Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
favor
Ён адышоў ад выхаду, і Пабла праводзіў яго вачыма. Агусцін, высокі, з запалымі шчокамі, падняўся і накіраваўся да Роберта Джордана. Ён ішоў нехаця, і выгляд у яго быў зняважлівы.
— Ты забыўся на тое, што ў рукзаках?— ціха, так, каб не пачулі іншыя, сказаў Роберт Джордан.
— А, так цябе ператак!— сказаў Агусцін,— Вось так прывыкаеш і забываеш.
— Я сам забыў.
— Так яго ператак!— сказаў Агусцін.— Ну і дурні ж мы!
Ен размашыстай хадой вярнуўся назад і сеў за стол.
1 Калі ласка (ісп.).
— Выпі віна, Пабла, дружа,— сказаў ён.— Ну, як там коні?
— Вельмі добра,— адказаў Пабла,— і завіруха хутка сціхне.
— Мяркуеш, зусім скончыцца?
— Так,— адказаў Пабла.— Зараз ужо не так мяце, і крупы пайшлі. Вецер не спыніцца, але снегу не будзе. Бо вецер змяніўся.
— Мяркуеш, заўтра будзе добрае надвор’е?
— Так,— сказаў Пабла.— Надвор’е будзе яснае і халоднае. Вецер яшчэ раз пераменіцца.
Вы толькі гляньце на яго, думаў Роберт Джордан. Цяпер ён поўны прыязні. Перамяніўся, як гэты вецер. Ён жорсткі забойца і з выгляду свіння свіннёй, але чуллівасць у яго, як у добрага барометра. Так, думаў ён, свіння таксама разумная жывёліна. Пабла ненавідзіць нас, а можа, толькі нашы планы, і абразамі даводзіць справу да таго, што мы гатовы забіць яго. Але, заўважыўшы, што мы дайшлі да такога стану, ён спыняецца, і ўсё пачынаецца спачатку.
— Нам пашчасціць з надвор’ем, Ingles,— сказаў Пабла Роберту Джордану.
— Нам?— сказала Пілар.— Нам?
— Так, нам.— Пабла ўсміхнуўся, зірнуў на яе і адпіў віна з конаўкі.— А чаму б і не? Я ўсё абдумаў, пакуль хадзіў да коней. Чаму б нам не дамовіцца.
— У чым?— спытала жанчына.— У чым?
— Ва ўсім,— адказаў ёй Пабла.— Вось, напрыклад, наконт моста. Я цяпер з вамі заадно.
Агусцін пахітаў галавой.
— Ты з намі заадно?— сказаў ён і зноў пахітаў галавой.— I пасля таго, як я біў цябе па зубах?
— Так,— Пабла ўсміхнуўся, зірнуўшы на яго, і правёў пальцам па губах.— I пасля гэтага.
Роберт Джордан сачыў за Пілар. Яна глядзела на Пабла, як на нейкага дзіўнага звера. 3 яе твару яшчэ не сышоў той выраз, што з’явіўся на ім, калі загаварылі пра выкалатыя вочы. Яна пахітала галавою, нібыта намагаючыся пазбавіцца ад гэтага, потым закінула галаву назад.
— Слухай, ты,— сказала яна Пабла.
— Што, жанчына?
— Што з табою сталася?
— Нічога,— адказаў Пабла.— Я перадумаў. Вось і ўсё. — Ты падслухоўваў за гунькай,— сказала яна яму. — Так,— адказаў ён.— Толькі я нічога не пачуў.
— Ты баішся, што мы цябе заб’ём.
— He,— адказаў ён і глянуў на яе з-за конаўкі.— TaTara я не баюся. Ты сама ведаеш.
— Тады што ж з табою робіцца?— спытаў Агусцін.— To ты п’яны, кпіш з усіх нас, адмаўляешся ад удзелу ў аперацыі, вярзеш немаведама што пра нашу смерць, абражаеш жанчын, перашкаджаеш зрабіць нам тое, што трэба зрабіць...
— Я быў п’яны,— сказаў Пабла.
— А цяпер...
— Цяпер я не п’яны,— сказаў Пабла.— I я змяніў сваю думку.
— Хай табе іншыя вераць. Я не паверу,— сказаў Агусцін.
— Вер не вер — мне ўсё роўна,— сказаў Пабла.— Але ніхто, апроч мяне, не правядзе вас да Грэдаса.
— Да Грэдаса?
— Гэта адзінае месца, куды можна будзе пайсці пасля знішчэння моста.
Гледзячы на Пілар, Роберт Джордан паднёс руку, але так, каб Пабла гэтага не бачыў, і пастукаў сабе пальцам па правым вуху.
Жанчына кіўнула галавой. Потым кіўнула яшчэ раз. Яна сказала нешта Марыі, і дзяўчына падышла да Роберта Джордана.
— Яна кажа: вядома, ён пачуў,— шапнула Марыя ў вуха Роберту Джордану.
— Значыцца, Пабла,— паважна сказаў Фернанда,— ты цяпер з намі заадно і згодзен браць удзел у знішчэнні моста?
— Так, дружа,— адказаў Пабла. Ён паглядзеў Фернанда ў вочы і кіўнуў галавой.
— Сапраўды?— спытаў Прымітыва.
— Сапраўды,— адказаў яму Пабла.
— I ты мяркуеш, што аперацыя пройдзе паспяхова?— спытаў Фернанда.— Ты цяпер верыш у поспех?
— Вядома,— сказаў Пабла.— А ты хіба не верыш?
— Веру,— сказаў Фернанда.— Але я ніколі не страчваў веры.
— Я пайшоў адгэтуль,— мовіў Агусцін.
— He ідзі, там холадна,— прыязна сказаў Пабла.
— Няхай сабе холадна,— сказаў Агусцін.— Але я не магу болей заставацца тут, у гэтым manicomio
1 Вар’яцкі дом (ісп.).
— Дарэмна ты называеш нашу пячору вар’яцкім домам,— сказаў Фернанда.
— Сапраўдны manicomio,— сказаў Агусцін.— I я пайду адгэтуль, пакуль не з’ехаў з глузду разам з вамі.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Гэта быццам карусель, думаў Роберт Джордан. Але не тая карусель, што шпарка круціцца пад катрынку, і дзеткі сядзяць на кароўках з пазалочанымі рагамі, а вакол колцы, якія трэба лавіць на палку, і блакітны, падсвечаны газавымі ліхтарыкамі змрок на Авеню-дэ-Мэн, і латкі са смажанай рыбай,— і круціцца кола шчасця, і скураныя язычкі ляпаюць па слупках з нумарамі, і тут жа ляжаць піраміды прызоў — пакецікі з пілаваным цукрам. He, гэта не такая карусель, хоць і тут людзі чакаюць — гэтаксама як там, перад раскручаным колам шчасця, як тыя мужчыны ў кепках і жанчыны ў вязаных світэрах, валасы якіх блішчаць у святле газавых ліхтароў. Так, людзі тут такія самыя. Толькі кола іншае. Тут яно вязе цябе то ўгору, то ўніз.
Два абароты яно ўжо зрабіла. Гэта вялізнае кола, пастаўленае пад прамым вуглом да зямлі, і, зрабіўшы абарот, яно вяртаецца ў зыходнае становішча і спыняецца. Разам з ім робіш круг і ты і гэтаксама спыняешся, вярнуўшыся да зыходнага пункту. Нават прызоў няма, падумаў ён, па сваёй волі ніхто б добраахвотна не сеў бы на гэтае кола. Але штораз ты садзішся на яго і робіш круг — спачатку ўверх, потым уніз, і зноў ты вяртаешся да зыходнага пункту. Вось і зараз мы вярнуліся туды, падумаў ён, вярнуліся, так нічога і не вырашыўшы.
У пячоры было цёпла, вецер знадворку сціхнуў. Роберт Джордан сядзеў за сталом, разгарнуўшы перад сабой блакнот, і накідваў план мініравання моста. Ён накрэсліў тры схемы, выпісаў формулы, з дапамогай трох малюнкаў паказаў усю тэхніку знішчэння моста — усё надзвычай проста і наглядна, так, каб Ансельма мог давесці справу да канца, калі б з ім самім штосьці здарылася падчас аперацыі. Зрабіўшы ўсе чарцяжы, ён яшчэ раз уважліва перагледзеў іх.
Марыя сядзела побач з ім і праз плячо назірала за яго работай. Ён ведаў, што Пабла сядзіць насупраць, і астатнія гэтаксама тут — размаўляюць, гуляюць у карты. Ён дыхаў
паветрам пячоры, у якім пах кухні і ежы саступіў месца дымнаму чаду і смуроду мужчын — тытунь, вінны перагар і кіслы дух застарэлага поту,— і калі Марыя, сочачы за яго алоўкам, паклала на стол далонь, ён узяў яе, паднёс левай рукой да твару і ўдыхнуў свежы водар мыла і вады, што застаўся пасля мыцця посуду. He гледзячы на Марыю, ён апусціў яе руку на стол і зноў узяўся за работу, таму і не заўважыў, як яна пачырванела. Яна пакінула руку на стале, побач з яго рукой, але ён болей не кратаў яе.
Закончыўшы план падрыву моста, Роберт Джордан перагарнуў старонку і пачаў пісаць баявы загад. Думка яго працавала хутка і дакладна, і тое, што ён пісаў, падабалася яму. Запоўніўшы дзве старонкі блакнота, ён уважліва перачытаў іх.
Нібыта ўсё, сказаў ён сабе. Усё зусім ясна, і, здаецца, нічога не забыта. Абодва пасты будуць знішчаны, а мост узарваны згодна з загадам Гольца, і гэта ўсё, за што я адказваю. He варта было мне ўмешвацца ў гэтую гісторыю з Пабла, але нейкае выйсце і тут, відаць, знойдзецца. Будзе Пабла ўдзельнічаць ці не, мне, зрэшты, усё адно. Але я не маю намеру яшчэ раз узлазіць на тое кола. Двойчы я на яго ўжо трапляў, і двойчы яно рабіла поўны абарот і вярталася да зыходнага пункту, і болей я на яго не сяду.
Ён закрыў блакнот і зірнуў на Марыю.
— Ноіа, Марыя,— сказаў ён.— Ну, зразумела ты тут што-небудзь?
— He, Раберта,— адказала дзяўчына і паклала сваю далонь на яго руку, што ўсё яшчэ трымала аловак.— Ты ўжо скончыў?
— Так. Усё ўжо накрэслена і распісана.
— Што ты робіш, Ingles?— спытаў праз стол Пабла. Вочы ў яго зноў памутнелі.
Роберт Джордан уважліва паглядзеў на яго. Трымайся далей ад таго кола!— загадаў ён сабе. He садзіся на тое кола. Здаецца, яно зноў закруцілася.
— Выпрацоўваю план аперацыі,— ветліва адказаў ён.
— Ну і як, выходзіць? — спытаў Пабла.
— Вельмі добра,— сказаў Роберт Джордан.— Выходзіць вельмі добра.
— А я распрацоўваю план адступлення,— сказаў Пабла, і Роберт Джордан паглядзеў у яго п’яныя свінячыя вочкі, а потым на міску з віном. Міска была амаль парожняя.
Трымайся чым далей ад кола, сказаў ён сабе. Пабла зноў запіў. Так. Але на кола ты ўсё адно не ўзлазь. Кажуць, Грант амаль ніколі не бываў цвярозы падчас Гра-
мадзянскай вайны. Відаць, так яно і было. Пэўна, гэтае параўнанне прывяло б Гранта ў шаленства, калі б ён пабачыў Пабла. Акрамя таго, Грант яшчэ курыў цыгары. Ну што ж, трэба будзе недзе расстарацца якую цыгару для Пабла. Акурат гэтага і бракуе яго твару: напалову зжаванай цыгары. Адно — дзе б тут раздабыць яе для Пабла?
— Ну і як у цябе выходзіць?— пачціва спытаў у яго Роберт Джордан.
— Вельмі добра,— адказаў Пабла і кіўнуў галавой самавіта і паважна.— Muy bien.
— Што-небудзь прыдумаў? — спытаў Агусцін, узняўшы галаву ад карт.
— Так,— сказаў Пабла.— У мяне багата думак наконт гэтага.
— Адкуль жа ты іх бярэш? Ці не з гэтай міскі?— спытаў Агусцін.
— Можа, і адтуль,— адказаў Пабла.— Хто ведае. Марыя, налі віна ў міску, зрабі ласку.
— Вось ужо ў тым бурдзюку, пэўна, паўнюсенька цудоўных думак.— Агусцін вярнуўся да карт.— Чаму б табе не залезці туды самому і не пашукаць іх там?
— Навошта,— абыякава адказаў Пабла,— я лепей пашукаю іх у місцы.
Ён таксама не лезе на кола, падумаў Роберт Джордан. Відаць, яно круціцца дарэмна, само па сабе. I немагчыма на ім катацца надта доўга. Гэта небяспечная забава. Гэта кола смерці. Добра, што яны з яго злезлі. Праз яго ў мяне ўжо колькі разоў галава ішла кругам. Аднак жа п’яніцы і надта подлыя ці вельмі жорсткія людзі катаюцца на гэтым коле, пакуль не здохнуць. Спярша яно нясе цябе ўгору, і размах у яго штораз іншы, але потым усё адно вяртае ўніз. Ну, і няхай круціцца, падумаў ён. Я на яго болей не ўзлезу. He, сэр, генерал Грант, годзе ўжо, пакруціўся.
Пілар сядзела каля агню, паставіўшы крэсла так, каб зазіраць у карты двух гульцоў, што сядзелі спінамі да яе. Яна сачыла за гульнёй.
Самае дзіўнае — гэта пераход ад смяротнай напружанасці да нармальнага хатняга жыцця, думаў Роберт Джордан. Асабліва ўражвае цябе, калі праклятае кола ідзе ўніз. Але я з гэтага кола злез, падумаў ён. I болей на яго мяне ніхто не зацягне.