Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Гэта тыя самыя свінні, што расстралялі маю маці і сястру,— сказаў капітан.
У яго быў чырвоны твар, бялявыя англійскія вусікі, і штосьці ў яго было нядобрае з вачыма. Яны былі вадзяніста-блакітныя, з бялявымі павекамі. Гэтыя вочы, здавалася, ніяк не маглі засяродзіцца на адным месцы.
— Чырвоныя!— закрычаў капітан.— Баязліўцы!— I зноў пачаў лаяцца.
Стоячы каля валуна на зусім адкрытым месцы, ён старанна прыцэліўся і стрэліў з пісталета ў адзіную мішэнь, якую было відаць на вяршыні ўзгорка,— у забітага каня Эль Сорда. Куля ўзняла воблачка пылу метраў за пятнаццаць ніжэй каня. Капітан стрэліў яшчэ раз. Куля ўдарылася аб скалу і з выццём зрыкашэціла ад яе.
Капітан усё яшчэ стаяў і пазіраў на вяршыню ўзгорка. Лейтэнант Берэнда глядзеў на труп другога лейтэнанта, што ляжаў пад вяршыняй. Снайпер унурыўся сабе пад ногі. Потым ён узняў вочы на капітана.
— Там ужо няма ніводнай жывой душы,— сказаў капітан.— Ты!— загадаў ён снайперу.— Ідзі наверх і паглядзі.
Снайпер зноў апусціў вочы долу. Ён нічога не адказаў.
— Ты чуў, што я табе загадаў?— крыкнуў капітан.
— Чуў, пан капітан,— адказаў снайпер, не гледзячы на яго.
— Дык уставай і ідзі!— Капітан яшчэ трымаў пісталет у руцэ.— Чуеш?
— Чую, пан капітан.
— Дык чаму ж ты не ідзеш?
— Я не хачу, пан капітан.
— He хочаш?— Капітан прыставіў яму пісталет да спіны.— He хочаш?!
— Я баюся, пан капітан,— з годнасцю адказаў салдат.
Лейтэнант Берэнда глянуў у твар капітана, у яго шалёныя вочы, і падумаў, што той можа застрэліць снайпера на месцы.
— Капітан Мора,— сказаў ён.
— Што, лейтэнант Берэнда?
— Можа, салдат мае рацыю?
— Як гэта — мае рацыю? Ён кажа, што баіцца, ён адмаўляецца выканаць загад — і ён мае рацыю?
— Я не пра гэта. Я пра тое, што гэта хітрыкі.
— Яны там усе мерцвякі,— сказаў капітан.— Хіба ты не чуў? Я сказаў, што яны там усе мерцвякі.
— Вы маеце на ўвазе нашых таварышаў на схіле гэтага ўзгорка?— спытаў Берэнда.— Я згодзен з вамі.
— Пака,— сказаў капітан.— He будзь дурнем. Ты лічыш, што ніхто, апроч цябе, не любіў Хуліана? Я маю на ўвазе чырвоных. Яны ўсе мёртвыя. Глядзі.
Ён выпрастаўся, абапёрся абедзвюма рукамі на валун, падцягнуўся, нязграбна адштурхоўваючыся каленямі, і стаў на камені на ўвесь рост.
— Страляйце!— закрычаў ён, стоячы на шэрым гранітным валуне, і замахаў абедзвюма рукамі.— Страляйце ў мяне! Забівайце мяне!
На вяршыні ўзгорка Эль Сорда ляжаў за трупам каня і шчэрыў зубы.
Што за людзі, думаў ён. Ён засмяяўся, але раптам перарваў смех, бо забалела рука.
— Чырвоныя!— надрываўся голас унізе.— Чырвоная погань! Страляйце ў мяне! Забівайце мяне!
Эль Сорда, насілу стрымліваючы смех, асцярожна выглянуў праз шчыліну за крыжам каня і ўбачыў капітана, што стаяў на валуне і махаў рукамі. Другі афіцэр стаяў побач, каля валуна. 3 другога боку стаяў снайпер. He зводзячы з іх вачэй, Эль Сорда весела пахітаў галавой.
— Страляйце ў мяне!— сказаў ён ціха самому сабе.— Забіце мяне!— I ў яго зноў затрэсліся плечы. Ад смеху
моцна забалела рука, а галава, здавалася, вось-вось расколецца. Але ён не мог стрымаць неадольны, як спазмы, смех.
Капітан Мора злез з валуна.
— Ну, Пака, цяпер ты пераканаўся?— спытаў ён у лейтэнанта Берэнда.
— He,— адказаў лейтэнант Берэнда.
— Так вас і ператак!— сказаў капітан.— Усе вы тут ідыёты і баязліўцы.
Снайпер зноў абачліва схаваўся за валуном, і лейтэнант Берэнда прысеў на кукішкі побач з ім.
Капітан, застаўшыся на адкрытым месцы, зноў пачаў выкрыкваць лаянку, звяртаючыся да вяршыні ўзгорка. Няма на свеце мовы, больш прыдатнай да лаянкі, чым іспанская. У ёй ёсць адпаведныя словы для ўсіх англійскіх непрыстойнасцей і яшчэ шмат слоў і выразаў, якія ўжываюцца толькі ў краінах, дзе блюзнерства спалучаецца з рэлігійным запалам. Лейтэнант Берэнда быў вельмі набожны католік. Снайпер таксама. Абодва яны былі карлісты з Навары, і хоць абое пад злую руку лаяліся і блюзнерылі, абое лічылі гэта за грэх, у якім час ад часу спавядаліся.
Зараз, седзячы за валуном, гледзячы на капітана і слухаючы, што ён крычыць, яны ў думках адмяжоўваліся ад яго і ад яго слоў. Яны не хацелі браць гэткі грэх на душу ў такі дзень, калі ім, магчыма, давядзецца загінуць. Такая мова да дабра не давядзе, думаў снайпер. Такія словы пра прасвятую дзеву да дабра не давядуць. Такога нават у чырвоных не пачуеш.
Хуліан забіты, думаў лейтэнант Берэнда, ляжыць мёртвы вунь там, на схіле. А гэты гарладзёр стаіць і лаецца, хоча яшчэ большага ліха наклікаць сваім блюзнерствам.
Раптам капітан спыніў лаянку і азірнуўся на лейтэнанта Берэнда. Погляд у яго быў яшчэ больш шалёны, чым звычайна.
— Пака,— сказаў ён весела,— мы з табою абодва пойдзем туды.
— Я не пайду.
— Што?!— Капітан зноў выхапіў пісталет.
He выношу гэтых аматараў махаць зброяй, думаў лейтэнант Берэнда. Ніводнага загаду не могуць аддаць, не выхапіўшы пісталета. Такі, відаць, нават і ў прыбіральні выцягвае пісталет і аддае сабе сам загад, што рабіць.
— Калі вы загадваеце мне — я пайду. Але я заяўляю пратэст,— сказаў лейтэнант Берэнда капітану.
— Я пайду сам,— сказаў капітан,— бо тут занадта смярдзіць баязлівасцю.
3 пісталетам у правай руцэ, ён цвёрдым крокам рушыў угору. Берэнда і снайпер сачылі за ім. Капітан ішоў, не хаваючыся ні за чым, і глядзеў наперад, на скалы, на забітага каня і на свежавыкапаную зямлю каля вяршыні ўзгорка.
Эль Сорда ляжаў за канём каля скалы і сачыў за капітанам, што крок за крокам набліжаўся знізу.
Толькі адзін, падумаў ён. Нам дастанецца толькі адзін. Але з таго, як ён размаўляе, відаць, што гэта caza mayor Глядзі, як ён крочыць. Глядзі, які буйны звер. Глядзі, як ён ідзе схілам. Ну, гэты ўжо будзе мой. Гэтага я прыхаплю з сабой. Гэты будзе мне спадарожнікам у дарозе. Ідзі, сябра-спадарожнік, ідзі. Ідзі хутчэй. Ідзі сюды. Ідзі, тут цябе чакаюць. Ідзі. Шырэй крок. He спыняйся. Ідзі, як ідзеш. He спыняйся і не азірайся назад. Вось так, добра. He апускай вачэй долу. Навошта табе апускаць вочы. Бач ты, ён жа з вусамі. Як гэта вам падабаецца? Ён нават мае вусы, мой спадарожнік. I ён капітан. Бач якія нашыўкі на руках. Я ж казаў, што гэта caza mayor. А твар у яго англійскі. Глядзі, які ён. Бландзін, твар чырвоны, а вочы блакітныя. Без кепі, а вусы бялявыя. Вочы блакітныя. Вочы светла-блакітныя і нейкія дзівосныя. Вочы светла-блакітныя і быццам бы глядзяць у розныя бакі. Яшчэ крыху бліжэй. Так, досыць. Ну, сябра-спадарожнік. На, трымай, сябра-спадарожнік.
Ён плаўна націснуў на спускавы кручок, і яго тры разы ўдарыла ў плячо — моцная аддача заўсёды бывае пры стральбе з ручных кулямётаў на трынозе.
Капітан ляжаў на схіле ніцма. Левая рука падагнулася пад цела. Правая, з пісталетам, была выкінутая наперад. Знізу з усіх бакоў стралялі па вяршыні ўзгорка.
Скурчыўшыся за валуном, думаючы пра тое, як яму зараз давядзецца перабягаць пад агнём адкрытую прастору, лейтэнант Берэнда пачуў з вяршыні ўзгорка нізкі хрыплаваты голас Эль Сорда.
— Bandidos!— крычаў Эль Сорда.— Bandidos! Страляйце ў мяне! Забівайце мяне!
На вяршыні ўзгорка Эль Сорда ляжаў за кулямётам і смяяўся так, што ажно забалела ў грудзях і здавалася, вось-вось расколецца галава.
1 Буйны звер (ісп.).
— Bandidos!— радасна закрычаў ён ізноў.— Забівайце мяне, bandidos!— Потым весела пахітаў галавой. Ну, нічога, спадарожнікаў у нас будзе багата, падумаў ён.
Ён яшчэ аднаго афіцэра пастараецца пакласці, хай толькі той з’явіцца з-за валуна. А рана ці позна яму давядзецца адтуль вылезці. Эль Сорда ведаў, што камандаваць з-за валуна афіцэр не зможа, і чакаў зручнага моманту падстрэліць яго.
Акурат у гэтую самую хвіліну яго людзі на вяршыні пачулі далёкае гудзенне самалётаў, якія набліжаліся.
Эль Сорда яго не пачуў. Ён наводзіў кулямёт на край валуна і думаў: я буду страляць у яго, калі ён пабяжыць, і мне трэба падрыхтавацца, інакш я прамажу. Можна страляць яму ў спіну, пакуль ён будзе бегчы. Можна забраць крыху ўбок і наперад. Ці, можа, дазволіць яму трошкі прабегчы, а потым стрэліць, забіраючы наперад. Тут ён адчуў, што нехта кратае яго за плячо, і азірнуўся, і ўбачыў шэры ад страху твар Хаакіна, паглядзеў туды, куды той паказваў, і ўбачыў тры самалёты, што набліжаліся да іх.
Акурат у гэты самы момант лейтэнант Берэнда выскачыў з-за валуна і, нахіліўшы галаву, вялікімі крокамі паімчаў наўскасяк па схіле ўніз, туды, дзе за скалою стаяў ручны кулямёт.
Эль Сорда, што сачыў за самалётамі, не заўважыў, як той прабег.
— Дапамажы мне выцягнуць адгэтуль кулямёт,— папрасіў ён Хаакіна, і хлопец вызваліў кулямёт, заціснуты паміж скалою і канём.
Самалёты былі ўжо недалёка. Яны ляцелі баявым строем і штоміг рабіліся ўсё большымі, а іхняе гудзенне рабілася ўсё гучней і гучней.
— Кладзіцеся на спіну і страляйце па іх,— сказаў Эль Сорда.— Цэльце з апярэджаннем.
Ён увесь час не зводзіў з самалётаў вачэй.
— Cabrones! Hijos de puta!1 — сказаў ён скорагаворкай.— Ігнасіо,— сказаў ён,— пакладзі кулямёт на плечы хлопцу. А ты, Хаакін, сядзі і не варушыся. Нахіліся ніжэй. Яшчэ. He, яшчэ ніжэй.
Ён ляжаў на спіне і цэліўся ў самалёты, што былі ўжо зусім блізка.
— Ігнасіо, трымай трыногу.
1 Іспанская лаянка. Казлы! Сыны шлюхі! (літаральна)
Ножкі трыногі звісалі з плячэй Хаакіна, а ствол тросся, бо хлопец не мог стрымаць дрыжыкаў, слухаючы штораз нарастаючы рокат рухавікоў.
Лежачы на жываце, падняўшы толькі галаву, каб сачыць за набліжэннем самалётаў, Ігнасіо заціснуў усе тры ножкі разам і моцна трымаў іх у руках.
— Нахіліся!— сказаў ён Хаакіну.— Нахілі галаву ніжэй.
«Пасіянарыя кажа, лепей памерці стоячы...»— паўтараў у думках Хаакін, а грукат усё нарастаў. I раптам хлопец перайшоў на малітву: «Святая Марыя, цудоўная дзева, блаславёная ты паміж нявестамі, і блаславёны плод лона твайго, Ісусе. Святая Марыя, баці боская, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў гадзіну смерці нашай. Амін. Святая Марыя, маці боская,— пачаў ён ізноў і раптам спыніўся, бо гудзенне рухавікоў перайшло ўжо ў аглушальны роў, і, спяшаючыся, пачаў нанізваць словы пакаяннай малітвы:— О госпадзе, даруй, што я абражаў цябе ў невуцтве сваім...»
У гэтае самае імгненне каля яго вуха загрымела і гарачы ствол апаліў яму плячо. Потым зноў грымнула, і чарга зусім аглушыла яго. Ігнасіо штосілы сціскаў трыногу, ствол ужо надта апякаў спіну хлопца. Цяпер ужо наўкол усё грукала і раўло, і ён не мог успомніць астатніх слоў пакаяннай малітвы.