Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Хопіць ужо размоў пра смерць, сказаў ён сабе. У нас пра яе не гавораць. Такія размовы падабаюцца нашым сябрам-анархістам. Як толькі яны трапляюць у складанае становішча, ім заўсёды прыходзіць на думку толькі адно: падпаліць што-небудзь ці памерці. Усё ж дзіўны гэты накірунак думак. Надта дзіўны. Ну, што ж, дружа, дзень заканчваецца, сказаў ён сабе. Ужо амаль трэцяя гадзіна, неўзабаве і абед прынясуць. У лагеры Эль Сорда яшчэ страляюць. Напэўна, яго ўжо акружылі і чакаюць падмогі. Ім, відаць, трэба спяшацца, каб закончыць усё да ночы.
Цікава, што ж адбываецца там, у Эль Сорда. Тое самае, што, зрэшты, будзе і ў нас. Ва ўсякім разе, там не дужа весела. I гэта мы наклікалі бяду, і ўсё праз тых коней. Як гэта кажуць па-іспанску? Тупік. Un callejon sin saluda. Мне здаецца, я б мог даць сабе рады. Зрабіў бы гэта, і ўсё. А як прыемна, мабыць, браць удзел у такой вайне, у якой можна здацца ў палон, калі цябе акружылі. Estamos copados. Нас акружылі. Вось найстрашнейшы крык жаху ў гэтай вайне. А потым цябе звычайна расстрэльваюць. I калі проста расстраляюць, дык можаш лічыць, што табе пашчасціла.
Эль Сорда не будзе мець такога шчасця. Гэтаксама як і мы, калі прыйдзе наша чарга.
Была роўна трэцяя гадзіна. I тут ён пачуў далёкі, прыглушаны гул, падняў галаву і ўбачыў самалёты.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Эль Сорда прыняў бой на вяршыне высокага ўзгорка. Узгорак гэты яму адразу не падабаўся: убачыўшы яго, Глухі падумаў, што абрысам сваім ён нагадвае шанкер. Але выбару ў Эль Сорда не было: ён нагледзеў гэты ўзгорак яшчэ здаля і паімчаў да яго стрымгалоў на неасядланым кані з цяжкім ручным кулямётам за спіной, торба з гранатамі матлялася на адным баку, а на другім — торба з дыскамі. Ззаду скакалі на конях Хаакін і Ігнасіо, якія час ад часу спыняліся і адстрэльваліся, спыняліся і адстрэльваліся, каб дапамагчы яму дабрацца да вяршыні і паставіць кулямёт.
Тады снег яшчэ не растаў, той самы снег, што загубіў іх, і калі ў каня трапіла куля і ён, цяжка і з прысвістам сапучы, намагаўся адолець апошні пад’ём, апырскваючы гэты снег ярка-чырвоным гарачым струменем, Глухі саскочыў, перакінуў повад праз плячо і пацягнуў каня ўгору за сабой. Ён караскаўся так шпарка, як толькі мог, з дзвюма цяжкімі торбамі на плячах, сярод куль, што цокалі аб каменне, і, нарэшце, ухапіўшы каня за грыву, прыстрэліў яго, спрытна і дакладна разлічыўшы, дзе конь павінен упасці,— акурат так, што той паваліўся галавою наперад і заваліў сабой западзіну паміж дзвюма скаламі. Потым Эль Сорда паставіў кулямёт такім чынам, каб страляць цераз спіну каня, і адразу расстраляў два дыскі, адзін за адным. Кулямёт стракатаў, парожнія гільзы сыпаліся на снег, распалены ствол прысмаліў поўсць на скуры забітага каня, і засмярдзела паленым. Сорда страляў па кожным, хто з’яўляўся на вяршыні ўзгорка, каб прымусіць залегчы, і ўвесь час па яго спіне прабягаў холад, бо ён не ведаў, што робіцца ззаду. Калі нарэшце апошні з яго пяцярых людзей ускочыў на вяршыню ўзгорка, холад той знік, і Сорда вырашыў зберагчы рэшту дыскаў, бо яны яму яшчэ спатрэбяцца.
На схіле засталіся яшчэ тры забітыя кані і яшчэ тры ляжалі тут, на вяршыні ўзгорка. Учора ўначы ім пашэнціла выкрасці толькі трох коней, але адзін з гэтых коней уцёк
ад іх, калі нехта паспрабаваў ускочыць на яго без сядла падчас першай трывогі ў лагеры.
3 пяцярых людзей, што дабраліся да вяршыні ўзгорка, трох параніла. Сорда быў паранены ў лытку і двойчы — у левую руку. Ён пакутаваў ад смагі, параненая нага здранцвела, а рана ў левай руцэ нясцерпна балела. Апроч таго, яму дужа балела галава, і цяпер, калі ён ляжаў, чакаючы самалётаў, яму прыгадаўся адзін іспанскі жарт: «Hay que tomar la muerte como si fuera aspirina», што азначае: «Смерць трэба прымаць, як таблетку аспірыну». Але ўголас ён гэты жарт не вымавіў. Ён усміхнуўся сам сабе, не зважаючы на галаўны боль і на млосць, што падступала да горла, як толькі ён спрабаваў паварушыць рукой ці азірнуцца, каб паглядзець, колькі людзей засталося ад яго атрада.
Усе пяцёра размясціліся на вяршыні, як зубцы пяціканцовай зоркі. Каленямі і рукамі яны раскопвалі зямлю і рабілі з гліны і камення грудкі, каб за імі можна было схаваць галовы і плечы, а потым аб’ядноўвалі гэтыя паасобныя грудкі ў суцэльны вал. У васемнаццацігадовага Хаакіна была сталёвая каска, якой ён капаў і перадаваў зямлю іншым.
Гэтую каску ён здабыў, калі пускалі пад адхон цягнік. Каска была прабітая куляй, і ўсе кпілі з Хаакіна, які ўзяў яе з сабой. Але Хаакін расплюшчыў малатком вышчарбленыя краі дзіркі ад кулі, потым заткнуў гэтую дзірку драўляным коркам і падрэзаў яго ўнутраны канец упоравень з паверхняй каскі. Калі пачалася страляніна, ён з размаху насунуў каску на галаву — ажно ў вушах зазвінела, быццам нехта ўдарыў яго каструляй, а потым, калі пад ім забілі каня, агорнуты посвістам куль, трэскам куль, спевам куль, караскаўся па схіле гары да вяршыні, і ў яго заняло дух, падгіналіся калені, а ў перасохлым горле паліла,— калі ён бег з апошняй сілы, каска душыла яго неверагодным цяжарам і нібыта жалезным абручом сціскала лоб, які, здавалася, вось-вось расколецца.
Але ён не скінуў каскі і цяпер капаў ёю зямлю метадычна і ўпарта. Ён яшчэ не быў паранены.
— Згадзілася ўсё ж нарэшце,— сказаў яму Глухі нізкім сіпатым голасам.
— Resistir у fortificar es veneer,— сказаў Хаакін. Ён ледзь вымавіў гэтыя словы, бо ў роце ў яго перасохла — і не так ад смагі, якую звычайна адчуваеш падчас бою, як ад страху. Гэта быў адзін з лозунгаў Іспанскай каму-
ністычнай партыі, і ён азначаў: «Змагайся і мацуйся, і ты пераможаш».
Глухі адвярнуўся і глянуў уніз, дзе адзін кавалерыст, схаваўшыся за вялікім валуном, рыхтаваўся адкрыць агонь. Сорда вельмі любіў Хаакіна, але зараз яму было не да лозунгаў.
— Што ты сказаў?
Адзін партызан, што ўзводзіў сховішча, павярнуў да іх галаву. Ён ляжаў ніцма і, не адрываючы падбародка ад зямлі, асцярожна клаў перад сабой каменне.
Хаакін, працягваючы капаць, яшчэ раз вымавіў лозунг сваім ломкім хлапечым голасам.
— Якое апошняе слова?— перапытаў партызан, што ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у зямлю.
— Veneer,— адказаў хлапец.— Пераможаш.
— Mierda1,— сказаў партызан, што ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у зямлю.
— Ёсць яшчэ адзін, які нам тут падыходзіць,— сказаў Хаакін, вымаўляючы лозунгі так, быццам гэта былі талісманы.— Пасіянарыя кажа: «Лепей загінуць стоячы, чым жыць на каленях».
— I ўсё адно mierda,— сказаў той самы партызан, а другі кінуў праз плячо:
— А мы не на каленях, а на пузе.
— Слухай ты, камуніст! А ці ведаеш ты, што ў тваёй Пасіянарыі сын, твайго ўзросту, ад самага пачатку руху сядзіць у Расіі.
— Гэта няпраўда,— сказаў Хаакін.
— Que va, няпраўда,— сказаў партызан.— Мне гэта казаў той дынамітчык з незвычайным прозвішчам. Ён належаў да той самай партыі, як і ты. Навошта яму было хлусіць?
— Хацеў бы я зараз быць у Расіі,— сказаў другі партызан з атрада Эль Сорда.— Можа, твая Пасіянарыя і мяне паслала б у Расію, га, камуніст?
— Калі ўжо ты так верыш у сваю Пасіянарыю, папрасі яе, каб яна забрала нас зараз з гэтага ўзгорка?— сказаў трэці з перавязаным сцягном.
— Гэта зробяць фашысты,— сказаў той, што ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у зямлю.
— Хопіць ужо пра гэта,— сказаў Хаакін.
— Вытры з губ мацярынскае малако і падай мне зямлі ў сваім брылі,— сказаў партызан, што ляжаў, уткнуўшыся
' Дзярмо (ісп.).
падбародкам у зямлю.— Ніводзін з нас не пабачыць сёння, як садзіцца сонца.
Эль Сорда падумаў: гэты ўзгорак падобны на шанкер. Альбо на цыцку маладой дзяўчыны без саска. Альбо на вяршыню вулкана. А хіба ты бачыў калі вулкан, падумаў ён. He, не бачыў і ўжо ніколі не пабачыш. А гэты ўзгорак проста падобны на шанкер. I забудзься ты ўжо на гэтыя вулканы. Позна ўжо цяпер думаць пра нейкія там вулканы.
Ён вельмі асцярожна выглянуў з-за хіба забітага каня, і адразу ўнізе, каля самага падножжа ўзгорка, за валуном застракатаў кулямёт, і кулі, з глухім стукам, торкнуліся ў труп жывёліны. Эль Сорда адпоўз крыху ўбок і выглянуў у прасвет паміж конскім крыжам і скалой. Трое забітых ляжалі на схіле пад самай вяршыняй, там, дзе яны пападалі, калі фашысты пад прыкрыццём кулямётнага агню пайшлі былі на прыступ, але Глухі і яго таварышы адкінулі іх назад, шпурляючы і скочваючы ім насустрач ручныя гранаты. Забітых было болей, але ўсіх ён не мог бачыць з гэтага боку ўзгорка. Наўкол не было мёртвай прасторы, цераз якую фашысты, атакуючы, маглі б дабрацца да вяршыні, і Глухі ведаў, што пакуль у яго ёсць чацвёра байцоў і хапае патронаў і гранат, яго адсюль не выкураць, хіба што калі прыцягнуць мінамёт. Хто ведае, магчыма, яны ўжо паслалі ў Ла-Гранху па мінамёт. А можа, і не, бо хутка ўжо ўсё адно прыляцяць самалёты. Мінула ўжо чатыры гадзіны, як над імі праляцеў разведчык.
Гэты ўзгорак і сапраўды падобны на шанкер, падумаў Эль Сорда. Але мы ім добра ўсыпалі, калі яны здуру палезлі напрасткі. I як толькі ім прыйшло ў галаву, што яны возьмуць нас вось так? Проста спадзяюцца, што зброя ў іх найноўшая, і трацяць розум ад самаўпэўненасці. Маладога афіцэра, што камандаваў атакай, ён забіў гранатай, якая, падскокваючы і перакручваючыся, пакацілася па схіле насустрач фашыстам, калі яны, прыгінаючыся, беглі ўгору. У жоўтым сполаху і шэрым дыме выбуху ён убачыў, як афіцэр паваліўся ніцма там, дзе ляжыць і зараз, нібыта кінуты цяжкі клунак рыззя, і далей гэтага месца ніхто з фашыстаў не прайшоў. Сорда паглядзеў на яго труп, а потым перавёў погляд ніжэй, на іншыя трупы.
Яны храбрыя, але дурні, думаў ён. А між тым у іх хапіла розуму, каб не атакаваць ізноў, пакуль не прыляцяць самалёты. А можа, яны чакаюць мінамёта. Лепей, каб мінамёта. Ён ведаў, што калі толькі паставяць мінамёт, ён і яго людзі загінуць, але мінамёт — гэта рэч простая і звычайная, а думаючы пра самалёты, ён пачуваў сябе так,
нібыта з яго знялі ўсю вопратку — і нават скуру,— і ён сядзіць тут, на ўзгорку, зусім голы. Галейшым і быць немагчыма, думаў ён, аблуплены заяц супраць мяне выглядаў бы абароненым, як мядзведзь. I навошта ім самалёты? Маглі б прасцей пакончыць з намі мінамётам. Але яны ганарацца сваімі самалётамі і таму абавязкова дачакаюцца іх. Акурат гэтаксама яны ганарацца сваёй аўтаматычнай зброяй і таму так бязглузда палезлі напрасткі. Але і па мінамёт яны, напэўна ж, паслалі.