• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Que pasa? 1 — спытаў ён.
    Роберт Джордан прыклаў палец да вуснаў і зноў пачаў прыслухоўвацца. Зноў даляцеў той самы гук. Ён быў слабы, прыглушаны, сухі і вельмі далёкі. Але цяпер ужо не засталося сумнення. Гэта быў дакладны, рэзкі трэск кулямётнай чаргі. Здавалася, што недзе дужа далёка ўзрываюцца адна за адною пачкі маленькіх петард.
    Роберт Джордан паглядзеў угору на Прымітыва. Той сядзеў, узняўшы галаву, тварам да іх, прыклаўшы да вуха сагнутую далонь. Калі Роберт Джордан паглядзеў на яго, Прымітыва паказаў яму рукой на грэбень горнай грады.
    — У Эль Сорда ідзе бой,— сказаў Роберт Джордан.
    — Дык хутчэй ім на дапамогу,— сказаў Агусцін.— Збірай людзей. Vamonos!
    — He,— сказаў Роберт Джордан.— Мы застаёмся тут.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
    Роберт Джордан паглядзеў угору і ўбачыў, што Прымітыва выпрастаўся на сваім назіральным пасту і падае знакі вінтоўкай. Роберт Джордан кіўнуў галавой, але Прымітыва яшчэ і яшчэ працягваў паказваць нешта вінтоўкай, прыкладаючы далонь да вуха,і зноў падаваў тыя самыя знакі, быццам баяўся, што яго не зразумелі.
    — Заставайся тут, каля кулямёта, але не страляй, пакуль не будзеш цалкам упэўнены, што яны ідуць сюды. I нават тады не страляй, а чакай, пакуль яны не дойдуць вунь да тых кустоў,— Роберт Джордан паказаў пальцам.— Зразумеў?
    — Так. Але...
    — Ніякіх «але». Я табе потым растлумачу. Я пайшоў да Прымітыва.
    Ансельма быў побач, і ён сказаў яму:
    — Viejo, заставайся тут, з Агусцінам і кулямётам.— Ён гаварыў наўмысля павольна і стрымана.— Страляць нельга, хіба што кавалерыя пад’едзе зусім усутыч. Калі ж яны толькі пакажуцца, як гэта здарылася нядаўна, ча-
    1 Што здарылася? (ісп.)
    паць іх не трэба. Калі ж давядзецца страляць, моцна трымай трыножак і падавай яму дыскі.
    — Добра,— сказаў стары.— А Ла-Гранха?
    — Пойдзеш туды пазней.
    Роберт Джордан палез угору па шэрых валунах, адчуваючы пад пальцамі іх вогкасць штораз, як падцягваўся на руках. Снег, які акрываў іх, хутка раставаў на сонцы. Зверху валуны ўжо абсохлі, і, лезучы ўгору, ён азірнуўся і ўбачыў хвойнік, і доўгую адкрытую прагаліну перад ім, і далёкую даліну, а за ёю — высокія горы. Нарэшце ён дабраўся да западзіны паміж двума вялікімі камянямі, дзе ўладкаваўся Прымітыва, і той — каржакаваты, смуглявы — сказаў яму:
    — Яны напалі на Эль Сорда. Што будзем рабіць?
    — Нічога,— адказаў Роберт Джордан.
    Адгэтуль страляніна чулася выразна, і, зірнуўшы наперад, ён убачыў удалечыні, на крутым схіле за далінаю, кавалерыйскі атрад, што выехаў з лесу і накіроўваўся заснежаным схілам угору, туды, адкуль даносілася страляніна. Ён убачыў доўгі падвойны ланцужок коннікаў, які чарнеў на снезе. Ён прасачыў за ланцужком, пакуль той не дапоўз да грэбеня горнай грады і знік у далёкім лесе.
    — Мы павінны ім дапамагчы,— сказаў Прымітыва. Голас у яго быў хрыплы і глухі.
    — Гэта немагчыма,— сказаў Роберт Джордан.— Я чакаў гэтага з самага ранку.
    — Чаму?
    — Учора вечарам яны пайшлі красці коней. Снег перастаў, і іх высачылі па слядах.
    — Але мы павінны ім дапамагчы,— сказаў Прымітыва.— Іх нельга кідаць у такім становішчы. Гэта нашы таварышы.
    Роберт Джордан паклаў яму руку на плячо.
    — Мы нічога зрабіць не можам,— сказаў ён.— Калі б мы маглі, я зрабіў бы ўсё.
    — Туды можна дабрацца па версе. Мы можам узяць коней і абедзве maquinas. Тую, што ўнізе, і твой аўтамат. I пайсці да іх на дапамогу.
    — Паслухай,— сказаў Роберт Джордан.
    — Я вось што слухаю,— сказаў Прымітыва.
    Страляніна далятала бесперапыннымі хвалямі, што набягалі адна за адной. Потым пачуліся выбухі ручных гранат, цяжкія і глухія сярод сухой траскатні кулямётаў.
    — Яны загінулі,— сказаў Роберт Джордан.— Яны былі асуджаны на пагібель з той хвіліны, як перастаў снег. Калі
    мы пойдзем туды, мы таксама загінем. Нам нельга разбіваць свае сілы — у нас іх і так замала.
    Шчокі Прымітыва, яго верхнюю губу і шыю пакрывала сівая шчэць. Твар у яго быў пляскаты і амаль руды там, дзе не было шчэці, нос перабіты і прыплясканы, шэрыя вочы сядзелі глыбока. Глянуўшы на яго твар, Роберт Джордан убачыў, як шчэць пацепваецца каля куткоў яго вуснаў і на горле.
    — Ты толькі паслухай,— сказаў Прымітыва.— Там ідзе сапраўдная бойня.
    — Твая праўда, калі лагчына абкружана з усіх бакоў,— сказаў Роберт Джордан.— Але, магчыма, каму-небудзь пашчасціла выбрацца.
    — Мы маглі б падысці і напасці з тылу,— сказаў Прымітыва.— Возьмем коней і рушым учатырох.
    — А потым што? Што будзе, калі мы ўдарым з тылу?
    — Мы аб’яднаемся з Эль Сорда.
    — Каб загінуць разам з ім? Паглядзі на сонца. Да вечара яшчэ далёка.
    Неба было высокае і бясхмарнае, сонца паліла ім у спіну. На паўднёвым схіле па той бок прагаліны, што ляжала перад імі, агаліліся доўгія лапіны чорнай зямлі, а на галінах сосен снегу ўжо амаль не засталося. Над валунамі, мокрымі ад расталага снегу, слалася цяпер лёгкая пара.
    — Ты мусіш з гэтым змірыцца,— сказаў Роберт Джордан.— Hay que aguantarse Такія рэчы часта здараюцца на вайне.
    — Але няўжо мы нічога не можам зрабіць? Зусім нічога?— Прымітыва глядзеў яму ў вочы, і Роберт Джордан ведаў, што той яму давярае.— А ты не мог бы паслаць толькі мяне і яшчэ каго з тым маленькім кулямётам?
    — Гэта нічога не дало б,— сказаў Роберт Джордан.
    Яму на імгненне здалося, нібыта ён убачыў у небе тое, што выглядаў, але гэта быў ястраб, які быў падхоплены парывам ветру, а зараз ён лунаў над краем далёкага сасновага лесу.
    — Гэта нічога не дало б, нават калі б мы пайшлі ўсе разам,— сказаў ён.
    Акурат у гэты момант страляніна ўзмацнілася і часцей загрукаталі глухія, цяжкія выбухі ручных гранат.
    — Ох, так іх і ператак! — сказаў Прымітыва, укладаючы ўсю душу ў блюзнерскую лаянку, у вачах яго стаялі
    1 Трэба цярпець (ісп.).
    слёзы, шчокі пацепваліся.— Ох, туды іх ператуды ў бога і прасвятую дзеву!
    — Супакойся,— сказаў Роберт Джордан.— Неўзабаве і табе давядзецца біцца з імі. Глядзі, вунь ідзе Пілар.
    Жанчына падымалася да іх, караскаючыся па скалах.
    Штораз, як вецер даносіў водгулле бою, Прымітыва лаяўся:
    — Так іх ператак! О, у госпада бога і прасвятую дзеву, туды іх растуды!
    Роберт Джордан спусціўся крыху ніжэй, каб дапамагчы Пілар.
    — Que tai, жанчына?— спытаў ён, беручы яе за абедзве рукі і падцягваючы ўгору, калі яна цяжка пералазіла цераз апошні валун.
    — Вось твой бінокль,— сказала яна і зняла з шыі бінокль на раменьчыку.— Бач, ужо дабраліся да Эль Сорда?
    — Так.
    — Pobre — сказала яна.— Бедны Сорда.
    Яна яшчэ адсопвалася пасля цяжкага ўзыходжання і, трымаючыся за руку Роберта Джордана, моцна сціскала яе ў сваёй, азіраючыся навокал.
    — Як там, па-твойму?
    — Блага. Вельмі блага.
    — Думаеш, што ён jodido2?
    — Відаць, што так.
    — Pobre,— сказала яна.— Пэўна, праз тых коней?
    — Магчыма, праз іх.
    — Pobre,— сказала яна. I потым дадала:— Рафаэль нагарадзіў мне немаведама што пра нейкую кавалерыю. Што тут было?
    — Спярша патруль, потым частка эскадрона.
    — Дзе, у якім месцы?
    Роберт Джордан паказаў ёй, дзе спыняўся патруль і дзе стаіць замаскіраваны кулямёт. Адгэтуль, з назіральнага паста Прымітыва, быў відаць толькі адзін чаравік Агусціна, які выторкваўся з-пад галля.
    — А цыган запэўніў, быццам яны пад’ехалі так блізка, што дула кулямёта ўпёрлася пярэдняму каню ў грудзі,— сказала Пілар.— Ну і парода! Бінокль ты забыў у пячоры.
    — Вы склалі рэчы?
    — Усё, што можна забраць. Пра Пабла нічога не чуваць?
    1 Бедалага (ісп.).
    2 Загінуў (ісп.).
    — Нічога.
    — Pobre,— сказала яна.— Я дужа яго любіла. Ты ўпэўнены, што ён jodido?
    — Так, я бачыў многа коннікаў.
    — Болей, чым было тут?
    — Цэлы атрад. Я бачыў, як яны паехалі туды.
    — Ты паслухай, што там робіцца, такая страляніна,— сказала Пілар.— Pobre, pobre Sordo.
    Яны прыслухаліся да страляніны.
    — Прымітыва хацеў пайсці туды,— сказаў Джордан.
    — Ты што, з глузду з’ехаў?— сказала Пілар чалавеку з пляскатым тварам.— I адкуль толькі развялося ў нас столькі locos1?
    — Я хачу іх уратаваць.
    — Que va,— сказала Пілар.— Знайшоўся мне герой. Думаеш, што табе доўга засталося чакаць смерці тут, на гэтым месцы?
    Роберт Джордан паглядзеў на яе, на яе масіўны, смуглявы, скуласты, як у індыянкі, твар, шырока расстаўленыя чорныя вочы і ашчэраны ў горкай усмешцы рот з цяжкою верхняй губой.
    — Паводзь сябе як мужчына,— сказала яна Прымітыва.— Як дарослы мужчына. У цябе ўжо вунь сівізна.
    — He смейся з мяне,— пахмурна сказаў Прымітыва.— Хто мае хоць крыху спагады і ўяўлення...
    — Той павінен навучыцца трымаць сябе ў руках,— сказала Пілар.— Ты і з намі доўга не пражывеш. I няма табе патрэбы шукаць смерці з чужымі. А што да ўяўлення, дык у цыгана яго на ўсіх хопіць. Такіх ён мне тут баек наплёў!
    — Калі б ты пабачыла ўсё гэта на свае вочы, дык не называла б гэта байкамі,— сказаў Прымітыва.— Нам тут было не да смеху.
    — Que va,— сказала Пілар.— Ну, прыехалі колькі коннікаў і паехалі сабе далей. А вы ўжо з сябе герояў строіце. А ўсё таму, што мы надта доўга заседзеліся на адным месцы.
    — А тое, што зараз робіцца ў Сорда,— гэта таксама смеху варта?— спытаў Прымітыва, цяпер ужо пагардліва. Было відаць, якія пакуты прыносіць яму кожнае водгулле страляніны, што далятае з ветрам, і як яму карцела або пайсці туды самому, або каб Пілар пайшла хутчэй адгэтуль прэч і пакінула яго ў спакоі.
    1 Вар’яты (ісп.).
    — Добра,— сказала Пілар.— Што было — тое мінула. I няма чаго раскісаць з-за чужога няшчасця.
    — Пайшла б ты ведаеш куды!— вылаяўся Прымітыва.— Бываюць жа жанчыны такія дурныя і такія жорсткія, што проста сілы не стае іх трываць.
    — Ну, як у каго ў портках няма сілы, то мусіць жа яна быць хоць бы ў спадніцы!— сказала Пілар.— Усё адно адсюль нічога не відаць, дык я ўжо пайду.
    I тут Роберт Джордан пачуў высока ў небе рокат самалёта. Ён узняў галаву, і яму здалося, што ён пазнаў той самы разведвальны самалёт, які ўжо бачыў раней. Цяпер самалёт, відаць, вяртаўся з фронту і ляцеў у напрамку грэбеня горнай грады, дзе фашысты атакавалі Эль Сорда.
    — Вунь ён, злавесны птах,— сказала Пілар.— Ці з яго можна ўбачыць, што там робіцца?
    — А хіба ж не,— сказаў Роберт Джордан,— калі толькі пілот не сляпы.
    Яны назіралі, як самалёт ляціць высока і роўна, адліваючы срэбрам у сонечных промнях. Ён набліжаўся з левага боку, і яны бачылі два падвойныя арэолы яго прапелераў.