Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Ён памятаў толькі: у гадзіну смерці нашай. Амін. У гадзіну смерці нашай. Амін. У гадзіну... У гадзіну... Амін.
Паўсюль стралялі.
Цяпер і ў гадзіну смерці нашай. Амін.
Потым скрозь стракатанне кулямёта пачуўся свіст, які раскалоў паветра напалам, і ў чырвона-чорным грукаце зямля пад ім загайдалася, а потым узнялася на дыбкі і ўдарыла яго ў твар, а потым з усіх бакоў пасыпаліся KaMaxi зямлі і абломкі скал, і Ігнасіо ляжаў пад ім, гэтаксама як і кулямёт аказаўся пад ім. Але ён не быў забіты, бо зноў пачуў свіст, і зямля зноў скаланулася ад грукату. Потым свіст пачуўся яшчэ раз, і зямля пад ім захісталася, і адзін бок узгорка ўзляцеў у паветра, а потым пачаў павольна падаць і акрыў іх усіх.
Самалёты тройчы вярталіся і скідалі бомбы на вяршыню ўзгорка, але ніхто на вяршыні ўжо гэтага не ведаў. Потым самалёты абстралялі вяршыню з кулямётаў і паляцэлі прэч. Калі яны апошні раз пікіравалі на ўзгорак, галоўны самалёт, набраўшы вышыню, зрабіў паварот цераз крыло, і за ім абодва астатнія зрабілі тое самае, і, пераст-
роіўшыся клінам,усе тры самалёты зніклі ў небе, узяўшы курс на Сеговію.
Загадаўшы трымаць вяршыню пад безупынным агнём, лейтэнант Берэнда паслаў некалькі салдат да адной з варонак, выкапаных бомбамі, адкуль зручна было кідаць гранаты на вяршыню. Ён вырашыў не рызыкаваць: нехта з партызан мог застацца жывы і, магчыма, чакае іх у тым пекле наверсе. Таму і сам ён кінуў чатыры гранаты ў мешаніну з конскіх трупаў, камянёў і ўзрытай, прасмярдлай дынамітам зямлі і толькі пасля гэтага вылез з варонкі і пайшоў туды паглядзець.
На вяршыні ўзгорка ўсе былі мёртвыя, акрамя хлопца Хаакіна, які ляжаў непрытомны пад трупам Ігнасіо. 3 носа і вушэй Хаакіна цякла кроў. Ён нічога не ведаў і нічога не адчуваў з таго часу, як апынуўся ў самым пекле грому, і блізкі выбух бомбы адняў дыханне з яго грудзей. Лейтэнант Берэнда перахрысціўся, а потым стрэліў Хаакіну ў патыліцу гэтак жа сама хутка і асцярожна — калі такі рэзкі рух можна назваць асцярожным,— як Эль Сорда, калі дабіваў параненага каня.
Лейтэнант Берэнда стаяў на вяршыні ўзгорка і глядзеў уніз на трупы сваіх салдат на схіле, а потым узняў вочы і глянуў удалячынь, туды, адкуль яны гналі Эль Сорда да таго, як ён заняў абарону на гэтым узгорку. Узнавіўшы ў памяці ўсе этапы бою, ён загадаў прывесці коней забітых кавалерыстаў, а іх трупы прывязаць упоперак сёдлаў так, каб можна было адвезці іх у Ла-Гранху.
— Гэтага таксама забярыце,— сказаў ён.— Вунь таго, з кулямётам у руках. Відаць па ўсім, гэта Эль Сорда, бо ён самы старэйшы і страляў з кулямёта. Адсячыце яму галаву і загарніце яе ў понча.— Ён задумаўся на хвіліну.— Так, пэўна ж, трэба забраць усе галовы. I тых, што ляжаць ніжэй, на схіле, і тых, каго мы забілі падчас першай сутычкі. Збярыце вінтоўкі і пісталеты, кулямёт пакладзіце на каня.
Потым ён падышоў да цела лейтэнанта, забітага падчас першай атакі. Ён паглядзеў на труп, але не дакрануўся да яго.
— Que cosa mas mala es la guerra,— сказаў ён сабе, што азначала: «Якая гэта жахлівая рэч вайна».
Потым ён зноў перахрысціўся і, спускаючыся з узгорка, прачытаў пяць разоў «Ойча наш» і пяць разоў «Слаўся, Марыя» за душу забітага таварыша. Заставацца там і глядзець, як выконваюць яго загад, ён не пажадаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Калі самалёты праляцелі, Роберт Джордан і Прымітыва зноў пачулі страляніну, і Роберт Джордан адчуў, як зноў мацней закалацілася ў яго сэрца. Хмара дыму плыла над грэбенем горнага кража па гарызонце, а самалёты здаваліся трыма маленькімі плямкамі на небе, якія спакваля зніклі ўдалечыні.
Пэўна, разбамбілі сваю ж кавалерыю дарэшты, а Сорда і яго людзей нават не зачапілі, падумаў Роберт Джордан. Гэтыя праклятыя самалёты толькі страху наганяюць, а забіць нікога не могуць.
— А яны яшчэ змагаюцца,— сказаў Прымітыва, прыслухоўваючыся да бесперапыннай страляніны. Падчас бамбардзіроўкі ён кожны раз, як чуў выбух, уздрыгваў і цяпер усё аблізваў перасохлыя губы.
— Вядома, змагаюцца,— сказаў Роберт Джордан.— Самалёты нікога забіць не могуць.
А потым страляніна сціхла, і ён не пачуў болей ніводнага стрэлу. Пісталетны стрэл лейтэнанта Берэнда сюды не даляцеў.
Спярша, калі страляніна змоўкла, гэта не збянтэжыла Роберта Джордана. Але цішыня доўжылася, і спакваля шчымлівае пачуццё ўзнікла ў яго грудзях. Потым ён пачуў выбухі гранат і на імгненне акрыяў. Але зноў усё сціхла, і цяпер ён ужо зразумеў, што гэта — канец.
3 лагера прыйшла Марыя, прынесла алавянае вядзерца з тушанай заечынай у густой грыбной падліўцы, торбачку з хлебам, бурдзюк з віном, чатыры алавяныя талеркі, дзве конаўкі і чатыры лыжкі. Яна спынілася каля кулямёта і наклала на талеркі мяса для Агусціна і Эладзіо, які змяніў Ансельма, дала ім хлеба і наліла дзве конаўкі віна.
Роберт Джордан глядзеў, як яна спрытна караскаецца ўгору да яго назіральнага паста з торбачкай за плячом, з вядзерцам у адной руцэ, пабліскваючы стрыжанай галоўкай на сонцы. Ён спусціўся крыху ніжэй, узяў вядзерца і дапамог ёй узлезці на апошнюю скалу.
— Што тут рабілі самалёты?— спытала яна, спалохана гледзячы на яго.
— Бамбілі Сорда.
Ён зняў з вядзерца вечка і пачаў накладаць мяса на талерку.
— Яны там яшчэ і дагэтуль змагаюцца?
— He. Там ужо ўсё скончылася.
— Ox,— мовіла яна, закусіла губу і паглядзела ўдалячынь.
— Мне не хочацца есці,— сказаў Прымітыва.
— А ты ўсё адно еш,— сказаў яму Роберт Джордан.
— Кусок у горла не лезе.
— Выпі,— сказаў Роберт Джордан і падаў яму бурдзюк.— А потым еш.
— У мяне зусім прапаў апетыт пасля Сорда,— сказаў Прымітыва.— Еш сам. Мне зусім не хочацца.
Марыя падышла да яго, абняла за шыю і пацалавала. — Еш, стары,— сказала яна.— Трэба ашчаджаць сілу. Прымітыва адвярнуўся ад яе. Узяў бурдзюк, закінуў галаву і, пусціўшы сабе прама ў рот цурок віна, некалькі разоў каўтнуў. Потым паклаў мяса на талерку і пачаў есці.
Роберт Джордан паглядзеў на Марыю і пахітаў галавой. Яна села побач з ім і абняла яго за плечы. Абое добра разумелі адно аднаго, і яны сядзелі так, і Роберт Джордан еў заечыну павольна, смакуючы грыбную падліўку, і запіваў ежу віном, і абое маўчалі.
— Ты можаш застацца тут, guapa, калі хочаш,— сказаў ён, даеўшы сваю порцыю.
— He,— сказала яна.— Трэба вяртацца да Пілар.
— Можаш і тут застацца. Я думаю, наўрад ці цяпер ужо што-небудзь тут здарыцца.
— He. Трэба ісці да Пілар. Яна мяне павучае.
— Што?
— Павучае.— Яна ўсміхнулася і пацалавала яго.— Ты хіба не ведаеш, як павучаюць у цэрквах?— Яна пачырванела.— Вось і Пілар павучае мяне.— Яна яшчэ мацней пачырванела.— Толькі яна мне кажа пра іншыя рэчы.
— Ну, тады ідзі і слухай яе павучанні,— сказаў ён і пагладзіў яе па галаве.
Яна зноў усміхнулася яму, потым спытала ў Прымітыва:
— Табе нічога не трэба прынесці?
— He, дачка,— адказаў ён.
Яны абое бачылі, што Прымітыва яшчэ не апамятаўся.
— Salud, стары,— сказала яна яму.
— Слухай,— сказаў Прымітыва.— Я смерці не баюся, але пакінуць іх там адных...— Голас у яго задрыжаў.
— У нас не было іншага выйсця,— сказаў яму Роберт Джордан.
— Я ведаю. I ўсё ж такі.
— У нас не было іншага выйсця,— паўтарыў Роберт Джордан.— I цяпер лепей не гаварыць пра гэта.
— Так. Але яны засталіся там зусім адны, без ніякай дапамогі ад нас...
— Лепей не гаварыць пра гэта,— зноў сказаў Роберт Джордан,— А ты, guapa, ідзі слухай павучанні.
Ён глядзеў, як яна сыходзіла ўніз паміж скаламі. А потым доўга сядзеў так і думаў і глядзеў на вяршыні.
Прымітыва нешта ў яго спытаў, але ён не адказаў. На сонцы было горача, але ён не адчуваў спякоты і ўсё сядзеў і глядзеў на схілы гор і на доўгія рады сосен уздоўж самага стромага схілу. Мінула гадзіна, і сонца было ўжо далёка злева ад яго, калі ён убачыў, як яны выязджаюць з-за грэбеня гары, і паднёс да вачэй бінокль.
Калі першыя двое кавалерыстаў выехалі на пакаты зялёны схіл высокай гары, коні ў іх здаліся яму зусім дробненькімі, быццам нейкія цацкі. Потым на шырокі схіл выехалі яшчэ чацвёра коннікаў — у рад праз шырокі інтэрвал, і, нарэшце, ён убачыў падвойную калону салдат і коней — убачыў дакладна і выразна ў акулярах бінокля. Гледзячы на іх, ён адчуваў, як пот выступае ў яго пад пахамі і збягае па баках. На чале калоны ехаў коннік. За ім — яшчэ некалькі. Потым ішлі ўючныя коні з паклажаю, прывязанай упоперак сёдлаў. Потым яшчэ два коннікі. Далей параненыя на конях — іх суправаджалі пешыя салдаты. Некалькі кавалерыстаў замыкалі калону.
Роберт Джордан глядзеў, як яны спускаюцца з узгор’я і знікаюць у лесе. 3 такой адлегласці ён не мог разгледзець паклажы, прывязанай да аднаго з сёдлаў,— доўгай скаткі з понча, абкручанай вяроўкай у некалькіх месцах пасярэдзіне і на канцах, так што паміж вяроўкамі ўздымаліся грудкі, як на гарохавым стручку. Понча ляжала ўпоперак сядла, і канцы яго былі прывязаныя да страмёнаў. На адным сядле горда тырчаў ручны кулямёт Эль Сорда.
Лейтэнант Берэнда, што ехаў на чале калоны з дазорнымі па баках і паперадзе, не адчуваў ніякай гордасці. У яго на душы была пустэча, што настае пасля бою. Ён думаў: сячы галовы — гэта варварства. Але рэчавыя доказы і апазнанне забітых неабходныя. Мяне і так чакаюць непрыемнасці, і, хто ведае, можа, ім спадабаецца, што я прывёз ім гэтыя галовы? Сярод іх абавязкова знойдуцца такія, каму гэта прыйдзецца даспадобы. Магчыма, галовы перашлюць у Бургас. Так, гэта варварства. I самалёты — гэта ўжо muchos. Занадта. Занадта. Але мы маглі б управіцца і самі, і амаль без страт, калі б мелі мінамёт Стокса. Два мулы для перавозкі мін, і адзін мул — з мінамётам на ўючным сядле. Вось тады была б сапраўдная армія! Міна-
мёт ды яшчэ ўся гэтая аўтаматычная зброя. Да таго ж адзін мул, не, два мулы, каб перавозіць боепрыпасы. Ну, годзе, сказаў ён сабе. Тады гэта ўжо будзе не кавалерыя. Годзе. Ты марыш пра цэлую армію. Можа, табе яшчэ трэба і горная гармата.
Потым ён падумаў пра Хуліана, што загінуў там, на ўзгорку, а цяпер вось ляжыць упоперак сядла ў першым узводзе, і, калі лейтэнант Берэнда ўехаў у цёмны хвойнік, пакінуўшы ззаду асвечаны сонцам схіл, ён пачаў маліцца за Хуліана ў ціхай засені лесу:
— О прасвятая Марыя, літасцівая маці боская. Жыццё наша, уцеха наша і надзея наша. Да цябе мы звяртаем маленні свае, і жалобу, і нягоды нашы ў гэтым месцы пакутлівых слёз...