Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Ён адчуў, што Агусцін, які ляжаў побач, папярхнуўся, але стрымаў кашаль і праглынуў сліну. Потым, усё яшчэ
гледзячы па-над масленым варанёным ствалом скрозь галінкі, усё яшчэ прыціскаючы палец да засцерагальніка, ён убачыў, як камандзір завярнуў каня і паказаў рукою на лес, куды вялі сляды Пабла. Усе чацвёра павярнуліся і рушылі трушком да лесу, і Агусцін ледзь чутна прашаптаў: — Cabrones!
Роберт Джордан паглядзеў назад, туды, дзе Ансельма кінуў дрэўца.
Цыган Рафаэль прабіраўся да іх паміж скал з вінтоўкай за плячом і двума сядзельнымі ўюкамі ў руках. Роберт Джордан махнуў яму рукой — маўляў, «кладзіся»— і цыган знік з вачэй.
— Мы маглі б забіць усіх чатырох,— ціха сказаў Агусцін. Ён быў увесь мокры ад поту.
— Так,— шэптам азваўся Роберт Джордан.— Але хто ведае, як бы ўсё абярнулася, калі б мы адкрылі страляніну.
Тут ён зноў пачуў стук каменьчыка, што скаціўся ўніз, і шпарка азірнуўся. Але ні цыгана, ні Ансельма не было відаць. Ён паглядзеў на свой гадзіннік, а потым угору і ўбачыў, што Прымітыва зноў і зноў паднімае і апускае вінтоўку хуткімі кароткімі ўзмахамі.
Пабла апярэдзіў іх на сорак пяць мінут, падумаў Роберт Джордан і тут жа пачуў тупат кавалерыйскага атрада, што набліжаўся.
— No te apures,— прашаптаў ён Агусціну.— He хвалюйся. Яны пройдуць міма, як і тыя.
Атрад з’явіўся на ўзлессі — дваццаць коннікаў калонаю па двое, апранутыя і ўзброеныя гэтаксама, як першыя чацвёра,— шаблі каля паясоў, аўтаматы ў футаралах. I гэтаксама, як тыя чацвёра, яны зніклі ў лесе.
— Tu ves?— спытаў Роберт Джордан у Агусціна.— Бачыш?
— Іх было многа,— адказаў Агусцін.
— Калі б мы забілі тых чатырох, дык нам давялося б мець справу з гэтымі,— вельмі ціха сказаў Роберт Джордан. Сэрца ў яго ўжо супакоілася, кашуля на грудзях прамокла ад расталага снегу. Усярэдзіне ў яго ўсё быццам здранцвела.
Сонца шчодра прыгравала, і снег растаў хутка. Ён асядаў вакол камлёў дрэў, а за ствалом кулямёта перад вачыма Роберта Джордана снег быў рыхлы і празрысты, бо зверху яго сагравала сонца, а знізу дыхала цяплом зямля.
Роберт Джордан глянуў угору, на Прымітыва, і ўбачыў, што той падае яму сігнал: «Нічога»,— паказваючы скрыжаваныя рукі далонямі ўніз.
3-за скалы паказалася галава Ансельма, і Роберт Джордан зрабіў яму знак рукой падысці. Перапаўзаючы ад скалы да скалы, стары дабраўся да кулямёта і лёг каля яго ніцма.
— Многа іх было. Надта многа,— сказаў ён.
— Мне твае дрэвы ўжо больш не патрэбны,— сказаў яму Роберт Джордан.— У далейшых лесапасадках няма патрэбы.
Ансельма і Агусцін усміхнуліся.
— Абышлося і так, а садзіць дрэвы цяпер небяспечна, бо гэтыя самыя людзі вернуцца назад, і яны, магчыма, не такія ўжо дурні.
Яму хацелася размаўляць, а ў яго гэта азначала, што ён перажыў толькі што вялікую небяспеку. Ён заўсёды мог вызначыць сур’ёзнасць перажытай небяспекі з таго, што надта ўжо яму потым карцела пагаварыць.
— Добра я яго замаскіраваў, га?— спытаў ён.
— Добра,— адказаў Агусцін.— Добра, туды іх ператуды, усіх фашыстаў. Мы маглі забіць тых чатырох. Ты бачыў?— спытаў ён у Ансельма.
— Бачыў.
— Слухай,— сказаў Роберт Джордан старому,— табе давядзецца зноў пайсці на ўчарашні пост ці ў якое іншае месца, выбераш сам, каб паназіраць за шашою, як учора, і пазначыць усё, што там рухаецца. Гэта даўно ўжо трэба было зрабіць. Сядзі там, пакуль не сцямнее. Потым вернешся, і мы пашлём каго-небудзь яшчэ.
— А як жа мае сляды?
— Пойдзеш нізам, як толькі сыдзе снег. Пасля снегу на дарозе будзе слота. Прыгледзься да каляіны, ці шмат праехала грузавых машын і ці праходзілі танкі. Больш нам нічога не ўдасца высветліць, пакуль ты не зоймеш свой пост.
— Дазволь мне сказаць?— спытаў стары.
— А чаму не, кажы.
— 3 твайго дазволу, ці не лепей было б, калі б я пайшоў у Ла-Гранху, і даведаўся б там, што рабілася ўначы, і даручыў бы каму-небудзь назіраць і занатоўваць так, як ты мяне навучыў? А вечарам нам прынеслі б паведамленне ці, лепей, я мог бы зноў пайсці ў Ла-Гранху па навіны.
— Ты не баішся натрапіць на кавалерыю?
— He, калі не будзе снегу.
— А ў Ла-Грансе ёсць чалавек, якому можна даручыць гэта?
— Ёсць. Для такой справы ёсць. Я даручу гэта жанчыне. У Ла-Грансе ёсць некалькі жанчын, каму можна давяраць.
— Можа, і ёсць,— сказаў Агусцін.— Я нават упэўнены, што ёсць. I такія, што могуць прыдацца на іншую справу, таксама ёсць. Можа, я пайду замест старога?
— He, хай ідзе стары. Ты ўмееш страляць з кулямёта, а дзень яшчэ не скончыўся.
— Я пайду, як растане снег,— сказаў Ансельма.— Ён хутка растане.
— Як ты лічыш, ці змогуць яны злавіць Пабла?— спытаў Роберт Джордан у Агусціна.
— Пабла хітры,— адказаў Агусцін.— Ці могуць людзі без ганчакоў злавіць разумнага аленя?
— Часам здараецца,— адказаў Роберт Джордан.
— 3 Пабла такога не здарыцца,— сказаў Агусцін.— Праўда, зараз ён ужо не той, якім быў калісьці. Але нездарма ён жыве ў гэтых гарах без турбот дый яшчэ і п’е напрапалую, калі ўжо столькі іншых паставілі да сцяны.
— Ён і сапраўды такі хітры, як пра яго кажуць?
— Яшчэ хітрэйшы.
— Асаблівага розуму ён пакуль што не паказаў.
— Como que no? 1 Калі б ён не выявіў асаблівага розуму, дык учора вечарам яму быў бы каюк. Мне здаецца, Ingles, што ты не разумееш нічога ні ў палітыцы, ні ў партызанскай вайне. I ў тым, і ў гэтым галоўнае — захаваць сваё жыццё. Прыгадай, як ён захаваў сабе жыццё ўчора вечарам. I колькі яму давялося вынесці ад мяне і ад цябе!
Цяпер, калі Пабла зноў дзейнічаў заадно з атрадам, Роберт Джордан не хацеў казаць пра яго нічога благога і адразу ж пашкадаваў, што паставіў пад сумненне яго розум. Ён і сам ведаў, што Пабла разумны. Акурат Пабла адразу адчуў усю небяспеку выканання загаду па знішчэнні моста. Роберт Джордан зрабіў гэтую заўвагу проста з непрыязі да Пабла і, яшчэ не скончыўшы фразы, зразумеў сваю памылку. Гэта была праява той самай празмернай балбатлівасці пасля нервовага напружання. Каб перамяніць тэму гаворкі, ён сказаў Ансельма:
— А як ты дойдзеш да Ла-Гранхі ўдзень?
— А што тут такога,— адказаў стары.— Я ж не з вайсковым аркестрам пайду.
— I не з званочкамі на шыі,— сказаў Агусцін.— I не са сцягам у руках.
Чаму ж не? (ісп.)
— Якой дарогай ты пойдзеш?
— Спачатку гарою, а потым долам, праз лес.
— А калі цябе затрымаюць?
— У мяне ёсць паперы.
— Мы ўсе маем шмат розных папер, але сякія-такія ты не забудзься праглынуць на ўсякі выпадак.
Ансельма пахітаў галавой і паляпаў далонню па нагруднай кішэні сваёй блузы.
— Колькі ўжо разоў мне даводзілася трапляць у розныя пераплёты,— сказаў ён,— але ніколі яшчэ паперы не еў. He люблю я есці паперу.
— Трэба было б заўсёды класці на дакументы трошкі гарчыцы на ўсякі выпадак,— сказаў Роберт Джордан.— Я заўсёды трымаю нашы дакументы ў левай кішэні кашулі, а фашысцкія — у правай. Так, прынамсі, не разгубішся ў выпадку якой неспадзеўкі.
Відаць, калі камандзір першага кавалерыйскага патруля паказаў на расколіну ў скале, справы былі сапраўды кепскія, бо надта ўжо ўсе яны разгаварыліся. Занадта разгаварыліся, падумаў ён.
— Але, паслухай, Раберта,— сказаў Агусцін,— кажуць, што ўрад штодзень правее. У Рэспубліцы ўжо не кажуць «таварыш», а толькі і чуваць «сеньёр», «сеньёра». Можа, надышоў ужо час перашыць кішэні?
— Калі ён зусім паправее, я перакладу дакументы ў заднюю кішэню,— сказаў Роберт Джордан.— I прашыю яе пасярэдзіне.
— He, хай ужо лепш застаюцца ў кашулі,— сказаў Агусцін.— Няўжо мы выйграем вайну і прайграем рэвалюцыю?
— He,— сказаў Роберт Джордан.— А калі мы прайграем вайну, тады не будзе ні рэвалюцыі, ні Рэспублікі, ні цябе, ані мяне — нічога, толькі адзін вялікі carajo
— Вось і я так кажу,— сказаў Ансельма,— што мы павінны выйграць вайну і нікога не расстрэльваць. Каб мы кіравалі справядліва і каб кожны атрымаў сваю долю, у залежнасці ад таго, як ён змагаўся. I каб тых, хто змагаўся супраць нас, перавыхаваць так, каб яны зразумелі свае памылкі.
— Нам трэба будзе многіх расстраляць,— сказаў Агусцін.— Многіх, многіх, многіх.
Ён моцна сціснуў правую руку ў кулак і пастукаў ёю па далоні левай рукі.
1 Іспанская лаянка.
— Лепш бы нам нікога не расстрэльваць. Нават самых галоўных фашыстаў. Лепш бы нам перавыхаваць іх працай.
— Я б ім знайшоў працу,— сказаў Агусцін і, набраўшы прыгаршчы снегу, паклаў у рот.
— Якую, ліхадзей?— спытаў Роберт Джордан.
— Дзве надта прыстойныя працы.
— Якія ж?
Агусцін узяў у рот яшчэ крыху снегу і паглядзеў на паляну, па якой праехалі коннікі. Потым выплюнуў расталы снег.
— Vaya. Ну і сняданак!— сказаў ён.— Дзе той пракляты цыган?
— Якія ж гэта справы?— спытаў Роберт Джордан.— Чаму ж ты не гаворыш, злыдзень?
— Скакаць з самалётаў без парашутаў,— адказаў Агусцін, і вочы ў яго заблішчалі.— Гэта для тых, каго мы пашкадуем. А рэшту — папрыбіваць да парканаў цвікамі.
— Ты кажаш паскудства,— сказаў Ансельма.— Так у нас ніколі не будзе ніякай Рэспублікі.
— Калі я глядзеў на тых чатырох і думаў, што мы можам іх забіць, я пачуваў сябе, як тая кабыла, што чакае ў загоне жарабца,— сказаў Ансельма.
— Але ты ведаеш, чаму мы іх не забілі?— спакойна спытаў Роберт Джордан.
— Ведаю,— адказаў Агусцін.— Ведаю. Але мне надта карцела, як той кабыле. Табе гэтага не зразумець, калі сам ты такога не адчуваў.
— Ты ўвесь спацеў,— сказаў Роберт Джордан.— Я думаў, гэта са страху.
— I са страху таксама,— сказаў Агусцін.— I са страху, і з таго іншага. Няма на свеце нічога мацнейшага за тое, пра што я казаў.
Так, падумаў Роберт Джордан. Мы робім гэта вытрымана, з халоднай галавою, а яны — не, і ніколі з халоднай галавой гэтага не рабілі. Гэта іхняя найсвяцейшая вера. Тая, старадаўняя, якой яны трымаліся яшчэ перад тым, як новая рэлігія прыйшла да іх з другога канца Міжземнага мора. Старадаўняй веры яны ніколі не зракаліся, а толькі затаілі і прыхавалі яе, даючы ёй выйсце ў войнах ды інквізіцыі. Гэта людзі аўтадафэ — акта веры. Забіваць даводзіцца ўсім, але мы забіваем не так, як яны. А сам ты, падумаў ён, хіба ты ніколі не паддаваўся гэтаму настрою? Хіба ты не адчуваў гэтага ў Сьеры? А пад Усераю? I ўвесь час, пакуль ты быў у Эстрамадуры? I наогул увесь час? Que
va, сказаў ён сабе. Гэта было са мною пры кожным нападзе на цягнік.
Кінь ты ўсе гэтыя няпэўныя літаратурныя здагадкі наконт бербераў ды старажытных іберыйцаў і прызнайся, што і табе вядомая радасць забойства, як вядомая яна кожнаму салдату-добраахвотніку, адмаўляе ён гэта ці не. Ансельма яе не ведае, бо ён не салдат, а паляўнічы. Але і яго не трэба ідэалізаваць: паляўнічыя забіваюць звяроў, а салдаты — людзей. He ўводзь у зман сябе самога, падумаў ён. I не гуляй у літаратуру. Ты даўно ўжо заразіўся гэтым. I не думай кепска пра Ансельма. Ён сапраўдны хрысціянін. Рэдкая птушка для каталіцкай краіны.