю скураную куртку.
— Ну, гэта ўжо без мяне,— сказаў цыган.— Мне зараз патрэбны толькі месцейка ля агню і міска гарачай юшкі. Хай хто-небудзь з іх цябе павядзе, а я растлумачу, як знайсці старога. Гэй вы, валацугі!— гукнуў ён да тых, хто сядзеў за сталом.— Хто з вас пойдзе з Ingles па старога?
— Я пайду,— падняўся Фернанда.— А дзе ён?
— Дзе ён?— перапытаў цыган.— Трэба ісці так...— I ён растлумачыў, як знайсці месца, дзе сядзіць стары Ансельма і назірае за дарогай.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Ансельма скурчыўся за вялікім дрэвам, тоўсты камель якога бараніў яго ад снегу. Ён шчыльна прыціскаўся да камля, схаваўшы рукі ў рукавы курткі — правая рука ў левым рукаве, левая ў правым — і ўнурыўшы галаву як мага глыбей у настаўлены каўнер. Калі давядзецца прасядзець тут яшчэ якую гадзіну, то я замерзну, а з гэтага будзе невялікая карысць, думаў ён. Ingles наказаў мне чакаць, пакуль не прыйдзе змена, але ж ён тады яшчэ не ведаў, што ўзнімецца завіруха. Рух на дарозе звычайны, і ўсё, што робіцца на тым пасту ў тартаку, я ўжо добра ведаю. Трэба вяртацца ў лагер. Пабуду тут яшчэ крыху, падумаў ён, і пайду ў лагер. 3 засадамі заўсёды так, надта ўжо яны суровыя. Калі нешта зменіцца, на гэта не зважаюць.
Ён пастукаў нагою аб нагу, потым выцягнуў рукі з рукавоў, нахіліўся, расцёр сабе лыткі і зноў пастукаў нага аб нагу, каб разагнаць кроў. Тут, за дрэвам, было не так холадна — сасна бараніла ад ветру, але ён ведаў, што неўзабаве ўсё адно трэба ўставаць і пайсці адгэтуль, каб не змерзнуць.
Якраз у гэтую самую хвіліну, калі ён, сагнуўшыся, расціраў сабе ногі, з боку шашы пачуўся грукат аўтамабіля. На колах яго былі ланцугі, і канец аднаго ланцуга бразгаў. Калі стары глянуў у той бок, ён убачыў на заснежанай дарозе машыну, афарбаваную ў карычневыя і зялёныя плямы, шкло ў яе кабіне было замазана сіняй фарбай, каб не было відаць, хто ў ёй едзе,— а для тых, хто сядзеў усярэдзіне, быў пакінуты паўкруглы прасвет. Гэта была машына Генеральнага штаба — замаскіраваны «ролс-ройс» выпуску трыццаць пятага года, але Ансельма не ведаў гэтага. Ён не мог зазірнуць усярэдзіну машыны, дзе сядзелі трое афіцэраў у плашчах,— двое на заднім сядзенні,
а трэці — на адкідным. Афіцэр, што сядзеў на адкідным сядзенні, глядзеў на дарогу скрозь прасвет у сіняй фарбе на шкле машыны, але Ансельма не ведаў гэтага. Яны не бачылі адзін аднаго.
Машына прамільгнула скрозь снег акурат пад тым месцам, дзе стаяў Ансельма. Стары ўбачыў шафёра — з чырвоным тварам, у сталёвай касцы, у плашчы, накінутым на плечы, разгледзеў і ствол ручнога кулямёта — яго трымаў ардынарац, што сядзеў побач з шафёрам. Потым машына знікла за паваротам шашы, і Ансельма сунуў руку за пазуху, выцягнуў з нагруднай кішэні кашулі два аркушыкі паперы, выдраныя з запісной кніжкі Роберта Джордана, і зрабіў паметку пад малюнкам, што азначаў легкавую машыну. Гэта была ўжо дзесятая машына. Шэсць з іх вярнуліся назад. Чатыры яшчэ засталіся там. Нічога незвычайнага ў такім руху машын на гэтай шашы не было, але Ансельма не здольны быў адрозніваць «форды», «фіяты», «опелі», «рэно» і «сітраены» штаба дывізіі, якая дзейнічала ў гэтым раёне, ад «ролс-ройсаў», «ланчый», «мерседэсаў» і «ізота» Генеральнага штаба. Іх мог бы вылучыць Роберт Джордан, і калі б ён быў там, на месцы старога, то здолеў бы ацаніць значэнне таго факта, што якраз такія машыны ішлі ў тым напрамку. Але яго не было, а стары проста пазначыў на лістку з блакнота, што ўгору па дарозе прайшла яшчэ адна легкавая машына.
На гэты час Ансельма ўжо зусім змерз і вырашыў ісці ў лагер, пакуль не сцямнела. Ён не баяўся збіцца з дарогі, але меркаваў, што няма патрэбы затрымлівацца тут далей, тым больш што вецер рабіўся ўсё халаднейшы і мяцеліца не суцішвалася.
Ён быў ужо падняўся, патупаў на месцы, паглядзеў скрозь снег на шашу і ўсё-такі не пайшоў угору, а толькі прыхіліўся да падветранага боку хвоі і застаўся стаяць там.
Ingles наказаў мне чакаць, думаў ён. Можа, ён ужо ідзе сюды, і, калі я пайду адгэтуль, ён заблудзіць, шукаючы мяне ў такую завіруху. Столькі ўжо ліха мы зазналі ў гэтую вайну з-за благой дысцыпліны і парушэння загадаў! Хай ужо лепш я пачакаю яшчэ трохі, можа, Ingles хутка прыйдзе. А калі не прыйдзе ў хуткім часе, я пайду адгэтуль, не зважаючы ні на якія загады, бо мне трэба даставіць данясенне і спраў у мяне зараз шмат, а замярзаць насмерць мне зусім не варта — не след кідацца з адной крайнасці ў іншую.
3 коміна тартака па той бок шашы ўздымаўся дым, і вецер даносіў яго пах разам са снегам да Ансельма. Фашыстам зараз там добра, ім цёпла і ўтульна, а заўтра ўначы мы іх пазабіваем. Дзіўна ўсё выходзіць, і лепей пра гэта не думаць. Я сачыў за імі цэлы дзень і бачыў, што яны такія самыя людзі, як мы. Я мог бы, прынамсі, падысці зараз да тартака, пастукаць у дзверы, і яны сустрэлі б мяне прыязна, хіба толькі яны маюць загад затрымліваць усіх падарожных і правяраць у іх дакументы. Выходзіць, нас раздзяляюць толькі загады. Гэтыя людзі не фашысты. Я называю іх так, але яны не фашысты. Яны такія самыя беднякі, як і мы. He трэба было ім ваяваць супраць нас, і мне лепей не думаць пра тое, што іх давядзецца забіць.
Гэтыя вартавыя — галісійцы. Як толькі я пачуў, як яны гавораць, адразу ж пазнаў іх па вымаўленні. Яны не могуць дэзерціраваць, бо за гэта расстралялі б іх сваякоў. Галісійцы бываюць альбо надта разумныя, альбо тупыя, як быдла. Я ведаў і такіх, і такіх. Лістэр — такі самы галісіец, з таго самага горада, як і Франка. Цікава, што гэтыя галісійцы думаюць пра снег у такую пару года? У іх жа няма такіх высокіх гор, як у нас, і ў іх заўсёды ідуць дажджы, і заўсёды ўсё зялёнае.
Акно тартака засвяцілася, і Ансельма зябка перасмыкнуўся і падумаў: чорт бы ўзяў таго Ingles! Галісійцы сядзяць сабе ў цяпле пад дахам, і гэта ў нас, у нашым краі, а я мерзну тут, за дрэвам, і пазашываліся мы ў нейкай нары, сярод скал, як дзікія звяры. Але заўтра, падумаў ён, гэтыя звяры павыпаўзаюць з нары, а вось тыя, каму зараз так утульна жывецца, памруць, захутаныя ў свае цёплыя коўдры. Як тыя, каму давялося загінуць у тую ноч, калі мы напалі на Атэра, падумаў ён. Яму было непрыемна, аднак, нагадваць пра Атэра.
У тую ноч, у Атэра, ён упершыню забіў чалавека і цяпер спадзяваўся, што яму не давядзецца забіваць у час ліквідацыі гэтых пастоў. Там, у Атэра, Пабла ўдарыў нажом вартавога, якому Ансельма накінуў коўдру на галаву. Салдат, амаль задушаны, схапіў Ансельма за нагу і ўсхліпваў там, пад коўдрай, і Ансельма давялося навобмацак торкаць у яго нажом, пакуль вартавы не вызваліў нагу і не заціх. Ансельма прыціснуў яму горла каленам, каб той не крычаў, і ўсё торкаў нажом, быццам у клунак, а Пабла тым часам шпурнуў гранату ў акно каравулкі, дзе спалі салдаты. I калі палыхнула, цэлы свет быццам бы выбухнуў перад вачыма чырвоным і жоўтым, у гэтае самае імгненне ў акно каравулкі паляцелі яшчэ дзве гранаты... Пабла паспеў вы-
шмаргнуць абедзве загваздкі і кінуць гранаты ў акно, адну за адною, і тыя, каго не забіла на ложках, загінулі ў тое самае імгненне, калі ўсхапіліся з ложкаў пасля выбуху першай гранаты. Гэта было ў тыя славутыя дні, калі Пабла, як д’ябал, гуляў па ўсёй правінцыі, і ніводзін з фашысцкіх пастоў не адчуваў сябе бяспечна ўначы.
А цяпер ад таго Пабла ўжо нічога не засталося, ён нібыта спакладаны кабан. Калі аперацыя скончылася і вішчанне сціхла, семяннікі выкідаюць, і кабан, які цяпер ужо і не кабан, ідзе шукаць іх, рыючы зямлю лычом, знаходзіць і з’ядае іх. He, да гэтага Пабла яшчэ не дайшоў, усміхнуўся Ансельма. Бач, як выходзіць, нават пра Пабла можна думаць несправядліва. Але ён зрабіўся вельмі подлым і надта змяніўся,— гэта праўда.