Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
На гэтай вайне ніводзін з бакоў не мае свайго Гранта, свайго Шэрмана альбо свайго Стоўнуала Джэксана. I Джэба Сцюарта таксама не відаць. Ані Шэрыдана. Затое плойма Мак-Клеланаў. У фашыстаў кішма кішыць МакКлеланамі, а ў нас іх сама меней трое.
Так, вайсковых геніяў у гэтай вайне ён пакуль што зусім не бачыў. Ніводнага. Нават нікога падобнага да генія тут не было. Клебер, Лукач і Ганс, якія камандавалі Інтэрнацыянальнымі брыгадамі, з гонарам выканалі сваю ролю ў абароне Мадрыда, але потым стары, лысы, у акулярах на носе, самаўпэўнены, як пень, дурны, як бот, нецікавы ў размове, па-бычынаму храбры і тупы, раздзьмуты прапагандаю абаронца Мадрыда Міаха пачаў зайздросціць папулярнасці Клебера і прымусіў рускіх адхіліць таго ад камандавання і адправіць у Валенсію. Клебер быў добры салдат, але абмежаваны чалавек — і да таго ж надта гаваркі для такой справы, калі мець на ўвазе яго пасаду. Гольц — добры камандзір і цудоўны чалавек, але яго ўвесь час трымалі на другарадных пасадах і не давалі магчымасці развярнуцца. Наступ, які рыхтаваўся цяпер, быў яго першай значнай аперацыяй, і пакуль што Роберту Джор-
дану не дужа спадабалася ўсё тое, што ён чуў пра гэты наступ.
Шкада, што ён не бачыў бітвы на плато за Гвадалахарай, калі былі разбіты італьянцы. Ён тады быў у Эстрамадуры. Пра гэтую бітву яму расказваў Ганс тыдні два таму ў «Гейлардзе», і так дакладна і жыва, нібыта ён пабачыў усё на свае вочы. Быў такі момант, што здавалася — разгром непазбежны,— гэта калі італьянцы прарвалі фронт каля Трыхуэке, і калі ім тады ўдалося б перарэзаць Тарыха-Брыўэгскую дарогу, Дванаццатая брыгада была б адрэзана. «Але мы ведалі, што маем справу з італьянцамі,— сказаў Ганс,— таму рызыкнулі зрабіць манеўр, які, калі б перад намі быў якісьці іншы праціўнік, скончыўся б катастрофай. I манеўр удаўся».
Усё гэта Ганс паказаў яму на сваіх картах. Ганс увесь час насіў іх пры сабе, у планшэце, і дагэтуль не мог нацешыцца гэтым сваім манеўрам. Ганс быў цудоўны салдат і добры таварыш. Іспанскія часці Лістэра, Мадэста і Кампенсіна выдатна паказалі сябе ў гэтай бітве, расказваў Ганс, і гэта цалкам можна аднесці на карысць камандзіраў, якія здолелі наладзіць жалезную дысцыпліну. Аднак і Лістэру, і Мадэста, і Кампенсіна большасць іх манеўраў падказалі рускія ваенныя дарадчыкі. Усе трое былі падобныя да пілотаў-пачаткоўцаў, якія вучацца лётаць на машынах з падвойным кіраваннем: любую іх памылку можа выправіць пілот-інструктар. Што ж, гэты год пакажа, ці добра яны засвоілі гэтую навуку.
Яны былі камуністамі і прыхільнікамі жалезнай дысцыпліны. Дысцыпліна, якую яны ўводзяць, зробіць з іспанцаў добрых салдат. Лістэр асабліва строга вымагаў дысцыпліны, і ён здолеў выкаваць з дывізіі сапраўдную баяздольную адзінку. Адна справа — утрымліваць пазіцыі, другая — пайсці на штурм пазіцый і захапіць іх, і зусім іншая справа — манеўраваць войскамі ў ходзе баявых дзеянняў, думаў Роберт Джордан, седзячы ў пячоры за сталом. Цікава, як Лістэр —такі, якім я яго ведаю,— справіцца з гэтым, калі падвойнага кіравання не будзе. А можа, яно застанецца, падумаў ён. Магчыма, яны не пойдуць. Магчыма, яны яшчэ болей умацуюцца. Цікава, як ставяцца самі рускія да гэтага. «Гейлард»— вось дзе можна пра ўсё гэта даведацца, думаў ён. Ёсць шмат пытанняў, на якія я магу атрымаць адказ толькі ў «Гейлардзе».
Некалі яму здавалася, што «Гейлард» дрэнна на яго ўплывае. Там усё было наадварот ад пурытанскага, рэлігійнага камунізму будынка нумар 63 па вуліцы Веласке-
са — мадрыдскага палаца, дзе мясціўся штаб Інтэрнацыянальных брыгад. На Веласкеса, 63 ты адчуваў сябе членам манаскага ордэна, а ўжо што тычыцца атмасферы, якая некалі панавала ў штабе Пятага палка,— да таго, як ён быў разбіты на брыгады згодна статуту новай арміі,— у «Гейлардзе» такой атмасферы ніколі не было.
У тых абодвух штабах на Веласкеса, 63 ты адчуваў сябе ўдзельнікам крыжовых паходаў. Гэта адзінае слушнае вызначэнне, хоць яно да такой ступені зацяганае, што сапраўдны сэнс яго даўно ўжо сцёрся. Нягледзячы на бюракратызм, на няўмельства, на ўнутрыпартыйныя сваркі, у цябе там было такое пачуццё, якога ты чакаў, але не зведаў у дзень сваёй першай прычасці. Гэта было пачуццё абавязку перад усімі прыгнечанымі цэлага свету, пачуццё, пра якое няёмка і цяжка казаць, як пра рэлігійны экстаз, і разам з тым такое сапраўднае, як тое, што агортвае цябе, калі слухаеш Баха, ці калі стаіш у Шартрскім ці Ліёнскім саборы і глядзіш, як ліецца святло скрозь велічныя вітражы, ці калі глядзіш на палотны Мантэньі, і Эль Грэка, і Брэйгеля ў Прада. Яно, гэтае пачуццё, вызначала тваё месца ў нечым, у што ты верыў безагаворачна і безаглядна, непадзельна, бязмежна, самаахвярна, самааддана, усёй сваёй істотай, і яно адорвала цябе адчуваннем усеагульнага братэрства з усімі тымі, хто служыць гэтай самай справе. Яно было зусім незнаёмае табе раней, але цяпер ты яго зведаў, і яно разам з тымі прычынамі, што яго выклікалі, зрабілася для цябе такім важным, што цяпер нават твая асабістая смерць не мае ніякага значэння, і калі ты імкнешся ўнікнуць смерці, дык толькі таму, што яна перашкодзіла б табе выканаць твой абавязак. Але самае лепшае было тое, што ты мог нешта рабіць дзеля гэтага пачуцця і гэтай унутранай патрэбы. Ты мог змагацца.
Вось мы і змагаліся, думаў ён. I тыя, хто добра біўся і застаўся жывы, спакваля страчвалі чысціню гэтага пачуцця. Нават і паловы года не мінула.
Але калі ты бярэш удзел у абароне пазіцыі ці горада, гэтая колішняя чысціня пачуццяў вяртаецца. Так было падчас баёў у Сьеры. Там адчувалася сапраўдная рэвалюцыйная салідарнасць. Акурат там ён зразумеў і ўхваліў пільную патрэбу ва ўмацаванні вайсковай дысцыпліны. Знайшліся баязліўцы, якія пад артабстрэлам пачалі ўцякаць. Ён бачыў, як іх расстрэльвалі і пакідалі гнісці пры дарозе, толькі забіралі ў іх зброю і каштоўныя рэчы. Тое, што забіралі патроны, боты і скураныя курткі, было зусім
слушна. Toe, што бралі каштоўныя рэчы, было проста разумна. Іначай усё гэта забралі б анархісты.
Тады здавалася слушным, патрэбным і справядлівым, што людзей, якія ўцякалі, расстрэльвалі на месцы. Нічога благога ў тым не было. Яны ўцякалі, бо думалі толькі пра сябе. Фашысты атакавалі, і мы спынілі іх на тым схіле, сярод шэрых скал, сасняку і цярновых кустоў Гвадарамы. Цэлы дзень мы ўтрымлівалі гэтую дарогу пад паветранай бамбёжкай і агнём артылерыі, якую фашысты падцягнулі зусім блізка, і пад канец дня тыя, хто ўцалеў, пайшлі ў контратаку і адагналі фашыстаў. Потым, калі яны спрабавалі абысці нас, прабіраючыся невялікімі атрадамі паміж скал і дрэў, мы заселі ў будынку санаторыя і стралялі ў іх з вокнаў і даху, хоць яны ўжо абышлі нас з абодвух бакоў. Тады мы даведаліся, што значыць трапіць у акружэнне, і мы пратрымаліся ўсё-такі, пакуль контратака не адкінула іх зноў назад.
Сярод усяго гэтага, адчуваючы страх, ад якога перасыхае ў роце і горле, сярод пылу раскрышанага тынку, калі ў сполахах і грукаце выбухаў абвальваюцца сцены, выцягваеш з руін кулямёт, адштурхоўваеш забітых кулямётчыкаў, што ляжаць ніцма, прысыпаныя друзам, і, хаваючы галаву за шчытком, выцягваеіц сплюшчаную гільзу, выраўноўваеш стужку і вось ужо ляжыш за шчытком і паліваеш зноў з кулямёта шашу. Ты зрабіў тое, што павінен быў зрабіць, і праўда на тваім баку. Ты зазнаў задушлівае ап’яненне бою, ап’яненне, што ачышчае цябе і вызваляе цябе ад страху, і тым летам і восенню ты змагаўся за ўсіх абяздоленых і прыгнечаных цэлага свету, супраць усіх прыгнятальнікаў, за ўсё тое, у што ты верыш, і за новы свет, які паўставаў перад табой.
У тую восень, думаў ён, ты навучыўся не звяртаць увагі на нягоды, цярпліва пераносіў холад, і сырасць, і бруд бясконцых сапёрных і фартыфікацыйных работ. I тое пачуццё, што ты зазнаў летась, было глыбока схаванае пад стомай, нервовым напружаннем, пакутай недаспаных начэй. Але яно не знікла зусім, і ўсё, праз што яму давялося прайсці, толькі ўмацоўвала гэтае пачуццё. Адначасова ты адчуваў глыбокую, здаровую і бескарыслівую гордасць — аднак калі б ты прыйшоў з усім гэтым у «Гейлард», на цябе там глядзелі б як на нуднага дурня, раптам падумаў ён.
He, тады б ты пачуваў сябе чужынцам у «Гейлардзе», думаў ён. Ты быў надта наіўны. Ты быў тады быццам блажэнны. Але, магчыма, і «Гейлард» быў тады не такі, як
цяпер, падумаў ён. He, ён і сапраўды быў тады зусім не такі. Зусім не такі. Тады наогул не было ніякага «Гейларда». Каркаў расказваў яму пра той час. Тады ўсе рускія, колькі іх там было ў Мадрыдзе, жылі ў «Палас-гатэлі». Роберт Джордан тады не ведаў ніводнага з рускіх. Гэта было яшчэ да ўтварэння першых партызанскіх атрадаў, перад знаёмствам з Кашкіным і іншымі рускімі. Кашкін тады быў на поўначы, у Іруне і Сан-Себасцьяне, удзельнічаў у няўдалых баях пад Вікторыяй. Ён прыехаў у Мадрыд толькі ў студзені, і пакуль Роберт Джордан змагаўся ў Карабенчэле і Усеры ў тыя тры дні, калі яны спынілі наступ правага крыла фашыстаў на Мадрыд, і будынак за будынкам вызвалялі ад мараканцаў і Тегсіо 1 разбуранае прадмесце на ўскраіне шэрага, спаленага сонцам плато, і стваралі на пагорках лінію абароны, якая мела на мэце засланіць ад ворага гэты куточак горада,— увесь той час Каркаў быў у Мадрыдзе.
Пра той час Каркаў нагадваў без ніякага цынізму. To быў час, калі ўсім здавалася, што гэта ўжо канец, і ў кожнага захавалася больш каштоўная, чым адзнакі і ўзнагароды, памяць пра тое, як ён паводзіў сябе, калі здавалася, што ўсё ўжо страчана. Урад кінуў горад на волю лёсу і ўцёк, захапіўшы з сабой усе машыны ваеннага міністэрства, і старому Міаху даводзілася аб’язджаць абарончыя пазіцыі на ровары. Гэтаму Роберт Джордан ніяк не мог паверыць. Нават у найпатрыятычнейшым настроі ён ніяк не мог уявіць сабе Міаху на ровары, хоць Каркаў і запэўніваў, што так яно і было на самой справе.
Але былі і такія рэчы, пра якія Каркаў не пісаў. У «Палас-гатэлі» тады ляжалі трое параненых рускіх — два танкісты і лётчык, якія засталіся пад яго наглядам. Яны былі ў безнадзейным стане, і іх нельга было транспарціраваць: Каркаву належала паклапаціцца пра тое, каб гэтыя параненыя не трапілі ў рукі фашыстаў у выпадку, калі горад давядзецца здаць.
Калі ж Мадрыд давядзецца здаць, Каркаў, перш чым пакінуць «Палас-гатэль», абяцаў даць ім атруту. А па тых трох трупах, з якіх адзін меў тры кулявыя раны ў жывот, у другога была спрэс знесена сківіца і аголены галасавыя звязкі, у трэцяга раструшчана куляю сцягновая косць, а галава і рукі абпалены так, што твар ператварыўся ў суцэльны пухір без броваў, без павек, без валосся,— ніхто не дазнаўся б, што гэта рускія. Ніхто не здолеў бы апазнаць