• Часопісы
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Ён сядзеў каля ручая, глядзеў, як празрыстая вада бруіцца паміж камянямі, і раптам на тым беразе заўважыў густы параснік вадзянога крэсу. Ён перайшоў ручай, вырваў цэлы пук крэсу, памыў брудныя карэньчыкі ў празрыстым струмені, потым зноў сеў каля рукзака жаваць чыстыя халодныя лісткі і хрусткія гаркаватыя сцёблы. Потым прысеў на кукішкі, перасунуў пісталет, які вісеў на поясе, за спіну, каб не замачыць яго, нагнуўся, абапёрся рукамі на валуны і напіўся з ручая. Вада была такая сцюдзёная, што ажно заламіла зубы.
    Адштурхнуўся рукамі, падняўся, павярнуў галаву і ўбачыў, як вяртаецца стары. 3 ім ішоў яшчэ адзін чалавек, гэтаксама апрануты ў чорную сялянскую кашулю і цёмнашэрыя порткі — вопратка, якая лічылася амаль уніформай у гэтай правінцыі; на нагах яго былі вераўчаныя сандалі, а за плячыма — карабін. Ён быў без шапкі. Абодва пераскоквалі з каменя на камень, як горныя казлы.
    Яны падышлі да яго, і Роберт Джордан падняўся на ногі.
    — Salud, Camarada — сказаў ён чалавеку з карабінам і ўсміхнуўся.
    — Salud,— адгукнуўся той пахмурна.
    Роберт Джордан паглядзеў на буйны, зарослы шчэццю твар. Ён быў амаль што круглы, і галава была круглая, на кароткай шыі. Вочы былі маленькія і надта шырока пастаўленыя, і вушы маленькія, шчыльна прыціснутыя да галавы. Гэта быў даволі высокі мажны мужчына з вялікімі рукамі і нагамі. Hoc у яго быў перабіты, а з кутка рота цераз усю сківіцу цягнуўся шнар, які не магла схаваць нават густая шчэць.
    1	Прывітанне, таварыш (ісп.).
    Стары кіўнуў галавой на мужчыну і ўсміхнуўся.
    — Ён тут гаспадар,— і яшчэ шырэй усміхнуўся, потым сагнуў рукі ў локцях, быццам паказваючы мускулы, і з паўнасмешлівым захапленнем паглядзеў на чалавека з карабінам.— Магутны мужчына.
    — Відаць адразу,— сказаў Роберт Джордан і зноў усміхнуўся. Яму не падабаўся выгляд гэтага чалавека, і ў душы яму зусім не было весела.
    — Ці ёсць у цябе якое пасведчанне?— спытаў чалавек з карабінам.
    Роберт Джордан адшпіліў англійскую шпільку, выцягнуў з левай нагруднай кішэні сваёй фланелевай кашулі складзеную ўчацвёра паперку і падаў яе чалавеку з карабінам; той разгарнуў паперку, агледзеў яе недаверліва і пакруціў у пальцах.
    Ды ён жа не ўмее чытаць, зазначыў пра сябе Роберт Джордан.
    — Зірні на пячатку,— сказаў ён.
    Стары паказаў на пячатку, і чалавек з карабінам пачаў яе вывучаць, паварочваючы паперку ў сваіх пальцах.
    — Што гэта за пячатка?
    — Хіба ты ніколі не бачыў такой?
    — He.
    — Іх тут дзве,— сказаў Роберт Джордан.— Адна з іх — СВР, Службы вайсковай разведкі. Другая — Генеральнага штаба.
    — Так, акурат такую пячатку я раней бачыў. Аднак тут начальнік толькі я,— сказаў чалавек з карабінам пахмурна.— Што ў вас у рукзаках?
    — Дынаміт,— з гонарам адказаў стары.— Ноччу мы перайшлі лінію фронту і ўвесь дзень цягнулі гэтыя рукзакі цераз горы.
    — Дынаміт мне спатрэбіцца,— сказаў чалавек з карабінам. Ён вярнуў дакумент Роберту Джордану і змераў яго поглядам.— Так. Дынаміт мне спатрэбіцца. Колькі вы яго мне прынеслі?
    — Табе мы нічога не прынеслі,— спакойна адказаў Роберт Джордан.— Гэты дынаміт прызначаны для іншай мэты. Як цябе завуць?
    — А навошта табе ведаць?
    — Яго завуць Пабла,— сказаў стары.
    Чалавек з карабінам акінуў пахмурным поглядам іх абодвух.
    — Вось як. Я шмат добрага чуў пра цябе,— сказаў Роберт Джордан.
    — Што ж ты пра мяне чуў?— спытаў Пабла.
    — Мне казалі, што ты выдатны партызанскі камандзір, што ты адданы Рэспубліцы і даказваеш сваю адданасць справамі, што ты чалавек паважаны і смелы. Генеральны штаб даручыў мне перадаць табе прывітанне.
    — Дзе ж ты чуў усё гэта?— спытаў Пабла. Роберт Джордан адзначыў сабе, што кампліменты не 'зрабілі на Пабла ніякага ўражання.
    — Пра гэта гавораць ад Буітрага да Эскарыала,— сказаў ён, называючы ўсю мясцовасць па той бок фронту.
    — Я нікога не ведаю ні ў Буітрага, ні ў Эскарыале,— адказаў Пабла.
    — Па той бок гор зараз жыве шмат людзей, якія раней там не жылі. Адкуль ты родам?
    — 3 Авілы. Што ты збіраешся рабіць з гэтым дынамітам?
    — Знішчу мост.
    — Які мост?
    — Гэта ўжо мая справа.
    — Калі ён знаходзіцца недзе паблізу, то гэта мая справа. Нельга ўзрываць масты паблізу ад таго месца, дзе жывеш. Жыць трэба ў адным месцы, а дзейнічаць у іншым. Я ведаю сваю справу. Той, хто застаўся жывы пасля года вайны, ведае сваю справу.
    — А гэта мая справа,— сказаў Роберт Джордан.— Мы можам абмеркаваць яе разам. Ты дапаможаш дацягнуць гэтыя рукзакі?
    — He,— сказаў Пабла і адмоўна пакруціў галавой.
    Стары раптам павярнуўся да яго і загаварыў хутка і злосна на дыялекце, які Роберт Джордан з цяжкасцю разумеў, як быццам чытаў твор Кеведа. Ансельма гаварыў на старажытнакасцільскай мове, і сэнс быў прыблізна Ta­xi: «Хіба ты не скаціна? Сапраўдная скаціна. Хіба ты не свіння? Сапраўдная свіння, ды яшчэ якая. Мазгаўня ў цябе ёсць? He. Няма. Мы прыйшлі сюды для выканання справы найвялікшай важнасці, а табе толькі ў галаве, каб не зачапілі тваю хату. Твая лісіная нара даражэй табе за інтарэсы ўсяго чалавецтва. Вышэй за інтарэсы твайго народа. А так і так і ператак твайго бацьку. Бяры рукзак!»
    Пабла апусціў вочы долу.
    — Кожны павінен рабіць тое, што яму па сіле, і рабіць так, як належыць,— сказаў ён.— Я жыву тут, а дзейнічаю за Сеговіяй. Калі ты ўсчыніш тут гвалт, нас выганяць з гэтых гор. Мы толькі таму і трымаемся ў гэтай мясцовасці, што нічога тут не робім. Гэта правіла лісіцы.
    — Так,— з горыччу сказаў Ансельма.— Гэта правіла лісіцы, а нам патрэбен воўк.
    — Хутчэй воўк я, чым ты,— сказаў Пабла, і Роберт Джордан адчуў з палёгкай, што ён панясе рукзак.
    — Хе! Хе!— Ансельма паглядзеў на Пабла.— 3 цябе лепшы воўк, чым з мяне. Але мне ўжо шэсцьдзесят восем гадоў.
    Ён сплюнуў і пакруціў галавою.
    — Няўжо ты такі стары?— спытаў Роберт Джордан. Ён зразумеў, пакуль што ўсё скончылася дабром, і хацеў зменшыць напружанне.
    — ШэСцьдзесят восем будзе ў ліпені.
    — Калі мы наогул дажывём да ліпеня,— сказаў Пабла.— Давай ужо дапамагу табе цягнуць гэтую торбу,— сказаў ён Роберту Джордану.— Пакінь другую старому.— Цяпер ён гаварыў ужо не пахмурна, а неяк маркотна.— Ён хоць і стары, але дужы.
    — Я сам панясу,— сказаў Роберт Джордан.
    — He,— запярэчыў стары.— Хай нясе гэты асілак.
    — Я вазьму,— сказаў Пабла, і ў ягонай пахмурнасці адчувалася адценне маркоты, якая непрыемна ўразіла Роберта Джордана. Ён ведаў гэтую маркоту, і зараз яна непакоіла яго.
    — Тады дай мне карабін,— сказаў ён, і, калі Пабла працягнуў яму карабін, ён павесіў яго праз плячо, і яны ўсе разам рушылі ўгору, стары і Пабла крыху паперадзе. Яны караскаліся ўверх, падцягваліся, чапляючыся за выступы ў гранітнай скале, і нарэшце апынуліся на зялёнай прагаліне сярод лесу.
    Яны абміналі краем гэтую зялёную палянку, і Роберт Джордан крочыў цяпер лёгка, не абцяжараны рукзаком, з прыемнасцю адчуваючы за плячыма шчыльна прыціснуты карабін замест няёмкага цяжару рукзака. Ён заўважыў, што трава на палянцы месцамі была павыскубаная, a ў зямлі засталіся сляды ад калочкаў канавязі. Ён убачыў таксама сцежку ў траве, па якой вадзілі коней да вадапою, і свежыя камякі конскага памёту. Ноччу яны водзяць сюды коней пасвіцца, а ўдзень хаваюць іх у лесе, падумаў ён. Цікава, ці багата коней у гэтага Пабла?
    Ён прыгадаў, што Паблавы порткі выцерты да бляску на каленках і з унутраных бакоў сцёгнаў,— гэта ён прыкмеціў адразу, не надаўшы таму асаблівай увагі. Цікава, ці ёсць у яго боты, ці ён ездзіць верхам у тых alpargatas
    Сандалі на вераўчанай падэшве (ісп.).
    падумаў ён. У яго павінна быць адпаведная экіпіроўка. Але мне не даспадобы гэтая яго маркота, падумаў ён. Гэтая маркота надта паганая. Такая маркота звычайна находзіць, калі нехта збіраецца збегчы або здрадзіць. Гэта тая маркота, якая прыходзіць напярэдадні здрады.
    Наперадзе, у лесе, куды сонечныя промні ледзьве прабіваліся скрозь густыя, шчыльныя вершаліны сосен, заіржаў конь, і потым паміж бурымі камлямі ён убачыў абгароджаны вяроўкай загон для жывёлы. Коні павярнулі храпы да людзей, а пад дрэвам каля загона былі складзены сёдлы, накрытыя брызентам.
    Калі яны падышлі бліжэй да загона, стары і Пабла спыніліся, і Роберт Джордан зразумеў, што яны чакаюць, каб ён выказаў захапленне конямі.
    — Так,— сказаў ён.— Прыгожыя коні. — Ён павярнуўся да Пабла.— У цябе тут свая кавалерыя.
    У вяровачным загоне пасліся пяцёра коней: трое гнядых, адзін буланы і адзін пярэсты. Роберт Джордан спачатку акінуў поглядам усіх разам, потым агледзеў кожнага з іх уважліва. Пабла і Ансельма добра ведалі сапраўдную цану гэтым коням, і Пабла стаяў побач, ганарлівы і ўжо не такі маркотны, і з любоўю глядзеў на коней, а ў старога быў такі выгляд, быццам гэта ён асабіста зрабіў Роберту Джордану прыемны сюрпрыз.
    — Ну як, падабаюцца?— спытаў ён.
    — Усё гэта — мая здабыча,— сказаў Пабла, і Роберту Джордану было прыемна пачуць у ягоным голасе гонар.
    — Вось гэты добры конь,— сказаў Роберт Джордан, паказваючы на аднаго з гнядых, вялікага жарабца з белай зорачкай на лбе і белай левай пярэдняй нагой.
    Гэта быў цудоўны конь, які нібыта сышоў з карціны Веласкеса.
    — Усе яны добрыя коні,— сказаў Пабла.— А хіба ты разбіраешся ў конях?
    — Так.
    — Зараз пабачым,— сказаў Пабла.— А ці знойдзеш ты ў іх якіясь заганы?
    Роберт Джордан зразумеў, што гэты непісьменны чалавек зараз правярае яго дакументы.
    Коні ўсё яшчэ стаялі, узняўшы пысы, і пазіралі на людзей. Роберт Джордан пралез паміж дзвюма вяроўкамі загона і пляснуў пярэстага па крыжы. Абапершыся на вяроўкі загона, ён хвіліну-другую ўважліва назіраў, як коні кружаць па загоне, пастаяў яшчэ трошкі, пакуль яны не спынілі бег, потым нагнуўся і вылез.
    — Буланы кульгае на правую заднюю нагу,— сказаў ён Пабла, не гледзячы на яго.— Капыт трэснуў. Праўда, калі добра падкаваць, трэшчына не пашырыцца, але капыт не вытрымае доўга на цвёрдым грунце.
    — Такім дастаўся мне гэты конь,— сказаў Пабла.
    — А ў твайго найлепшага каня — гнядога жарабца з белай зоркай — на бабцы нарыў, які мне не падабаецца.
    — Пустое!— сказаў Пабла.— Ён пашкодзіў нагу тры дні назад. Калі што сур’ёзнае, было б ужо відаць.
    Ён сцягнуў брызент і паказаў сёдлы. Два з іх былі звычайныя, пастуховыя, падобныя на сёдлы амерыканскіх каўбояў, адно вельмі прыгожа аздобленае, з ручным каляровым цісненнем па скуры і цяжкімі закрытымі страмёнамі, а два астатнія — вайсковыя, з чорнай скуры.