Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— He, пане падпалкоўніку,— сказаў Андрэс.— Я не галодны. Мяне пачаставалі каньяком на пасту, і, калі я яшчэ вып’ю чарку, мяне можа размарыць.
— Ты не звярнуў увагі, ці ёсць нейкі рух ці падрыхтоўка супраць маіх пазіцый, калі пераходзіў лінію фронту?— ветліва спытаў падпалкоўнік у Андрэса.
— He, там не было нічога незвычайнага, пане падпалкоўніку. Ціха. Усё спакойна.
— Мне здаецца, я цябе бачыў у Серседыльі месяцы тры таму,— сказаў падпалкоўнік.
— Так, пане падпалкоўніку, бачылі.
— Так я і думаў.— Падпалкоўнік паляпаў яго па плячы.— Ты там быў са старым Ансельма. Ну як ён, жывы яшчэ?
— Жывы, пане падпалкоўніку,— адказаў Андрэс.
— Добра. Я вельмі рады,— сказаў падпалкоўнік.
Афіцэр паказаў яму надрукаваны на машынцы пропуск. Падпалкоўнік прачытаў паперу і падпісаў яе.
— А цяпер ідзіце,— звярнуўся ён да Гомеса і Андрэса.— Асцярожней з матацыклам,— сказаў ён Гомесу.— Фары не выключай. Ад аднаго матацыкла бяды вялікай не будзе, а ехаць трэба асцярожна. Передайце маё прывітанне генералу Гольцу. Мы з ім пазнаёміліся пасля Пегерынаса.— Ён паціснуў ім абодвум рукі.— Схавай дакументы за пазуху і зашпіліся,— сказаў ён.— На вялікай хуткасці вецер добра прадзьме.
Калі яны выйшлі, падпалкоўнік падышоў да шафкі, выцягнуў адтуль шклянку і пляшку, наліў сабе віскі і дадаў вады са збана, што стаяў на падлозе пад сцяной. Потым, трымаючы шклянку ў адной руцэ і павольна папіваючы
віскі, ён спыніўся перад вялікай картай, што вісела на сцяне, і пачаў вывучаць шанцы на поспех наступу пад Навасерадаю.
— Я рады, што там Гольц, а не я,— сказаў ён нарэшце афіцэру за сталом. Той не адказаў яму, і, азірнуўшыся на яго, падпалкоўнік убачыў, што той спіць, паклаўшы галаву на рукі. Падпалкоўнік падышоў да стала і засунуў абодва тэлефоны так, каб яны стаялі з абодвух бакоў стала каля галавы афіцэра. Тады падышоў да шафкі, наліў сабе яшчэ віскі, дадаў вады і зноў вярнуўся да карты.
Андрэс моцна ўчапіўся за сядзенне, на якім ехаў Гомес, нахіліў галаву ад ветру, і матацыкл з аглушальным ровам панёсся ў рассечаную фараю цемрадзь прасёлачнай дарогі, што адкрылася перад імі паміж высокімі цёмнымі абрысамі таполяў; прамень святла пацямнеў і зрабіўся жоўтым, калі дарога збегла ўніз, у туман па-над ручаём, потым зноў зрабіўся яркім і выразным, калі дарога пайшла ўгору, а потым, на скрыжаванні, іх фара выхапіла з цемрадзі шэрыя абрысы грузавікоў, што вярталіся паражняком з гор.
РАЗДЗЕЛ СОРАК ПЕРШЫ
Пабла спыніў каня і саскочыў у цемрадзі на зямлю. Роберт Джордан пачуў парыпванне сёдлаў і хрыплае дыханне, калі злазілі з коней іншыя, і бразганне аброці, калі адзін конь матляў галавою. На яго павеяла конскім потам і кіслым смуродам даўно не мытай вопраткі,— ад людзей, якіх прывёў Пабла, і задымленым, затхлым смуродам ад тых, хто жыў у пячоры. Пабла стаяў побач, ад яго тхнула вінным перагарам, і Роберту Джордану здалося, нібыта ў яго ў роце медная манета. Ён закурыў, прыкрыўшы цыгарку далонямі, каб не было відаць агню, глыбока зацягнуўся і пачуў, як Пабла зусім ціха сказаў:
— Пілар, здымі торбу з гранатамі, а мы тым часам стрыножым коней.
— Агусцін,— шэптам сказаў Роберт Джордан.— ты і Ансельма пойдзеце са мною да моста. Торба з дыскамі да maquina ў цябе?
— Так,— адказаў Агусцін.— У мяне.
Роберт Джордан падышоў да Пілар, якая разам з Прымітыва здымала паклажу з каня.
— Слухай, Пілар,— ціха сказаў ён.
— Што табе?— хрыпла шапнула яна, адшпільваючы папругу пад конскім чэравам.
— Ты не забыла, што атакаваць пост можна толькі тады, як пачуеце бамбёжку?
— Колькі разоў можна паўтараць тое самае?— сказала Пілар.— Ты горш за старую бабу, Ingles.
— Гэта я толькі для пэўнасці,— сказаў Роберт Джордан.— А як толькі ўправіцеся з вартавымі, адыходзьце да моста і адтуль прыкрыйце дарогу і мой левы фланг.
— Я ўсё ўжо зразумела з першага разу, лепей ужо не растлумачыш,— шэптам адказала Пілар.— Ідзі займайся сваёй справай.
— I каб ніхто не рухаўся з месца, і не страляў, і не кідаў гранат, пакуль не пачуеце бамбёжкі,— ціха папярэдзіў Роберт Джордан.
— Хопіць ужо здзекавацца з мяне,— злосна прашаптала Пілар.— Я зразумела ўсё гэтае, яшчэ калі мы былі ў Эль Сорда.
Роберт Джордан падышоў да Пабла, які прывязваў коней.
— Я стрыножыў толькі тых, што могуць спалохацца. А гэтых прывязаў так, што досыць пацягнуць за вяроўку, і яны вольныя, вось бачыш?
— Добра.
— Я скажу дзяўчыне і цыгану, як з імі абыходзіцца,— шапнуў Пабла.
Людзі, якіх ён прывёў, кучкай стаялі збоку, абапёршыся на карабіны.
— Ты ўсё зразумеў?— спытаў у яго Роберт Джордан.
— Так,— адказаў Пабла.— Расправіцца з вартавымі. Перарэзаць правады. Потым назад, да моста. Прыкрываць мост, пакуль ты яго не ўзарвеш.
— I не пачынаць, пакуль не пачуеце бамбёжкі.
— Так.
— Ну, тады жадаю поспеху.
Пабла нешта прабурчаў. Потым сказаў:
— А ты будзеш прыкрываць нас вялікай maquina і сваёй маленькай maquina, калі мы будзем адыходзіць, га, Ingles?
— He турбуйся,— сказаў Роберт Джордан.— Усё будзе зроблена як трэба.
— Тады ўсё,— сказаў Пабла.— Але прыкрываючы нас, трэба быць вельмі асцярожным, Ingles. Бо калі не праявіць асцярогі, то можна наламаць дроў.
— Я буду сам страляць з maquina,— сказаў яму Роберт Джордан.
— А ты ўжо калі страляў з яе? Мне не хацелася б, каб Агусцін прыстрэліў мяне, хоць і з найлепшымі намерамі.
— Я ўжо не раз страляў з яе, кажу табе. I калі з другой maquina будзе страляць Агусцін, я папярэджу яго, каб ён цэліў паверх вашых галоў. Каб браў вышэй.
— Тады ўсё,— сказаў Пабла. Потым дадаў ціха, нібы па сакрэце:— А коней усё ж замала!
Сукін сын, падумаў Роберт Джордан. Няўжо ён здагадаўся, што я раскусіў яго адразу?
— Я пайду пешшу,— сказаў ён.— Коні — гэта твая турбота.
— He, Ingles, конь і для цябе знойдзецца,— ціха сказаў Пабла.— Коні знойдуцца для ўсіх.
— Гэта твая справа,— сказаў Роберт Джордан.— Пра мяне можаш не клапаціцца. А патронаў у цябе хапае для тваёй новай maquina?
— Патроны ёсць,— адказаў Пабла.— Усё, што было ў кавалерыста, усё тут. Я толькі чатыры скарыстаў, калі выпрабоўваў яе ўчора ў гарах.
— Ну, мы пайшлі,— сказаў Роберт Джордан.— Трэба прыйсці туды як мага раней, каб добра замаскіравацца.
— Зараз усе пойдзем,— сказаў Пабла.— Suerte, Ingles
Цікава, што ён, нягоднік, надумаў, спытаўся сам у сябе Роберт Джордан. Здаецца, я ведаю. Ну што ж, гэта яго справа, не мая. Дзякуй богу, што я ўпершыню бачу гэтых людзей.
Ён працягнуў у цемрадзі руку і сказаў:
— Suerte, Pablo,— і іх рукі сышліся ў поціску.
Працягваючы руку, Роберт Джордан думаў, што гэта будзе ўсё адно як ухапіць гадзюку ці дакрануцца да пракажонага. Ён не ведаў, якая ў Пабла рука. Але Паблава рука схапіла ў цемрадзі яго руку і моцна, смела паціснула яе, і Роберт Джордан адказаў на той поціск.
Упоцемку Паблава рука аказалася прыемнай навобмацак, і калі Роберт Джордан паціснуў яе, ён меў дзіўнае пачуццё, самае дзіўнае за сённяшні ранак. Мы цяпер саюзнікі, падумаў ён. Саюзнікі дужа любяць паціскаць адзін аднаму руку. Ужо не кажучы пра ўзаемныя ўзнагароджанні і пацалункі ў абедзве шчакі, думаў ён. Я рады, што ў нас абышлося без гэтага. А саюзнікі, відаць, усе на
1 Жадаю поспеху, англічанін (ісп.).
адзін капыл. У глыбіні душы яны ненавідзяць адзін аднаго. Але гэты Пабла дужа дзіўны суб’ект.
— Suerte, Pablo,— сказаў ён і моцна паціснуў гэтую дзіўную, моцную, упэўненую руку.— Я прыкрыю цябе як след. He турбуйся.
— Прабач мяне, што я ўзяў твае прылады,— сказаў Пабла.— Мяне быццам чорт нейкі падбіў.
— Але ты прывёў людзей, а нам акурат гэта і трэба.
— Я болей не буду дакараць цябе гэтым мостам, Ingles,— сказаў Пабла.— Цяпер я ўпэўнены, што ўсё скончыцца добра.
— Што вы тут робіце? Вы што, maricones1? — пачуўся раптам з цемры голас Пілар.— Табе толькі гэтага і не ставала,— сказала яна Пабла.— Пойдзем, Ingles, годзе табе ўжо развітвацца. Глядзі, каб ён не сцягнуў рэшту твайго дынаміту.
— Ты не разумееш мяне, жанчына,— сказаў Пабла.— Я з Ingles разумеем адзін аднаго.
— Цябе ніхто не разумее. Hi бог, ні твая родная Mani,— сказала Пілар.— I я таксама не разумею. Хадзем, Ingles, развітайся са сваім стрыгунком, і пойдзем. Me cago en tu padre ', я ўжо думаю, ці не збаяўся часам ты перад самым выхадам быка.
— Маць тваю...— сказаў Роберт Джордан.
— Бо ў цябе сваёй не было,— весела прашаптала Пілар.— А цяпер пойдзем, бо мне хочацца як найхутчэй пачаць усё гэта і скончыць. А ты ідзі да сваіх,— сказала яна Пабла.— Хто ведае, ці надоўга хопіць ім іх рашучасці. У цябе там ёсць двое — хоць прыплаці, я б іх нізашто не ўзяла. Гукні іх, і ідзіце.
Роберт Джордан узяў рукзак на плечы і пайшоў да коней, дзе была Марыя.
У яго з’явілася нейкае дзіўнае пачуццё, нібыта ён ужо казаў гэта самае некалі раней і нібыта нейкі цягнік павінен вось-вось адысці, так, хутчэй за ўсё, нібыта гэта цягнік і нібыта ён стаіць на платформе чыгуначнай станцыі.
— Да пабачэння, Раберта,— сказала яна.— Беражы сябе.
— Абавязкова,— адказаў Роберт Джордан.
Ён нахіліўся, каб пацалаваць яе, і рукзак ссунуўся яму на карак — ад нечаканасці ён ажно ўдарыўся лбом з Марыяй. I яму здалося, нібыта гэта таксама было з ім некалі раней.
1 і 2 — іспанскія лаянкі.
— He плач,— сказаў ён, адчуваючы няёмкасць не толькі з-за гэтага цяжкога рукзака.
— Я не плачу,— сказала яна.— Толькі хутчэй вяртайся.
— He палохайся, калі пачуеш страляніну. Страляніны сёння будзе шмат.
— He, я не буду баяцца. Але вяртайся хутчэй.
— Да пабачэння, guapa,— з нейкай няёмкасцю сказаў ён.
— Salud, Раберта.
Роберт Джордан ніколі не пачуваў сябе такім маладым з таго самага часу, калі ён ехаў цягніком з Рэд-Лоджа да Білінгса, а ў Білінгсе мела быць перасадка; ён тады ўпершыню ехаў у школу. Ён баяўся ехаць туды і не хацеў, каб хто-небудзь даведаўся пра яго страх, і на станцыі, і за хвіліну да таго, як праваднік узяў яго чамадан з платформы, ён збіраўся ўжо ўзлазіць на першую прыступку вагона, аднак акурат у гэтае імгненне бацька пацалаваў яго на развітанне і сказаў: «Хай не пакіне нас гасподзь, пакуль мы будзем у разлуцы». Яго бацька быў дужа набожны і сказаў гэта шчыра і проста. Але вусы ў яго былі мокрыя, і ў вачах стаялі слёзы, і Роберта Джордана так усё гэта збянтэжыла — павітыя слязьмі пранікнёныя словы і развітальны бацькоўскі пацалунак,— што ён раптам адчуў сябе шмат старэйшым за бацьку, і яму зрабілася да таго шкада бацьку, што ён насілу здолеў тое вынесці.