• Часопісы
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Пасля стромкай кручы ў яго так калола ў грудзях, нібыта вось-вось грудная клетка разарвецца, але наперадзе, за дрэвамі, ужо было відаць коней.
    — Чаго ж ты маўчыш?— сказаў Агусцін.— Чаму ты не гаворыш, што гэта ты перастраляў іх?
    — Адчапіся,— сказаў Пабла.— Я сёння шмат і добра біўся. Спытай вось у Ingles.
    — А зараз выведзі нас адгэтуль, давядзі справу да канца,— сказаў Роберт Джордан.— Ты ж, пэўна, ужо маеш нейкі план адыходу?
    — У мяне ёсць цудоўны план,— сказаў Пабла.— Калі крыху пашчасціць, усе выберамся адгэтуль цэлыя.
    Ён крыху аддыхаўся.
    — А ты нікога з нас не задумаў забіць?— спытаў Агусцін.— Лепей ужо я сам зараз заб’ю цябе.
    — Адчапіся,— сказаў Пабла.— Я павінен дбаць і пра цябе, і пра ўвесь атрад. Гэта вайна. На вайне не заўсёды робіш тое, што хочаш.
    — Cabron,— сказаў Агусцін.— Пра сябе ты ўжо, пэўна, не забудзеш.
    — Раскажы, што было там, на пасту,— сказаў Роберт Джордан.
    — Усё, што хочаш,— зноў сказаў Пабла. Ён дыхаў так, быццам бы яму распірала грудзі, але голас у яго гучаў роўна; пот каціўся па яго шыі і твары, і грудзі і плечы былі мокрыя ад поту. Ён насцярожана зірнуў скоса на Роберта Джордана, не ведаючы, ці можна давяраць яго прыязнаму тону, а потым вышчарыўся на ўвесь рот.— Усё, што хочаш,— паўтарыў ён.— Спачатку мы захапілі пост. Потым прыехаў матацыкл. Потым яшчэ адзін. Потым грузавік. Потым танк. Акурат перад тым, як ты ўзарваў мост.
    — Потым...
    — Танк нам нічога не мог зрабіць, але выйсці мы не маглі, бо ён трымаў пад абстрэлам дарогу. Потым ён некуды ад’ехаў, і я пабег.
    — А твае людзі?— спытаў Агусцін, усё яшчэ выклікаючы яго на сварку.
    — Адчапіся!— Пабла крута абярнуўся да Агусціна, і на яго твары быў выраз чалавека, які добра біўся, незалежна ад таго, што здарылася потым.— Яны не з нашага атрада.
    Цяпер ужо зусім блізка былі коні, прывязаныя да дрэў, сонца асвятляла іх скрозь галіны сосен, і яны матлялі пысамі і брыкаліся, адганяючы сляпнёў, а потым Роберт Джордан убачыў Марыю, і праз імгненне ён ужо абдымаў яе моцна-моцна, перасунуўшы кулямёт на бок, так што полымягасіцель раструбам урэзаўся яму ў рабро, а Марыя ўсё паўтарала:
    — Ох, Раберта! Ох, ты!
    — Так, зайчанятка. Маё любае, мілае зайчанятка. Цяпер мы пойдзем.
    — Гэта праўда, што ты тут?
    — Праўда. Усё праўда. Ох, ты!
    Яму раней нават і ў голаў не прыходзіла, што падчас бою можна думаць пра жанчыну, што хоць бы часцінкай сваёй свядомасці можна памятаць пра яе і марыць пра яе, што можна адчуваць, як яе маленькія круглыя грудзі прыціскаюцца да цябе скрозь кашулю, што яны, гэтыя грудзі, могуць памятаць пра тое, што вы абое ў баі. Але гэта было так. I гэта было, думаў ён, вельмі добра. Вельмі, вельмі добра. Ніколі б я не паверыў у гэта. I ён прыгарнуў яе да сябе яшчэ раз моцна-моцна, але на яе не глядзеў, а потым папляскаў яе там, дзе ніколі дагэтуль не пляскаў, і сказаў:
    — Сядай! Сядай! Ускаквай на сядло, guapa.
    Коней ужо адвязалі, і Роберт Джордан аддаў ручны кулямёт Агусціну, перакінуў за спіну аўтамат, пераклаў з кішэняў у сядзельныя торбы гранаты, засунуў парожні рукзак у другі і прывязаў ззаду да сядла. Потым падышла Пілар, яна так запыхалася, падымаючыся ўгору, што не магла гаварыць, адно толькі паказвала рукамі.
    Пабла засунуў у сядзельныя торбы путы, якімі раней былі стрыножаны коні, выпрастаўся і сказаў:
    — Que tai, жанчына?
    Але яна толькі кіўнула, і потым усе пачалі садзіцца на коней.
    Роберту Джордану дастаўся той самы сівы, якога ён упершыню сустрэў на снезе ўчора раніцай, і, сціскаючы яго бакі сцёгнамі, ён адчуваў, што гэта добры конь. Роберт Джордан быў у сандалях на вераўчанай падэшве, і страмёны былі яму караткаватыя, аўтамат тырчаў за спіной, кішэні былі набітыя патронамі, і ён моцна сядзеў у сядле, трымаючы лейцы пад пахаю, перазараджаў магазін і глядзеў, як Пілар узлазіць на імправізаванае сядзенне
    паверх вялізнага цюка, прывязанага да сядла буланага каня.
    — Кінь ты ўсё гэта, божухна ты мой! — сказаў Прымітыва.— Звалішся яшчэ адтуль, дый каню цяжка гэтулькі цягнуць.
    — Заткніся,— сказала Пілар.— Дзякуючы гэтаму мы жыць будзем.
    — Уседзіш так, жанчына?— спытаў Пабла. Ён сядзеў у жандарскім сядле на гнядым жарабцы.
    — Што я, горшая за вандроўнага гандляра, туды яго ператак. Як паедзем, стары?
    — Напрамкі ўніз, цераз дарогу. Потым угору, вунь тым схілам, і далей лесам.
    — Цераз дарогу?— запытаў Агусцін, які круціўся каля Пабла, лупцуючы сваімі мяккімі парусінавымі чаравікамі тугое і непадатлівае пуза каня, аднаго з тых, што Пабла прывёў уначы.
    — Так, hombre. Іншага шляху тут няма,— сказаў Пабла.
    Ён перадаў яму лейцы аднаго з трох уючных коней. Дваіх астатніх павінны былі весці Прымітыва і цыган.
    — Ты можаш ехаць апошні, калі хочаш, Ingles,— сказаў Пабла.— Мы перасячэм дарогу трохі ніжэй, туды іх maquina не дасягае. Але паедзем па адным і з’едземся разам ужо пазней, бліжэй да перавалу.
    — Добра,— пагадзіўся Роберт Джордан.
    Яны рушылі схілам уніз, паміж дрэў, да краю дарогі. Роберт Джордан ехаў усутыч за Марыяй. Ехаць побач з ёю ён не мог, заміналі дрэвы. Ён адзін раз ласкава сціснуў сіваму бакі, а потым толькі стрымліваў яго на крутым схіле паміж соснамі, сцёгнамі кажучы каню тое, што сказалі б шпоры, калі б ён ехаў раўнінай.
    — Guapa,— сказаў ён Марыі,— калі будзем перасякаць шашу, ты паедзеш другая. Першым ехаць зусім бяспечна, хоць і здаецца, што гэта найстрашней за ўсё. Другім яшчэ лепей. Яны заўсёды чакаюць, што будзе далей.
    — А ты...
    — Я паеду апошні, калі яны перастануць чакаць. Гэта вельмі проста. Самае небяспечнае — ехаць усім разам.
    Наперадзе ён бачыў круглую шчаціністую ўнураную галаву — Пабла і дула аўтамата, што выторквалася з-за яго спіны. Ён бачыў Пілар, проставалосую, яе шырокія плечы, сагнутыя калені, высока ўзнятыя над клункамі, у якія яна ўперлася пятамі. Адзін раз яна азірнулася на яго і паківала галавой.
    — Перш чым перасякаць шашу, абгані Пілар,— сказаў Роберт Джордан Марыі.
    Потым дрэвы наперадзе зрабіліся радзейшымі, і ён убачыў унізе цёмны асфальт шашы, за ім зеляніну схілу. Мы зараз вышэй дрэнажнай трубы, падумаў ён, і крыху ніжэй таго месца, адкуль дарога паката спускаецца да самага моста. Мы выедзем на шашу прыблізна ярдаў за пяцьсот вышэй моста. Гэта ўсё яшчэ ў радыусе дасягальнасці кулямёта, калі танк паспеў ужо падысці да самага моста.
    — Марыя,— сказаў ён,— ты апярэдзь Пілар раней, чым мы выедзем на шашу, а потым напрасткі едзь схілам угору.
    Яна азірнулася да яго і нічога не сказала. Ён паглядзеў на яе толькі раз, каб пераканацца, што яна зразумела.
    — Comprendes?— спытаў ён.
    Яна кіўнула.
    — Тады едзь наперад,— сказаў ён.
    — He,— адказала яна і, азірнуўшыся, пакруціла галавой,— я паеду сваёй чаргой.
    I якраз тут Пабла даў шпоры гнядому жарабцу, і той наўгалоп пераскочыў апошні, усыпаны сасновай ігліцай, адхон і пераляцеў цераз дарогу, выкрэсваючы іскры з-пад капытоў. Астатнія паскакалі за ім, і Роберт Джордан бачыў, як яны адзін за адным перасяклі шашу і выязджалі на зялёны схіл, і чуў, як каля моста застракатаў кулямёт. Потым ён пачуў новы гук —«сюўшш-грах-бум!». Гэтае «бум» пакацілася па навакольных гарах, і ён убачыў, як на зялёным схіле ўзняўся невялічкі фантан зямлі, а пад ім заклубілася хмарка шэрага дыму. «Сюўшш-грах-бум!»— зноў зашыпела, як ракета, і потым выбухнула, і зноў пырскі зямлі і дым,— гэты раз бліжэй да вяршыні схілу.
    Цыган, што ехаў наперадзе яго, спыніўся ў засені апошніх сосен над дарогай. Ён паглядзеў на той бок і потым азірнуўся на Роберта Джордана.
    — Скачы, Рафаэль,— сказаў Роберт Джордан.— Наперад!
    Цыган трымаў у руках повад уючнага каня, які ішоў за ім, матляючы пысай.
    — Кінь ты гэтага каня і скачы!— сказаў Роберт Джордан.
    Ен убачыў, як рука цыгана пайшла назад, вышэй, вышэй, і повад напяўся, як струна, а потым апаў, і цыган, ударыўшы пятамі ў бакі свайму каню, ужо ляцеў цераз дарогу, і, калі Роберт Джордан каленам адштурхнуў ад сябе
    ўючнага каня, што спалохана адскочыў ад яго, цыган ужо быў на тым баку і галопам імчаў па схіле ўгору — быў чуваць толькі глухі стук капытоў.
    «Суішш-ка-рак!» Снарад праляцеў зусім нізка, і Роберт Джордан убачыў, як цыган сігануў убок, быццам зацкаваны звер, а наперадзе яго зноў забіў маленькі чорна-шэры гейзер. Потым ён убачыў, што цыган зноў скача ўгору па доўгім зялёным схіле. Цяпер ужо павольна і роўна, а снарады кладуцца то ззаду, то наперадзе яго, а потым ён зусім знік за пагоркам, там, дзе павінны былі чакаць астатнія.
    He, гэтага чортавага ўючнага каня я не магу захапіць з сабой, падумаў Роберт Джордан. А было б няблага прыкрыцца ім з боку моста. Было б няблага, калі б ён ішоў паміж мной і той саракасяміміліметровай гарматай, з якой яны паляць з моста. Чорт яго не возьме, паспрабую яго пацягнуць з сабой.
    Ён пад’ехаў да ўючнага каня, падабраў завіслы повад і, ведучы каня за сабой, праехаў ярдаў пяцьдзесят уздоўж дарогі ў другі бок ад моста. Пад’ехаўшы ажно да ўзлесся, ён азірнуўся на шашу, на грузавік і на мост. На мосце мітусіліся людзі, а далей на шашы быў затор, падобны да вулічнай пробкі. Роберт Джордан агледзеўся вакол сябе і нарэшце ўбачыў тое, што яму было патрэбна, падняўся на страмёнах і адламаў з сасны сухую галінку. Ён падвёў уючнага каня да краю абрыву па-над дарогай, кінуў вяроўку і размашыста сцебануў каня галінкай па крыжы. «Наперад, сукін сын!»— крыкнуў ён, і калі конь перабег дарогу, ён кінуў наўздагон яму галінку. Галінка патрапіла ў каня, і той з рысі перайшоў у галоп.
    Роберт Джордан праехаў яшчэ трыццаць ярдаў па-над дарогай, далей схіл рабіўся вельмі стромкі. Гармата страляла цяпер амаль безупынна: нібыта шыпенне ракеты, а потым гулкі ўдар, што падкідваў зямлю. «Ну, фашысцкая тваруга, наперад»,— загадаў Роберт Джордан сіваму і пусціў яго імклівым алюрам уніз з гары і, вылецеўшы на адкрытае месца, наўскач праімчаў цераз шашу, адчуваючы, як удары капытоў аб гудрон аддаюцца ва ўсім целе ажно да плеч, патыліцы і сківіц, а потым угору, па схіле, і капыты нацэльваліся, білі, урэзваліся ў мяккую зямлю, адштурхоўваліся, уздымаліся, несліся, і, азірнуўшыся назад, ён убачыў мост у такім ракурсе, у якім ніколі не бачыў яго раней. Ён убачыў мост збоку, не зменшаны ў перспектыве, і пасярэдзіне яго ззяў пралом, а за ім на шашы стаяла танкетка, а за танкеткай — вялікі танк з гарматаю, дула