Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Ну як, смачна?— запытаўся ён у Ансельма.
Стары сядзеў каля вогнішча і ўсміхаўся, трымаючы конаўку ў вялікіх руках. Ён пахітаў галавой.
— He?— спытаў яго Роберт Джордан.
— Дзяўчына даліла мне сюды вады,— сказаў Ансельма.
— Бо так п’е Раберта,— мовіла Марыя.— А ты што, лепей за яго?
— He,— адказаў ёй Ансельма.— Я не лепей. Але я люблю, калі яно пячэ.
— Дай мне гэта,— сказаў Роберт Джордан.— А яму налі так, каб пякло.
Ён выліў віскі, што заставаўся ў Ансельма, сабе і вярнуў парожнюю конаўку дзяўчыне, а тая асцярожна наліла ў яе з пляшкі.
— О,— сказаў Ансельма, узяў конаўку, адкінуў галаву назад і выпіў усё адным духам. Потым глянуў на Марыю, якая стаяла перад ім з пляшкай, і падміргнуў ёй поўнымі слёз вачыма.
— О,— сказаў ён.— Вось так,— потым аблізаў губы.— Вось чым трэба забіваць чарвяка, што нас точыць.
— Раберта,— сказала Марыя і падышла да яго з пляшкай у руцэ.— Табе ўжо хочацца есці?
— А вячэра гатовая?
— Гатовая. Я магу прынесці табе.
— А ўжо ўсе пад’елі?
— Усе, акрамя цябе, Ансельма і Фернанда.
— Што ж, будзем вячэраць,— сказаў ён.— А ты?
— Я потым, разам з Пілар.
— Сядай зараз з намі.
— He, так нельга.
— Сядай і еш. У маёй краіне муж не сядзе есці без жонкі.
— Гэта ў тваёй краіне. А тут лепей потым.
— Еш з ім,— сказаў Пабла, глянуўшы на яе.— Еш з ім. Пі з ім. Спі з ім. Памірай з ім. Рабі ўсё так, як робяць у яго краіне.
— Ты п’яны?— спытаў Роберт Джордан, падышоўшы да стала.
Пабла, брудны, няголены, з блазнаватым выглядам утаропіўся ў яго.
— Ага,— сказаў Пабла.— А ты з якой краіны, Ingles? 3 той, дзе жанчыны сядзяць за сталамі разам з мужчынамі?
— 3 Estados Unidos ', з штата Мантана.
— Гэта ў вас мужчыны носяць спадніцы, як жанчыны?
— He. Гэта ў Шатландыі.
— Паслухай, Ingles,— сказаў Пабла.— Калі ты ходзіш у спадніцы...
— Я не хаджу ў спадніцы,— сказаў Роберт Джордан.
— Калі ты ходзіш у спадніцы,— працягваў далей Пабла,— што ў цябе пад ёй?
— Я не ведаю, што шатландцы носяць пад спадніцай,— сказаў Роберт Джордан.— Я б і сам хацеў ведаць гэта.
— Пры чым тут Escoceses2?— сказаў Пабла.— Навошта мне тыя Escoceses? Каму патрэбны гэтыя людзі, што так дзіўна называюцца? Мне да іх няма ніякай справы. Я пытаюся ў цябе, Ingles? У цябе. Што ў цябе пад спадніцай, калі ты носіш яе ў сваёй краіне?
— Я табе ўжо двойчы казаў, што мы спадніц не носім,— адказаў яму Роберт Джордан.— Hi сп’яна, ні жартам.
— He, а пад спадніцаю ўсё-такі — што?— вёў сваё Пабла.— Усе ж ведаюць, што ў вас ходзяць у спадніцах. Нават салдаты. Я на малюнку бачыў і ў цырку Прайса таксама бачыў. Што ў цябе пад спадніцай, Ingles?
— Los cojones !,— сказаў Роберт Джордан.
Ансельма засмяяўся, і ўсе іншыя, што прыслухоўваліся да размовы, засмяяліся,— усе, акрамя Фернанда. Яму было непрыемна, што такое слова, такое непрыстойнае слова вымаўляюць пры жанчынах.
' Злучаныя Штаты (ісп.).
2 Шатландцы (ісп.).
3 Мужчынскія палавыя органы (ісп., груб.).
— Ну што ж, так і павінна быць,— сказаў Пабла.— Але, на маю думку, той, хто сапраўды мае cojones, спадніцы не надзене.
— He звязвайся з ім, Ingles,— сказаў чалавек з пляскатым тварам і перабітым носам, якога звалі Прымітыва.— Ён напіўся. Лепей раскажы, якая худоба ёсць у вас і што сеюць у вашай краіне?
— Каровы і авечкі,— сказаў Роберт Джордан.— Пшаніцы і фасолі ў нас багата. I цукровыя буракі ёсць.
Роберт Джордан, Ансельма і Фернанда сядзелі цяпер за сталом, а іншыя прысунуліся да іх,— усе, апроч Пабла, што сядзеў адзін перад міскай з віном. На вячэру было такое самае тушанае мяса, што і ўчора вечарам, і Роберт Джордан з прагнасцю накінуўся на яго.
— А горы ў вас ёсць? Пэўна, ёсць, мяркуючы па назве краіны,— ветліва сказаў Прымітыва, каб падтрымаць размову. Яму было няёмка за п’янага Пабла.
— Гор многа, і ёсць вельмі высокія.
— А паша добрая ёсць?
— Цудоўная! Летняя паша ў лясах, што належаць дзяржаве. А ўвосень скаціну пераганяюць з гор у даліны.
— А каму ў вас належыць зямля — сялянам?
— Зямля пераважна належыць тым, хто на ёй працуе. Спярша яна належала дзяржаве, а калі хто выбіраў сабе дзялянку і абяцаў, што будзе яе апрацоўваць, яму давалася права валодаць ста пяццюдзесяццю гектарамі.
— Раскажы, як гэта рабілася,— папрасіў Агусцін.— Такая аграрная рэформа мне падабаецца.
Роберт Джордан растлумачыў сутнасць гомстэд-акта. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што гэта можна назваць аграрнаю рэформай.
— Цудоўна!— сказаў Прымітыва.— Значыць, у вашай краіне камунізм.
— He. У нас рэспубліка.
— Я лічу,— сказаў Агусцін,— што пры рэспубліцы ўсяго можна дасягнуць. На маю думку, ніякага іншага ладу і не трэба.
— А буйных землеўладальнікаў у вас няма?— спытаў Андрэс.
— Ёсць, і вельмі многа.
— Значыць, ёсць і несправядлівасць.
— А як жа! Несправядлівасці хапае.
— Але вы з ёю змагаецеся?
— Намагаемся пераадолець, але ўсё-такі несправядлівасці яшчэ хапае.
— А ці засталіся ў вас яшчэ вялікія маёнткі, якія трэба падзяліць на часткі паміж беднякамі?
— Ёсць. I ёсць такія людзі, якія лічаць, што такія маёнткі самі па сабе разаб’юцца на часткі, калі аблажыць іх высокімі падаткамі.
— Як жа гэта так?
Падбіраючы поліўку кавалачкам хлеба, Роберт Джордан растлумачыў сістэму падаходных падаткаў і падаткаў на спадчыну.
— Але вялікія маёнткі ўсё адно застаюцца. Акрамя таго, у нас ёсць падаткі на зямлю,— сказаў ён.
— Напэўна, калі-небудзь буйныя землеўладальнікі і багацеі ўзбунтуюцца супраць такіх падаткаў. Па-мойму, такія падаткі могуць прывесці да перавароту. Незадаволеныя паўстануць супраць урада, калі зразумеюць, чым гэта пагражае ім, гэтаксама як у нас зрабілі фашысты,— сказаў Прымітыва.
— Цалкам магчыма.
— Тады вам давядзецца ваяваць у сябе, таксама як нам.
— Так, нам давядзецца ваяваць.
— А многа ў вашай краіне фашыстаў?
— Ёсць шмат такіх, якія яшчэ самі не ведаюць, што яны фашысты, але надыдзе час, і яны гэта зразумеюць.
— А хіба нельга іх знішчыць, пакуль яны не ўзбунтаваліся?
— He,— адказаў Роберт Джордан.— Знішчыць іх нельга. Але можна выхаваць людзей так, каб яны баяліся фашызму і ўмелі распазнаваць яго і перамагчы, калі ён уздыме галаву.
— А ведаеш, дзе няма ніводнага фашыста?— спытаў Андрэс.
— Дзе?
— У тым горадзе, адкуль Пабла,— сказаў Андрэс і.ўсміхнуўся.
— Ты ведаеш, што ў іх там адбылося? — спытаў у Роберта Джордана Прымітыва.
— Так. Мне казалі.
— Хто? Пілар?
— Так.
— Усяго яна не магла расказаць,— цяжка вымавіў Пабла.— Бо яна ўпала з крэсла пад акном і канца не ўбачыла.
— Тады ты нам раскажы,— сказала Пілар.— Калі я нічога не ведаю, раскажы сам.
— He,— адказаў Пабла.— Я нікому пра гэта не расказваў.
— Так,— сказала Пілар.— I ніколі не раскажаш. I цяпер ты шкадуеш, што ўсё гэта здарылася.
— He,— сказаў Пабла.— Гэта няпраўда. Калі б усе забівалі фашыстаў так, як я, гэтай вайны ў нас не было б. Але я б хацеў, каб усё гэта было зроблена іншым спосабам.
— Навошта ты такое кажаш?— спытаўся ў яго Прымітыва.— Хіба ў цябе змяніліся погляды на палітыку?
— He. Але там было шмат зверстваў,— сказаў Пабла.— Я тады быў люты, як звер.
— А зараз ты п’яны,— мовіла Пілар.
— Так,— сказаў Пабла.— 3 вашага дазволу.
— Зверам ты мне болей падабаўся,— сказала жанчына.— П’янюга — гэта самае найгоршае. Злодзей, калі не крадзе, нічым не горшы за іншых людзей. Круцель не будзе ашукваць сваіх. Забойца прыйдзе дадому і памые рукі. Але п’янюга смярдзіць і блюе ў сваім ложку і паліць сабе ўсё нутро спіртам.
— Ты жанчына, і ты нічога не разумееш,— спакойна сказаў Пабла.— Я п’яны ад віна, і я быў бы цалкам шчаслівы, калі б не тыя людзі, якіх я забіў. Бо яны поўняць маю душу смуткам,— ён пахмурна пакруціў галавой.
— Дайце мне трохі таго, што прынёс Эль Сорда,— сказала Пілар.— Дайце яму чаго-небудзь, каб ён хоць трошкі падбадзёрыўся. Бо ён такі маркотны, што ўжо сіл маіх не стае глядзець.
— Калі б я мог, я вярнуў бы іх да жыцця,— сказаў Пабла.
— Ідзі ты туды і туды, каб тваю так і ператак,— сказаў Агусцін.— Ты што — забыў, дзе ты?
— Я б ажывіў іх усіх,— сумна сказаў Пабла.— Усіх да аднаго.
— Заткні сваю глотку!— закрычаў на яго Агусцін.— Заткні сваю глотку або зматвайся адгэтуль! Ты ж фашыстаў забіваў!
— Ты чуў, што я сказаў,— мовіў Пабла.— Я б ажывіў іх усіх.
— А потым пайшоў бы па вадзе, як па сушы,— сказала Пілар.— Я яшчэ зроду не бачыла такога, як ты. Учора ў цябе было крыху мужнасці. А сёння нічога не засталося, нават на паўздохлае кацяня не хопіць. А ён яшчэ радуецца з свайго паскудства!
— Нам трэба было або ўсіх забіваць, або нікога не забіваць.— Пабла хітнуў галавой.— Усіх або нікога.
— Слухай, Ingles,— сказаў Агусцін.— Як гэта сталася, што ты прыехаў у Іспанію? He зважай на Пабла. Ён п’яны.
— Упершыню я прыехаў сюды дванаццаць гадоў таму, каб вывучыць краіну і мову,— сказаў Роберт Джордан.— Я выкладаю іспанскую мову і літаратуру ва універсітэце.
— А ты зусім не падобны на прафесара,— сказаў Прымітыва.
— Бо ў яго няма барады,— сказаў Пабла.— Вось, глядзіце, у яго няма барады.
— Ты сапраўдны прафесар?
— Выкладчык.
— Але ж ты кагосьці вучыш?
— Так.
— Але чаму іспанскай мове?— спытаў Андрэс.— Ты ж англічанін, і табе лягчэй было б выкладаць англійскую мову.
— Ён гаворыць па-іспанску не горш за нас,— сказаў Ансельма.— Чаму ж яму не вучыць іншых іспанскай мове?
— Так. Але ці не зашмат бярэ на сябе чужынец, калі хоча вучыць іспанскай мове?— сказаў Фернанда.— Я не хачу абразіць цябе гэтымі словамі, дон Раберта.
— Ён не сапраўдны прафесар,— сказаў Пабла, дужа задаволены сабой,— бо ў яго няма барады.
— Ты ж англійскую мову ведаеш лепей,— сказаў Фернанда.— Ці ж не было б табе лепей, і лягчэй, і прасцей выкладаць англійскую мову?
— Але ж ён не іспанцаў навучае...— умяшалася Пілар.
— Спадзяюся, што не іспанцаў,— сказаў Фернанда.
— Дай мне закончыць, упарты мул,— сказала яму Пілар.— Ён выкладае іспанскую мову амерыканцам. Паўночным амерыканцам.
— Хіба яны не ўмеюць гаварыць па-іспанску?— спытаў Фернанда.— Паўднёвыя амерыканцы ўмеюць.
— Слухай, упарты мул,— сказала яму Пілар,— ён навучае іспанскай мове паўночных амерыканцаў, што гавораць па-англійску.
— А ўсё-такі яму было б лягчэй навучаць англійскай мове, калі ён сам гаворыць па-англійску,— сказаў Фернанда.