Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Пойдзеш пакрыеш іх,— сказаў Агусцін.— Кабылін палюбоўнік.
— Я дужа люблю коней,— сказаў Пабла.— Яны нават ззаду прыгажэйшыя і маюць больш розуму, чым вось такія людзі, як ты. Ну, не сумуйце,— дадаў ён і ўсміхнуўся.— Раскажы ім пра мост, Ingles. Растлумач, што павінен рабіць кожны з іх у час нападу. Як правесці адступленне. Куды ты іх павядзеш, Ingles, пасля знішчэння моста? Куды ты павядзеш гэтых патрыётаў? Я пра гэта цэлы дзень думаў, пакуль піў.
— Ну, і што ты надумаў?— спытаў Агусцін.
— Што я надумаў?— сказаў Пабла і, не раскрываючы рота, правёў языком па дзёснах.— Que te Importa да таго, што я надумаў.
— Кажы,— мовіў Агусцін.
— Я шмат пра гэта думаў,— сказаў Пабла. Ён захінуўся ў брудна-жоўты плашч, пакінуўшы непакрытай галаву.— Шмат пра што думаў.
— Пра што?— спытаў Агусцін.— Пра што?
— Я думаў пра тое, што ўсе вы легкаверы,— сказаў Пабла.— Вамі камандуе жанчына, у якой мазгі пад спадніцай, і чужынец, які прыйшоў, каб загубіць вас.
— Вымятайся адгэтуль!— крыкнула Пілар.— Вымятайся! Каб нават твайго паганага духу тут не было, няшчасны кабылятнік.
— Во язык! — сказаў Агусцін у захапленні, але думкі яго былі занятыя іншым. Ён усё яшчэ не мог супакоіцца.
— Я пайду,— сказаў Пабла,— але хутка вярнуся.— Ён падняў гуньку, што закрывала ўваход у пячору, і выйшаў. Потым выглянуў знадворку:
— А снег яшчэ ідзе, Ingles!
1 Якая табе справа (ісп.).
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
Цяпер у пячоры ўсталявалася цішыня, і толькі было чуваць, як шыпіць снег, што падае праз адтуліну ў скляпенні на гарачае вуголле.
— Пілар,— сказаў Фернанда,— мяса там не засталося?
— Ат, адчапіся,— мовіла жанчына.
Але Марыя ўзяла ў Фернанда паўмісак, падышла з ім да вялікага сагана, знятага з вогнішча, і наклала ў яго смажаніны. Вярнуўшыся да стала, яна паставіла паўмісак перад Фернанда і пагладзіла яго па плячы, калі ён схіліўся над сталом. 3 хвіліну яна пастаяла каля Фернанда, трымаючы руку на яго плячы, але Фернанда нават не глянуў на яе. Ён еў.
Агусцін стаяў каля вогнішча. Астатнія сядзелі за сталом. Пілар прысела за стол насупраць Роберта Джордана.
— Ну, Ingles,— сказала яна,— цяпер ты сам пераканаўся, што гэта за чалавек.
— А што ён цяпер зробіць?— спытаў Роберт Джордан.
— Ад яго можна чакаць усяго,— жанчына апусціла вочы.— Усяго. Ён цяпер на ўсё здатны.
— Дзе ў вас кулямёт?— спытаў Роберт Джордан.
— Вунь там, у кутку, загорнуты ў коўдру,— сказаў Прымітыва.— Ён табе патрэбен?
— He зараз, потым,— сказаў Роберт Джордан.— Я толькі хацеў ведаць, дзе ён.
— Ён тут,— мовіў Прымітыва.— Я прынёс яго сюды і загарнуў у сваю коўдру, каб механізм не заржавеў. Дыскі ў той торбе.
— He, гэтага ён не зробіць,— сказала Пілар.— 3 таquina ён нічога не зробіць.
— Ты ж сама кажаш, што ён здатны на ўсё.
— Так,— мовіла яна,— але ён не можа карыстацца ім. Кінуць сюды гранату — гэта ён можа. Гэта на яго больш падобна.
— Дурні мы і слімакі, што яго не забілі,— сказаў цыган. Дагэтуль ён маўчаў.— Раберту трэба было забіць яго ўчора вечарам.
— Забі яго,— сказала Пілар. Яе вялікі твар пацямнеў і змарнеў.— Цяпер і я за гэта.
— Я быў супраць,— сказаў Агусцін. Ён стаяў каля вогнішча, звесіўшы свае доўгія рукі, і ў водблісках агню пад яго скуламі на зарослых шчэццю шчоках залеглі цені.— А цяпер і я за гэта,— сказаў Агусцін.— Гэты Пабла — як
атрута, і яму было б вельмі прыемна, калі б нас усіх перабілі.
— Хай усе выкажуцца,— стомлена прамовіла Пілар.— Ты, Андрэс?
— Matarlo — кіўнуўшы галавою, сказаў старэйшы з братоў, у якога цёмныя валасы вострым клінцам апускаліся нізка на лоб.
— Эладзіо?
— Забіць,— сказаў малодшы брат.— Па-мойму, ён дужа небяспечны чалавек. I карысці з яго ніякай няма.
— Прымітыва?
— Забіць.
— Фернанда?
— А ці нельга яго арыштаваць?— спытаў Фернанда.
— А хто яго будзе пільнаваць?— сказаў Прымітыва.— Каб пільнаваць вязня, трэба два чалавекі, і да таго ж што мы будзем з ім рабіць потым?
— Можна было б прадаць яго фашыстам,— мовіў цыган.
— Толькі гэтага нам не ставала,— сказаў Агусцін.— He ставала нам яшчэ такога паскудства!
— Я толькі прапанаваў,— сказаў цыган Рафаэль.— Па-мойму, фашысты дужа ўзрадаваліся б, калі б ён да іх трапіў.
— Досыць ужо, кінь ты,— сказаў Агусцін.— Гэта подласць!
— Мая подласць не падлей за самога Пабла,— апраўдваўся цыган.
— Адной подласцю другую не апраўдаеш,— сказаў Агусцін.— Ну, усе ўжо выказаліся. Засталіся толькі стары і Ingles.
— Іх гэта не датычыцца,— мовіла Пілар.— Пабла не быў іхнім камандзірам.
— Пачакайце крыху,— сказаў Фернанда.— Я яшчэ не скончыў.
— Ну, дык дагаворвай,— сказала Пілар.— Кажы хутчэй, пакуль ён не вярнуўся. Кажы, пакуль ён не ўкаціў пад гуньку гранату і мы не ўзляцелі ў паветра разам з дынамітам і з усім іншым, што тут ёсць.
— Я лічу, што ты пераболынваеш, Пілар,— сказаў Фернанда.— Наўрад ці ён мае такія намеры.
— I я не веру,— мовіў Агусцін.— Бо тады і віно ўзляцела б у паветра, а віна яму неўзабаве зноў захочацца.
Забіць яго (ісп.).
— А што, як аддаць яго Эль Сорда, а Эль Сорда няхай прадасць яго фашыстам,— прапанаваў Рафаэль.— Выкалем яму вочы, тады нам лягчэй будзе скруціць яго.
— Змоўкні,— сказала Пілар.— Калі я цябе слухаю, мне хочацца зрабіць нейкую подласць табе самому.
— Фашысты ўсё роўна нічога за яго не дадуць,— мовіў Прымітыва.— Іншыя ўжо спрабавалі рабіць такое, і нічога з гэтага не выходзіла. Яшчэ і цябе расстраляюць заадно.
— А я лічу, што за сляпога хоць трошкі, а далі б,— сказаў Рафаэль.
— Змоўкні,— сказала Пілар.— Яшчэ раз скажаш такое, і цябе самога напаткае тое самае, што і яго.
— Але ж Пабла сам выкалаў вочы таму параненаму guardia civil,— стаяў на сваім цыган.— Ты што, забылася?
— Заткні сваю ляпу,— сказала яму Пілар. Ёй было няёмка, што пра гэта нагадваюць пры Роберце Джордане.
— Мне не далі скончыць,— зноў умяшаўся Фернанда.
— Дык канчай,— адказала яму Пілар.— Ну, канчай хутчэй.
— Паколькі арыштаваць Пабла няма сэнсу,— пачаў Фернанда,— і паколькі выкарыстаць яго для якой-небудзь махінацыі...
— Хутчэй жа,— сказала Пілар.— Канчай ужо, божухна ты мой!
— ... было б ганебна,— спакойна вёў далей Фернанда,— я схіляюся да думкі, што Пабла трэба ліквідаваць, каб забяспечыць паспяховае здзяйсненне намечанай аперацыі.
Пілар паглядзела на яго, пакруціла галавой, закусіла губу і нічога не сказала.
— Такая мая думка,— сказаў Фернанда.— Я лічу, што ў нас ёсць усе падставы сцвярджаць, што ён уяўляе сабой небяспеку для Рэспублікі...
— Матка боска!— сказала Пілар.— Нават тут, аказваецца, можна развесці бюракратыю!
— ... што вынікае як з яго слоў, так і з яго нядаўніх учынкаў,— працягваў далей Фернанда.— I хоць ён заслугоўвае ўдзячнасці за сваю дзейнасць на пачатку руху і аж да апошняга часу...
Пілар была ўжо адышла ад вогнішча. Цяпер яна зноў вярнулася да стала.
— Фернанда,— спакойна сказала яна, падаючы яму паўмісак.— Вось табе мяса, і зрабі ласку — заткні сваю шаноўную ляпу і памаўчы. Мы тваю думку ўжо зразумелі.
— Але як жа...— пачаў быў Прымітыва і змоўкнуў, не скончыўшы фразы.
— Estoy listo,— сказаў Роберт Джордан.— Я гатовы зрабіць гэта. Паколькі вы ўсе пагадзіліся, што яго неабходна ліквідаваць, я згодзен аказаць вам гэтую паслугу.
Што за чартаўшчына, падумаў ён. Наслухаўшыся Фернанда, я і сам загаварыў так, як ён. Мабыць, гэта заразліва. Французская — гэта мова дыпламатаў. Іспанская — мова бюракратаў.
— He,— сказала Марыя.— He.
— Гэта не твая справа,— сказала дзяўчыне Пілар.— Прыкусі язык.
— Я зраблю гэта сёння,— сказаў Роберт Джордан.
Ён убачыў, што Пілар глядзіць на яго, прыклаўшы палец да вуснаў. Яна вачыма паказала на ўваход.
Гунька над уваходам паднялася, і Пабла прасунуў галаву ўсярэдзіну. Ён усміхнуўся ім усім, пралез пад гунькаю, павярнуўся да іх спіной і паправіў гуньку за сабою. Потым зноў павярнуўся да іх, сцягнуў цераз галаву плашч і абтрос з яго снег.
— Пра мяне вялі гаворку?— спытаў ён, звяртаючыся да ўсіх.— Я вам перашкодзіў?
Ніхто яму не адказаў, і ён павесіў плашч на калочак, убіты ў сцяну, і падышоў да стала.
— Que tai?— спытаў ён і, узяўшы са стала парожнюю конаўку, апусціў яе ў міску.— Віна не засталося,— сказаў ён Марыі.— Ідзі налі крыху з бурдзюка.
Марыя ўзяла міску, падышла да закурэлага, раздутага, прасмоленага бурдзюка, што вісеў на сцяне шыяй уніз, і выцягнула затычку з задняй нагі, але не да канца, а так, каб віно лілося ў міску тоненькім цурком. Пабла глядзеў, як яна, седзячы на кукішках, трымае ў руках міску, як празрысты чырвоны струмень цурчыць і віруе ў пасудзіне.
— Асцярожней,— сказаў ён ёй.— Віно там цяпер ніжэй лапатак.
Усе маўчалі.
— Я сёння выпіў ад пупа да лапатак,— сказаў Пабла.— За адзін дзень. Што гэта з вамі? Языкі праглынулі, ці што?
Ніхто яму не адказаў.
— Заткні мацней, Марыя,— сказаў Пабла,— каб не вылілася.
— Цяпер у цябе будзе досыць віна,— сказаў Агусцін.— Хопіць, каб нажлукціцца.
— Ну, нарэшце, хоць у аднаго язык знайшоўся,— сказаў Пабла і кіўнуў Агусціну.— Вітаю. А я ўжо падумаў, што вам усім праз гэта языкі пааднімала.
— Праз што гэта?— спытаў Агусцін.
— Праз тое, што я прыйшоў.
— Думаеш, што гэта мае нейкае значэнне для нас?
Здаецца, Агусцін сам сябе падсцёбвае, падумаў Роберт Джордан, і, магчыма, зробіць гэта сам. Нянавісці ў яго дастаткова. А я нават не адчуваю да Пабла ніякай нянавісці, падумаў ён. Зусім не адчуваю. Ён мне агідны, але нянавісці да яго ў мяне няма. Хоць гэтая гісторыя з выкалатымі вачыма дадае новы штрых да яго партрэта. Урэшце, гэта іхняя справа — іхняя вайна. Але ў найбліжэйшыя два дні ён можа пераблытаць нам усе карты. Пакуль што я буду трымацца ўбаку, думаў ён. Я ўжо адзін раз зрабіў глупства праз яго сёння, і я гатовы расквітацца з ім. Але ў мяне няма намеру зноў распачынаць гэтую бязглуздую гульню. I ніякіх спаборніцтваў у стральбе ці якіх яшчэ ідыёцкіх фокусаў тут, каля дынаміту, таксама не будзе. Пабла, вядома, падумаў пра гэта. А ты падумаў?— спытаў ён у сябе. He, ты не падумаў, і Агусцін не падумаў. Ты заслугоўваеш найгоршага пакарання пасля гэтага.
— Агусцін,— сказаў ён.
— Што?— Агусцін адвярнуўся ад Пабла і пахмурна глянуў на Роберта Джордана.
— Мне трэба пагаварыць з табой,— сказаў Роберт Джордан.
— Потым.
— He, зараз,— сказаў Роберт Джордан.— Рог