Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Акурат у тую самую хвіліну, калі ён, прадзіраючыся скрозь высокія зараснікі жаўтазелю, паднімаўся стромкім схілам да пазіцый рэспубліканцаў, у яго з-пад ног, залопа-
ўшы крыламі, вылецела курапатка, і ў яго ад страху перахапіла дыханне. Гэта ад нечаканасці, падумаў ён. I як гэта яны могуць так шпарка лапатаць крыламі? Яна, напэўна, сядзела на яйках. А я амаль не наступіў на гняздо. Каб не вайна, прывязаў бы хустачку да куста, а ўдзень вярнуўся б і знайшоў бы тое гняздо, забраў бы яйкі, а дома падклаў бы іх пад квактуху, і ў нас былі б маленькія курапатачкі, і я даглядаў бы іх, а як падраслі б, трымаў бы іх для прынады. А вачэй бы я ім не выколваў, яны ж былі б прыручаныя. А можа, паляцелі б. Магчыма. He, пэўна, іх усё-такі давялося б асляпіць.
Але як сам выгадаваў іх, не дужа прыемна гэта рабіць. Калі трымаць іх для прынады, можна яшчэ падрэзаць крылы ці прывязаць за лапку. Каб не вайна, пайшоў бы з Эладзіо лавіць ракаў вунь у тым ручаі каля фашысцкага паста. Аднаго разу мы з ім за ноч налавілі там з паўсотні ракаў. Калі пасля гэтай справы з мостам нам давядзецца адысці да Сьера-дэ-Грэдас, там ёсць неблагая рэчка, дзе і стронга водзіцца і ракі. Вось бы адысці да Грэдаса, падумаў ён. Улетку ў Грэдасе добра, дый увосень таксама, але ўзімку там страшэнная халадэча. Але, магчыма, да зімы мы выйграем вайну.
Калі б наш бацька не быў рэспубліканцам, мы б з Эладзіо служылі ў фашысцкім войску, а ў фашысцкага салдата якія турботы? Выконвай загады, жыві альбо памірай, адным словам, як будзе,так і будзе. Падпарадкоўвацца ўладзе лягчэй, чым змагацца з ёй.
Але партызанская вайна — справа адказная. Калі ты чалавек неабыякавы, дык клопату табе хапае. Эладзіо думае болей за мяне. I трывожыцца болей. Я веру ў нашу справу, і я ні пра што не трывожуся. Але адказнасць у нас вялікая.
Мы нарадзіліся ў вельмі цяжкі час, думаў ён. Пэўна, ніколі яшчэ людзям не жылося так цяжка. Але цяпер нам ужо не так цяжка, бо мы з самых першых дзён ужо прыцярпеліся да нягод. Хто блага пераносіць нягоды, таму тут жыцця не будзе. Наш час цяжкі, бо прыходзіцца вырашаць. Фашысты напалі першыя і ўсё за нас вырашылі Мы змагаемся за жыццё. Аднак мне ўсё-такі надта хацелася, каб можна было б прывязаць хустачку да вунь таго куста, і вярнуцца сюды ўдзень, і забраць яйкі, і падкласці іх пад квактуху, а потым убачыць, як па двары ў цябе ходзяць маленькія курапатачкі. На іх дужа прыемна глядзець — такія яны маленькія і прыгожанькія.
Няма ў цябе ні хаты, ані двара каля той хаты, падумаў ён. I сям’і ў цябе няма, а ёсць толькі брат, які заўтра пойдзе ў бой. Нічога ў цябе няма, апроч ветру, сонца ды парожняга пуза. У кішэні ў цябе чатыры гранаты, але яны толькі на тое прыдатны, каб іх кінуць. У цябе ёсць карабін за плячыма, але ён толькі на тое і прыдатны, каб пасылаць з яго кулі. У цябе ёсць пакет, які трэба аддаць. I кішкі ў цябе поўныя дзярма, якое ты таксама аддасі зямлі, усміхнуўся ён упоцемку. Можаш яшчэ паліць яго мачою. Усё, што ты можаш,— гэта толькі аддаваць. Выходзіць, што ты філосаф, філосаф-гаротнік, сказаў ён сабе і зноў усміхнуўся.
I ўсё адно ніякія ўзвышаныя меркаванні не маглі заглушыць пачуцця палёгкі, таго самага, што, бывала, агортвала яго, калі ён чуў гоман дажджу рана-раненька ў дзень вясковай фіесты. Наперадзе, на грэбені гары, былі пазіцыі рэспубліканцаў, і ён ведаў, што там яго аклікнуць.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Роберт Джордан ляжаў у спальным мяшку з Марыяй, яна яшчэ спала. Ён ляжаў на баку, спінай да дзяўчыны, і адчуваў за сабой усё яе доўгае цела, і гэтая блізкасць здавалася цяпер толькі здзекам. Ты, ты, лютаваў ён у думках. Ах, ты! Ты ж казаў самому сабе, як толькі пабачыў яго, што першая ж праява яго прыязнасці будзе азначаць, што ён вырашыў здрадзіць. Ты, чысты дурань! Бязглузды дурань! Ну, годзе. Зараз не пра гэта трэба думаць.
Магчыма, ён прыхаваў тое, што ўкраў? He, на гэта надзеі мала. Дый у гэткай цемрадзі наўрад ці што знойдзеш. Напэўна, забраў з сабой. Ён прыхапіў яшчэ і крыху дынаміту. Паскудны, нікчэмны, пракляты п’янюга. Дзярмо паганае. Згінуў бы проста, чорт лазаты!— не, трэба ж было яшчэ звалачы падрыўную машынку і дэтанатары. I трэба ж было мне, дурню няшчаснаму, пакінуць іх у гэтай чортавай бабы. Подлая, хітрая морда. Cabron паганы!
Годзе ўжо, суніміся, сказаў ён сабе. Ты мусіў быў пайсці на рызыку, і табе здавалася, што так будзе лепей. I цяпер цябе абдурылі. Зрабілі з цябе апошняга дурня. Але не губляй галавы, астынь крыху, якая карысць з твайго жаласнага лямантавання і скуголення. Усе тыя прылады прапалі. Няма іх — і кончана! Будзь ён пракляты, гэтая паганая свіння. А цяпер выкручвайся сам. Мусіш вы-
круціцца, бо ты ж ведаеш, што мост трэба знішчыць, хоць бы табе нават давялося стаць там і.„ He, гэта ты ўжо кінь. Парайся лепей са сваім дзядулем.
Ат, к чортавай матары твайго дзядулю і к чортавай матары гэтую праклятую здрадлівую краіну і ўсіх праклятых іспанцаў па гэты і па той бок фронту! Хай яны ўсе ў пекла праваляцца — Ларга, Прыета, Ансеніо, Міаха, Роха,— усе да аднаго! К чортавай матары іх эгаізм, іх самалюбства, самазадаволенасць ды іх здрадлівасць! Няхай яны праваляцца ў пекла, раз і назаўсёды. Няхай яны праваляцца ў пекла, перш чым мы загінем за іх. 1 потым, калі мы пакладзём за іх свае галовы. Няхай праваляцца ў пекла з усімі вантробамі. I Пабла няхай праваліцца ў пекла. Пабла — гэта ўсе яны, разам узятыя. Божухна, злітуйся з іспанскага народа. Які б ні быў у іх правадыр — ён не спраўдзіць народных спадзяванняў. Адзін прыстойны чалавек за дзве тысячы гадоў — Пабла Іглесіяс, а ўсе астатнія здраднікі. Але адкуль мы ведаем, як ён павёў бы сябе ў гэтай вайне? Памятаю, мне здавалася некалі, што Ларга — прыстойны чалавек. I Дуруці быў неблагі чалавек, аднак свае ж людзі прыстрэлілі яго ў Пуэнтэ-дэ-лос-Франкесесе. Расстралялі, бо ён загадаў ім ісці ў атаку. Расстралялі, як таго вымагае цудоўная дысціпліна недысцыплінаванасці. Дык хай жа ўсе яны ў пекла праваляцца. А цяпер Пабла ўзяў і намыліўся к чортавай матары з маёй падрыўной машынкай і дэтанатарамі. Прападзі ён пропадам к усім чарцям. He, гэта ён паслаў нас к чарцям сабачым. Усе яны так рабілі, пачынаючы з Картэса і Менандэса дэ Авіла і канчаючы Міахасам. Згадай, што зрабіў Міаха з Клеберам. Сябелюбная лысая свіння. Тупая гадзіна з галавой, падобнай да яйка. Ну іх усіх к чортавай матары, усіх гэтых шалёных, эгаістычных, здрадлівых свінняў, якія заўсёды кіравалі Іспаніяй і камандавалі яе арміямі. К чортавай матары іх усіх — толькі не народ.
Ён зайшоў надта далёка, абліваючы пагардай і злосцю ўсіх разам, без разбору,— гэта было так несправядліва, што ён сам перастаў верыць сваім словам, і яго лютасць пачала сціхаць. Калі ўсё гэта праўда, дык навошта ты прыйшоў сюды? Гэта няпраўда, і ты сам гэта добра разумееш. Згадай, колькі сярод іх сапраўдных людзей, колькі людзей цудоўных. Яму зрабілася моташна ад сваёй несправядлівасці. Ён ненавідзеў несправядлівасць не меней, чым жорсткасць, і ён ляжаў, аслеплены лютасцю, але спакваля злосць пачала сціхаць, чырвона-чорная, сляпая, смяротная злосць знікла зусім, і нарэшце ў яго галаве з’я-
віліся тая пустата, спакой, дакладнасць, халодная цвярозасць, якая бывае звычайна пасля фізічнай блізкасці з жанчынай, якую не кахаеш.
— Ах ты, беднае маё зайчанятка,— сказаў ён, павярнуўшыся да Марыі, што ўсміхалася ў сне і прыгарнулася да яго.— Калі б ты загаварыла са мной хвіліну назад, я б цябе ўдарыў. Якія ж мы, мужыкі, звяры, калі разлютуемся.
Ён пасунуўся бліжэй да дзяўчыны, абняў яе, унурыўся падбародкам у яе плячо і, лежачы так, узважваў, што яму трэба будзе зрабіць і як ён усё гэта зробіць.
Бадай, не так яно ўсё і блага, думаў ён. Сапраўды, не так яно і кепска. Я не ведаю, ці даводзілася каму яшчэ рабіць такое раней. Але пасля нас гэта будуць рабіць, і пры такіх самых цяжкіх абставінах. Калі толькі нам пашчасціць зрабіць гэта і іншыя людзі пра гэта даведаюцца. Так, калі іншыя даведаюцца. Калі толькі не будуць здзіўляцца, як яно ў нас выйшла. Нас замала, але трывожыцца няма чаго. Я ўзарву мост і з тымі, што ёсць. Божа, як добра, што я перастаў злавацца. Мне ажно дух перахапіла, усё адно як на ветры ў буру. Лютасць для мяне тая самая раскоша, якой ты не маеш права сабе дазволіць.
— Усё размеркавана, guapa,— ледзь чутна сказаў ён, дакрануўшыся вуснамі да пляча Марыі.— Цябе гэта мінула. Ты нават нічога не ведала. Мы загінем, але мост знішчым. Табе ні пра што не давядзецца трывожыцца. Вядома, бываюць на свеце і лепшыя вясельныя падарункі. Але ж нездарма кажуць, што няма нічога на свеце даражэйшага за спакойны сон. А ты спакойна праспала цэлую ноч. Паспрабуй надзець свой сон на палец, як заручальны пярсцёнак. Спі, guapa, спі спакойна. Спі моцна, каханая. Я не буду будзіць цябе. Гэта ўсё, што я магу зараз табе зрабіць.
Ён ляжаў і пяшчотна абдымаў яе, адчуваючы яе дыханне, ён чуў, як б’ецца яе сэрца, і сачыў за тым, як павольна рухаецца час, па сваім гадзінніку.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Калі ён падышоў да пазіцый рэспубліканцаў, Андрэс паклікаў вартавых. Дакладней, ён лёг на зямлю пад абрывістым схілам, апярэзаным патройным поясам калючага дроту, і гукнуў у напрамку бруствера з камення і зямлі. Суцэльнай лініі абароны тут не было, і ў цемрадзі ён лёгка
мог абмінуць гэтыя акопы і пранікнуць у глыб пазіцый рэспубліканцаў, перш чым яго затрымалі б. Але ён вырашыў, што будзе прасцей і бяспечней перайсці лінію фронту тут.
— Salud! — крыкнуў ён.— Salud, milicianos!1
Ён пачуў, як кляцнуў затвор вінтоўкі. Потым з акопа, недзе збоку, прагучаў стрэл. У цемрадзі суха, аглушальна трэснула і зверху ўніз бліснула жоўтая стужка агню. Пачуўшы лясканне затвора, Андрэс лёг ніцма і ўнурыўся тварам у зямлю.
— He страляйце, таварышы!— крыкнуў Андрэс.— He страляйце! Я хачу падняцца да вас.
— Колькі вас там?— гукнуў хтосьці з акопа.
— Адзін я. Болей нікога.
— Хто ты такі?
— Андрэс Лопес з Вільяконехаса. 3 лагера Пабла. Іду з данясеннем.
— Вінтоўка і патроны ёсць?
— Ёсць, сябра.
— Без вінтоўкі і патронаў мы нікога не прымаем,— сказаў голас.— I болей трох чалавек за раз таксама нельга.
— Я адзін,— крыкнуў Андрэс.— 3 пільным даручэннем. Дазвольце мне падысці.