• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Але ж вы самі казалі, што тыя ўзрываюцца заўсёды.
    — Я не казала,— запярэчыла яму Пілар.— Ты пытаўся ў іх, а не ў мяне. Я такога не ведаю, каб гэтыя штукі ўзрываліся ўсе да адной.
    — Усе ўзрываюцца,— настойваў на сваім Эладзіо.— He хлусі, жанчына.
    — А ты адкуль ведаеш?— запыталася ў яго Пілар.— Кідаў іх Пабла. А ты нікога не забіў каля Атэра.
    — Гэты вылюдак апошняй шлюхі...— пачаў быў Агусцін.
    — Годзе,— рэзка абарвала яго Пілар. Потым працягвала далей:— Яны ўсе аднолькавыя, Ingles. Але рабрыстыя зручнейшыя.
    Найлепей было б прывязаць па адной такой і адной такой да кожнага зараду, падумаў Роберт Джордан. Але рабрыстыя лягчэй і лепей можна замацаваць.
    — Ты лічыш, што нам давядзецца кідаць гранаты, Ingles?— спытаў Агусцін.
    — Магчыма,— адказаў Роберт Джордан.
    Аднак, седзячы на кукішках і перабіраючы гранаты, ён падумаў: гэта немагчыма. He разумею, як я мог ашукаць сам сябе. Нам прыйшоў канец акурат у тую самую хвіліну, калі яны акружылі Сорда, гэтаксама як прыйшоў канец Сорда, калі перастаў ісці снег. Проста чалавек не можа змірыцца з такой думкаю. А ты павінен і далей рабіць сваю справу, распрацоўваць план, ведаючы наперад, што яго немагчыма здзейсніць. Ты распрацаваў яго, а цяпер ведаеш, што ён нічога не варты. 3 людзьмі, якія ў цябе ёсць, ты, вядома, зможаш захапіць адзін з пастоў, але абодва пасты ты захапіць не зможаш. Ва ўсякім разе, ты ў поспеху не ўпэўнены. He, не ашуквай сам сябе. Удзень, калі відно, ажыццявіць твой план немагчыма.
    Захапіць адразу абодва пасты проста немагчыма. Пабла ведаў гэта з самага пачатку. Відаць, ён увесь час збіраўся ўцячы, аднак, калі акружылі Сорда, Пабла зразумеў, што
    надышоў нам канец. Нельга распрацоўваць аперацыю, спадзеючыся на цуд. Ты загубіш іх усіх і нават не знішчыш моста, калі пачнеш аперацыю з тымі, хто ў цябе ёсць зараз. Ты загубіш Пілар, Ансельма, Агусціна, Прымітыва, пужлівага Эладзіо, гультая-цыгана і Фернанда, а моста не знішчыш. I ты спадзяешся, што адбудзецца цуд і што Гольц атрымае ад Андрэса тваё данясенне і адкладзе наступ? Бо калі не адкладзе наступу, ты загубіш іх усіх, выконваючы гэты загад. I Марыю разам з усімі. Ты заб’еш і яе, выконваючы гэты загад. Няўжо ты не можаш уратаваць хоць бы Марыю? Пракляты Пабла, каб яго чэрці забралі, падумаў ён.
    He. He трэба злавацца. Злосць зусім не лепшая за страх. Аднак, замест таго каб спаць з дзяўчынай, ты б лепей аб’ехаў з Пілар наваколле і сабраў людзей на падмогу. Так, думаў ён. А калі б са мной што-небудзь здарылася — не было б каму ўзрываць той мост. Так. Акурат таму ты і не паехаў нікуды. I каго іншага паслаць таксама было нельга, бо ты не маеш права рызыкаваць яшчэ адным чалавекам. Трэба было берагчы тых, каго маеш, і абдумаць план, разлічаны толькі на іх.
    Але твой план — дзярмо. Кажу табе, дзярмо. Ты складаў яго ноччу, а зараз раніца. Раніцай начныя планы нічога не вартыя. Уначы ты думаеш адно, а раніцай усё выглядае іначай. I цяпер ты ведаеш, што план твой нічога не варты.
    Ну, а Джон Мосбі здолеў бы выкруціцца вось з такіх неверагодных сітуацый? Вядома, здолеў бы. I сітуацыі, у якія ён трапляў, бывалі куды цяжэйшыя. Памятай толькі адно: нельга недаацэньваць фактару нечаканасці. Памятай гэта. Памятай: гэты фактар — не абы-што, толькі трэба выкарыстаць яго як след. Але ад цябе чакаюць зусім іншага. Ад цябе чакаюць не поспеху, разлічанага на цуд — няпэўнага, а поспеху безумоўнага. Але паглядзі: як яно ўсё павярнулася. Аднак, бадай, з самага пачатку ўсё пайшло не так, як трэба, а ў такіх выпадках чым далей — тым горш: гэта як камяк снегу, што коціцца з горкі.
    Седзячы каля стала на кукішках, ён падняў галаву і ўбачыў Марыю, і яна яму ўсміхнулася. Ён усміхнуўся ёй у адказ аднымі губамі, узяў яшчэ чатыры гранаты і парассоўваў іх па кішэнях. Можна адкруціць дэтанатары і карыстацца толькі імі, падумаў ён. Але выбух гранаты наўрад ці пашкодзіць справе. Граната ўзарвецца разам з зарадам і не раскідае яго. Прынамсі, мне так здаецца. He, я ў гэтым упэўнены. Хай у цябе будзе хоць крыху ўпэўненасці, сказаў ён сам сабе. Ты ж яшчэ ўчора ўвечары лічыў, што
    вы з дзедам немаведама якія героі, а бацька твой — баязлівец. I ў цябе з’явілася на справе магчымасць даказаць, што ў цябе ёсць хоць крыху ўпэўненасці ў сабе самім.
    Ён зноў усміхнуўся Марыі, але ўсмешкі не атрымалася, толькі напялася скура на скулах і наўкол рота.
    Яна думае, што ты герой, сказаў ён сабе. А па-мойму, ты дзярмо. I чаго толькі ты не навыдумляў сабе! La gloria і ўсе тыя глупствы! У цябе былі цудоўныя ідэі, праўда? Увесь свет быў як на далоні, га? Ат, гарыць яна гарам, уся гэтая лухта!
    Хопіць ужо, хопіць, сказаў ён сабе. He трэба злавацца. Гэта самае лёгкае выйсце з такога становішча. Яно нікуды ад цябе не дзенецца. Табе зараз трэба сабраць усю сваю сілу волі. Няма чаго адмаўляцца ад усяго, што было, толькі таму, што табе давядзецца ўсё гэта страціць. He будзь як тая гадзюка з перабітым хвастом, што сама сябе джаліць. I да таго ж табе, сабака, ніхто не перабіваў хрыбта. Цябе яшчэ нават ніхто не закрануў, а ты ўжо скуголіш. Прыберажы сваю злосць да бою. Тады яна табе спатрэбіцца.
    Пілар падышла да яго з рукзаком.
    — Зашыла моцна — не парвецца,— сказала яна.— А гэтыя гранаты вельмі надзейныя, Ingles, Можаш быць упэўненым.
    — Ну, як ты, Пілар?
    Яна глянула на яго, пахітала галавой і ўсміхнулася. Ён падумаў: цікава, як яна ўсміхаецца — гэтаксама насілу, прымушаючы сябе, ці шчыра, ад сэрца? Хутчэй за ўсё шчыра.
    — Добра,— адказала яна. Потым, прысеўшы побач з ім на кукішкі, спытала:— А сам ты што думаеш зараз, калі ўжо трэба пачынаць?
    — Што нас замала,— хутка адказаў ёй Роберт Джордан.
    — I я так думаю,— сказала яна.— Нас вельмі мала.— Потым дадала, звяртаючыся толькі да яго:— Марыя адна ўправіцца з коньмі. Мне там няма чаго рабіць. Мы іх стрыножым. Гэта кавалерыйскія коні — яны страляніны не спужаюцца. Я пайду на ніжні пост і зраблю ўсё, што павінен быў зрабіць Пабла. Такім чынам у цябе будзе на аднаго чалавека болей.
    — Добра,— сказаў ён.— Я спадзяваўся, што ты сама гэта прапануеш,
    — Слухай, Ingles,— сказала Пілар, пільна пазіраючы на яго.— Ты асабліва не турбуйся. Усё будзе добра. Памятай, што для іх усё гэта будзе неспадзявана.
    — Так,— сказаў Роберт Джордан.
    — I яшчэ адно, Ingles,— сказала Пілар так ціха, як толькі дазваляў ёй яе хрыплы голас.— Усё тое, што я казала табе пра тваю руку...
    — Пры чым тут мая рука?— сярдзіта перабіў ён.
    — Ты паслухай. He сярдуй, хлопча. Усё тое пра руку — гэта цыганскія выдумкі. Я проста набівала сабе цану. Нічога такога на ёй не было.
    — Досыць ужо пра гэта,— холадна сказаў ён.
    — He,— сказала яна.— Ты надта турбуешся і маеш на гэта падставы. Але ўсё будзе добра. Для гэтага мы і на свет нарадзіліся.
    — Мне не патрэбны паліткамісары,— адказаў ёй Роберт Джордан.
    Яна зноў усміхнулася прыязна і шчыра сваімі перасохлымі шырокімі губамі і сказала:
    — Я цябе вельмі люблю, Ingles.
    — Мне на ўсё гэта зараз напляваць,— сказаў ён.— Ніхто мне не дапаможа. Ni tu, ni Dios
    — Так,— хрыплым шэптам мовіла Пілар.— Я ведаю. Я проста хацела сказаць табе пра гэта. I не турбуйся. Мы зробім усё як след.
    — А чаму б і не?— сказаў Роберт Джордан, і скура на яго твары ледзь зварухнулася ад кволай усмешкі.— Вядома, зробім. Усё будзе добра.
    — Калі мы выходзім?— спытала Пілар.
    Роберт Джордан зірнуў на гадзіннік.
    — Хоць зараз,— сказаў ён.
    Ён падаў адзін рукзак Ансельма.
    — Ну, як ты, стары?— спытаў ён.
    Ансельма дастругваў апошні кліночак па тым узоры, што даў яму Роберт Джордан. Гэта былі запасныя кліночкі, прыгатаваныя на ўсякі выпадак.
    — Добра,— адказаў стары і кіўнуў галавой.— Пакуль што добра.— Ён выцягнуў перад сабой руку.— Глядзі,— сказаў ён і ўсміхнуўся. Рука яго не дрыжала.
    — Bueno, у que? 2 — сказаў яму Роберт Джордан.— Уся рука што, а ты паспрабуй выцягнуць адзін палец.
    Ансельма прасцёр палец. Палец дрыжаў. Стары глянуў на Роберта Джордана і пахітаў галавой.
    — I ў мяне дрыжыць. Глядзі,— Роберт Джордан паказаў.— Гэта ўласціва кожнаму чалавеку.
    1 Ні ты, ні бог (ісп.).
    2 Ну і што? (ісп.)
    — А ў мяне гэтага не бывае,— сказаў Фернанда. Ён выставіў наперад указальны палец правай рукі. Потым левай.
    — А плюнуць ты можаш?— спытаўся ў яго Агусцін і падміргнуў Роберту Джордану.
    Фернанда адхаркнуўся і горда плюнуў на земляную падлогу пячоры, потым расцёр плявок нагой.
    — Эй ты, брудны мул,— сказала яму Пілар.— Пляваў бы ў агонь, калі ўжо дужа захацелася пахваліцца сваёй адвагай.
    — Я б ніколі не пляваў на падлогу, Пілар, калі б мы не ішлі адсюль назаўсёды,— з годнасцю сказаў Фернанда.
    — Пасцеражыся сёння і глядзі, куды плюеш,— адказала яму Пілар.— Бо можаш плюнуць у такое месца, адкуль не выберашся.
    — Вось чорная кошка,— усміхнуўся Агусцін.
    Нервовае напружанне ў яго праяўлялася ў тым, што яму хацелася жартаваць, але ён адчуваў тое самае, што і ўсе іншыя.
    — Гэта я жартам,— сказала Пілар.
    — I я жартую,— сказаў Агусцін.— Але me cago en la leche1, каб хутчэй ужо ўсё гэта пачалося!
    — А дзе цыган?— спытаўся Роберт Джордан у Эладзіо.
    — Пры конях,— адказаў Эладзіо.— Яго можна ўбачыць, калі выйсці з пячоры.
    — А як ён?
    Эладзіо ўсміхнуўся.
    — Страшэнна баіцца,— сказаў ён. Яму рабілася лягчэй, калі ён гаварыў пра чужы страх.
    — Паслухай, Ingles...— пачала Пілар.
    Роберт Джордан глянуў на яе і раптам убачыў, што яна растуліла рот і пазірае так, нібыта не верыць сваім вачам. Ён крута абярнуўся да ўвахода ў пячору і схапіўся за пісталет. Там, прытрымліваючы гуньку адной рукой, з аўтаматам, што выторкваўся з-за пляча, стаяў Пабла — плячысты, каржакаваты, даўно не голены — і яго маленькія з чырвонымі павекамі вочкі глядзелі наперад, ні на кім не спыняючыся.
    — Ты...— не верачы сама сабе, сказала Пілар.— Ты...
    — Я,— роўным голасам сказаў Пабла. Ён увайшоў у пячору.
    1 Іспанская лаянка.
    — Hola, Ingles,— прывітаўся ён.— Я прывёў пяцярых з атрадаў Эліяса і Алехандра. Яны там наверсе з коньмі.
    — А падрыўная машынка, а дэтанатары?— спытаў Роберт Джордан.— А іншыя прылады?
    — Я кінуў усё са скалы ў рэчку,— сказаў Пабла, як і раней ні на каго не гледзячы.— Але замест дэтанатара можна выкарыстаць гранату, я ўсё ўжо абдумаў.
    — Я таксама,— сказаў Роберт Джордан.