Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Сюды,— сказаў ён.— Пасля цябе. Калі мы атакавалі пост.
— Пакіньце мяне, зрабіце ласку,— сказаў Фернанда.
Ансельма бачыў, што той дужа пакутуе. Фернанда абедзвюма рукамі заціскаў рану ў пахвіне, галаву адкінуў, ногі выпрастаў. Твар у яго быў вільготны і шэры.
— Пакіньце мяне, зрабіце ласку,— паўтарыў Фернанда. Вочы ў яго былі заплюшчаныя ад болю, куткі губ пацепваліся.— Праўда, мне тут добра.
— Вось табе вінтоўка і патроны,— сказаў Прымітыва.
— Гэта мая? — спытаў Фернанда, не расплюшчваючы вачэй.
— He, твая ў Пілар,— адказаў Прымітыва.— Гэта вінтоўка Эладзіо.
— Мне б лепей маю,— сказаў Фернанда.— Яна мне больш звыклая.
— Я табе яе прынясу,— зманіў цыган.— А пакуль вазьмі гэту.
— Тут у мяне вельмі зручнае месца,— сказаў Фернанда.— I дарогу відаць і мост.— Ён расплюшчыў вочы, павярнуў галаву і паглядзеў на мост, потым зноў заплюшчыў вочы, калі падступіў боль.
Цыган пагладзіў яго па галаве і вялікім пальцам даў знак Прымітыва — маўляў, час ісці.
— Мы потым вернемся па цябе,— сказаў Прымітыва і рушыў наўздагон за цыганом, які ўжо спрытна караскаўся на гару.
Фернанда адкінуў галаву. Перад ім быў адзін з афарбаваных у белы колер слупкоў, што пазначалі край шашы. Галава яго ляжала ў цяньку, але наспех перавязаную рану і рукі, складзеныя над ёй, прыпякала сонца. I ногі былі на сонцы. Вінтоўка ляжала каля яго, побач з вінтоўкай бліш-
чалі на сонцы тры абоймы з патронамі. Па руках поўзалі мухі, але ён не адчуваў іх, бо дужа балела рана.
— Фернанда!— паклікаў яго Ансельма з таго месца, дзе ён сядзеў на кукішках, сціскаючы ў руцэ дрот. Ён зрабіў на канцы дроту пятлю, каб зручней было трымаць.— Фернанда!— паклікаў ён яшчэ раз.
Фернанда расплюшчыў вочы і паглядзеў на яго.
— Як тут у вас?— запытаў Фернанда.
— Усё добра,— адказаў Ансельма.— Зараз будзем узрываць.
— Я вельмі рады. Калі я што магу яшчэ зрабіць для вас — ты скажы,— адказаў Фернанда і заплюшчыў вочы, бо ўсярэдзіне ў яго зноў узняўся боль.
Ансельма павярнуў галаву і зноў пачаў глядзець на мост.
Ён чакаў, калі высунецца з-пад моста маток дроту, а за ім з’явіцца галава і загарэлы твар і Ingles, падцягваючыся на руках, пачне вылазіць на мост. I адначасова Ансельма прыглядваўся да дарогі за мостам, ці не з’явіцца што-небудзь з-за дальняга павароту. Страху ён не адчуваў — ні цяпер, ні раней. Усё адбываецца так хутка, і гэта так усё проста, думаў ён. Мне цяжка было забіць вартавога, але цяпер ужо ўсё мінула. Як мог Ingles сказаць, што застрэліць чалавека — гэта тое самае, што застрэліць звера. Калі я паляваў, у мяне заўсёды было лёгка на душы, і я не адчуваў ніякай віны. Але як стрэліш у чалавека, у цябе такое пачуццё, быццам бы ты роднага брата ўдарыў. А калі яшчэ і заб’еш з першага разу! He, не трэба пра гэта думаць. Табе гэта было надта цяжка, і ты бег па мосце і плакаў, як баба.
Гэта ўжо мінула, сказаў ён сабе, і ты пасля можаш паспрабаваць загладзіць гэта, як і ўсё іншае. Але затое ты атрымаў тое, што прасіў учора вечарам, вяртаючыся цераз узгор’е дадому. Ты бярэш удзел у баі, і ты не адчуваеш страху. Цяпер і памерці — калі так яно наканавана сёння — можна спакойна.
Ён паглядзеў на Фернанда, які ўсё яшчэ ляжаў, прыклаўшы далоні да пахвіны, сцяўшы пасінелыя вусны, закаціўшы вочы, і дыхаў цяжка і перарывіста. I, гледзячы на яго, думаў: калі ўжо я павінен памерці, дык хутчэй бы. He, я ж паабяцаў, што болей нічога не папрашу, калі збудзецца тое, чаго я прагнуў сёння. Я нічога болей не прашу. Нічога, нічагусенькі. Пашлі мне тое, што я прасіў учора, а далей хай будзе тое, што наканавана.
Ён прыслухаўся да далёкіх гукаў бою ў міжгор’і і сказаў сабе: сёння і на самой справе — вялікі дзень. Мне трэба ўсвядоміць і зразумець, які гэта незвычайны дзень.
Аднак ён не адчуваў ні духоўнага ўздыму, ні хвалявання. Толькі тое, што, скурчыўшыся тут, за прыдарожным каменем, з закручаным пятлёй канцом дроту ў руцэ і яшчэ матком дроту ў другой, ён не пачуваў сябе самотным, адарваным ад усяго. Ён быў адно цэлае з тым дротам, што цягнуўся ад яго рукі, і адно цэлае з мостам, і адно цэлае з зарадамі дынаміту, якія заклаў Ingles. Ён быў адно цэлае з Ingles, які ўсё яшчэ корпаўся пад мостам, і ён быў адно цэлае з усёй бітвай і з Рэспублікай.
А хвалявання не было. Наўкол цяпер было ўсё спакойна, сонца паліла яму ў спіну і ў сагнутую шыю, а калі ён узнімаў галаву, дык бачыў высокае бясхмарнае неба і схіл гары на тым беразе, і ён не адчуваў радасці, але і самоты не было, і страху таксама не было.
Наверсе, на схіле, схаваўшыся за дрэвам, ляжала Пілар і назірала за шашой, што вяла да перавалу. Побач з ёй ляжалі тры зараджаныя вінтоўкі, і адну з іх яна аддала Прымітыва, калі ён апусціўся на зямлю побач з ёй.
— Ідзі ляж вунь там,— сказала яна.— Вунь за тым дрэвам. А ты, цыган, вось тут.— I яна паказала на другое дрэва, ніжэй.— Ён памёр?
— He. Жывы яшчэ,— адказаў Прымітыва.
— He пашанцавала,— сказала Пілар.— Калі б у нас было яшчэ двое — гэтага б не здарылася. Яму трэба было абмінуць тую кучу пілавіння паўзком. А там яму зручна, дзе вы яго пакінулі?
Прымітыва кіўнуў галавой.
— Калі Ingles падарве мост, абломкі сюды не даляцяць?— спытаў цыган, выглядваючы з-за свайго дрэва.
— He ведаю,— адказала Пілар.— Агусцін з вялікай maquina яшчэ бліжэй, чым ты. Калі б гэта было надта блізка, Ingles не пасадзіў бы яго там.
— А я вось памятаю, калі мы ўзрывалі цягнік, ліхтар з паравоза праляцеў у мяне над самай галавой, а шматкі жалеза так і порхалі, нібы ластаўкі.
— Табе б вершыкі складаць,— сказала Пілар.— Нібы ластаўкі! Нібы балеі, так сказаць лепей. Паслухай, цыган, ты сёння ўвесь час трымаўся проста выдатна. Дык хоць бы цяпер не паддаваўся страху.
— Я ж толькі спытаў, ці даляцяць сюды абломкі, каб у такім разе схавацца за гэтым камлём,— сказаў цыган.
— Дзе сядзіш, там і сядзі,— сказала яму Пілар.— Колькі мы забілі?
— Мы — пяцярых. I тут двое. He бачыш хіба? Вунь на тым канцы моста яшчэ адзін ляжыць. Глядзі туды, на мост! Будку бачыш? Глядзі! Ну, зараз бачыш?— Ён паказаў пальцам.— Ды там, на ніжнім пасту, яшчэ было васьмёра для Пабла. Я туды хадзіў у разведку, мяне Ingles пасылаў.
Пілар штосьці прабурчала. Потым яна сказала злосна:
— Што здарылася з Ingles? Што ён там, пад мостам, так яго ператак, робіць? Vaya mandanga! 1 Падрывае ён яго ці нанава будаваць збіраецца?
Яна падняла галаву і ўбачыла Ансельма, які скурчыўся за прыдарожным каменем.
— Эй, viejo!— закрычала яна.— Што там здарылася з тваім Ingles, так яго і ператак?
— Крыху цярпення, жанчына,— азваўся Ансельма, лёгка, але моцна трымаючы канец дроту.— Ён заканчвае сваю работу.
— Дык чаму ж так доўга, скажы ты мне дзеля апошняй шлюхі?
— Es muy concienzudo! 2 — крыкнуў Ансельма.— Гэта справа навуковая.
— Так і ператак гэтую навуку,— люта накінулася на старога Пілар.— Хай гэтая такая і ператакая морда хутчэй усё падрывае,— і канец. Марыя!— гаркнула яна сваім магутным голасам, абярнуўшыся да лесу.— Твой Ingles...— і тут паліўся цэлы паток непрыстойнай лаянкі на адрас Джордана і наконт таго, чым ён там займаецца, пад мостам.
— Супакорся, жанчына!— крыкнуў Ансельма з шашы.— Ты ж зусім не ведаеш, колькі там у яго спраў. Але ён ужо заканчвае.
— Хай яго чэрці там задзяруць,— бушавала Пілар.— Тут самае галоўнае — каб найхутчэй.
I тут яны пачулі стрэлы за дальнім паваротам дарогі, дзе Пабла ўтрымліваў захоплены ім пост. Пілар перастала лаяцца і прыслухалася.
— Ай-яй,— сказала яна.— Ай, божухна. Вось яно. Пачынаецца!
Роберт Джордан гэтаксама пачуў тое самае, калі ён выкінуў маток дроту на мост і, падцягваючыся, пачаў вы-
1 Іспанская лаянка.
2 Ён вельмі добрасумленны! (ісп.)
лазіць сам. Калі ён паставіў калена на жалезны край, а рукамі ўжо ўчапіўся за верхнюю перакладзіну, ён пачуў кулямётную чаргу з боку ніжняга паста. Мяркуючы па гуку, гэта быў не аўтамат Пабла. Роберт Джордан вылез, выпрастаўся, перахіліўся цераз парэнчы і, хутка разматваючы дрот, пайшоў па мосце ўздоўж парэнчаў.
Ён ішоў і слухаў стрэлы, і кожны раз яму здавалася, што гук аддаецца яму ў жываце, нібы адбіваецца ад дыяфрагмы. Цяпер страляніна нібыта наблізілася, але Роберт Джордан ішоў далей і толькі азіраўся назад праз плячо. Але на дарозе за мостам было пуста, не было відаць ні танкаў, ні машын, ні людзей. На шашы яшчэ нічога не было, калі ён прайшоў палову шляху да будкі вартавога. Шаша была яшчэ пустая, калі ён прайшоў чвэрць дарогі, асцярожна ведучы дрот за парэнчамі, і яна ўсё яшчэ была бязлюдная, калі ён абмінаў будку, далёка адставіўшы руку, каб дрот не зачапіўся за жалезныя завітушкі парэнчаў. Потым ён павярнуўся і хутка пачаў адыходзіць задам па шашы ўздоўж нешырокай канаўкі, ускрай яе, як футбаліст, што рыхтуецца прыняць доўгую перадачу, і ўвесь час пакрысе нацягваў дрот, і калі ён амаль параўняўся з Ансельма, на шашы за мостам яшчэ нікога не было.
Потым ён пачуў ззаду гудзенне машыны і, азірнуўшыся, убачыў вялікі грузавік, які выязджаў на дарогу зверху. Наматаўшы канец дроту на руку, ён крыкнуў Ансельма: «Падрывай!»— і моцна ўпёрся абцасамі ў зямлю, і ўсім целам адкінуўся назад, пераадольваючы супраціўленне дроту, і яшчэ раз абматаў яго вакол рукі, а гудзенне машыны ззаду ўсё набліжалася, а наперадзе была шаша і забіты вартавы на ёй, і доўгі мост, а за мостам зноў шаша — дагэтуль яшчэ свабодная — і раптам нешта трэснула, загрымела, і сярэдзіна моста ўздыбілася, як хваля, што разбіваецца аб бераг, і гарачы паветраны струмень абпаліў яго, калі ён кінуўся ніцма ў канаўку, рукамі моцна абхапіўшы галаву. Ён унурыўся тварам у камяністую зямлю і не бачыў, як мост апусціўся зноў, толькі знаёмы жоўты пах даляцеў да яго, разам з едкім дымам, і пасыпаўся дождж сталёвых абломкаў.
Потым абломкі перасталі сыпацца, і ён быў жывы, і ён узняў галаву і глянуў на мост. Сярэдзіны моста не было. Наўкол былі раскіданы пакручаныя шматкі сталі — метал блішчаў на свежых зломах. Грузавік спыніўся за сотню ярдаў ад моста. Шафёр і двое салдат, якія ехалі з ім, беглі да адтуліны дрэнажнай трубы, што чарнела каля дарогі.
Фернанда ляжаў на тым самым месцы і яшчэ дыхаў. Рукі яго былі прытулены да бакоў, пальцы растапыраны.
Ансельма ляжаў ніцма за белым прыдарожным каменем. Левая рука падгарнулася пад галаву, правая была выцягнута наперад. Драцяная пятля ўсё яшчэ была сціснутая ў яго кулаку. Роберт Джордан падняўся на ногі, перабег дарогу, апусціўся каля старога на калені і пераканаўся, што той мёртвы. Ён не перавярнуў яго на спіну, каб паглядзець, куды трапіў шматок сталі. Стары быў мёртвы, усё астатняе ўжо не мела ніякага значэння.