• Часопісы
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Мы забілі двух з guardia civil — сказаў Пабла, тлумачачы наяўнасць вайсковых сёдлаў.
    — Добрая здабыча.
    — Яны спыніліся на дарозе паміж Сеговіяй і СантаМарыя-дэль-Рэаль. Злезлі з коней, каб праверыць дакументы ў селяніна, які ехаў на калёсах. Нам пашчасціла забіць іх, не зачапіўшы коней.
    — I шмат жандараў вы забілі?— спытаў Роберт Джордан.
    — Здаралася,— сказаў Пабла.— Але так, каб коні засталіся цэлыя, толькі гэтых двух.
    — Гэта Пабла пусціў пад адхон цягнік каля Арэвала,— сказаў Ансельма.— Справа яго рук.
    — 3 намі быў чужынец, ён заклаў дынаміт,— сказаў Пабла.— Ты ведаеш яго?
    — Як яго звалі?
    — He памятаю, нейкае незвычайнае прозвішча.
    — А як ён выглядаў?
    — Бялявы, як ты, але не такі высокі, з вялікімі рукамі і перабітым носам.
    — Кашкін,— здагадаўся Роберт Джордан.— Напэўна, Кашкін.
    — Ага,— сказаў Пабла.— Нешта падобнае на гэта. Дужа незвычайнае прозвішча. Дзе ён цяпер?
    — Загінуў у красавіку.
    — Нічога дзіўнага,— сказаў пахмурна Пабла.— Усе мы так закончым.
    1 Грамадзянская гвардыя — жандармерыя (ісп.).
    — Так усе канчаюць,— адгукнуўся Ансельма.— Так заўсёды ўсе канчалі. Што з табой, братка? Што на цябе найшло?
    — У іх вялікая сіла,— сказаў Пабла. Здавалася, нібыта ён гаварыў самому сабе. Ён пахмурна агледзеў коней.— Ніхто з вас не ведае, якая ў іх сіла. Штодня яны набіраюць сілу, штодня паляпшаецца іх узбраенне. У іх усё большае боепрыпасаў. Што я з гэтымі конямі супраць іх? На што мне спадзявацца? Высачаць, зловяць і заб’юць. Вось і ўсё.
    — Здараецца, што і ты палюеш на іх, не толькі яны на цябе,— сказаў Ансельма.
    — He,— сказаў Пабла,— цяпер ужо не. А калі пакінем гэтыя горы, куды нам падзецца? Адкажы мне. Куды?
    — Хіба ж мала гор у Іспаніі? Чым горш у Сьера-дэГрэдас, калі давядзецца пайсці адгэтуль?
    — Для мяне горш,— адказаў Пабла.— Мне ўжо абрыдла ўвесь час уцякаць. Тут нам спакойна. А калі ты ўзарвеш той мост, нас пачнуць цкаваць. Калі даведаюцца, што мы тут, на нас пачнуць паляваць з самалётаў, яны нас высачаць і зловяць. А калі пашлюць мараканцаў лавіць нас, яны нас высачаць, і давядзецца пайсці адгэтуль. Мне ўжо абрыдла ўсё гэта. Чуеш?— Ён павярнуўся да Роберта Джордана.— Якое права маеш ты, чужынец, прыходзіць да мяне і камандаваць мною?
    — Я табой не камандую,— сказаў Роберт Джордан.
    — Ну, дык будзеш камандаваць,— сказаў Пабла.— Вось дзе яно, ліха!
    Ён кіўнуў на цяжкія рукзакі, якія яны паставілі на зямлю, калі затрымаліся каля коней. Калі Пабла цешыўся конямі, здавалася, у яго падняўся настрой, а тое, што Роберт Джордан разбіраецца ў конях, развязала яму язык. Яны ўсе трое стаялі каля загона, сонечныя блікі адбіваліся на спіне гнядога жарабца. Пабла паглядзеў на яго, потым штурхнуў нагой цяжкі рукзак.— Вось яно, ліха!
    — Я прыйшоў сюды, каб выканаць свой абавязак,— сказаў Роберт Джордан.— Я прыйшоў па загаду тых, хто кіруе ў гэтай вайне. Калі я папрашу ў цябе дапамогі, ты можаш адмовіцца, і я знайду іншых, хто мне дапаможа. Я яшчэ не прасіў у цябе дапамогі. Я павінен выканаць тое, што мне загадана, і я магу растлумачыць табе вялікую важнасць гэтай справы. А тое, што я чужынец,— не мая віна. Лепей мне было б нарадзіцца тут.
    — Для мяне самае важнае — каб нас тут не чапалі,— сказаў Пабла.— Мой абавязак — клапаціцца пра сваіх людзей і пра сябе.
    — Пра сябе. А як жа,— сказаў Ансельма.— Ты даўно ўжо клапоцішся толькі пра сябе. Пра сябе і сваіх коней. Пакуль у цябе не было коней, ты быў з намі. А зараз ты сапраўдны капіталіст.
    — Гэта няпраўда,— сказаў Пабла.— Я заўсёды рызыкую сваімі конямі дзеля агульнай справы.
    — Гэтага мала,— пагардліва сказаў Ансельма.— Памойму, вельмі мала. Красці? Так. Добра пад’есці? Так. Забіваць? Так. Змагацца? He!
    — Асцярожней, стары, твой доўгі язык прынясе табе шмат турбот.
    — Я стары, але я нікога не баюся,— сказаў яму Ансельма.— I да таго ж у мяне няма коней.
    — Ты, стары, доўга не пражывеш.
    — Я пражыву аж да самай маёй смерці,— сказаў Ансельма.— I я не баюся лісіц.
    Пабла нічога не сказаў, толькі падняў з зямлі рукзак.
    — Гэтаксама як і ваўкоў,— сказаў Ансельма і падняў другі рукзак.— Калі ты сапраўды воўк.
    — Змоўкні,— сказаў яму Пабла.— Ты, стары, занадта многа плявузгаеш языком.
    — Я заўсёды раблю тое, што кажу,— сказаў Ансельма і сагнуўся пад цяжарам рукзака.— А зараз я хачу есці. I піць. Ідзі, партызанскі камандзір з маркотным тварам. Вядзі нас туды, дзе можна пад’есці.
    Пачатак кепскі, падумаў Роберт Джордан. Але Ансельма — сапраўдны чалавек. Калі яны добрыя — яны проста цудоўныя людзі. Няма людзей лепшых за іх, калі яны добрыя. Аднак, калі яны робяцца благімі, няма людзей горшых за іх. Пэўна, Ансельма ведаў, што рабіў, калі прывёў мяне сюды. Аднак мне ўсё гэта не падабаецца. Гэта ўсё мне зусім не падабаецца.
    Адзіная неблагая прыкмета — гэта тое, што Пабла нясе рукзак і аддаў мне карабін. Мабыць, ён заўсёды такі, падумаў Роберт Джордан. Мабыць, ён заўсёды такі маркотны.
    He, запярэчыў ён сабе, няма чаго самога сябе ашукваць. Ты не ведаеш, які ён быў раней, але ты добра ведаеш, што ён робіцца ўсё горшы і горшы і не хавае гэтага. Калі ён пачне хаваць свой настрой — значыць, ён прыняў рашэнне. Трэба пра гэта памятаць. Першая паслуга, якую ён табе зробіць, будзе азначаць, што ён прыняў рашэнне.
    А коні сапраўды добрыя, падумаў ён. Цудоўныя коні. Цікава, ці можа што-небудзь прымусіць мяне стаць такім, якім зрабілі Пабла ягоныя коні? Стары мае рацыю. Коні зрабілі Пабла багатым. А як толькі ён стаў багаты, яму захацелася мець асалоду ад жыцця. Яшчэ крыху, і ён пачне шкадаваць, што не можа зрабіцца членам «Жакей-клуба», падумаў ён. Pauvre1 Пабла. Il a manqe son Jockey2.
    Гэтая думка суцешыла яго. Ён усміхнуўся, паглядзеў на дзве сагнутыя спіны і вялікія рукзакі, якія рухаліся паперадзе сярод дрэў. За ўвесь дзень ён у думках ні разу не пажартаваў, а вось цяпер пажартаваў і адчуў сябе значна лепш. Ты робішся падобны на іх, сказаў ён сабе. Ты гэтаксама робішся маркотным. Безумоўна, ён быў маркотны і сур’ёзны з Гольцам. Заданне трохі збянтэжыла яго. Толькі крышку збянтэжыла, падумаў ён. He, надта збянтэжыла. Гольц быў вясёлы, хацеў і яго развесяліць перад ад’ездам, але не атрымалася.
    Калі добра падумаеш, дык усе самыя лепшыя людзі — вясёлыя. Куды лепей быць вясёлым, і ў гэтым ёсць свой сэнс. Нібыта яшчэ пры жыцці ты набыў бяссмяротнасць. Такую глыбокую думку складана ўцяміць. Хоць цяпер ужо няшмат засталося такіх людзей. Зусім мала, чорт падзяры. I калі ты, хлопча, і далей будзеш працягваць думаць у гэтым напрамку, дык і цябе не будзе сярод іх. Хопіць думаць, стары друг-таварыш. Зараз твая справа — знішчаць масты, а не займацца філасофіяй. А божухна, да чаго ж хочацца есці, падумаў ён. Спадзяюся, што ў Пабла добрая ежа.
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    Яны выйшлі з густога лесу на круглую, нібы чаша, невялікую паляну, і ён адразу здагадаўся, што лагер павінен быць там, пад той скалой, што ўзнялася перад імі паміж дрэў.
    Сапраўды, там і быў размешчаны лагер, і месца для яго выбрана неблагое. Такі лагер заўважыш толькі тады, калі падыдзеш да яго ўсутыч, і Роберт Джордан падумаў, што з самалёта яго таксама прыкмеціць немагчыма. Зверху нічога не ўбачыш. Быццам мядзведзеў бярлог — ніякіх сля-
    ' Бедалага (фр.).
    2 He бываць яму ў «Жакей-клубе» (фр.).
    доў. Аднак ахова яго была арганізавана не лепшым чынам. Набліжаючыся, ён уважліва прыглядаўся да лагера.
    У скале была вялікая пячора, а каля ўвахода сядзеў чалавек, прытуліўшыся спіною да скалы і выцягнуўшы перад сабой ногі. Карабін яго быў прыстаўлены да скалы. Чалавек стругаў нажом палку, а калі яны падышлі, ён утаропіўся на іх, а потым зноў узяўся стругаць.
    — Ноіа!1 — сказаў ён.— Хто гэта да нас ідзе?
    — Стары і з ім дынамітчык,— адказаў Пабла і апусціў рукзак каля самага ўвахода ў пячору. Ансельма таксама паставіў свой рукзак, а Роберт Джордан зняў з пляча карабін і прыхінуў яго да скалы.
    — He стаў так блізка да пячоры,— сказаў чалавек, які стругаў палку. У яго былі блакітныя вочы і цёмны, колеру дублёнай скуры, прыгожы цыганскі твар.— Там раскладзена вогнішча.
    — Устань і перастаў сам,— сказаў Пабла.— Аднясі яго да таго дрэва.
    Цыган нават не зварухнуўся, толькі сказаў нешта непрыстойнае, потым ляніва дадаў:
    — Хай сабе ляжыць там. Сам узарвешся. Адразу пазбавішся ад усіх сваіх хвароб.
    — Што гэта ты робіш?— пацікавіўся Роберт Джордан, прысеўшы побач з цыганом.
    Той растлумачыў, што выстругвае папярочку да капкана ў выглядзе лічбы «4».
    — На лісіц,— удакладніў ён.— Вось бачыш гэтую папярочку? Яна падпірае бервяно, якое потым падае’ і забівае лісіцу насмерць, ламае ёй хрыбет.— Ён усміхнуўся Джордану.— Глядзі, як гэта робіцца.— Ён паказаў, як дзейнічае капкан, як падае папярочка, потым заматаў галавой, скурчыў пальцы і выцягнуў рукі, паказваючы лісіцу з перабітым хрыбтом.— Надзейная прылада,— растлумачыў ён.
    — Ён палюе на зайцоў,— сказаў Ансельма.— Ён жа цыган. Ловіць зайцоў, а ўсім кажа, што лісіц. А як зловіць лісіцу, дык, напэўна, скажа, што папаўся слон.
    — А калі я ўпалюю слана?— спытаў цыган і зноў паказаў усе свае белыя зубы і падміргнуў Роберту Джордану.
    — Дык скажаш, што гэта танк,— адказаў яму Ансельма.
    — Я здабуду танк,— сказаў яму цыган.— Я абавязкова здабуду танк. Паглядзім, што ты тады заспяваеш.
    1 Здарова! (ісп.)
    — Цыганы замнога гавораць, а ваююць мала,— сказаў яму Ансельма.
    Цыган падміргнуў Роберту Джордану і працягваў аперацыю з палкай.
    Пабла знік у пячоры. Роберт Джордан спадзяваўся, што Пабла пайшоў па ежу. Ён сядзеў на зямлі побач з цыганом, і паўдзённае сонечнае святло прасочвалася скрозь вершаліны дрэў і сагравала яго выпрастаныя ногі. Ён адчуваў пахі ежы з пячоры, водар аліўкавага алею, цыбулі і смажанага мяса, і яго страўнік ажно зводзіла ад голаду.
    — Мы зможам здабыць танк,— сказаў ён цыгану.— Гэта не так ужо і цяжка.
    — Вось гэтым?— цыган паказаў на рукзакі.
    — Так,— адказаў Роберт Джордан.— Я цябе навучу. Робіцца нешта накшталт капкана. Гэта зусім не цяжка.
    — I мы здабудзем танк разам з табою?
    — Але,— сказаў Роберт Джордан.— Чаму не?
    — Гэй!— гукнуў цыган Ансельма.— Перанясі гэтыя торбы ў надзейнае месца, чуеш? Яны маюць вялікую каштоўнасць.
    Ансельма толькі гмыкнуў.
    — Я пайшоў па віно,— сказаў ён Роберту Джордану.