• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    1 Легіянеры, якія змагаліся на баку фашыстаў (ісп.).
    рускіх у скалечаных целах, якія пакінулі б у нумары «Палас-гатэля». Нішто не сведчыла б, што гэтыя голыя мерцвякі — рускія. Мёртвыя не выдаюць ні сваёй нацыянальнасці, ні сваіх палітычных перакананняў.
    Роберт Джордан спытаў у Каркава: а што, як сапраўды давялося б яму зрабіць гэта, і Каркаў адказаў, што такая перспектыва яму не дужа спадабалася б.
    — А ўсё-такі як бы вы гэта здзейснілі?— запытаўся Роберт Джордан і дадаў:— Гэта ж не так проста — атруціць чалавека.
    Але Каркаў адказаў:
    — He, гэта вельмі проста, калі заўсёды носіш з сабой атруту, прызначаную сабе самому.— I ён расчыніў свой партабак і паказаў Роберту Джордану, што было схавана ў яго вечку.
    — Але ж калі вы трапіце ў палон, у вас перш за ўсё адбяруць партабак,— заўважыў Роберт Джордан.— Скажуць «рукі ўгору», і ўся справа.
    — А ў мяне яшчэ і вось тут ёсць,— усміхнуўся Каркаў і паказаў на штрыфель сваёй курткі.— Трэба толькі ўзяць кончык штрыфля ў рот, вось так, раздушыць ампулу зубамі і глынуць.
    — Гэта ўжо куды зручней,— сказаў Роберт Джордан.— А скажыце, яна, гэтая атрута, сапраўды пахне міндалём, як пішуць у дэтэктыўных раманах?
    — He ведаю,— весела сказаў Каркаў.— Ніколі не нюхаў. Можа, разаб’ём адну ампулку і панюхаем?
    — Лепей зберажыце яе.
    — Праўду кажаце,— сказаў Каркаў і схаваў партабак.— Разумееце, я зусім не паражэнец, але крытычны момант заўсёды можа надысці яшчэ раз, а гэтай штукі вы нідзе не дастанеце. Ці чыталі вы камюніке з Кардоўскага фронту? Проста цудоўнае! Па-мойму, гэта найлепшае з усіх камюніке.
    — А што ў ім гаворыцца?
    Роберт Джордан прыехаў у Мадрыд якраз з Кардоўскага фронту, і ў яго раптам штосьці сцялася ўсярэдзіне, як бывае заўсёды, калі нехта жартуе з таго, з чаго можаш жартаваць толькі ты і ніхто іншы.
    — Nuestra gloriosa tropa siga avanzando sin perder ni una sola palma de terreno,— працытаваў Каркаў на сваёй дзіўнай іспанскай мове.
    — Няўжо так сапраўды і напісана?— недаверліва спытаў Роберт Джордан.
    — «Нашы слаўныя войскі рухаюцца наперад, не страчваючы ані пядзі тэрыторыі»,— пераклаў Каркаў на англійскую мову.— Так напісана ў камюніке. Я знайду яго для вас.
    Яшчэ была жывая памяць пра людзей, якіх ты ведаў і якія палеглі ў баях за ГІасабланка, але ў «Гейлардзе» з гэтага жартавалі.
    Вось што ўяўляў сабой «Гейлард» цяпер. Але быў час, калі «Гейларда» не існавала, і калі ўжо так здарылася, што тыя, хто ўцалеў пасля першых дзён вайны, стварылі гэты самы «Гейлард», Роберт Джордан быў ім за гэта ўдзячны, і яму было прыемна бываць там. Тое, што ты адчуваў у Сьеры, і ў Карабанчэлі, і ва Усеры, засталося ў далёкім мінулым, думаў ён. Але каму ўдаецца захаваць на ўсё жыццё той першы цнатлівы запал, з якім распачынаюць сваю дзейнасць маладыя ўрачы, маладыя свяшчэннікі і маладыя салдаты? Хіба што свяшчэннікам, бо інакш ім давялося б кінуць сваю прафесію. Ну, а як тады Каркаў?
    Яму ніколі не надакучвала думаць пра Каркава. Калі яны апошні раз сустрэліся ў «Гейлардзе», Каркаў вельмі цікава расказваў пра аднаго англійскага эканаміста, які доўга жыў у Іспаніі. Роберт Джордан на працягу многіх гадоў сустракаў артыкулы гэтага чалавека ў розных газетах і часопісах і заўсёды ставіўся да яго з павагай, не ведаючы пра яго нічога. Тое, што гэты чалавек пісаў пра Іспанію, яму не дужа падабалася. Яно было надта проста і ясна і надта ўжо схематычна, і шмат якія статыстычныя дадзеныя былі відавочна, хоць і ненаўмысна, падтасаваныя. Але ён вырашыў, што, калі добра ведаеш краіну, табе рэдка падабаецца тое, што пра яе пішуць у газетах і часопісах, і паважаў гэтага эканаміста за яго добрыя намеры.
    А потым нарэшце ён яго пабачыў. Гэта было надвячоркам, перад атакай у Карабанчэлі. Яны сядзелі пад сцяной арэны, дзе звычайна праходзілі баі быкоў. На дзвюх суседніх вуліцах ішла перастрэлка, і ўсе нерваваліся, чакаючы пачатку атакі. Ім паабяцалі прыслаць танк, але ён не прыйшоў, і Мантэра сядзеў, падпёршы галаву рукой, і ўвесь час дудніў:
    — А танка няма. А танка няма.
    Дзень быў халодны, і вецер гнаў па вуліцы жоўты пыл, а Мантэра быў паранены ў левае плячо, і рука ў яго дранцвела.
    — Нам нельга без танка,— казаў ён.— Давядзецца чакаць танка, а чакаць доўга мы не можам.— Ад болю яго голас гучаў зласліва.
    Роберт Джордан пайшоў паглядзець, ці не спыніўся танк за вялікім будынкам на павароце трамвайнай лініі, як лічыў Мантэра. Там ён і стаяў. Але гэта быў не танк. У той час іспанцы абы-што называлі танкам. Гэта быў стары бранявік. Дабраўшыся да таго месца за рогам вялікага будынка, вадзіцель не захацеў ехаць далей, да арэны. Ён стаяў ззаду сваёй машыны, паклаўшы на металічную абшыўку скрыжаваныя рукі і ўткнуўшы ў іх галаву ў мяккім скураным шлеме. Калі Роберт Джордан звярнуўся да яго, ён толькі заматаў галавой, не адрываючы ад яе рук. Потым ён павярнуў галаву, не гледзячы на Роберта Джордана.
    — Я не маю загаду ехаць туды,— пахмурна сказаў ён.
    Роберт Джордан выцягнуў з кабуры рэвальвер і прыставіў яго да скураной курткі вадзіцеля.
    — Вось табе загад,— сказаў ён яму.
    Вадзіцель зноў заматаў галавой у мяккім скураным шлеме, як у амерыканскага футбаліста, і сказаў:
    — Кулямёт без патронаў.
    — У нас там ёсць патроны,— сказаў яму Роберт Джордан.— Сядай і паехалі. Стужкі там зарадзім. Сядай.
    — Няма каму страляць з кулямёта,— сказаў вадзіцель.
    — А дзе ён? Дзе кулямётчык?
    — Забіты,— сказаў вадзіцель.— Там, усярэдзіне.
    — Выцягні яго,— сказаў Роберт Джордан.— Выцягні яго адтуль.
    — Я баюся дакранацца да яго,— сказаў вадзіцель.— А ён ляжыць паміж кулямётам і рулём.
    — Пойдзем,— сказаў Роберт Джордан.— Мы зараз удваіх яго выцягнем.
    Улазячы ў машыну, ён ударыўся аб штосьці галавой, і з невялікай ранкі над брывом па твары пацякла кроў. Мёртвы кулямётчык быў надта цяжкі і ўжо паспеў скарчанець так, што выпрастаць яго было немагчыма, і Роберту Джордану давялося біць кулаком па яго галаве, каб вызваліць яе з вузкай шчыліны паміж сядзеннем і рулём, дзе яна захрасла. Нарэшце ён здагадаўся падштурхнуць яе каленам знізу, і яна вызвалілася, і, абхапіўшы цела ўпоперак, ён пачаў выцягваць яго з машыны.
    — Дапамажы мне,— сказаў ён вадзіцелю.
    — Я баюся дакранацца да яго,— сказаў вадзіцель, і Роберт Джордан убачыў, што ён плача. Слёзы струменілі па яго твары, чорным ад пораху, і з носа таксама цякло.
    Стоячы каля машыны, Роберт Джордан выцягнуў мёртвага кулямётчыка з браневіка, і той упаў на тратуар каля самых трамвайных рэек, скурчаны, сагнуты папалам. Там ён і ляжаў, прыхінуўшыся шэра-васковай шчакой да бетонных плітаў тратуара, падагнуўшы пад сябе рукі, як у машыне.
    — Сядай, чорт цябе задзяры,— сказаў Роберт Джордан, махнуўшы вадзіцелю рэвальверам.— Зараз жа сядай!
    Акурат тады, раптам, ён убачыў таго чалавека, які выйшаў з-за рога будынка. Ён быў у доўгім паліто, без капелюша, з скуластым тварам, а вочы сядзелі глыбока і блізка адно ад аднаго. У руцэ ён трымаў пачак цыгарэт «Чэстэрфільд» і, выцягнуўшы адну цыгарэту, прапанаваў яе Роберту Джордану, які, наставіўшы рэвальвер, падштурхоўваў вадзіцеля да машыны.
    — Хвілінку, таварыш,— сказаў ён Роберту Джордану па-іспанску.— Ці не маглі б вы мне сёе-тое растлумачыць наконт гэтага бою?
    Роберт Джордан узяў цыгарэту і схаваў яе ў нагруднай кішэні сваёй блакітнай рабочай блузы. Ён пазнаў гэтага таварыша па фатаграфіях. Гэта быў той самы англійскі эканаміст.
    — Пайшоў бы ты сам ведаеш куды,— сказаў яму Роберт Джордан па-англійску, а потым па-іспанску загадаў вадзіцелю браневіка:— Наперад. Да арэны. Зразумела?— I штосілы грукнуў цяжкімі дзверцамі машыны і зачыніў іх, і машына рушыла доўгім адхоністым спускам, і кулі застукалі па абшыўцы, быццам каменьчыкі па жалезным казанку. Потым, калі па іх адкрылі агонь з кулямёта, гэта былі рэзкія, частыя ўдары малатка па абшыўцы. Яны прытармазілі каля сцяны арэны, яшчэ абклеенай леташнімі афішамі, там, дзе стаялі расчыненыя скрынкі з патронамі і чакалі людзі з вінтоўкамі ў руках і гранатамі за поясам і ў кішэнях, і Мантэра сказаў:
    — Добра. Вось і танк прыйшоў. Можна атакаваць.
    Пазней у той вечар, калі апошнія будынкі на пагорку былі ўжо захоплены, Роберт Джордан ляжаў, зручна прымасціўшыся за цаглянай сцяной каля прабітай у цэгле адтуліны, падобнай да байніцы, і глядзеў на цудоўнае поле абстрэлу, што распасцерлася паміж імі і горнай градой, да якой адступілі фашысты, і амаль з асалодай думаў пра тое, як удала ахоўвае іх левы фланг пагорак з зруйнаванай вілаю на вяршыні. Ён закапаўся ў салому і загарнуўся ў коўдру, каб не застудзіцца, калі пачне прасыхаць наскрозь прапацелая вопратка. Лежачы, ён раптам прыгадаў
    таго эканаміста і ўсміхнуўся, а потым пашкадаваў, што адказаў яму так груба. Але тады, у тую хвіліну, калі англічанін працягнуў яму цыгарэту, быццам чаявыя за інфармацыю, нянавісць франтавіка да тылавога шкурніка ўскіпела ў ім з такой сілаю, што ён проста не змог стрываць.
    Цяпер ён зноў нагадаў «Гейлард» і тое, што казаў Каркаў пра гэтага чалавека.
    — Дык вось дзе вы сустрэлі яго,— сказаў тады Каркаў.— Я ў той дзень не мог прабрацца далей Пуэнтэ-дэТаледа. А ён, выходзіць, дабраўся ажно да фронту. Але гэта, здаецца, быў апошні дзень яго подзвігаў. На наступны дзень ён паехаў з Мадрыда. Найлепшым чынам ён праявіў сябе ў Таледа. У Таледа ён дзейнічаў як сапраўдны герой. Ён быў адным з аўтараў плана захопу Алькасара. Вам трэба было б пабачыць яго ў Таледа. На маю думку, поспех гэтай аблогі ў значнай ступені быў дасягнуты дзякуючы яго намаганням і парадам. Прынамсі, гэта быў самы бязглузды этап вайны. Гэта была проста вяршыня бязглуздзіцы. Але скажыце мне, як ставяцца да гэтага чалавека ў Амерыцы?
    — У Амерыцы,— сказаў Роберт Джордан,— лічаць, што ён мае цесныя сувязі з Масквой.
    — Пустое,— сказаў Каркаў.— Але ў яго цудоўнае аблічча, і гэтае яго аблічча разам з добрымі манерамі заўсёды забяспечваюць яму поспех. А вось мне з абліччам не пашанцавала. Усё, чаго мне пашчасціла дасягнуць у жыцці, я дасягнуў насуперак свайму абліччу, якое не выклікае ў людзей ні сімпатыі, ні даверу. А ў гэтага Мітчэла не аблічча, а проста скарб. Сапраўднае аблічча змоўніка. Кожны, хто чытаў кніжкі пра змоўнікаў, адразу ж адчувае да яго давер. I манеры ў яго таксама чыста змоўніцкія. Досыць пабачыць, як ён уваходзіць у пакой, і вы адразу ведаеце, што перад вамі змоўнік чыстай вады. Любы з вашых заможных суайчыннікаў, што кіруецца, як яму здаецца, велікадушным жаданнем дапамагчы Савецкаму Саюзу ці прагне застрахаваць сябе чымсьці на выпадак магчымага поспеху камуністаў, адразу ж зразумее з выгляду гэтага чалавека, што ён не можа быць нікім іншым, як толькі давераным агентам Камінтэрна.