Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Роберт Джордан падняўся сам і перанёс рукзакі далей ад увахода ў пячору, паставіў іх да дрэва на супрацьлеглых баках камля. Ён ведаў, што ў іх было, і хацеў, каб яны стаялі воддаль адзін ад аднаго.
— Прынясі і мне конаўку,— гукнуў цыган Ансельма.
— А хіба ёсць віно?— спытаў Роберт Джордан, зноў уладкоўваючыся побач з цыганом.
— Віно? А як жа. Цэлы бурдзюк. Ну, паўбурдзюка. Ва ўсякім разе, паўбурдзюка сапраўды захавалася.
— А заесці знойдзецца?
— А няўжо ж не,— адказаў цыган.— Мы тут харчуемся, як генералы.
— А што робяць на вайне цыганы?— спытаў Роберт Джордан.
— Яны застаюцца цыганамі.
— Няблага.
— Выдатна,— сказаў цыган.— Як цябе завуць?
— Раберта. А цябе?
— Рафаэль. А наконт танка ты гаварыў сур’ёзна?
— А як жа. А што тут такога?
Ансельма вынес з пячоры глыбокую каменную міску, поўную чырвонага віна, а на яго пальцы былі нанізаны за вушкі тры конаўкі.
— Глядзі,— сказаў ён.— Усё ёсць, нават конаўкі.
Услед за ім выйшаў Пабла.
— Хутка будзе і мяса,— сказаў ён.— Закурыць знойдзецца?
Роберт Джордан падышоў да рукзакоў, развязаў адзін, намацаў унутраную кішэню і выцягнуў пляскаты пачак рускіх папярос, якія далі яму ў штабе Гольца. Ён правёў пазногцем вялікага пальца ўздоўж вузкага канта пачка, адкрыў яго і працягнуў папяросы Пабла, які ўзяў з паўтузіна. Заціснуўшы іх у сваёй вялізнай руцэ, Пабла выбраў адну і паглядзеў яе на святло. Папяросы былі тонкія і доўгія, з кардоннымі муштукамі.
— Багата паперы і мала тытуню,— сказаў ён.— Я іх ведаю. Такія курыў той, хто быў тут раней, з незвычайным прозвішчам.
— Кашкін,— сказаў Роберт Джордан і пачаставаў цыгана і Ансельма папяросамі, кожны з іх узяў па адной.
— Бярыце яшчэ,— сказаў ён, і яны ўзялі яшчэ па адной.
Ён даў кожнаму яшчэ па чатыры папяросы, і яны падзякавалі яму, узмахнуўшы рукамі з заціснутымі ў кулаках папяросамі, так што кончыкі папярос зрабілі рух знізу ўверх, а потым зноў уніз, быццам шаблі, якія аддаюць салют.
— Так,— сказаў Пабла.— У яго было незвычайнае прозвішча.
— Давайце вып’ем.— Ансельма зачэрпнуў конаўкай віна з міскі і працягнуў поўную конаўку Роберту Джордану, потым зачэрпнуў сабе і цыгану.
— А мне віна няма?— спытаў Пабла.
Яны сядзелі ўсе разам каля ўвахода ў пячору.
Ансельма аддаў яму сваю конаўку і пайшоў у пячору, каб узяць яшчэ адну сабе. Вярнуўшыся, ён схіліўся над міскай, зачэрпнуў поўную конаўку, і яны чокнуліся.
Віно было добрае, трошкі з смалістым смакам бурдзюка,— выдатнае віно, лёгкае і чыстае. Роберт Джордан піў павольна, адчуваючы прыемную цеплыню, што разлівалася па целе і здымала стому.
— Зараз будзе мяса,— сказаў Пабла.— А той чужынец з незвычайным прозвішчам — як ён загінуў?
— Яму пагражаў палон, і ён застрэліўся.
— Як гэта здарылася?
— Ён быў паранены і не захацеў трапіць у палон.
— А падрабязнасці ведаеш?
— Я не ведаю,— схлусіў Роберт Джордан. Ён добра ведаў усе падрабязнасці, але добра ведаў і тое, што пра іх зараз лепей было не гаварыць.
— Мы паабяцалі яму, што застрэлім яго, калі яго параняць у той справе — з цягніком — і ён не зможа ўцячы,— сказаў Пабла.— Ён прасіў пра гэта неяк надта незвычайна.
У яго здалі нервы ўжо тады, падумаў Роберт Джордан. Бедалага Кашкін.
— Ён не хацеў забіваць сябе сам,— сказаў Пабла.— Ён мне казаў пра гэта. I ён вельмі баяўся, што яго будуць катаваць.
— I пра гэта ён табе казаў?— запытаўся ў яго Роберт Джордан.
— Так,— адгукнуўся цыган.— Нешта такое ён гаварыў нам усім.
— Вы таксама былі ў той справе, з цягніком?
— Так. Мы ўсе там былі.
— Ён гаварыў неяк надта незвычайна,— сказаў Пабла.— Але ён быў смелы чалавек.
Бедалага Кашкін, падумаў Роберт Джордан. Ад яго тут, напэўна, было болей шкоды, чым карысці. Шкада, што я не ведаў, што ў яго так разышліся нервы. Яго трэба было адхіліць ад удзелу ў гэтай аперацыі. Людзей, якія так гавораць, і блізка нельга падпускаць да баявых спраў. Пра такое лепей не гаварыць. Ад такіх людзей, калі яны і выканаюць баявое заданне, болей шкоды, чым карысці.
— Ён быў крыху дзівакаваты,— сказаў Роберт Джордан.— Па-мойму, дык ён быў проста вар’ят.
— Але ж ён быў адмысловы майстар узрываць,— сказаў цыган.— I вельмі смелы чалавек.
— Але і вар’ят,— сказаў Роберт Джордан.— Для такіх спраў трэба мець ясную і цвярозую галаву. А балбатня тая — зусім не патрэбна.
— А ты,— сказаў Пабла.— А калі цябе параняць у гэтай справе, з мостам, ты б хацеў, каб цябе там кінулі?
— Слухай,— сказаў Роберт Джордан, схіліўся і зачэрпнуў яшчэ адну конаўку віна.— Слухай мяне ўважліва. Калі мне спатрэбіцца папрасіць каго-небудзь зрабіць мне якуюсь паслугу, я папрашу яго, не сумнявайся.
— Добра,— з ухвалай сказаў цыган.— Добра сказаў. Ага! Вось нарэшце і мяса!
— Ты ўжо пад’еў,— сказаў Пабла.
— Я магу з’есці яшчэ ўдвая болей,— адказаў цыган.— А паглядзіце, хто нясе.
Дзяўчына нахілілася, выходзячы з пячоры з вялікай жалезнай патэльняй, і Роберт Джордан убачыў яе твар збоку і адразу заўважыў тое, ад чаго яе аблічча здавалася такім незвычайным. Яна ўсміхнулася і сказала:
— Hola, camarada.
I Роберт Джордан адказаў:— Salud,— і прымусіў сябе не глядзець на яе надта пільна, але і не адводзіць вачэй убок.
Яна паставіла пляскатую жалезную патэльню на зямлю перад ім, і ён убачыў, якія ў яе зграбныя смуглыя рукі. Цяпер яна глядзела яму проста ў твар і ўсміхалася. Яе белыя зубы блішчалі на смуглым твары, а яе скура і вочы былі аднолькавага залаціста-смуглявага колеру. У яе былі шырокія скулы, вясёлыя вочы і поўныя губы, лінія рота прамая. Залаціста-карычневыя валасы колеру спелага пшанічнага поля ў промнях сонца былі каротка падстрыжаны — ледзь даўжэй за футру на бабровай шкурцы. Яна ўсміхнулася ў твар Роберту Джордану, падняла смуглую руку ўгору і правяла ёй па галаве, прыгладзіла валасы, якія адразу ж зноў узняліся вожыкам. У яе вельмі прыгожы твар, падумаў Роберт Джордан. Яна была б зусім прыгожая, калі б не гэтыя кароткія валасы.
— Вось так я расчэсваюся,— сказала яна Роберту Джордану і засмяялася.— Чаму не ясі — еш. He глядзі на мяне. Валасы мне так падстрыглі ў Вальядалідзе. Яны ўжо спакваля пачынаюць адрастаць.
Яна села насупраць і паглядзела на яго. Ён таксама паглядзеў на яе, і яна ўсміхнулася, абхапіўшы рукамі калені. Штаны ў яе крышку падцягнуліся ўверх, агаліўшы доўгія стройныя ногі, Ён бачыў яе высокія маленькія грудзі, схаваныя пад шэрай кашуляй. Кожны раз, як Роберт Джордан пазіраў на яе, ён адчуваў, што нейкі клубок падступае да горла.
— Талерак няма,— сказаў Ансельма.— I нажоў таксама. Можаш карыстацца сваім.
Дзяўчына паклала на край жалезнай патэльні чатыры відэльцы, зубцамі ўніз.
Яны елі ўсе разам з адной патэльні, па іспанскай звычцы — моўчкі. Мяса было заечае, прыпраўленае цыбуляй і зялёным перцам, а да яго — дробны гарошак у соусе з чырвонага віна. Заечына была добра падсмажана — мяса лёгка адставала ад костак, а соус быў проста цудоўны. Роберт Джордан выпіў яшчэ конаўку віна. Дзяўчына не
зводзіла з яго вачэй. Астатнія глядзелі толькі на мяса і моўчкі елі. Роберт Джордан выцер кавалкам хлеба соус на сваёй частцы патэльні, адсунуў заечыя косткі ўбок, выцер соус на тым месцы, дзе яны былі, потым начыста выцер кавалачкам хлеба відэлец, нож, схаваў яго і даеў хлеб. Нахіліўся над міскай, зачэрпнуў поўную конаўку віна, a дзяўчына ўсё яшчэ глядзела на яго.
Роберт Джордан адпіў палову конаўкі, але калі ён загаварыў з дзяўчынай, нейкі камяк зноў падступіў да горла.
— Як цябе завуць?— спытаў ён.
Пачуўшы асаблівы тон яго голасу, Пабла хутка зірнуў на яго. Потым падняўся і выйшаў.
— Марыя. А цябе?
— Раберта. Ты даўно тут, у гарах?
— Тры месяцы.
— Тры месяцы?
Яна зноў збянтэжана правяла рукой па галаве, і ён глянуў на яе валасы, такія густыя і кароткія, яны пайшлі рабаціннем, быццам пшанічнае поле пад ветрам на схіле пагорка.
— Мяне пагалілі,— сказала яна — Нас заўсёды галілі там, у турме Вальядаліда. За тры месяцы мае валасы настолькі падраслі. Я ехала на тым цягніку. Нас везлі на поўдзень. Пасля ўзрыву цягніка многіх вязняў зноў арыштавалі, а мяне не злавілі. Я прыйшла сюды вось з імі.
— Гэта я яе знайшоў. Схавалася між камянёў,— сказаў цыган.— Акурат мы ўжо збіраліся адыходзіць. Ох, і якая ж брыдкая яна тады была! Мы ўзялі яе з сабой, але потым, па дарозе, ледзь яе не кінулі.
— А дзе той, што быў разам з імі, калі пускалі той цягнік пад адхон?— спытала Марыя.— Такі самы русявы, як ты. Чужынец. Дзе ён зараз?
— Загінуў,— сказаў Роберт Джордан.— У красавіку. — У красавіку? Цягнік таксама ўзарвалі ў красавіку. — Так,— сказаў Роберт Джордан.— Ён загінуў праз дзесяць дзён пасля таго.
— Небарака,— сказала яна.— Смелы чалавек быў. А ты робіш тое самае?
— Але.
— I цягнікі даводзілася ўзрываць?
— Так. Тры цягнікі.
— Тут?
— У Эстрамадуры,— сказаў ён,— Перад тым як прыехаць сюды, я быў у Эстрамадуры. Такіх, як я, зараз шмат у Эстрамадуры. Там хапае нам спраў.
— А чаго ты прыйшоў сюды, у нашы горы?
— Мяне прыслалі замест таго, русявага. Я добра ведаю гэтыя мясціны — бываў тут яшчэ да вайны.
— Добра ведаеш?
— Сказаць па праўдзе — не надта добра. Але я хутка асвойтаюся. У мяне ёсць добрая карта і добры праваднік.
— Стары,— яна кіўнула галавой.— Сапраўды, ён вельмі добры чалавек.
Дзякуй на добрым слове,— сказаў ёй Ансельма, і Роберт Джордан раптоўна ўсвядоміў, што яны з дзяўчынай тут не адны, і яшчэ адчуў, што яму цяжка глядзець на яе, бо ў яго нават голас мяняецца, калі ён глядзіць на яе. Ён парушыў другі закон з двух, якіх трэба прытрымлівацца, каб не псаваць адносін з людзьмі, што гавораць па-іспанску: мужчын частаваць тытунём і не чапаць іхніх жанчын; але ён зразумеў неяк знянацку, што яму да ўсяго гэтага няма справы. Ці ж мала чаго ёсць на свеце, на што не звяртаеш ніякай увагі, дык навошта яму звяртаць увагу на гэта?
— У цябе надта прыгожы твар,— сказаў ён Марыі.— Дужа шкада, што мне не пашчасціла бачыць цябе з доўгімі валасамі.
— Яны адрастуць,— сказала яна.— Праз якія паўгода яны будуць доўгія.
— Ты б пабачыў, якая яна была, калі мы яе прывялі сюды пасля ўзрыву цягніка. Такая была пачвара, аж глядзець было брыдка.
— А ты чыя?— спытаў Роберт Джордан, спрабуючы авалодаць сабой.— Ты належыш Пабла?
Яна зірнула на яго і засмяялася, потым ляпнула яго па калене.