Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Яшчэ два дні таму я нават не здагадваўся, што на свеце ёсць Пабла, Пілар і ўсе астатнія, думаў ён. I ніякай Марыі тады для мяне не існавала на свеце. Дый свет, трэба сказаць, быў тады куды прасцейшы. Я атрымаў ад Гольца за-
гад, які быў цалкам ясны, і здавалася, яго можна лёгка выканаць, хоць, праўда, у ім былі некаторыя цяжкасці і ён таіў у сабе пэўную небяспеку. Я меркаваў, што пасля знішчэння моста альбо вярнуся на фронт, альбо не вярнуся, а калі не вярнуся, дык папрашу, каб мне дазволілі пабыць колькі дзён у Мадрыдзе. На гэтай вайне адпачынкаў нікому не даюць, але я быў упэўнены, што на дні два-тры мяне б адпусцілі ў Мадрыд.
У Мадрыдзе я збіраўся купіць сякія-такія кніжкі, зняць нумар у гатэлі «Фларыда» і прыняць гарачую ванну,— уяўляў сабе, як пашлю Луіса, парцье, па пляшку абсенту, магчыма, яму пашэнціла б раздабыць яе ў «Мантэкерыяс Леанэсас» ці дзе яшчэ ў раёне Гран-Віа,— а пасля ванны паляжу ў ложку з кніжкай, папіваючы абсент, а потым затэлефаную ў гатэль «Гейлард» і даведаюся, ці можна зайсці туды паабедаць.
Абедаць на Гран-Віа яму не хацелася, бо, праўду кажучы, гатуюць там абы-як і трэба прыходзіць туды загадзя, бо іначай зусім нічога не дастанецца. Да таго ж там заўсёды плойма знаёмых журналістаў, і ён зусім не меў ахвоты ўвесь час узважваць, што можна сказаць, а чаго — не. Яму проста хацелася выпіць абсенту, а потым, калі пацягне на размову, пайсці ў «Гейлард», дзе смачна гатуюць і ёсць добрае піва, і паабедаць з Каркавым, і даведацца ў яго пра навіны на франтах.
Калі ён упершыню трапіў у гатэль «Гейлард», дзе мясціліся рускія ў Мадрыдзе, яму там не спадабалася,— абсталяванне яму здалося там надта раскошнае, і ежа надта добрая для абложанага горада, і размовы — надта вольныя для ваеннага часу. Праўда, я вельмі хутка прызвычаіўся, падумаў ён. He так ужо і кепска мець добрую ежу, калі вяртаешся пасля такой аперацыі, як вось гэта. А ў тых размовах, што падаліся яму спярша занадта вольнымі, як высветлілася пазней, было надта многа праўды. Вось ужо будзе пра што расказаць у «Гейлардзе», калі закончу гэтую справу, падумаў ён. Так, калі толькі закончу.
Цікава, а ці можна завітаць у «Гейлард» з Марыяй? He. Нельга. Але можна пакінуць яе ў нумары, і яна прыме гарачую ванну, і калі ты вернешся адтуль, яна будзе цябе чакаць. Вось так і зробім, а потым, калі ты раскажаш пра яе Каркаву, можна будзе ў наступны раз прыйсці з ёю, бо ўсе дужа зацікавяцца і захочуць яе пабачыць.
А можна было б і зусім не хадзіць у «Гейлард». Можна паабедаць на Гран-Віа і вярнуцца назад у «Фларыду». Аднак ты абавязкова пойдзеш у «Гейлард», бо табе захочацца
зноў смачна пад’есці і пабыць у камфорце і раскошы пасля ўсяго гэтага. А потым ты вернешся ў «Фларыду», і там цябе будзе чакаць Марыя. Пэўна ж, яна абавязкова паедзе з ім у Мадрыд, калі тут усё пройдзе паспяхова. Калі ўсё гэта закончыцца. Калі ўсё тут абыдзецца — ён заслужыць сабе права на абед у гатэлі «Гейлард».
Там, у «Гейлардзе», можна было сустрэць знакамітых рабоча-сялянскіх камандзіраў Іспаніі, якія выйшлі з самай гушчы народа і на самым пачатку вайны занялі высокія камандныя пасты, не маючы ніякай вайсковай падрыхтоўкі,— і выявілася, што шмат хто з іх гаворыць па-руску. Гэта было першае вялікае расчараванне, зведанае ім колькі месяцаў таму, і яно навяло яго на горкі роздум. Потым, аднак, ён зразумеў, у чым справа, і ўцяміў, што, шчыра кажучы, тут нічога благога няма. Гэта былі сапраўдныя рабочыя і сяляне. Яны бралі ўдзел у паўстанні 1934 года і, зазнаўшы ганенні пасля паражэння рэвалюцыі, мусілі былі ўцячы з Іспаніі ў Расію, а там іх паслалі вучыцца ў Вайсковую акадэмію, каб у наступны раз яны былі добра падрыхтаваныя да барацьбы і атрымалі вайсковую адукацыю, неабходную камандзірам.
Падчас рэвалюцыі нельга гаварыць чужынцам, хто табе дапамагае альбо што ты ведаеш болей, чым яны думаюць, што табе трэба ведаць. Ён зараз таксама навучыўся гэтаму. Калі нейкая справа па сваёй сутнасці справядлівая, дык на такі падман не варта зважаць.
Там, у «Гейлардзе», ён даведаўся, напрыклад, што Валянцін Гансалес, па мянушцы El Campensino, што значыць «Селянін», зусім не селянін, а колішні сяржант Іспанскага замежнага легіёна, які ў свой час дэзерціраваў адтуль і біўся на баку Абд эль-Керыма. Але і ў гэтым нічога благога не было. А чаму б і не? У такой вайне адразу ж спатрэбіліся сялянскія правадыры, а сапраўдны сялянскі правадыр можа лёгка аказацца надта падобным да Пабла. Чакаць жа, калі з’явіцца сам сабою сапраўдны сялянскі правадыр, не было часу, а да таго ж у яго можа быць шмат чаго ад селяніна. Таму і даводзілася такіх правадыроў выхоўваць. Праўда, калі ён упершыню пабачыў Campensino, яго чорную бараду, тоўстыя, як у негра, губы і ліхаманкавыя, трывожныя вочы, ён падумаў, што такі можа прынесці не меней турбот, чым звычайны сялянскі правадыр. Калі Роберт Джордан сустрэўся з ім апошні раз, яму нават здалося, што гэты чалавек і сам паверыў у тое, за каго яго выдавалі, і адчуваў сябе сапраўдным селянінам. Гэта быў рызыкоўны смяльчак, адчайная галава: цяжка, пэўна, было
б знайсці смялейшага за яго чалавека. Аднак, божухна ты мой, як многа ён гаварыў! У запале ён мог нагаварыць абы-чаго, не зважаючы на небяспеку сваёй неабачлівасці. А небяспека такая ўжо не раз узнікала. I ўсё адно ён быў цудоўны камандзір брыгады і ніколі не губляўся, нават у самых складаных абставінах. Яму ніколі не прыходзіла ў голаў, што абставіны могуць быць безнадзейнымі, але калі яны і сапраўды былі такія, ён заўсёды ўмеў знайсці выйсце.
Там жа, у «Гейлардзе», можна было сустрэць і простага муляра з Галісіі Энрыке Лістэра, які цяпер камандуе дывізіяй і таксама гаварыў па-руску. Там жа можна было сустрэць і сталяра з Андалузіі Хуана Мадэста, якому нядаўна даручылі камандаваць армейскім корпусам. Ён таксама не ў Пуэрта-дэ-Санта-Марыя авалодаў рускай мовай,— хіба што там былі курсы Берліца, спецыяльна прызначаныя для сталяроў. 3 усіх маладых камандзіраў ён карыстаўся найбольшым даверам у рускіх, бо ён быў сапраўдны партыец,— «на ўсе сто працэнтаў», як яны казалі, выхваляючыся перад амерыканцамі.
Так, «Гейлард»— акурат тое месца, дзе можна ўдасканаліць сваю адукацыю. Якраз там чалавек спасцігаў, як усё адбываецца на самой справе, а не так, як яно павінна было б адбывацца. Я, мабыць, толькі распачаў там сваю адукацыю, падумаў ён. Цікава, ці давядзецца мне падоўжыць яе там? Усё, пра што я даведаўся ў «Гейлардзе», было разумнае і карыснае, акурат тое, што мне патрэбна. Праўда, на самым пачатку, калі ён яшчэ верыў ва ўсялякую лухту, шмат што бянтэжыла яго там. Аднак цяпер ён ужо многаму навучыўся і зразумеў неабходнасць утойваць праўду пры пэўных абставінах, і ўсё, пра што ён даведаўся ў «Гейлардзе», толькі замацавала ў ім веру ў справядлівасць той справы, за якую ён змагаўся. Яму неабходна было ведаць сапраўдны, а не верагодны стан рэчаў. На вайне заўсёды шмат усякай хлусні. Але праўда пра Лістэра, Мадэста і Campensino куды лепей за ўсе выдумкі і легенды. Прыйдзе час, і гэтую праўду не будуць хаваць ні ад кога, а тым часам ён быў задаволены, што існуе «Гейлард», дзе ён можа атрымаць гэтую праўду з першых рук.
Туды ён і збіраўся пайсці ў Мадрыдзе пасля таго, як купіць кніжкі, і прыме гарачую ванну, і вып’е абсенту, і крыху пачытае. Але ўсе гэтыя планы ён выношваў раней, калі яшчэ не было Марыі. Ну, што ж, добра: яны здымуць два нумары, і пакуль ён будзе ў «Гейлардзе»,' яна можа займацца, чым захоча, а адтуль ён адразу прыйдзе да яе.
Яна гэтулькі чакала яго тут, у гарах, што зможа трошкі пачакаць і ў гатэлі «Фларыда». I ў іх будуць цэлых тры дні ў Мадрыдзе. Тры дні — гэта шмат часу. Ён зводзіць яе паглядзець на братоў Маркс у фільме «Вечар у оперы». Гэты фільм ідзе ўжо тры месяцы і, напэўна, будзе ісці яшчэ тры дні. Ёй спадабаюцца браты Маркс, падумаў ён. Напэўна, вельмі спадабаюцца,
Але ад «Гейларда» да гэтай пячоры — доўгі шлях, падумаў ён. He, не гэты шлях доўгі. Доўгім ён будзе ад гэтай пячоры да «Гейларда». Упершыню ён трапіў у «Гейлард» з Кашкіным, і яму там не спадабалася. Кашкін сказаў, што яму трэба абавязкова пазнаёміцца з Каркавым, бо Каркаў вельмі цікавіцца амерыканцамі і да таго ж ён найбольшы ў свеце прыхільнік Лопэ дэ Вэга і лічыць «Фуэнтэ Авехуна» найгеніяльнейшай з усіх напісаных драматургам п’ес. Магчыма, так яно і ёсць, але Роберт Джордан трымаўся ў гэтым іншай думкі.
Гатэль яму не спадабаўся, а Каркаў — спадабаўся. Каркаў — найразумнейшы чалавек з усіх, з кім яму даводзілася сустракацца раней. Спачатку Каркаў яму здаўся смешным — лядашчы, кволы чалавечак у шэрым кіцелі, шэрых брыджах і чорных кавалерыйскіх ботах, з маленькімі рукамі і нагамі, і гаворыць так, нібыта сплёўвае словы праз зубы. Але Роберт Джордан не сустракаў яшчэ такога чалавека, у якога была б такая разумная галава, столькі ўнутранай годнасці і знешняй фанабэрыі і такога дасціпнага пачуцця гумару.
Кашкін нагаварыў пра Роберта Джордана немаведама чаго, і Каркаў спачатку паводзіў сябе з ім з пагардлівай ветлівасцю, але потым, калі Роберт Джордан, замест таго каб строіць з сябе героя, расказаў нейкую гісторыю, вельмі вясёлую, у якой ён выглядаў у непрыстойна-камічным выглядзе, Каркаў ад ветлівасці перайшоў да дабрадушнай кплівасці, потым да вясёлых жартаў, і яны зрабіліся сябрамі.
Каля ўвахода ў «Гейлард» стаяць вартавыя з штыхамі на вінтоўках, і сёння ўвечары гэта самае прыемнае і самае камфартабельнае месца ў абложаным Мадрыдзе. Яму карцела сёння вечарам знаходзіцца не тут, а там. Хоць і тут не надта каб было кепска зараз, калі кола спынілася і снег амаль што перастаў.
Ён ахвотна паказаў бы Каркаву сваю Марыю, але няёмка было з’явіцца туды з ёю, трэба было б раней спытаць дазволу на гэта, дый увогуле невядома, як яго там сустрэнуць пасля гэтай аперацыі. Наступ да таго часу ўжо скон-
чыцца, і Гольц будзе таксама там, і калі тут усё пройдзе паспяхова, усе даведаюцца ад Гольца пра мост. А наконт Марыі Гольц, пэўна, пасмяецца з яго, нагадаўшы, што ён тады нагаварыў пра дзяўчат.
Ён пацягнуўся да міскі, што стаяла перад Пабла, і зачарпнуў конаўку віна.
— 3 твайго дазволу,— сказаў ён.
Пабла кіўнуў. Відаць, захапіўся сваімі стратэгічнымі меркаваннямі, падумаў Роберт Джордан. Шукае выйсця ў місцы з віном. Гэты мярзотнік, мабыць, і сапраўды не без здольнасцей, калі мог так доўга тут верхаводзіць. Гледзячы на Пабла, ён спрабаваў уявіць сабе, які б з таго быў партызанскі камандзір у часы Грамадзянскай вайны ў Амерыцы. Іх было тады шмат, а ведаем мы пра іх вельмі мала. He пра такіх, як Куонтрыл, як Мосбі, як ягоны дзед, а пра важакоў невялікіх партызанскіх атрадаў. Дарэчы, наконт віна. Няўжо ты сапраўды лічыш, што Грант быў п’яніца? Дзед заўсёды запэўніваў, што гэта так, што ўжо а чацвёртай гадзіне папаўдні Грант заўсёды быў крыху пад чаркаю і што падчас аблогі Віксбурга ён піў без продыху колькі дзён запар. Але дзед сцвярджаў, што, хоць бы які ні быў п’яны Грант, дзейнічаў ён заўсёды цалкам разважліва, толькі часам яго было надта цяжка разбудзіць. Але калі ўжо разбудзіш, дзейнічаў ён вельмі разважліва.