• Газеты, часопісы і т.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Шалёны забойца!— крычаў Гомес.
    — Hijo de la gran puta2,— сказаў яму Андрэс.— Loco.
    Тупасць гэтага чалавека раззлавала Андрэса. Калі ён вар’ят, дык трэба выкінуць яго адгэтуль як вар’ята. Хай забяруць данясенне з яго кішэні. Ліха на яго, гэтага вар’ята! Звычайны спакой і лагоднасць Андрэса саступілі месца іспанскай лютасці. Яшчэ нямнога, і яна магла асляпіць яго.
    Гледзячы на карту, Марці сумна пахітаў галавой, калі вартавыя выводзілі Гомеса і Андрэса з пакоя. Вартавыя з асалодай слухалі, як яго асыпалі праклёнамі, але наогул гэтае прадстаўленне расчаравала іх. Раней бывала значна цікавей.
    Андрэ Марці выслухаў лаянку спакойна. Колькі людзей ужо заканчвалі размовы з ім лаянкай. Ён заўсёды шчыра, па-чалавечы спачуваў ім. I заўсёды думаў пра гэта, і гэта была адна з нямногіх шчырых думак, якія ў яго яшчэ засталіся і якія ён мог лічыць сваімі асабістымі.
    Ен сядзеў так, утаропіўшыся вачыма і вусамі ў карту — у карту, у якой ён ніколі не разбіраўся па-сапраўднаму,— у карычневыя лініі гарызанталей, тонкія, канцэнтрычныя, падобныя да павуціння. Ён ведаў, што гэтыя гарызанталі азначаюць розныя горы і даліны, але ніколі не мог уцяміць, чаму вось гэтая гарызанталь — гара, а тая — даліна. Але яму, як палітычнаму кіраўніку брыгад, дазвалялася ўмешвацца ва ўсё, і ён тыкаў пальцам то ў гэтае, то ў іншае за-
    1 і2 — іспанскія лаянкі.
    нумараванае, абведзенае тонкай карычневай лініяй месца на карце, сярод зялёных лапінак лесу, перарэзаных стужкамі дарог, якія цягнуліся паралельна выгінам рэк, і гаварыў: «Вось тут. Слабае месца вось тут».
    Галь і Копік, абодва палітыканы, прагныя да славы, пагаджаліся з ім, і неўзабаве людзі, якія ніколі не бачылі карты, але якім паведамлялі перад атакай нумар вызначанай вышыні, змагаліся за гэтую вышыню і знаходзілі смерць на яе схілах альбо іх сустракаў кулямётны агонь з аліўкавага гаю, і яны падалі яшчэ каля яе падножжа. А недзе на іншым участку фронту выйсці на вызначаную вышыню было няцяжка, але ніякіх вынікаў гэта таксама не давала. Але калі Марці тыцкаў пальцам у карту ў штабе Гольца, на бледным твары генерала, чыю галаву пакрывалі рубцы ад ран, выціналіся жаўлакі, і ён думаў: «Лепей бы мне расстраляць вас, Андрэ Марці, чым дазволіць, каб гэты ваш паскудны шэры палец тыцкаўся ў маю контурную карту. Праклёны на тваю галаву за ўсіх людзей, якіх ты забіў, улазячы ў справу, у якой ты нічагусенькі не цяміш. Няхай будзе пракляты той дзень, калі тваім імем пачалі называць трактарныя заводы, вёскі, кааператывы і ты зрабіўся сімвалам, які я не маю права зачапіць. Ідзі, сей падазрэнні, пагражай, умешвайся, выкрывай і расстрэльвай недзе ў іншым месцы, а мой штаб не чапай».
    Але замест таго каб выказаць усё гэта ўголас, Гольц толькі адкідваўся на спінку крэсла, далей да гэтай схіленай над картай тушы, далей да гэтага пальца, ад гэтых вадзяністых вачэй, ссівелых вусоў і смярдзючага дыхання, і казаў: «Так, таварыш Марці. Я вас разумею. Аднак, па-мойму, гэта не дужа пераканаўча, і я з вамі не магу пагадзіцца. Можаце рабіць гэта цераз маю галаву. Калі ласка. Можаце ўзняць гэтае пытанне ў партыйным парадку, як вы мелі ласку выразіцца. Але я з вамі не магу пагадзіцца».
    А зараз Андрэ Марці сядзеў над картай за голым сталом, і электрычная лямпачка без абажура асвятляла яго галаву ў вялікім берэце, насунутым на лоб, каб засцерагчы вочы ад рэзкага святла, і ён раз-пораз заглядваў у гектаграфічны загад пра наступ і павольна, дбайна, рупліва звяраў загад па карце, быццам маладзенькі афіцэр, што разбірае тактычнае заданне ў вайсковым вучылішчы. Вайна захапляла яго цалкам. У думках ён сам камандаваў войскам; ён меў права ўмешвацца ў дзейнасць штаба, а, на яго погляд, гэта і азначала камандаваць. I ён сядзеў вось так з данясеннем Роберта Джордана ў кішэні, а Гомес і Анд-
    рэс чакалі ў каравульным памяшканні далейшых падзей, а Роберт Джордан ляжаў у лесе над мостам.
    Наўрад ці вынікі Андрэсава падарожжа былі б іншыя, калі б Андрэ Марці не затрымаў яго і Гомеса і яны своечасова выканалі б сваё заданне. На фронце не было асоб, якія б мелі дастатковую ўладу, каб спыніць наступ. Машына была запушчана надта даўно, і спыніць яе адразу было немагчыма. Ва ўсіх значных вайсковых аперацыях дзейнічае вялікая сіла інерцыі. I калі машына пачынае рухацца, спыніць яе амаль гэтаксама цяжка, як цяжка было запусціць яе ў рух.
    Але ў гэты вечар, калі чалавек у гадах, у насунутым на вочы берэце, усё яшчэ сядзеў над картай, разгорнутай на стале, дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў рускі журналіст Каркаў разам з двума іншымі рускімі ў цывільным — скураных паліто і кепі. Капрал неахвотна зачыніў за імі дзверы. Каркаў быў першай адказнай асобай, з якім яму давялося наладзіць сувязь.
    — Таварыш Марці,— зняважліва-іранічна сказаў Каркаў сваім сіплым голасам і ўсміхнуўся, паказваючы жоўтыя зубы.
    Марці выпрастаўся. Ён не любіў Каркава, але Каркаў, які прыехаў сюды ад «Правды» і меў прамую сувязь са Сталіным, быў адной з найбольш значных фігур у Іспаніі.
    — А, таварыш Каркаў!— адказаў ён.
    — Рыхтуеце наступ?— здзекліва спытаў Каркаў, кіўнуўшы галавой у бок карты.
    — Толькі вывучаю яго,— адказаў Марці.
    — Хто наступае? Вы ці Гольц?— спакойна спытаўся Каркаў.
    — Як вам вядома, я толькі палітычны камісар,— адказаў яму Марці.
    — Ну што вы,— сказаў Каркаў.— Вы прыбядняецеся. Вы ж сапраўдны генерал. У вас ёсць карта, палявы бінокль. Вы ж, здаецца, былі калісьці адміралам, таварыш Марці?
    — Я быў кананірам,— адказаў Марці. Гэта была хлусня. На самой справе падчас таго паўстання на Чорным моры ён быў за старшага пісара. Але цяпер ён і сам заўсёды думаў, што быў кананірам.
    — А-а... А я лічыў, што вы былі проста пісарам,— сказаў Каркаў.— Я заўсёды блытаю факты. Характэрная рыса журналістаў.
    Двое іншых рускіх не бралі ўдзелу ў размове. Яны глядзелі праз плячо Марці на карту і зрэдку перамаўляліся
    па-свойму. Марці і Каркаў пасля першых прывітанняў перайшлі на французскую мову.
    — Для «Правды» факты лепей не блытаць,— сказаў Марці.
    Ён сказаў гэта рэзка, каб неяк вярнуць сабе страчаную самаўпэўненасць. Каркаў заўсёды «выпускаў з яго дух» (па-французску degonfler), і Марці, сустракаючыся з ім, нерваваўся і паводзіў сябе насцярожана. Калі Каркаў размаўляў з ім, цяжка было ўявіць, што яго, Андрэ Марці, камандзіраваў сюды Цэнтральны Камітэт Французскай камуністычнай партыі з важнымі паўнамоцтвамі. I цяжка было паверыць, што яго асоба недатыкальная. Каркаву нічога не значыла ў любы момант парушыць гэтую недатыкальнасць. Цяпер Каркаў гаварыў:
    — Звычайна я правяраю факты, перш чым паслаць паведамленне ў «Правду». У «Правде» я абсалютна дакладны. Скажыце, таварыш Марці, вы нічога не чулі пра нейкае данясенне, пасланае Гольцу з аднаго з нашых партызанскіх атрадаў, што дзейнічае ў раёне Сеговіі? Там знаходзіцца зараз адзін амерыканскі таварыш, па прозвішчы Джордан, і ад яго павінны быць навіны. У нас ёсць паведамленні пра сутычкі ў фашысцкім тыле. Ён павінен быў прыслаць данясенне генералу Гольцу.
    — Амерыканец?— запытаўся Марці. Той сказаў — Ingles. Дык вось у чым справа. Відаць, ён памыліўся. I навошта тыя дурні звярнуліся да яго?
    — Так,— Каркаў глянуў на яго зняважліва,— малады амерыканец, ён не дужа падкаваны палітычна, але цудоўна ведае іспанцаў і вельмі дасведчаны ў партызанскіх справах. Аддайце мне данясенне, таварыш Марці. Яно ўжо і так надта затрымалася.
    — Якое данясенне?— запытаў Марці. Гэта было недарэчнае пытанне, і ён сам зразумеў гэта. Але ён не мог адразу прызнаць сваю памылку і сказаў гэта толькі для таго, каб адцягнуць гэтую непрыемную хвіліну.
    — Тое, што ляжыць у вашай кішэні. Данясенне Джордана генералу Гольцу,— скрозь зубы сказаў Каркаў.
    Андрэ Марці выцягнуў з кішэні данясенне і паклаў яго на стол. Ён зірнуў Каркаву прама ў вочы. Ну і добра. Ён памыліўся, і цяпер ужо з гэтым нічога не зробіш, але прызнаць сваё прыніжэнне ён не хацеў.
    — I пропуск,— ціха сказаў Каркаў.
    Марці паклаў пропуск побач з данясеннем.
    — Таварыш капрал!— гукнуў Каркаў па-іспанску.
    Капрал адчыніў дзверы і ўвайшоў у пакой. Ён зірнуў на Андрэ Марці, што глядзеў на яго, як стары вяпрук, зацкаваны сабакамі. На яго твары не было ні страху, ні прыніжэння. Ён быў злы, і калі ён і быў зацкаваны, дык ненадоўга. Ён ведаў, што гэтыя сабакі яго не адолеюць.
    — Аддайце гэта тым двум таварышам, што ў вашай каравулцы, і скажыце ім, як праехаць у штаб генерала Гольца,— сказаў Каркаў.— Іх і так занадта затрымалі тут.
    Капрал выйшаў, і Марці праводзіў яго вачыма, а потым зірнуў на Каркава.
    — Таварыш Марці,— сказаў Каркаў.— Я яшчэ высветлю, наколькі ваша асоба недатыкальная.
    Марці глядзеў яму ў вочы і маўчаў.
    — I супраць капрала не рабіце ніякіх захадаў,— працягваў Каркаў.— Капрал тут ні пры чым. Я сустрэў гэтых людзей у каравулцы, і яны звярнуліся да мяне (гэта была хлусня). Я спадзяюся, што да мяне заўсёды будуць звяртацца па дапамогу (гэта была праўда, хоць звярнуўся да яго сам капрал).
    Каркаў верыў, што яго прысутнасць заўсёды прыносіць дабро, і верыў у сілу свайго зычлівага ўмяшальніцтва.
    — Ведаеце, у СССР мне пішуць на адрас «Правды» нават з якога-небудзь далёкага азербайджанскага мястэчка, калі там чыніцца несправядлівасць. Вам гэта вядома? Людзі кажуць: «Каркаў дапаможа».
    Андрэ Марці глядзеў на Каркава, і на яго твары былі толькі злосць і варожасць. Ён думаў адно: Каркаў паўстаў супраць мяне. Ну, добра, Каркаў, хоць ты чалавек і ўплывовы, але сцеражыся.
    — Тут, праўда, крыху іншая рэч,— працягваў Каркаў,— але прынцып той самы. Я яшчэ высветлю, наколькі ваша асоба недатыкальная, таварыш Марці.
    Андрэ Марці адвярнуўся ад яго і ўтаропіўся ў карту.
    — Што піша Джордан?— запытаў Каркаў.
    — Я не чытаў,— адказаў Андрэ Марці.— Et maintenant fiche moi la раіх', таварыш Каркаў!
    — Добра,— сказаў Каркаў.— He буду болей адрываць вас ад вашых ваенных заняткаў.
    Ён выйшаў з пакоя і накіраваўся да каравулкі. Андрэса і Гомеса там ужо не было, і ён пастаяў хвілінку ў пустой каравулцы, пазіраючы на дарогу і на далёкія вяршыні гор, што ўжо былі відаць у шэрай імгле світанку. Мы павінны прабіцца туды, думаў ён. Чакаць ужо засталося нядоўга.
    1 А цяпер дайце мне спакой (фр.)-
    Андрэс і Гомес зноў ехалі шашой на матацыкле ўжо на світанку. Як і раней, трымаючыся за пярэдняе сядзенне матацыкла, які адольваў паварот за паваротам у шэрым тумане, што ахутваў вяршыню гары, Андрэс адчуваў, як імкліва яны едуць. Потым Гомес затармазіў, і яны злезлі з матацыкла і сталі побач з ім пасярод дарогі, што спускалася далёка ўніз, і ў лесе па левую руку ад іх былі танкі, замаскіраваныя хваёвым галлём. У лесе было поўна войска. Андрэс убачыў доўгія ручкі насілак на плячах салдат, якія праходзілі міма. Направа, пад дрэвамі, непадалёк ад шашы, стаялі тры штабныя машыны, таксама замаскіраваныя хваёвым галлём.