• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Так, зразумела.
    — Тады гукні Андрэса, а я зараз усё напішу і запячатаю вось гэтай пячаткай.— Ён выцягнуў з кішэні і паказаў яму маленькую круглую гумавую пячатку СВР на драўлянай калодачцы і круглую чарнільную падушачку ў бляшанай каробачцы і пяцідзесяціцэнтавую манету.— Да гэтай пячаткі ўсе ставяцца з павагаю. Ну, ідзі па Андрэса, і я яму ўсё растлумачу. Трэба спяшацца, але спачатку ён павінен усё зразумець.
    — Зразумее, калі я зразумеў. Толькі ты растлумач яму ўсё як след. Тыя ўсе штабы і дывізіі для мяне — цёмная ноч. Дагэтуль мяне пасылалі ў пэўнае месца, у нейкі будынак. У Навасерадзе месца, адкуль камандуюць, было ў старым гатэлі. У Гвадараме — у дамку з садам.
    — У гэтага генерала штаб будзе недзе зусім недалёка ад перадавой,— сказаў Роберт Джордан.— Пэўна, пад зямлёй, каб не разбамбілі з самалётаў. Андрэс знойдзе яго лёгка, калі будзе ведаць, пра што пытацца. Хай толькі пакажа тое, што я напішу. Ну, вядзі яго сюды, бо гэта трэба перадаць тэрмінова.
    Ансельма выйшаў, нахіліўшыся перад гунькаю. Роберт Джордан пачаў пісаць у сваім блакноце.
    — Паслухай, Ingles,— сказаў Пабла, звяртаючыся нібыта да міскі з віном.
    — Я пішу,— сказаў Роберт Джордан, не падымаючы галавы.
    — Слухай, Ingles,— Пабла звяртаўся да міскі з віном,— мне сёння дужа спадабалася твая кемлівасць, Ingles.— Пабла казаў гэта місцы з віном.— У цябе багата picardia '. Ты хітрэйшы за мяне. Я ў цябе веру.
    Засяродзіўшы ўсю сваю ўвагу на данясенні Гольцу, намагаючыся сфармуляваць яго як мага карацей, але так, каб яно цалкам пераконвала, што наступ трэба абавязкова адкласці, але адначасова каб было відно, што ён не спалохаўся небяспекі, а толькі хоча паведаміць ім усе факты,— Роберт Джордан слухаў толькі адным вухам.
    — Ingles,— сказаў Пабла.
    — Я пішу,— адказаў яму Роберт Джордан, не падымаючы галавы.
    Магчыма, трэба паслаць два экземпляры, падумаў ён. Але тады не хопіць людзей на тое, каб узарваць мост, калі давядзецца яго ўсё-такі ўзрываць. А адкуль мне вядома, навошта задуманы гэты наступ? Можа, гэта толькі адцягваючы манеўр. Можа, яны хочуць адцягнуць варожыя войскі ад нейкага іншага месца. Альбо адцягнуць авіяцыю з поўначы. Можа, уся справа толькі ў гэтым. I на поспех ніхто не разлічвае. Адкуль мне ведаць? Вось маё данясенне Гольцу. Я ўзарву мост, толькі як пачнецца наступ, не раней. Загад дакладны, і, калі наступ адкладуць, я нічога ўзрываць не буду. Але ў мяне павінен быць пад рукой той мінімум людзей, які патрэбны, каб выканаць гэты загад.
    — Што ты сказаў?— спытаўся ён у Пабла.
    — Што я веру ў поспех, Ingles.— Пабла ўсё яшчэ звяртаўся да міскі з віном.
    Эх, калі б жа мне мець гэтую тваю веру, падумаў Роберт Джордан і працягваў пісаць далей.
    РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
    Такім чынам, усё, што ён задумаў зрабіць у той вечар, было зроблена. Усе загады аддадзены. Кожны дакладна ведаў сваё заданне на заўтрашні ранак. Андрэс пайшоў тры гадзіны таму.
    Гэта будзе, калі развіднее, альбо гэтага зусім не будзе. Я ўпэўнены, што будзе, сказаў сабе Роберт Джордан, ідучы з верхняга паста, куды ён хадзіў, каб пагаварыць з Прымітыва.
    Хітрасць (ісп.).
    Гольц кіруе наступам, але скасаваць ён яго не можа. Дазвол на гэта павінен прыйсці з Мадрыда. Але наўрад ці там можна будзе разбудзіць патрэбных людзей, але нават калі яны і прачнуцца, усё адно будуць заспаныя і нічога не зразумеюць. Трэба было раней папярэдзіць Гольца, што фашысты рыхтуюцца адбіць наш наступ, але ці меў я поава паведамляць пра тое, чаго дакладна яшчэ не ведаў? Яны ж падцягнулі ўсю гэтую моц толькі надвячоркам, упоцемку. Яны не хацелі, каб рух на шашы быў заўважаны з паветра. Ну, а іх самалёты? Тыя фашысцкія самалёты, што праляталі тут?
    Пэўна ж, яны прымусілі нашых насцярожыцца. А можа, тымі самалётамі фашысты хацелі адцягнуць увагу ад іншага свайго наступу, пад Гвадалахараю? Ёсць звесткі, што ў Сорыі і пад Сігуэнсай сканцэнтраваны італьянскія войскі — апроч тых, што дзейнічаюць на поўначы. Хоць наўрад ці ў фашыстаў хопіць людзей і боепрыпасаў на два наступы адначасова. Гэта немагчыма: відаць, гэта толькі блеф.
    Але мы ведаем, якія сілы высадзілі італьянцы ў Кадыксе на працягу двух апошніх месяцаў. Хто ведае, можа, яны зноў паспрабуюць наступаць у Гвадалахары, толькі цяпер ужо будуць дзейнічаць не так бязглузда, як мінулы раз, а ўдараць адначасова ў трох кірунках, пашыраючы плацдарм уздоўж чыгуначнай лініі ў заходняй частцы пласкагор’я. Гэта цалкам верагодна. Ганс паказваў яму, як гэта можна здзейсніць. Спярша яны нарабілі шмат памылак. Уся іх папярэдняя стратэгія была заганная. Падчас Аргандскага наступу, калі яны мелі на мэце перарэзаць шашу Мадрыд — Валенсія, яны не здолелі выкарыстаць тых войскаў, што былі ў іх на Гвадалахарскім фронце. Чаму ж яны тады не пачалі абедзве аперацыі адначасова? Чаму? Чаму? Калі ўжо нам будзе вядома чаму?
    А мы ж затрымалі іх у абодвух кірунках тымі самымі войскамі. Нам ніколі не ўдалося б затрымаць іх, калі б яны распачалі дзве аперацыі адначасова. Ат, не круці сабе галавы, сказаў ён сабе. Згадай, здараліся ж цуды раней. Так што альбо табе давядзецца ўзрываць гэты мост раніцай, альбо не давядзецца. I ўсё адно не зводзь сябе ў зман, не спадзявайся, што табе не давядзецца ўзрываць яго. Узрываць прыйдзецца — калі не заўтра, дык пазней. Калі не гэты мост, дык нейкі іншы. He ты вырашаеш, што трэба рабіць. Твая справа — выконваць загады. Вось і выконвай іх і не думай, што за імі крыецца.
    Гэты загад поўнасцю зразумелы. Нават занадта. Але ты не павінен трывожыцца, і баяцца таксама не след. Бо калі
    ты дазволіш сабе такую раскошу, як зусім зразумелае і натуральнае пачуццё страху, дык гэты страх перакінецца на тых, хто будзе працаваць з табой.
    Але тая гісторыя з галовамі — гэта ўжо занадта, падумаў ён. I стары сустрэўся сам-насам з тымі трупамі на вяршыні ўзгорка. Што б ты адчуваў, калі б з табой здарылася такое? Тое відовішча ўразіла б цябе, праўда? Так, яно б дужа ўразіла цябе, Джордан. Сённяшні дзень наогул быў багаты на ўражанні. Але ты трымаўся няблага. Дагэтуль ты трымаўся добра.
    I наогул, як выкладчык іспанскай мовы з Мантанскага універсітэта ты робіш поспехі, пажартаваў ён з сябе. Неблагія поспехі. Толькі, калі ласка, не ўяўляй сябе нейкай надзвычайнай асобай. He такіх ужо вялікіх поспехаў ты дасягнуў у сваёй справе. Згадай Дзюрана, у якога не было аніякай спецыяльнай вайсковай падрыхтоўкі — на пачатку руху ён быў проста кампазітарам і звычайным валацугам, а зараз зрабіўся бліскучым генералам і камандуе брыгадай. Дзюрану авалодаць усім гэтым было надзвычай лёгка, як вундэркінду навучыцца гуляць у шахматы. А ты ж змалку зачытваўся кніжкамі пра вайну і вывучаў ваеннае майстэрства з таго часу, як дзед пачаў расказваць табе пра Грамадзянскую вайну ў Амерыцы. Дзед, праўда, называў яе вайной бунтаўшчыкоў. Але супраць Дзюрана ты ўсё адно што проста добры шахматыст супраць шахматыставундэркінда. Эх, стары Дзюран! Няблага было б зноў з ім сустрэцца. Калі ўсё гэта скончыцца, я абавязкова сустрэнуся з ім у «Гейлардзе». Так. Калі ўсё гэта скончыцца. Вось бачыш, як добра ты паводзіш сябе!
    Я сустрэнуся з ім у «Гейлардзе», зноў сказаў ён сабе, калі ўсё гэта скончыцца. He ўводзь сябе самога ў зман. Спакойна. Без ніякіх ілюзій. Дзюрана ты ўжо болей ніколі не пабачыш, і ўсе твае тыя разважанні нічога не вартыя. Так нельга, падумаў ён. Нельга дазваляць сабе такой раскошы.
    Ані геройскай самаахвярнасці. Тут, у гарах, нам не патрэбны грамадзяне, поўныя геройскай самаахвярнасці. Твой дзед быў чатыры гады ўдзельнікам нашай Грамадзянскай вайны, а за тваімі плячыма ўсяго толькі адзін год на гэтай вайне. У цябе яшчэ шмат часу наперадзе, і ты вельмі добра робіш сваю справу. А цяпер у цябе яшчэ ёсць і Марыя. Так, у цябе ёсць усё. I не трэба баяцца. Ну, што такое, зрэшты, нейкая там невялікая сутычка паміж партызанскім атрадам і эскадронам кавалерыі? Нішто. А што
    ім пассякалі галовы? Хіба гэта мае якое-небудзь значэнне? Аніякага.
    Калі дзед пасля вайны служыў у форце Кірні, індзейцы заўсёды здымалі скальпы. Памятаеш шафу ў бацькоўскім кабінеце з паліцаю, дзе былі раскладзены наканечнікі стрэл, і на сцяне тыя баявыя галаўныя ўборы з паніклым арліным пер’ем, і пах пракуранай аленевай скуры ад індзейскіх штаноў і куртак, і аздобленыя бісерам макасіны? Ці памятаеш ты вялікі лук, з якім палявалі на буйвалаў, што стаяў у той шафе ў кутку, і два калчаны з баявымі і паляўнічымі стрэламі, і тыя пачуцці, што агортвалі цябе, калі ты набіраў поўную жменю гэтых стрэл?
    Згадай што-небудзь накшталт гэтага. Згадай што-небудзь канкрэтнае — нейкую рэч. Згадай дзедаву шаблю ў пагнутай похве, бліскучую і добра змазаную, і як дзед паказваў табе яе лязо, зусім тонкае, бо шабля ўжо шмат разоў пабывала ў тачыльшчыка. Згадай дзедаў «сміт-весан». Гэта быў афіцэрскі рэвальвер трыццаць другога калібру, вельмі зручны і без спускавой дужкі. Такога лёгкага мяккага спуску ты ніколі болей не сустракаў, і рэвальвер заўсёды быў добра змазаны, і канал ствала яго быў чысты, хоць варанёная паверхня яго даўно ўжо сцерлася, а цёмны метал ствала і барабана быў адпаліраваны скураной кабурой. Ён ляжаў у шуфлядзе шафы ў кабуры з літарамі US на клапане, разам з прыладамі для чысткі і дзвюма сотнямі патронаў. Кардонавыя каробкі з патронамі былі загорнуты ў паперу і дбайна перавязаны навошчанай аборкай.
    Табе дазвалялі выцягваць рэвальвер з шуфляды і трымаць яго ў руках. «Хай прывыкае»,— казаў дзед. Але гуляць з ім табе забаранялі, бо гэта была «сапраўдная зброя».
    Неяк ты спытаўся ў дзеда, ці забіў ён каго-небудзь з гэтага рэвальвера, і ён адказаў: «Забіў».
    Тады ты спытаў: «Калі, дзядуля?»— і ён адказаў: «Падчас вайны бунтаўшчыкоў і пасля яе».
    Ты сказаў: «Ты мне раскажаш пра гэта, дзядуля?» I ён адказаў: «Я не люблю ўспамінаць пра гэта, Роберт».
    Потым, калі бацька застрэліўся з гэтага рэвальвера і ты прыехаў са школы на пахаванне, каранер аддаў табе рэвальвер, калі следства закончылася, і сказаў: «Боб, ты, пэўна, хацеў бы захаваць яго на памяць. Згодна з законам я павінен быў бы пакінуць яго ў сябе, але я ведаю, што гэты рэвальвер быў вельмі дарагі твайму бацьку, бо твой дзед прайшоў з гэтым рэвальверам усю вайну і з ім прыехаў