Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Але тое, што яна сказала, яна сказала вельмі гучна, амаль выкрыкнула. I тады яны стрэлілі ў яе, і яна ўпала. Я хацела вырвацца і падбегчы да яе, але не змагла, бо мы ўсе былі звязаныя. Расстрэльвалі іх guardia civiles, і яны гатовы былі расстраляць і ўсіх астатніх, але фалангісты пагналі нас схілам угору, guardia civiles засталіся на месцы — стаялі, абапёршыся на вінтоўкі, над целамі, што ляжалі пад сцяною. Мы ўсе, дзяўчаты і жанчыны, былі звязаны за рукі ў адну шарэнгу, і нас пагналі вуліцаю ўгору, на пляц, а на тым пляцы загадалі спыніцца перад цырульняй, якая была насупраць ратушы.
Потым тыя двое, што нас вялі, агледзелі нас, і адзін з іх сказаў: «Вось дачка мэра»,— а другі сказаў: «3 яе і пачнём».
Яны перарэзалі вяроўку, якой я была звязана за рукі з дзвюма іншымі жанчынамі, і адзін з тых дваіх сказаў: «Звяжыце вунь тых зноў разам»,— а потым яны падхапілі мяне пад пахі і ўцягнулі ў цырульню, паднялі і пасадзілі ў крэсла, прыціснуўшы мяне да спінкі.
Я глянула ў люстра і ўбачыла там свой твар і твары тых, хто трымаў мяне, і яшчэ трох ззаду, але ніводзін з гэтых твараў не быў мне знаёмы. Я ў тым люстры бачыла
1 Хай жыве Рэспубліка і хай жывуць мае бацькі! (ісп.)
2 Бойня (ісп.).
і сябе, і іх, але яны бачылі толькі мяне. Гэта выглядала так, нібыта сядзіш у крэсле зубнога ўрача, а наўкол цябе шмат зубных урачоў, і ўсе яны — вар’яты. Я насілу пазнала свой твар — настолькі гора змяніла яго, але я паглядзела на сябе і зразумела, што гэта я. Маё гора было такое вялікае, што я не адчувала страху і наогул нічога, апроч гора, не адчувала.
Тады ў мяне былі косы, і вось у люстры ўбачыла я, як першы фалангіст узяў мяне за адну касу і тузануў за яе так, што я адчула боль, нягледзячы на сваё гора, а потым адрэзаў касу брытвай каля самай галавы. I я ў люстры ўбачыла сябе з адной касой, а на месцы другой тырчаў віхор. Потым ён адрэзаў і другую касу, і брытва зачапіла мне вуха, і я заўважыла кроў. Вось памацай пальцамі, тут шрам, бачыш?
— Бачу. Можа, лепей не гаварыць пра гэта?
— He. Нічога. Я не буду расказваць табе пра найгоршае. Дык вось, калі ён адрэзаў мне брытваю абедзве касы, усе яны наўкол мяне зарагаталі. Я нават не адчула болю ад парэзанага вуха. Двое трымалі мяне, а той, што стаяў перада мною, ударыў мяне косамі па твары і сказаў: «Вось так у нас пастрыгаюць у чырвоныя манашкі! Цяпер ты будзеш ведаць, як яднацца з братамі-пралетарыямі, ты, нарачоная чырвонага Хрыста!»
I ён зноў ударыў мяне па твары — раз і другі — маімі ж косамі, а потым запхнуў іх мне ў рот замест затычкі і туга абвязаў іх вакол шыі, а тыя, двое, што трымалі мяне, увесь час рагаталі.
I ўсе, хто глядзеў на гэта, таксама смяяліся. I калі я пабачыла ў люстры, што яны смяюцца, я заплакала ўпершыню за ўвесь час, бо пасля расстрэлу маіх бацькоў усё ў мяне скамянела і я не магла плакаць.
Потым той, хто заткнуў мне рот, пачаў стрыгчы мяне машынкай, спачатку ад ілба да патыліцы, потым макаўку, потым за вушамі і ўсю галаву, а тыя двое трымалі мяне так, што я ў люстры ўсё бачыла, і не верыла сваім вачам, і плакала, плакала, але не магла адарваць вачэй ад страшнага твару з разяўленым ротам, у які былі запхнуты адрэзаныя косы, і ад галавы, што цалкам была аголена пад машынкаю.
Дастрыгшы мяне, ён узяў пляшачку з ёдам з паліцы цырульніка — самога цырульніка яны забілі, бо ён быў членам прафсаюза, і ляжаў на парозе, і мяне перанеслі цераз яго, калі цягнулі з вуліцы,— і, памачыўшы ў ёд шкляную затычку, ён дакрануўся ёю да парэзанага вуха,
і гэты лёгкі боль дайшоў да мяне скрозь усё маё гора і ўвесь мой жах.
Потым ён стаў перада мной і напісаў ёдам у мяне на лбе літары СДН, і маляваў ён іх павольна і старанна, як мастак. Я ўсё гэта бачыла ў люстры, але болей ужо не плакала, бо сэрца маё скамянела ад думкі пра бацьку і Maui і я зразумела, што ўсё, што са мною робяць, супраць таго, што зрабілі з маімі бацькамі,— нішто.
Скончыўшы выводзіць тыя літары, фалангіст адступіў на крок і палюбаваўся сваёй работай, а потым паставіў пляшачку з ёдам на месца, узяў машынку і сказаў: «Наступная!»
Тады мяне пацягнулі з цырульні, моцна трымаючы за рукі, а на парозе я спатыкнулася аб цырульніка, што ляжаў там дагары, і твар у яго быў зямлісты, і тут мы амаль не сутыкнуліся з Кансепсіён Гарсія, маёй лепшай сяброўкай, якую двое іншых цягнулі ў цырульню. Яна спачатку не пазнала мяне, а потым пазнала і закрычала, і я ўвесь час чула яе крык, пакуль мяне цягнулі цераз увесь пляц, і праз дзверы ратушы, і ўверх па лесвіцы ратушы, да кабінета майго бацькі, дзе мяне кінулі на канапу. Акурат там яны і зрабілі са мной тое, благое.
— Зайчанятка маё,— сказаў Роберт Джордан і прыгарнуў яе да сябе так моцна і так пяшчотна, як толькі мог. Але ў тую хвіліну ён ненавідзеў так люта, як толькі можа ненавідзець чалавек.— He будзем болей гаварыць пра тое, бо мяне душыць нянавісць.
Яна ляжала ў яго абдымках, халодная і нерухомая, і крыху пазней сказала:
— Добра. Я болей ніколі не буду табе расказваць пра гэта. Але яны благія людзі, і я хацела б забіць, калі б магла, хоць бы некалькіх з іх. Але я расказала пра гэта табе, толькі каб не панесла страты твая годнасць, калі я зраблюся тваёй жонкай. Каб ты ўсё зразумеў.
— Гэта добра, што ты мне расказала,— мовіў ён.— Бо заўтра, калі нам пашчасціць, мы многа такіх заб’ём.
— А там будуць фалангісты? Усё гэта рабілі яны.
— Фалангісты не ваююць,— пахмурна сказаў ён.— Яны забіваюць у тыле. У баі мы змагаемся з іншымі.
— А тых ніяк нельга забіць? Я б дужа хацела.
— Мне выпадала забіваць і тых,— сказаў ён.— I мы іх яшчэ будзем забіваць. Калі мы пускалі цягнікі пад адхон, то забівалі шмат фалангістаў.
— Я б хацела пайсці з табой, калі ты яшчэ будзеш пускаць цягнік пад адхон,— сказала Марыя.— Калі Пілар
прывяла мяне сюды, я была трохі не ў сваім розуме. Яна расказвала табе, якая я была?
— Так. Але не трэба прыгадваць пра гэта.
— Я не магла ні думаць, ні гаварыць, толькі ўвесь час плакала. Але ёсць яшчэ адно, пра што трэба табе расказаць. Абавязкова трэба. Можа, тады ты не ажэнішся са мной. Але, Раберта, калі ты тады не захочаш ажаніцца са мной, дык, можа, мы проста будзем заўсёды разам.
— Я ажанюся з табою.
— He. Я зусім забылася на тое. Можа, табе не трэба жаніцца. Разумееш, магчыма, я не змагу нарадзіць табе ні сына, ні дачкі, бо Пілар кажа, што калі б я магла — гэта б ужо здарылася пасля таго, што яны са мною зрабілі. Я павінна была сказаць табе пра гэта. Ох, не ведаю, як я забылася пра гэта.
— Гэта ўсё пустое, зайчанятка,— сказаў ён.— Па-першае, можа, гэта і не так. Толькі доктар можа сказаць напэўна. I потым, я наогул не хачу мець ні сына, ні дачку, пакуль гэты свет такі, як зараз. I ўсю любоў, якая ў мяне ёсць, я аддаю табе.
— А я б хацела нарадзіць табе сына ці дачку,— сказала яна.— Як жа можна палепшыць гэты свет, калі не будзе дзяцей у нас, у тых, хто змагаецца з фашыстамі.
— Ах ты,— сказаў ён.— Я кахаю цябе, чуеш? А цяпер час спаць, зайчанятка. Мне трэба ўставаць зацемна, a ў гэтым месяцы світае вельмі рана.
— Значыць, гэта нічога — тое апошняе, што я табе расказала? Мы ўсё-такі ажэнімся?
— Мы ўжо ажаніліся. Вось зараз. Ты мая жонка. А цяпер спі, зайчанятка, часу засталося зусім мала.
— А мы сапраўды пажэнімся? Гэта не толькі словы?
— Сапраўды.
— Тады я зараз засну, а калі прачнуся, буду ляжаць і думаць пра гэта.
— I я.
— Добрай ночы, мой муж.
— Дабранач,— адказаў ён.— Дабранач, мая жонка.
Праз хвіліну ён пачуў, як яна дыхае, спакойна і роўна, і зразумеў, што яна заснула, і цяпер ён ляжаў зусім ціха, каб не разбудзіць яе якім-небудзь неасцярожным рухам. Ён думаў пра ўсё тое, што яна расказала яму, і ненавідзеў усёю душой, і быў рады, што раніцай ён будзе забіваць. Але ты не павінен прымешваць да гэтага свае асабістыя пачуцці, падумаў ён.
Толькі як жа забыцца на тое? Я ведаю, што і мы рабілі жахлівыя рэчы. Але гэта было таму, што мы былі цёмныя, неадукаваныя людзі і не ўмелі іначай. А яны робяць усё свядома і наўмысна. Гэта робяць людзі, што засвоілі ўсё найлепшае, што можа даць адукацыя. Цвет іспанскага рыцарства. Што за народ! Што за сукіны сыны яны ўсе, пачынаючы ад Картэса, Пісара, Менэндэса да Авілы і ажно да Пабла! I што за цудоўныя людзі! Няма на свеце лепшага і горшага народа за іспанцаў. Болей велікадушнага і болей жорсткага. А хто разумее яго? He я, бо калі б я яго разумеў, то дараваў бы яму ўсё. Разумець — значыць дараваць. He, гэта няпраўда. Дараванне заўсёды перабольшвалася. Дараванне — хрысціянская ідэя, а Іспанія ніколі не была хрысціянскай краінай. Яна заўсёды мела свой асаблівы культ ідалаў у рамках царквы.Оіга Virgen mas Пэўна, таму яны так прагнуць знішчыць нявінніц сваіх ворагаў. Вядома ж, гэта болей пасуе да іспанскіх рэлігійных фанатыкаў, чым да народа. Народ паступова адышоў ад царквы, бо царква заўсёды падтрымлівала ўрад, а ўрад заўсёды быў гнілы і прадажны. Гэта адзіная краіна, да якой так і не дайшла рэфармацыя. I вось цяпер яны расквітаюцца за сваю інквізіцыю.
Так, тут ёсць пра што падумаць. Ёсць пра што памеркаваць, забыўшыся на трывогі, звязаныя з заўтрашняй аперацыяй. I гэта карысней, чым летуценіць. А божухна, колькі ж ён сёння летуценіў! А Пілар — тая летуценіла цэлы дзень. А хіба не? Яна акурат гэтым і займалася. А што, калі іх ужо заўтра чакае смерць? Якое гэта мае значэнне, абы толькі ім пашчасціла своечасова знішчыць мост? Гэта адзінае, што ім заўтра трэба зрабіць.
Так, усё астатняе не мае аніякага значэння. Нельга ж вечна рабіць такія рэчы. I вечна жыць на свеце таксама нельга. Можа, за гэтыя тры дні я пражыў усё сваё жыццё, падумаў ён. Калі гэта не так, я хацеў бы апошнюю ноч пражыць іначай. Але апошняя ноч ніколі не бывае ўдалай. I наогул, нішто апошняе не бывае ўдалым. He, здаецца, што апошнія словы часам бываюць удалыя. «Хай жыве мой муж, мэр гэтага мястэчка!» — гэта яна добра сказала.
Ён ведаў, што гэта маці Марыі сказала добра, бо адчуў, як пабеглі па спіне мурашкі, калі ён у думках паўтарыў гэтыя словы. Ён нахіліўся і пацалаваў Марыю, і яна не прачнулася. Ён прашаптаў ледзь чутна па-англійску:
1 Яшчэ адна нявінніца (ісп.).
— Я з радасцю ажанюся з табой, зайчанятка. Я вельмі ганаруся тваёй сям’ёй.