Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Мёртвы ён здаецца надта маленькім, падумаў Роберт Джордан. Ён здаваўся маленькім і зусім сівым, і Роберт Джордан падумаў, як жа гэты стары мог цягнуць такія вялізныя рукзакі, калі ён быў такім худзенькім. Потым ён паглядзеў на ногі нябожчыка, на яго лыткі, абцягнутыя вузкімі пастухоўскімі порткамі, на зношаныя вераўчаныя падэшвы яго сандаляў і, падняўшы з зямлі яго карабін і абодва рукзакі, цяпер ужо зусім парожнія, падышоў да Фернанда і ўзяў у яго вінтоўку. Па дарозе ён адкінуў нагою шматок сталі з вышчарбленымі краямі. Потым ускінуў абедзве вінтоўкі на плячо, прытрымліваючы іх за ствалы, і пачаў караскацца ўверх па лясістым схіле. Ён не азіраўся назад, не глядзеў і на дарогу за мостам. 3-за дальняга павароту ўсё яшчэ чулася страляніна, але цяпер яму было ўсё адно. Ён кашляў ад чаду трынітраталуолу, і ўсярэдзіне быццам бы ўсё знямела.
Ён паклаў адну вінтоўку каля Пілар, пад дрэвам, за якім яна ляжала. Жанчына азірнулася і ўбачыла, што ў яе зноў тры вінтоўкі.
— Вы надта высока забраліся,— сказаў ён.— На дарозе стаіць грузавік, а вам яго адсюль не відаць. Яны там думаюць, што гэта была бомба з самалёта. Лепей спусціцца ніжэй. Я вазьму Агусціна і пайду прыкрыю Пабла.
— А стары?— запытала яна, гледзячы яму ў вочы. — Забіты.
Ён зноў пакутліва закашляў і сплюнуў на зямлю.
— Твой мост знішчаны, Ingles.— Пілар глядзела яму ў вочы.— He забывай гэтага.
— Я нічога не забываю,— адказаў ён.— У цябе гучны голас,— сказаў ён Пілар.— Я чуў, як ты тут крычала. Гукні Марыі, што я жывы.
— Двух мы страцілі на тартаку,— сказала Пілар, намагаючыся, каб ён гэта ўцяміў.
— Я ведаю,— сказаў Роберт Джордан.— Вы зрабілі нейкае глупства?
— Пайшоў бы ты, Ingles, сам ведаеш куды,— сказала Пілар.— Фернанда і Эладзіо былі сапраўдныя мужчыны, як і астатнія.
— Чаму ты не ідзеш угору, да коней?— спытаў Роберт Джордан.— Я тут упраўлюся лепей за цябе.
— Табе трэба пайсці прыкрыць Пабла.
— Каб яго чорт узяў, гэтага Пабла! Няхай прыкрыецца сваім дзярмом.
— He, Ingles, ён жа вярнуўся. I ён добра біўся там, унізе. Хіба ты не чуў? Ён і цяпер яшчэ б’ецца. Там, відаць, яму дастаецца. Паслухай сам.
— Я пайду да яго. Але так і ператак вас абодвух. I цябе, і твайго Пабла.
— Ingles,— сказала Пілар,— вазьмі сябе ў рукі. Я дапамагала табе ва ўсім, як ніхто іншы. Пабла пакрыўдзіў цябе, але ж ён усё-такі вярнуўся.
— Калі б у мяне быў узрывальнік — стары не загінуў бы. Я б узарваў мост адгэтуль.
— Калі б ды калі б...— сказала Пілар.
Гнеў, злосць, пустэча ў душы — усё тое, што з’явілася ў ім пасля ўзрыву, калі ён падняў галаву і ўбачыў Ансельма забітага на дарозе, яшчэ не адпускалі яго. I, апроч усяго гэтага, была роспач, якую салдат ператварае ў нянавісць, каб застацца салдатам. Цяпер, калі ўсё было скончана, ён адчуў самоту і тугу і нянавісць да ўсіх, хто быў побач.
— Калі б не пайшоў снег...— гаварыла Пілар. I тут, не адразу, не так, як магла бы прыйсці фізічная разрадка — калі б, напрыклад, Пілар абняла яго,— але паволі, розумам, ён пачаў мірыцца з тым, што адбылося, і нянавісць яго спакваля сціхла. Снег, напэўна, снег. Ён вінаваты ва ўсім. Снег. Ён вінаваты ў тым, што здарылася з іншымі. Калі пабачыш усё вачыма іншых, можна вызваліцца ад сябе самога — на вайне заўсёды даводзіцца вызваляцца ад сябе самога, без гэтага не абыдзешся. На вайне не можа існаваць сваё «я». На вайне трэба адмовіцца ад свайго «я». I тут, пазбыўшыся свайго «я», ён, зрэшты, пачуў голас Пілар, якая казала:— Глухі... Сорда...
— Што?— спытаў ён.
— Сорда... Глухі...
— Так,— сказаў Роберт Джордан. Ён усміхнуўся ёй крывой, нерухомай ад моцнага напружання мускулаў твару ўсмешкай.— Забудзь усё. Я быў несправядлівы. Прабач мяне, Пілар. Будзем канчаць нашу справу як трэба і ўсе разам. Твая праўда, мост усё-такі знішчаны.
— Так. Трэба прымаць кожную рэч такой, якая яна ёсць.
— Добра, я пайду да Агусціна. Няхай цыган спусціцца ніжэй, каб яму было відаць дарогу. Аддай усе вінтоўкі Прымітыва, а сама вазьмі маю maquina. Давай пакажу табе, як з яе страляюць.
— Пакінь сваю maquina сабе,— сказала Пілар.— Мы тут доўга не затрымаемся. Пабла падыдзе, і мы адразу ж пойдзем адгэтуль.
— Рафаэль,— гукнуў Роберт Джордан,— хадзі сюды, да мяне. Сюды. Вось так. Бачыш, вунь там, з адтуліны дрэнажнай трубы,вылазяць людзі? Вунь там, за грузавіком. Ідуць зараз да грузавіка, бачыш? Падстрэль мне аднаго. Сядай. He спяшайся.
Цыган старанна прыцэліўся і стрэліў, і калі ён перасмыкнуў затвор, выкідваючы парожнюю гільзу, Роберт Джордан сказаў:
— Міма. Ты ўзяў занадта высока і трапіў у скалу над ім. Вунь, бачыш, асколкі пасыпаліся. Цэлься футы на два ніжэй. Ну, увага. Яны зноў пабеглі. Добра!
— Адзін ёсць,— сказаў цыган.
Салдат упаў на паўдарозе ад дрэнажнай трубы да грузавіка. Астатнія не спыніліся, каб падабраць яго. Яны кінуліся назад, да адтуліны трубы, і схаваліся ў ёй.
— У яго болей не страляй,— сказаў Роберт Джордан.— Цэлься цяпер у шыну пярэдняга кола грузавіка. Калі дасі маху, патрапіш у рухавік. Добра.— Ён сачыў у бінокль,— Крыху ніжэй. Добра. Цудоўна страляеш! Mucho! Mucho! 1 Цяпер паспрабуй пацэліць у века радыятара. Нават не ў века, хоць бы ў радыятар. Ты ж сапраўдны чэмпіён! Цяпер глядзі. Што б ні з’явілася на шашы, не падпускай бліжэй вунь таго месца. Бачыш?
— Глядзі! Зараз выб’ю ветравое шкло,— сказаў задаволены цыган.
— He трэба. Машыне ўжо канец,— сказаў Роберт Джордан.— Паберажы патроны, пакуль яшчэ што-небудзь не з’явіцца на шашы. Адкрывай агонь толькі тады, калі яно зраўняецца з трубою. Калі гэта будзе машына, намагайся папасці ў шафёра. Толькі тады страляйце ўсе разам,— сказаў ён Пілар, якая падышла да іх разам з Прымітыва.— У вас тут выдатная пазіцыя. Бачыш, як гэты выступ скалы ахоўвае ваш фланг?
1 Вельмі! Вельмі! (ісп.)
— Ішоў бы ты рабіць сваю справу з Агусцінам,— сказала Пілар.— Канчай сваю лекцыю. Я гэтую мясцовасць лепей за цябе ведаю.
— Няхай Прымітыва заляжа вунь там, вышэй,— сказаў Роберт Джордан.— Вунь там. Бачыш, дружа? 3 таго боку, дзе пачынаецца абрыў.
— Добра,— сказала Пілар.— Ідзі ўжо, Ingles. Пакінь сабе свае разумныя парады. Тут справа ясная.
Акурат у гэты момант яны пачулі гул самалётаў.
Марыя даўно ўжо была тут з конямі, але ёй з імі не было спакою. Гэтаксама як і ім з ёю. Адгэтуль, з лесу, дарогі відаць не было, і моста таксама не было відаць, і калі пачалася страляніна, яна абняла за шыю гнядога жарабца з белай лапінай, якога яна часта песціла і частавала смачнымі кавалкамі, пакуль коні стаялі ў лясным загоне каля лагера. Аднак яе ўсхваляванасць перадалася гнядому, і ён неспакойна закруціў пысаю, раздзімаючы ноздры на страляніну і выбухі гранат. Марыя не магла стаяць на месцы і ўвесь час хадзіла вакол коней, пагладжваючы іх, а тыя палохаліся яшчэ болей.
Прыслухоўваючыся да страляніны, яна намагалася не думаць пра яе як пра нешта страшнае, а проста памятаць, што там, унізе — Пабла з новымі людзьмі, а яіпчэ — Пілар са сваімі і што яна не павінна баяцца ці трывожыцца, а павінна непахісна верыць Раберта. Але гэта ёй не ўдавалася, і страляніна ўнізе і далей, за мостам, і глухія гукі бою, што даляталі з міжгор’я, быццам рэха далёкай буры, то гулкім буханнем бомб, то сухім раскацістым трэскам,— усё гэта здавалася чымсьці велізарным і такім жахлівым, што ў яе перахоплівала дыханне.
Потым яна раптам пачула магутны голас Пілар, знізу, з схілу, што крычаў нешта ёй непрыстойнае і брыдкае, чаго яна не магла зразумець, і яна падумала: о божухна, не, не. He трэба так казаць, калі ён у небяспецы. He трэба нікога абражаць і рызыкаваць дарэмна. He трэба дражніць лёс.
Потым яна пачала маліцца за Роберта шпарка і машынальна, як яна звычайна некалі малілася ў школе, мармытала пацеры скорагаворкай і адлічвала іх на пальцах левай рукі, па дзесяць разоў кожную з дзвюх пацераў. Потым прагрымеў аглушальны выбух, і адзін з коней узняўся на дыбкі і так заматляў пысай, што лопнула аброць, і конь кінуўся ў гушчар. Але Марыі ўрэшце ўдалося злавіць яго і прывесці назад, ён трымцеў, спатыкаўся, грудзі ў яго па-
цямнелі ад поту, сядло з’ехала набок, і калі яна вяла каня назад цераз лес, яна зноў пачула страляніну ўнізе і падумала: болей я не вытрываю. Я не магу жыць, не ведаючы, што там. Я не магу дыхаць, і мне ў роце ўсё перасохла. I я баюся, і з мяне няма ніякай карысці, толькі палохаю коней, і гэтага каня мне ўдалося злавіць толькі выпадкам, бо ён збіў набок сядло, наскочыўшы на дрэва, і нага яго заблыталася ў стрэмені, але сядло я зараз падпраўлю і — о божухна, што ж мне рабіць! Я не магу так далей.
Божухна, зрабі так, каб з ім нічога не здарылася, бо ўся мая душа і я сама там, на мосце. Я ведаю: на першым месцы — Рэспубліка, на другім — тое, што мы павінны здабыць перамогу. Аднак, прасвятая, найсалодшая дзева, выратуй ято для мяне, і я заўсёды буду рабіць тое, што ты загадаеш. Я ўжо нежывая. Мяне болей няма. Я толькі ў ім і з ім. Захавай мне яго, тады і я буду жыць і буду ўсё рабіць, каб толькі дагадзіць табе, і ён мне гэтага не забароніць. I гэта ге будзе супраць Рэспублікі. О, даруй мне, бо я зусім заблыталася. Але калі ты мне яго зберажэш, я буду рабіць усё як належыць. Я буду рабіць тое, што скажа ён, тое, што скажаш ты. Я раздвоюся і буду рабіць усё. Але аднаго я не магу болей: заставацца тут і нічога не ведаць.
Потым, калі яяа зноў прывязала каня, паправіла сядло, разгладзіла гуньк> і нахілілася, каб зацягнуць папругу, яна раптам пачула магутны голас Пілар:
— Марыя! Маріія! Твой Ingles цэлы. Чуеш? Цэлы. Sin novedad.
Марыя ўчапілася за сядло абедзвюма рукамі, прыпала да яго стрыжанай га. оўкай і заплакала. Потым яна зноў пачула голас Пілар, і адхілілася ад сядла, і закрычала штосілы:
— Чую! Дзякуй!— Перавяла дух і зноў закрычала:— Дзякуй! Вялікі дзякуй!
Калі пачуўся гул самалётаў, усе паглядзелі ўгору, і там, высока ў небе, ляцелі самалёты, з боку Сеговіі,— яны зіхацелі ў вышыні срэбрам, і іх мерны рокат заглушыў усе іншыя гукі.
— Яны,— сказала Пілар.— Толькі іх нам яшчэ не ставала.
Роберт Джордан паклаў ёй на плячо руку і працягваў глядзець угору.
— He, жанчына,— сказаў ён.— Яны не праз нас сюды ляцяць. На нас у іх няма часу. Супакойся.
— Ненавіджу я іх.