Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Ансельма быў надзейны павадыр і выдатна арыентаваўся ў горнай мясцовасці. Роберт Джордан і сам быў неблагі хадок, але пасля сённяшняга пераходу — а яны ішлі з самага світанку — ён пераканаўся, што гэты дзядок мог загнаць яго да смерці. Дагэтуль Роберт Джордан давяраў Ансельму ва ўсім, але ж хто ведае, што яму наўме. Пакуль што не было магчымасці праверыць старога на справе, але, зрэшты, кожны сам павінен адказваць за сябе. Справа не ў тым, што яго надта турбаваў Ансельма, дый знішчэнне моста не ставіла перад ім большых праблем, чым любое іншае заданне, якое яму ўжо даводзілася выконваць раней. Яму было па сіле ўзарваць любы мост, і ён ужо ўзрываў масты ўсялякіх памераў і канструкцый. У рукзаках было дастаткова дынаміту і ўсяго неабходнага, каб знішчыць як мае быць гэты мост, нават калі б ён быў удвая болыпы, чым казаў Ансельма, і чым самому мост запомніўся, калі давялося пераходзіць яго ў 1933 годзе па дарозе ў ЛаГранху, і чым было апісанне гэтага моста, якое зачытаў Гольц учора ўвечары ў адным з верхніх пакояў дома паблізу ад Эскарыала.
— Узарваць мост — гэта яшчэ не ўсё,— сказаў Гольц, водзячы кончыкам алоўка па вялікай карце. Яго паголеная, уся ў шнарах, галава блішчала пад лямпай.— Разумееце?
— Так, разумею.
— Далёка не ўсё. Проста ўзарваць мост — гэта правал.
— Так, таварыш генерал.
— Узарваць мост акурат у дакладна вызначаны час на самым пачатку атакі — вось што трэба зрабіць. Вы разумееце? Менавіта так трэба зрабіць, і гэтага мы патрабуем ад вас.
Гольц зірнуў на аловак і пастукаў ім па зубах.
Роберт Джордан нічога не сказаў.
— Менавіта так трэба зрабіць, і гэтага мы патрабуем ад вас,— паўтарыў Гольц, кінуўшы погляд на яго, і пахітаў галавою. Зараз ён пастукваў алоўкам па карце.— Менавіта так зрабіў бы асабіста я. I менавіта на гэта нам цяжка разлічваць.
— Чаму, таварыш генерал?
— Чаму?— сярдзіта перапытаў Гольц.— Вы ж бачылі шмат атак і яшчэ пытаецеся чаму. Дзе гарантыя, што мае загады не будуць зменены? Дзе гарантыя, што атака не будзе адкладзена на другі час? Дзе гарантыя, што яна пачнецца хоць бы праз шэсць гадзін пасля прызначанага тэрміну, і ці пачнецца яна ўвогуле? Ці ж было калі так, каб якая-небудзь атака праходзіла, як прадугледжана загадамі?
— Гэтая атака пачнецца своечасова, бо вы кіруеце ёю,— зазначыў Роберт Джордан.
— Я ніколі не кірую атакамі,— сказаў Гольц.— Я ажыццяўляю іх. Але яны заўсёды выходзяць з-пад майго кантролю. Артылерыя мне не падначалена. Я толькі прашу артылерыйскай падтрымкі. Але мне ніколі не даюць таго, што я прашу, нават калі ёсць магчымасць задаволіць мае просьбы. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Ёсць яшчэ і шмат чаго іншага. Вы ведаеце, што гэта за людзі. Няма патрэбы корпацца ў дэталях. Заўсёды нехта ўблытаецца недарэчы. Цяпер, спадзяюся, вы зразумелі?
— Дык усё-такі калі ж мост павінен быць узарваны?— спытаў Роберт Джордан.
— Калі пачнецца атака. Як толькі пачнецца атака, не раней. Для таго, каб падмацаванні не прайшлі па гэтай дарозе,— ён паказаў алоўкам.— Я павінен ведаць, што па гэтай дарозе нічога болей не пройдзе.
— А калі пачнецца атака?
— Зараз скажу. Аднак дзень і час атакі будуць вызначаны толькі прыблізна. Вы павінны быць падрыхтаваны да гэтага часу. Але знішчыце мост толькі пасля пачатку атакі. Разумееце?— Ён паказаў алоўкам.— Вось гэта адзіны
шлях, па якім могуць падкінуць падмацаванні. Гэта адзіны шлях, па якім могуць прайсці танкі, артылерыя ці які-небудзь грузавік да цясніны, дзе я буду атакаваць. Я павінен быць упэўненым, што мост знішчаны. He раней, бо яго можна адрамантаваць, калі атаку давядзецца адкласці. Hi ў якім разе не раней. Мост павінен быць узарваны, калі атака пачнецца, і я павінен ведаць, што яго няма. Там усяго два вартавыя. Чалавек, які пойдзе з вамі, толькі што прыйшоў адтуль. Кажуць, што ён надзейны чалавек. Вы пабачыце самі. У яго ёсць людзі ў гарах. Возьмеце столькі людзей, колькі вам спатрэбіцца для справы. Возьмеце як мага менш людзей, але каб іх хапала. Я не павінен вам пра ўсё гэта напамінаць.
— Але ўсё-такі як мне вызначыць пачатак атакі?
— У ёй возьме ўдзел цэлая дывізія. Будзе праведзена паветраная падрыхтоўка. Спадзяюся, што вы не хварэеце на глухату.
— Значыць, калі я пачую, як самалёты кідаюць бомбы,— атака пачалася?
— He заўсёды так здараецца,— сказаў Гольц і пахітаў галавою.— Але ў дадзеным выпадку акурат так яно і будзе, бо гэтую атаку планую я.
— Разумею,— сказаў Роберт Джордан.— Але ўсё гэта мне не надта падабаецца.
— Мне гэта таксама не даспадобы. Калі вы не хочаце брацца за гэтую справу, гаварыце адразу. Калі вы адчуваеце, што не здолееце выканаць заданне, кажыце адразу.
— Я яго выканаю,— сказаў Роберт Джордан.— Я яго выканаю як належыць.
— Вось і ўсё, што я павінен ведаць,— сказаў Гольц.— Што нічога не пройдзе па тым мосце. Абсалютна нічога.
— Разумею.
— Мне не надта прыемна прасіць людзей выканаць такое заданне і пры такіх умовах,— працягваў Гольц.— Я не змог бы загадаць вам выканаць яго. Я разумею, якой рызыцы падвяргаю вас сваімі ўмовамі. Я намагаўся растлумачыць вам усё так дэталёва, каб вы зразумелі і ўсвядомілі ўсе магчымыя цяжкасці і ўсю важнасць гэтага задання.
— А як жа вы будзеце наступаць на Ла-Гранху, калі мост будзе знішчаны?
— Мы папярэдне добра падрыхтуемся, каб адрамантаваць мост, як толькі захопім цясніну. Гэта вельмі складаная і надзвычайная аперацыя. Надзвычайная і складаная, як заўсёды. Чарговы шэдэўр Вісэнтэ Роха, гэтага няўдач-
лівага прафесара. Я кірую гэтым наступам, і, як заўсёды, ён ажыццяўляецца нязначнымі сіламі, без неабходных сродкаў. I тым не менш, нягледзячы на ўсё, я веру ў поспех гэтай аперацыі. I я больш упэўнены ў яе поспеху, чым звычайна. Але поспех яе будзе забяспечаны, калі мост будзе знішчаны. Мы можам захапіць Сеговію. Паглядзіце, я зараз пакажу вам, як мы ўсё гэта плануем. Бачыце? Мы будзем атакаваць не перавал. Ён застанецца ў нас у тыле. Там мы толькі замацуемся. Мы пяройдзем у наступ ніжэй. Глядзіце. Вось тут...
— Мне лепей не ведаць усяго гэтага,— сказаў Роберт Джордан.
— Слушна,— пагадзіўся Гольц.— Чым меншы багаж вы возьмеце з сабою за лінію фронту, тым лепей будзе для вас. Так?
— Я заўсёды лічу за лепшае не ведаць. Тады, што б там ні здарылася, ніхто не будзе мець падстаў абвінаваціць мяне ў здрадзе.
— Так, лепей не ведаць,— сказаў Гольц, пагладзіўшы лоб алоўкам.— Часам я і сам хацеў бы нічога не ведаць. Але тое, што вы павінны ведаць — пра мост, вы ведаеце?
— Так, гэта я ведаю.
— Я таксама ўпэўнены ў гэтым,— сказаў Гольц.— Ну, я не збіраюся гаварыць ніякіх прамоў. Давайце лепей вып’ем. Калі я многа гавару, мне заўсёды хочацца выпіць, таварыш Хордан. Ваша прозвішча смешна гучыць па-іспанску, таварыш Хордан.
— А як гучыць па-іспанску Гольц, таварыш генерал?
— Хоцэ,— сказаў Гольц і ўсміхнуўся, вымаўляючы заднеязычны гук «X» глыбока ў горле, быццам кашлянуўшы ад прастуды.— Хоцэ,— пракрактаў ён.— Камарада хенераль Хоцэ. Ведаў бы раней, калі збіраўся на вайну сюды, як вымаўляецца Гольц па-іспанску, выбраў бы сабе лепшае прозвішча. Уявіце сабе толькі — чалавека прызначылі камандаваць дывізіяй, ён мае магчымасць выбраць якое хочаш прозвішча, а выбірае Хоцэ. Хенераль Хоцэ. Але цяпер ужо позна мяняць. Як вам падабаецца партызанская вайна?— Гэта быў рускі тэрмін для абазначэння баявых дзеянняў у тыле ворага.
— Вельмі падабаецца,— адказаў Роберт Джордан. Ён усміхнуўся.— Увесь час на свежым паветры — вельмі карысна для здароўя.
— Мне таксама гэта падабалася, калі я быў у вашым веку,— сказаў Гольц.— Кажуць, вы надта добра навучыліся знішчаць масты. Згодна з правіламі навукі. Але я толькі
чуў пра гэта. Мне не давялося бачыць вас у справе. Магчыма, гэта ўсё толькі чуткі. Скажыце, вы сапраўды добра ўзрываеце масты?— Ён ужо кпіў з Роберта Джордана.— Частуйцеся,— Гольц працягнуў яму келіх іспанскага брэндзі.— Вы сапраўды добра ўзрываеце масты?
— Здараецца.
— 3 гэтым мостам не павінна быць ніякіх здарэнняў. Але досыць ужо гаварыць пра гэты мост. Вы ўжо і так усё зразумелі. Мы дужа сур’ёзныя людзі, таму можам дазволіць сабе і пажартаваць. Відаць, вы пакінулі шмат прыгажунь за лініяй фронту?
— Ніводнай. На дзяўчат не хапае часу.
— Тут я з вамі не згодны. Чым болып неўладкаваная служба, тым больш неўладкаванае жыццё. Ваша служба неўладкаваная. I, акрамя таго, вам трэба пастрыгчыся: у вас занадта даўгія валасы.
— Гэта мая звычайная прычоска,— сказаў Роберт Джордан. Хораша б ён выглядаў, калі б яго галава была паголена, як у Гольца.— Апроч дзяўчат у мяне хапае турбот,— сказаў ён пахмурна і спытаў:— А якую форму я павінен насіць?
— Ніякай,— сказаў Гольц.— I прычоска ў вас неблагая. Я проста пажартаваў. Мы з вамі надта розныя людзі,— сказаў Гольц і зноў напоўніў келіхі.— Вы ніколі не думаеце пра дзяўчат. А я зусім ні пра што не думаю. Навошта мне думаць?
Адзін штабны афіцэр, які працаваў над картай, што была прымацавана да чарцёжнага стала, нешта сярдзіта прабурчаў на мове, якую Роберт Джордан не разумеў.
— Ат, адчапіся,— сказаў Гольц па-англійску,— Хачу жартаваць — і жартую. Я занадта сур’ёзны, таму маю права час ад часу і пажартаваць. Ну, дапівайце і ідзіце. Вы ўсё зразумелі, так?
— Так,— адказаў Роберт Джордан.— Я ўсё зразумеў.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі, ён аддаў чэсць і пайшоў да штабной машыны, дзе стары ўжо заснуў, чакаючы яго, і на гэтай машыне яны паехалі па дарозе на Гвадараму, прычым стары так і не прачнуўся, потым звярнулі на Новасерадскую шашу і дабраліся да альпінісцкай базы, дзе Роберт Джордан паспаў гадзіны тры перад тым, як яны рушылі далей пехатой.
Такім бачыў ён Гольца апошні раз, яго незвычайна белы твар, які ніколі не браў загар, ястрабіныя вочы, вялікі нос і тонкія губы, паголеную галаву, пакрытую маршчынамі і шнарамі.
Заўтра ноччу на шашы пад Эскарыалам пачнецца рух войскаў, пяхота ў цемры сядзе на грузавікі, што выцягнуцца доўгай чарадой: байцы з цяжкімі ранцамі і вінтоўкамі ўзлезуць на грузавікі, узводы кулямётчыкаў паставяць на грузавікі кулямёты, цыстэрны з палівам будуць закочаны на доўгія платформы транспарцёраў,— дывізія рушыць у начны паход, каб заняць зыходныя пазіцыі для атакі ў цясніне. Але ён не павінен думаць пра гэта. Гэта не яго справа. Гэта справа Гольца. У яго ёсць свая задача, і пра яе яму належыць думаць, і ён павінен усё прадугледзець, быць гатовым да любой нечаканасці і не трывожыцца ні пра што. Трывога не лепей за страх. Яна толькі ўскладняе справу.